Родныя зьявы (1914)/Старые падрызьнікі
← Кажух старога Анісіма | Старые падрызьнікі Апавяданьне Аўтар: Якуб Колас 1914 год |
„Соціаліст“. (З апаведаньня селяніна) → |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Старыя падрызнікі. |
Старые падрызнікі.
Саўсім другім чэлавекам стаў Сьцепан, як купіў ён два старые бацюшкавы падрызьнікі. Ці яго чорт падбіў на гэта, ці другіе ўвялі ў пакусу (а ўвясьці ў гэты грэх было не цяжка, бо ўсе, як крумкачы на падлу, накінуліся на гаспадарку старога нябошчыка — бацюшкі), — ня ведаю.
Зранку да вечэра стаяў тут гоман, ішоў торг, — кірмаш дый годзі! Сьцепан хадзіў, як заўсёды, моўчкам, снуючы ад клуні да кухні і ад хлева да клеці і ад клеці ізноў да кухні. Часамі ён заглядаў у пакой, стаўшы на парозі і прыслухоўваўся, як розные людзі — жыдкі, панкі і поўпанкі расцягалі збіранае доўгімі годамі дабро. Былі такіе мамэнты, калі Сьцепану моцна хацелася ўскочыць у пакой і штурхануць у каршэль надаедліваго Шлёму Цырліка. Дый папраўдзе сказаць, трэба было мець цярпеньне з гэтым шэльмаю-круцялём: як начне енчыць, біць у грудзі, разводзіць рукамі, ківаць галавой і крычаць такім праразлівым голасам, якбы з яго з жывога зьдзіралі скуру, то ня толькі такі чэлавек, як Сьцепан, але і кожын ня вытрывае тут.
Сьцепану ў гэтые дні было моташна на сэрцы. Адна прычына: ён тут пражыў бадай усё сваё жыцьцё. Кожны вугал двара, кожная жэрдзіна ў плоці былі яму так блізкі і так знаёмы, якбы гэта былі яго дзеці. А гэтые таўстые вязы, каторые чародамі стаялі вакруг пасады, каторые ні кропелькі не адмяніліся с тых часаў, як іх запамятае Сьцепан, і пад каторымі не адзін раз даваў ён храпунца ў гарачые летніе дні, здавалася, казалі яму: Эх, Сьцепан! цяпер-то разлучымся мы! Другая прычына была тая, што ў асобі старога бацюшкі Сьцепан страціў ня толькі добраго гаспадара, але, можна сказаць, і дарагога друга. Божэ мой! Колькі разоў, бывала, лаяліся яны. Бацюшка Сьцепана, Сьцепан бацюшку. І гэта ні на адзін шэлег не псавала іх крэпкую, векамі гадаваную дружбу.
І цяпер, стоючы на парозі і бачучы як Шлёма Цырлік сваімі бруднымі пальцамі калупае кожную закарвашыну, кожную плямку на бацюшкавых падрызьніках, Сьцепан ня мог болей трываць. Адважна ступіў ён у пакой, проста ў тое мейсца, дзе стаяў Шлёма, вырваў з рук падрызьнікі і, звярнуўшыся да матушкі, спытаў.
— Колькі яны каштуюць?
— Восем рублёў, Сьцепанка. —
— Дык адлічыце з маіх грошэй: я забіраю іх! —
Сказаўшы гэта, Сьцецан кінуў на Шлёму такі пагляд, якбы хацеў сказаць:
— Шалудзька ты! Ось як купляюць людзі! — Жыдок толькі ўскінуў плечыма, усьміхнуўся і сказаў:
— Ну-э!
Сьцепан-жэ, высака падняўшы галаву, можэ першы раз за ўсё жыцьцё, вышоў с пакояў. Яму здавалася, што ён памаладзеў на цэлых дзесяць гадоў, што ён зрабіў штось важнае, і на яго пазірае цяпер увесь сьвет. А ідучы праз кухню, ён звысока зірнуў на Зосю. Хоць яна і добрая зараза, але ўсё-ж такі была нешта якбы яго жонка, хай сабе і не венчаная.
Зося зірнуўшы на тое, як высака трымаў Сьцепан старые падрызьнікі і як сьвяціўся яго твар, адразу сьцяміла, ў чым тут справа.
— Пашоў-бы лепш на сьметнік ды выкінуў грошы, — сказала яна.
