Ружа
Выгляд
Ружа верш Аўтар: Алесь Жаўрук |
А ці міг, ці век — не знаў ніхто там,
Колькі моўчкі праляжалі мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы.
Толькі раптам лютаўская сцюжа
Адступіла быццам, адлягла.
Чую і не веру сам я — «Ружа»:
«Ой, расцвіла ружа, расцвіла…»
Азірнуўся: ціха ў задуменні
Сам сабе спявае зампаліт.
Слухаем. І нікне поўнач ценем,
Іншыя ўстаюць хлапцам палі.
Случчына каму, каму у песні
Амсціслаўшчына яго ўстае,
Мне ж — рачэнскі край, маё Палессе,
Вербы, вочы ясныя твае.
І узбек, сусед мой, вочы мружыць
(Што ён прыгадаў у той цішы?),
Слухаў, слухаў і ўсміхнуўся: «Ружа.
Ружа, — зноў ён паўтарыў, — якшы».
І да самае атакі потым
Больш не думалі аб сцюжы мы
На краі сыпучага сумёта
Пасярод марознае зімы.
(1942, Мажайск)