Расійская гісторыя ў самым кароткім нарысе (Пакроўскі/Гарабурда)/Дзяржава Раманавых і раскол

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Сялянская рэволюцыя Дзяржава Раманавых і раскол
Аўтар: Міхаіл Пакроўскі
1927
Пераклад: Кастусь Гарабурда
Паўночная вайна і Расійская імпэрыя

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Дзяржава Раманавых і раскол.

Першыя Раманавы, спакарыўшыя сялянскую масу за дапамогай вышэйшых кляс дробнага дваранства і часткі казацтва, што перайшлі на іх бок, заснавалі, такім чынам, дзяржаву, якая трымалася на прыгонным праве, чыноўніцтве і пастаяннай арміі і якая праіснавала Расіі да сярэдзіны XІX сталецьця. Толькі ў гэты час, дзякуючы далейшаму экономічнаму разьвіцьцю, зьяўленьню на зьмену гандлёваму капіталізму прамысловага капіталізму, - гэты дзяржаўны лад пачынае распaдацца, падае прыгоннае права, пад канец слабее ўлада чыноўніцтва, пад самы канец здраджвае гэтай дзяржаве яго галоўная апора - пастаяннае войска. Але, паступова выпетрываючы, раманаўскі лад у сваіх астачах дажывае да рэволюцыі 1917 году. З монархіяй Раманавых мы ўваходзім, такім парадкам, у паласу найноўшай расійскай гісторыі. Але для таго, каб дакончыць характарыстыку гэтай монархіі, трэба адзначыць яшчэ адзін бок, якога мы да гэтых час не закраналі. Яна была ня толькі капіталістычнай, бюрократычнай (чыноўніцкай) вайсковай дзяржавай, але яна была і першай у Расіі дзяржавай цывільнай. Расійская царква за Раманавымі зрабілася такой самай цывільнай установай, як любы прыказ або міністэрства. Архірэі зрабіліся такімі самымі чыноўнікамі, як і губэрнатары, а сьвяшчэньнікі, такімі самымі, як вучастковыя прыставы або станавыя. Аб гэтым падпарадкаваньні царквы дзяржаве, якое адбылося у той самы час, у сярэдзіне ХVІІ сталецьця, трэба сказаць некалькі слоў.

У існаваньні духавенства і царквы быў практычны сэнс. Нам ужо даходзілася ўскосна зазначыць, што царква і духавенства, асабліва манахі і манастыры, былі першымі праваднікамі грашовай гаспадаркі. У іх руках, дзякуючы ахвярам веруючых, сабраліся вялізныя сродкі, некаторыя веруючыя давалі ім свае багацьці на захаваньне: так, царква зрабілася гандлевым складам, а манастыры першымі банкоўцамі, якіх ведала старажытняя Русь, а разам з ёю і ўся сярэднявяковая Эўропа. Але тлумачэньне, якое давалі людзі усім гэтым ахвярам на карысыць царквы, было, зразумела, зусім ня тое, якое даем мы. Для тагочасных людзей экономічны сэнс усяго гэтага зусім не існаваў. Яны давалі ахвяры для таго, каб задабрыць духа, з якім умела гаварыць, каля якога ўмела хадзіць хрысьціянскае духавенства. Асабліва страшны момант для чалавека была, зразумела, сама сьмерць, калі ён сам зьмяняўся ў «духа». Ня так гэта быў страшны момант для яго самога, як для яго сваякоў і блізкіх, якія ня ведалі, чаго ім ад гэтага духа чакаць-дабра ці няшчасьця. і вот тут зьяўляўся сьвяшчэньнік, рабіў розныя чараўніцкія дзеяныні, гаварыў словы, кадзіў ладанам, служыў паніхіду і, такім чынам, пагаджаў дух нябожчыка з жывымі сваякамі. Пакойнік пасьля гэтага рабіўся добрым духам, і зла ад яго не чакалі ўжо ніякага. Вот чаму царква пры гэтым атрымлівала вельмі шчодрыя падарункі. З маёмасьці нябожчыка ёй здавалася ня толькі рухомасьць, але і вялікія пляцы зямлі; такім парадкам царква зрабілася самым вялікім зямляўласьнікам. Сваё зямляўладаньне яна ўмела павялічыць: на сабраныя, ад сваіх гандлёвых опэрацый, грошы манастыры куплялі ад памешчыкаў зямлю, пазычаючы гэтым памешчыкам на самых цяжкіх умовах і г. д. Царква была адным з самых заўзятых эксплёататараў расійскага сялянства. Ня трэба запамінаць, што першым заснавальнікам сялянскай няволі была Траецкая Лаўра, якая ў XV веку першая здабыла сабе права не выпускаць з сваіх маёнткаў сялян і першая-ж кінулася адшукваць гэтых сялян пасьля смутнага часу, загадзя забясьпечыўшы сабе 11-гадовы тэрмін для іх адшуканьня, г. зн. стараючыся вярнуць назад усіх сялян, якія зьбеглі ў час смуты. Траецкая Лаўра паказала гэтым прыклад іншым памешчыкам. Але для масы насяленьня справа была ня ў тым, добрадзейнае ці нядобрадзейнае, лагоднае ці жорсткае было духавенства, а ў тым, што гэтае духавенства мела лагодзіць з тым сьветам сьвятых і нячысьцікаў, які ўтвараўся ў выабражэньні тагочаснага чалавека, і ад якога, згодна з перакананьнем гэтага чалавека, залежаў увесь яго дабрабыт.