— Ведаеш ты… з носа ды ў рот, — атказаў Сьцепан. Можэ, каб хто сказаў, то Сьцепан звярнуў-бы увагу, а то яна! што яна знае, заткала[1] гэтае старое?
Сьцепану цяпер хацелася пабыць аднаму. Найлепшым для гэтаго мейсцам быў хлеў, дзе стаялі з аднаго боку коні, а з другога каровы. У хлеве Сьцепан пражыў добрую палавіну свайго веку… Што ён тут перадумаў, ведаюць адны толькі сьцены. Толькі мала хто цікавіцца апаведаньнем гэтых сьцен і за́гарадак, дзе стаіць скаціна і жыве чэлавек.
Зневажыўшы Зосю, Сьцепан, аглядаючы падрызьнікі, спаважна пасунуў у свае пакоі. Чуць толькі паказаўся ён на парозі, як каровы зараз-жэ прыветна замы́калі, а коні вясёла загагоналі. Можэ яны хацелі сказаць яму: „Дзень добры, дзядзька Сьцепан! А с чым ты прышоў?“ Убачыўшы падрызьнікі, ўсе жывёлы разам паціхлі. Рыжая карова, зірнуўшы на лахманы, сумна затрасла галавой і выставіла ногі. Відаць і ёй не спадабалася Сьцепанава пакупка. Толькі бугай аказаў Сьцепану, як трэба, увагу. Ведама, мужчына мужчыну заўсёды лепш разьбярэ. Прасунуўшы галаву праз загарадку, ён панюхаў падрызьнікі, потым прытуліў губы к ноздрам і, задраўшы галаву, доўга стаяў так, выскаліўшы зубы, якбы сьмяючыся.
— Чаго выскаляешся, воўчае мяса? — сказаў нездаволены Сьцепан і махнуў на бугая рукою. Бык, не апускаючы галавы, атхіліўся і смеяўся столькі, сколькі лічыў гэта патрэбным. Знайшоўшы на шуле каля варот гвозд, Сьцепан павесіў падрызьнікі і пачаў іх разглядаць: браў іх за рукавы і доўга прызіраўся, шоргаў рукою, абціраў пыл і абчышчаў іх. А калі замечаў дзе плямку, то плёваў на яе і моцна шараваў рукавом. Часамі ён адыходзіўся на колькі крокаў, каб пацікаваць, як яно выглядзіць здалёк. Матэрыя хоць куды! Праўда, Сьцепан, купляючы падрызьнікі, і ў думках на меў які-нібудзь гандаль: проста купіў, уважаючы памяць старога бацюшкі. А як гэта высокае парываньне яго душы крыху уляглося, то Сьцепану само сабою прышло пытаньне, на якую рэч могуць прыгадзіцца яму гэтые падрызьнікі. Гм! на якую рэч? сьмешна і пытаць: ці ён сам ня здужае насіць іх? Ось трошкі павузіць рукавы — нават і краўцу ня трэба даваць, надзеў пад халат і насі, здаровы. Каб праверыць гэта Сьцепан зьняў адзін падрызьнік і апрануў. Глянуў на рукавы — і вузіць ня трэба; спад халата нічога ня будзе відаць. Агледзіўшы рукавы, зірнуў на полы — шырокіе, на іх ліха. Э! с шырокаго заўсёды зробіш вузкое… А каровы, высунуўшы галовы, пільна глядзелі на Сьцепана і нічога не цямілі тут. Толькі Падласка ні с сяго ні с таго ўзяла ды зараўла на ўвесь хлеў так, як равуць каровы, убачыўшы разьніка. На гэты час міма хлева праходзіў Цырлік і затрымаўся крыху. Ядавіты сьмех скрывіў яго губы і Цырлік сказаў:
— Ой, Сьцепан, як хорашэ! Каб цяпер ты стаў на агарод, то не было-бы на сьвеці лепшаго пужала, — і зарагатаў ешчэ сморад!
— Каб табе калом вочы пасталі, абармот ты! Ідзі, ідзі, бо зацкую сабакамі. —
Ужо Цырлік адышоўся далёка, а Сьцепан ешчэ доўга гаварыў, якіе круцялі гэтые жыды.
