Родная вёска
Выгляд
Родная вёска Аўтар: Алесь Мілюць 1940 Крыніца: Скрыжалі памяці. Кніга другая - с. 330 |
О Скорычы, родная ціхая вёска!
Ты — радасць, пацеха мая...
Твае саламяныя стрэхі, бярозкі
Бязмежна люблю ужо я!
Твае сенажаці, палі і дубровы,
Разлогі пяскоў і балот
Мне кожнай часінай на шляху жыццёвым,
О, колькі дарылі пяшчот!
І ты, серабрана-крыштальная Вуша,
Твае аксаміт-берагі.
Як часта яны мне адводзілі душу
Ў мінуты жальбы і тугі...
Бо тут красавала жыцця майго ранне,
Цвіла мая моладасць-цвет...
Тут зведаў я першыя ласкі кахання
І першыя горычы бед...
Тут рос я, на духу і сіл набіраўся,
За праўду каб мог пастаяць.
Ў суровым змаганні я крэп, гартаваўся,
Каб гора-нядолю зламаць...
І дзе я ні буду свой век каратаці,
Дзе лёс ні закіне мяне,
Ты, родная вёска, як шчырая маці
Мне будзеш ў чужой старане.
15 студзеня 1940 г.
Скорычы