Рунь (1914)/У панскім лесі
← Красаваў язьмін | У панскім лесі Апавяданьне Аўтар: Максім Гарэцкі 1914 год |
Лірные сьпевы → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: У панскім лесе. |
У панскім лесі.
— Ах ты рагатун пракляты! Адлезь, табе кажу, ато, брат, по ўху зловіш, ці ведаіш!
— А стой, не спужаліся. Ды й не карожся дарма, пакуль с табой, як з добраю. Ня хочыш з ласкі, будзіць без ласкі!
— Уцекай, падла стары. Мяшок бяры, хвустку бяры, абдзірай, сабака панскі, а гэткіе жарты пакінь, паскудзь ты!
— А мы во як…
— Ы-ы, не чэпай…
Хрась! Хрась!
Забаўтаўся стары лясьнік, пахіліўся, раскірэчыў ногі і саўсім непрыгожа асеў к зямлі.
Дрыгнуў шабадранымі ботамі, пацягнуўся.
Чорная, гідкая, страшная кроў паплыла у яго з галавы, пэцкала новы жупан, стрэльбу.
Маладуха астаўпянела, з жахам вытрашчыла вочы, тупы шчапель, што карэньня капала, шмякнуў з рук на землю.
Ой! Тошна, дрэнна… Німа як ад’жывіць. Тое ўжо навекі.
Бежч… бежч… О-ё ё-ёй… Што гэта?
Дрэвы нядобра заківалі макоўкамі, прытулілася трава, ледзьве трэснуў сучок, лёгкая болачка уцекла з аднаго боку неба на другі.
Бегла, як шалёная, маладуха.
Лежаў, як калода, стары лясьнік.