Абапёршыся на загарадку, Сьцепан дастаў люлечку на кароценькім цыбучку, накладаў ў яе махорку і разважаў. Думкі яго вярцеліся каля падрызьнікаў. Ніхто не павінен быў думаць, — мысьліў Сьцепан, — што яму дыхтавала якая-нібудзь карысць, як ён купляў падрызьнікі. І ня думала быць! А хто ня верыць гэтаму, ніхай праканаецца сам: адзін падрызьнік Сьцепан непрыменна зашле ў сяло свайму нябожу, сястрэнічу Мікалаю. Аддасьць краўцу, то такіе выфастрыгуе нагавіцы або світку, што первейшая ў сяле красуня будзе млець па Мікалаю. Толькі ці варта даваць яму? Ешчэ летась ён патстроіў Сьцепану штучку, за каторую прышлося пасьвяціць вачыма. Як роднаго, прыхіліў Сьцепан свайго нябожу, а той назаўтра выцягнуў з варывенькі у бацюшкі бутэльку наліўкі і два скруткі каўбас, як добрые заваратні. Калі каму даваць, то не Мікалаю.
— Дзень добры, дзядзька! як маешся? —
Сьцепан знячэўку аж патскочыў і выпусьціў у гной люльку.
— Бадай ты, Міколка, спрах: так спужаў мяне? Сьцепан і не сцікаваў, як вайшоў той, пра каго ён думаў.
— Што гэта ў цябе, дзядзька, вісіць? — спытаў Мікалай.
— Дзе вісіць? — спытаў, нібыто нічога няведаючы Сьцепан і дабавіў:
— А! гэта! гэта… так рэч адна.
Мікола зьняў падрызьнік і стаў разглядаць яго.
— Ці ты, дзядзька, хочэш быць папом? на во́шта яны табе?
Доўга ня думаючы, Мікалай нацягнуў на сябе падрызьнік. Потым ён, як вар’ят які, выскачыў на двор і давай круціцца.
Сьцепан узлаваўся.
— Пакінь, Мікола, дурэць! чуеш ты? — крыкнуў Сьцепан і выбег на двор, каб сьцягнуць з Мікалая падрызьнік. Мікалай адбегся і давай падражнівацца з дзядзькам. Ды гэтаго мала: ён ешчэ стаў выбрыківаць нагамі, прысядаць і размахіваць падрызьнікамі, як крыльлям. Сьцепан вышаў с цярпеньня і давай лавіць Мікалая. Ды дзе ты дагоніш яго, калі ён вёрткі, як чорт. Хіба прыперці да плоту? Але і платоў яму німа, каб ён апруцянеў! Якраз на тое ліха Зося заярыла с кухні сабак. Убачыўшы незнаёмаго хлопца і Сьцепана, каторы за ім ганяўся, пакрыўджэные і злые сабакі с трох бакоў кінуліся на Мікалая. Мікалай выламаў с плоту кол і давай ваеваць с сабакамі. А яны так і лезуць сьляпіцаю. Адзін з іх злаўчыўся і схапіў Мікалая ззаду за падрызьнік. Падняўся страшны гаўк, крык. Выскачыла Зося с кухні, матушка с пакояў; з-за вугла высунулася галава Шлёмы Цырліка. Мікалай вылузаўся с падрызьніка, прысланіўся да вяза і адмахіваўся калом ад сабак. Сьцепан падняў падрызьнік, адагнаў сабак і, не гаворучы ні слова, хвасянуў разоў два Мікалая гэтым падрызьнікам.
— А ты, нехрысьць, чаго тут?
На цю на! на цю на! —
Шлёма падняўшы лапсардак, задаў такога лататы, што пыл курэў с-пад ног.
— Не сярдуй, дзядзячка, і ня гневайся, — сказаў Мікола: — праўду гавораць людзі: „ня поп, — не ўбірайся ў рызы“. —
— Пашоў ты к чортавай мацеры, гіцэль! Думаў зрабіць, як чэлавеку, а цяпер — вось табе гула асмаленая! — злосна сказаў Сьцепан і сунуў пляменніку у нос хвігу.
— Дзякую, дзядзячка, і за гэты гасьцінец.
Сьцепан плюнуў і зачыніўся ў хляве.
Ён быў цяпер злы; больш усяго ён злаваў на Цырліка, бо гэта яго работа, гэта ён падгаварыў Мікалая састроіць такіе кпіны з дзядзькі… І на чорта было купляць гэтые нешчасные лахманы? Ну, што ў іх ёсць? Золата з іх ліецца? Толькі сэрцэ сабе пераеў. Тут Сьцепан з невавісцьцю зірнуў на падрызьнікі. А яны сабе вісяць, як нічога. А ўсё гэты чортаў жыд: не нагані яго чэрці, і ў галаву не прышло-б Сьцепану купляць гэтые дрынды, прасьці Госпадзі. Ні іх надзець, ні іх перэрабляць. Праўду казаў той Мікола: „калі ня поп — не ўбірайся ў рызы.“ А перэрабіць? Колькі-ж яны будуць каштаваць? А ён, Сьцепан, што? дзяцюк малады? Дзякуй Богу сівых валасоў ў галаве колькі… А восем рублёў, як ў печы згарэла.