Уплыў царквы на тагочасных людзей быў, зразумела, вялізны. Царкоўныя людзі павучалі, што яны ўсё могуць зрабіць, што ўласна, і цара ставяць толькі яны і што толькі дзякуючы памазаньню, якое царква дае цару, ён робіцца сапраўдным царом. Ён застаецца ім да таго часу, пакуль ён служыць царкве. Калі-ж ён пакідае служыць, тады ён траціць права на прастол. А сапраўды-ж ужо ў XVІ веку гэта было толькі тэорыяй (г. зн. было толькі ў кнігах), а на практыцы, як толькі аб'ядналася Маскоўская дзяржава, як толькі яна забрала ў рукі вялікія прасторы зямлі, гандлёвы капітал і г. д., дык яна пачала падпарадкаваць сабе царкву, бо сапраўдная ўлада царквы трымалася, паўтараю, зразумела, не на тым, што думалі пра яе людзі, а на тым, што было ў яе руках. Ужо за Грозным была зроблена спроба адабраць ад праваслаўнай царквы яе зямлю для таго, каб задаволіць зямельную прагу дробных памешчыкаў, якім пачынала не хапаць конфіскаваных вотчын старога вяльмоства, і ўжо Грозны аднаго маскоўскага мітрапаліта, які адважыўся яму пярэчыць, Піліпа, спачатку прагнаў з мітрапаліцкага прастолу, а потым загадаў задушыць у тым манастыры, у які ён быў пасланы на няволю.

Перад канцом XVI века, перад самай „смутай“, улада царквы над насяленьнем значна зьменшылася, і пісьменьнікі таго часу, людзі набожныя (пісьменныя ў гэты час былі, галоўным чынам, духоўныя людзі, і ўсе пісьменныя людзі былі людзі духоўныя, якія выхаваліся, вывучыліся пісьменству па царкоўных кнігах) скардзіліся, што народ разбэсьціўся. З іх расказаў відаць, што разбэсьцілася заможная частка народу, бо парушаць царкоўныя правілы адносна пастоў, раскошна есьці, шмат піць, хадзіць у дарагіх вопратках, усе гэтыя грахі, зразумела, маглі рабіць толькі багатыя людзі. Улада царквы парушалася, такім чынам, па меры таго, як павялічвалася ўлада гандлёвага капіталу.

