Рунь (1914)/Страхацьцё
← Роднае карэньня | Страхацьцё Апавяданьне Аўтар: Максім Гарэцкі 1914 год |
Красаваў язьмін → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Страхацьцё. |
Страхацьцё.
— Паніч надта мяне дзівіць. А ці спаткаешся з ім, пачынае: «Як па твойму, Гаўрыла: ёсьць Бог ці німа? Ці было табе, Гаўрыла, страшна? А Богу ты шчыра молішся, Гаўрыла, ці толькі так, па прывычцы?»
Якое маё дзела да ўсяго такога? На тое жывуць папы і ксяндзы, на тое ж іх адукуюць і грошы ім плацюць. А мне што? Я — пячкур. І не абы які, а добры пячкур. Я даволі працую, а на рабоці мне трэба шкелік — другі выпіць, добра пад’есьць хоць ня дужа смачна, а каб у волю. У сьвята мне трэба выспацца у-смак і пагуляць у карты ці ешчэ ва што.
І чаго палезіць мне ў галаву дурное, як панічу таму?… Ці шчыра малюся? А ты перш растлумач-ка мне гэтае шчырае маленьне. Як змалку матка наўчыла, так і малюся. Кожны дзень і ў раньні і ў вечары. Я сярод людзей жыву. Дзякуй Богу, не сказіўся, каб не маліцца. А што іншы раз молішся і аб печках думаеш, то ніхай Бог даруіць.
Чаго ў цэркву хаджу? Вось табе на! Вядома чаго. Ці за асецьцю мне маліцца? У сьвяты дзень што рабіць? Пойдзеш у Слаўнова, атстаіш абедню, завернеш к Боруху — сотку спаласьнеш ды й у-двору марш.
Аб сьмерці загадывацца, панічыку, саўсім пустое. Усе памром. Хто раней, а хто пазьней. Шкоду каму зраблю, скрыўджу каго а німа за што,—і так на душы будзіць тошна, ці я тагды мысьліў аб сьмерці, ці саўсім ня мысьліў. Калі варта намардаваць другога сабаку за што якое,—не ўваж! За такіх і Бог і добрые людзі даруюць. А пекла баяцца? Э… Чаму быць—ад таго ня выкруціцца. Ды непраўда: і ў пеклі не адзін будзеш.
Баяцца?! Каго Чаго? Мерцьвякоў іншы баіцца… Чаго, каб у яго хто спытаў. Памёр чэлавек закапалі, пахавалі — і кікс. З зямлі быў, у зямлю і пойдзеш, зямлёю будзеш. Сатлеіць, струпяхлеіць на порах, і амін, ўсё. Німа каго баяцца. Шчэ інша справа — бярэжцца зьвера, або злога, чэлавека, пакуль ён не сканаў. А баяцца трупехлі, гною, зямлі, — ня ведаю! Здаецца цяпер і сярод нашаго брата мала дурных. Поп ці ксёндз мяне чортам страшыць… А ці бачыў ён сам астатняго чарцяночка? І ці відзіў нячысьціка хоць адзін разумец на сьвеці? Ну?
О, ешчэ іншая справа, калі чэлавек аб заклад ідзець. Такому бываюць зданьні, праўда. Аб заклад іці у чым небудзь страшным, закладацца аб страхацьцё якое — а нікому не раю. Як чэлавек заклаўся, ён пачынае усё думаць аб адным: думаіць, думаіць… А к таму ж і баіцца троху. Праз гэта у галаве робіцца па каліўцу у тым-сім паслабленьне, і можыць паказацца усякая дрэнь, хоць усамдзеле і німаш нічога; няхворы чэлавек нічога бы не заўважыў.
А мяне-то чортам ды нябошчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Бо калі мне пачало-б рабіцца страшна, я зараз узяў бы ў галаву і як мага дзержаў бы там, што ўсё бываіць ад думак… А буду я так мазгаваць, — раней за мяне чорт упудзіцца, трасца яго матары! У чым-чым, а у гэтым я чэлавек крэпкі:
— Не хваліся, Гаўрыла, не хварсі.
— Я і так не хвалюся.
— Папомніш, папомніш…
∗
∗ ∗ |
Прайшло дзён восем. Гаўрыла Пячкур варочаўся дамоў с працы а познай ночы. Ішоў ён каля Пэцкоўскаго гаю. Ноч была цёмная, маленькі дожджык то пройдзіць то перэстаніць, то пройдзіць то ізноў перэстаніць.
Гаўрыла пажадаў аддыхнуць. Узыйшоў на гай і сеў на церамок, якіе робяцца на магілках. Выніў капшук, набіў піпку табакаю і ўзяў яе ў зубы. Палажыў губку на скалку і секалом: «Цік! Цік!» а сам гаворыць:
— Сьвятые радзіцелькі, хадзіце ка мне курыць…
— А дай сабе, закуру, — пачулася нема с-пад церамка.
Гаўрыла, як сядзеў, так, і хлёпнуўся аб зямлю нежывы. Заўтра нашлі: лежаў акалелы і піпку зубамі сьцяў, а вочы на лоб выкаціў.
І толькі праз гады тры даведаліся, што у той час пад церамок залез ад дажджу басячуга наш, злодзей Атрох, і неўспадзеўкі арашыў Гаўрылу жыцьця.