І ўвесь гэты дзень Сьцепан быў сярдзіты. Куды-б ён ні пашоў, за што-б ні ўзяўся, ўсюды гэтые падрызьнікі стаяць у вачах, якбы іх там хто певесіў. Бадай на іх упадкі! Ня толькі людзі, а і жывёлы сьмяюцца з яго. Тут Сьцепану ўспомніліся: словы Зосі, Цырлік, Мікалай, як скакаў ён лявоніху, рыжая і падласая карова і бык. Ну, ўсе-ж з яго сьмеяліся. А сабака дык нават разарваў ззаду. І маюць клёк, бо ён дурны, хоць і стары. Нават у ночы ня меў Сьцепан супакою. Прысьніўся такі брыдкі сон. Здаецца, сьнілася Сьцепану — ён даваў каровам, а падрызьнікі (зноў яны!) віселі на старым вязе. Так сабе і вісяць яны. Потым гэты вяз, якбы ўздрыгануўся, сагнуўся, павярнуў сукамі і ўсцяг на сябе падрызьнікі. Сьцепан падыйшоў і кажэ: — „Стары ты ўжо чэлавек (так і сказаў — чэлавек) і займацца такімі жартамі не фасуе“. І толькі Сьцепан хацеў зьняць падрызнікі, як гэты вяз падняўся ў гару, потым сарваўся з мейсца і пашоў бегаць па дварэ, а за ім — сабакі, Зося, матушка; зноў выскачыў з-за вугла Цырлік і пашоў каля вязу у прысядкі.
Сьцепан прахапіўся, правёў рукою па сьцяне — падрызьнікі вісяць на мейсцы.
— А каб вас агонь спаліў!
Тут ён падняўся, зьняў іх і давай малаціць імі па загарадцы.
— Панясу тапіць!
І Сьцепан цьвёрда пастанавіў утапіць іх у рэчцы. Ніхай толькі разьвіднеіцца. З гэтай пастановай Сьцепан заснуў ізноў. Настала раніца, і Сьцепан супакоіўся.
— А каб папрабаваць панясьці іх прадаць? Сьцепанавые думкі пашлі па новай дарозе. Прадаць, непрыменна прадаць. Ешчэ і зарабіць можна будзе. Ухадзіўшыся, каля жывёлы, Сьцепан зноў стаў прыводзіць у парадак падрызьнікі: разгладзіў іх, патчысьціў і ціханька шуснуў у горад. А горад быў тут-жэ. Прышоўшы ў горад, Сьцепан распасьцёр падрызьнікі на руках так, каб паказаць іх з найлепшаго боку. Прайшоўся па аднэй, па другой вуліцы. Ніхто не пытае — німа купца. А часам які цікавы падыдзе, паглядзіць, ускіне плечыма і пойдзе.
— Манах! манах! — гукнулі два патшывальцы і, тузянуўшы Сьцепанавы падрызьнікі, пусьціліся драла.
„Ня мела баба клопату, купіла парасё“, — думаў, ходзючы Сьцепан. А купца ўсё не было.
„Толькі і астаецца утапіць іх“, — падумаў ізноў Сьцепан, страціўшы надзею найці купца:
І ўжо Сьцепан павярнуўся, каб ісьці да дому. Зірк — Шлёма Цырлік.
— Ну, Сьцепан, многа зарабіў?
— Многа. Каб ты столькі на сьвеці пражы́ў — атказаў Сьцепан.
— На, два рублі.
Сьцепан перш хацеў паслаць Шлёму к чорту, ды апомніўся і стаў таргавацца.
— Паглядзі, якая паткладка — шоўк, чысты шоўк. А верх!..
Прадаў Сьцепан падрызьнікі за тры рублі.
І нічым ня можна было горш раззлаваць Сьцепана, як спытаць яго:
— Ці многа зарабіў, Сьцепан, на падрызьніках?
- ↑ Заткала — жмут ануч, каторымі даўней затыкалі коміны.