Асабліва парушала гандлёвая грашовая гаспадарка аскетызм стара-расійскіх людзей. Што такое аскетызм? Усе, зразумела, чулі аб розных пакутах, якія рабілі для сябе розныя ўгоднікі старажытнай Русі. Гэтыя ўгоднікі называліся „пакутнікамі“, бо „пакута“ і рабіла іх людзьмі, якія ўгодны богу і яго сьвятым. З чаго складалася „пакута“? З таго, што чалавек ня еў, спаў на голых дошках, стаяў цэлыя ночы на каленях, гаворачы пацеры, словам, як магчыма задаваў сабе пакут і гэтым, як ён верыў, дагаджаў богу. У чым-жа тут была дагода? Ды ў тым, што тыя задавальненьні, якіх пазбываўся чалавек, нейкім незразумелым чынам даставаліся духу, міласьць якога ён спадзяваўся набыць. Чалавек адмаўляўся ад ежы, і гэта ежа, якую ён ня еў, была таксама свайго роду афярай, якую нейкім таемным чынам мог зьесьці дух. Само па сабе зразумела, што такога выразнага ўяўленьня ў тагочасных людзей ня было, паўтараю, для тагочаснага чалавека сэнс посту і сутрыманьня быў іменна ў тым, што ён гэтым дагаджаў богу або сьвятому, якому ён маліўся, а сэнс якога ён не разумеў, быў іменна ў тым, што такім спосабам людзі прывыкалі зьберагаць. Звычайна пасьля посту надыходзіла (на вёсках і цяпер надыходзіць) разгавеньне, г. зн. пачынаецца дзікае баляванне, калі людзі ядуць да нястраўнасьці жывата, і п’юць так, што трацяць сьвядомасьць. Так і да гэтых час робяць усе дзікуны, якія посьцяць цэлыя месяцы і потым за некалькі дзён наядаюцца па горла. Пры якой гаспадарцы такое ўстрыманьне можа быць патрэбна? Зразумела, пры „натуральнай“, калі няма яшчэ рынку, калі купіць чалавеку прыпасаў няма дзе, калі ён павінен, як кажуць, працягваць ножкі па вопратцы і старанна разьлічаць, колькі ў яго застаецца прыпасаў да новага ўраджаю. і вот ён сьціскаецца, як кажуць, зацягвае сабе дзягу на 4-6 тыдняў, каб потым на працягу аднаго тыдню паесьці, як трэба. Калі зьявілася гандлёвая, менавая гаспадарка, чаго нехапала, можна было купіць на рынку; натуральна, што гэты звычай страціў свой сэнс, ва ўсякім разе, для заможных кляс, і вот у гэты час, калі маса насяленьня пачынае пасьціць цэлы год,-нашыя сяляне даўгі час пасьля таго і тады елі, як трэба, толькі ў рэдкія сьвяты,-заможныя людзі пачынаюць усё больш і больш нядбайна адносіцца да посту.

Смутны час, г. зн. народная рэволюцыя пачатку XVІІ веку, як думалі тагочасныя набожныя пісьменьнікі, была карай, насланай на багатыроў іменна за гэтыя грахі. І калі парадак пасьля смуты быў адноўлен, г. зн. зноў запанавала прыгоннае права, а разам з ім запанаваў гандлёвы капітал, дык першы час вышэйшыя клясы выяўлялі вялікую набожнасьць, і царква карысталася такой уладай і уплывам, як ніколі раней. Патрыарх быў другім царом. За першым Раманавым гэтаму вельмі дапамагала яшчэ і тое, што патрыарх даводзіўся цару бацькам, але так было і за другім (Аляксеем Міхайлавічам), калі патрыарх Нікан ня быў родны цару, значыцца, гэта быў уплыў ня бацькі, а ўплыў царквы. Само па сабе зразумела, што пры гэтым у руках царквы пачалі зьбірацца вялізныя багацьці. Але ўстрыманьне, на якое сябе ахвяроўвала новае грамадзтва, пачало рабіцца прыкрым. Аскетычная плынь зноў пачала слабнуць. Зноў пачалі дрэнна захоўваць пасты, скарачалі даўгую царкоўную службу, выстаяць яе на нагах таксама было свайго роду пакутай. А галоўнае, цывільнай уладзе пачаў рабіцца прыкрым той уплыў, які набыла царква.

Патрыарх Нікан, пакладаючыся на нібыта нязьмерную сілу царквы, папрабаваў выйсьці на барацьбу з цывільнай уладай. Але тут адразу-ж выявілася, што сіла гэта была не ў выабражэньні людзей, а ў тых матэрыяльных сродках, якія былі ў іх руках. Царква была зусім бясьсільнай супроць дзяржавы Раманавых з яе вялізнымі грашовымі сродкамі, чыноўніцтвам, войскам і г. д. Ніхто з царкоўных людзей і не падумаў паўстаць на абарону Нікана, і вышла, што якога-небудзь сапраўднага супраціўленьня ўладзе цара ніхто зрабіць ня мог. А цар, карыстаючыся сваімі гандлёвымі сувязямі і грашовымі сродкамі, бяз клопату наняў другіх патрыархаў, усходніх, якія ў праваслаўнай царкве былі старэйшыя за Нікана, склікаў царкоўны сабор і пастановай самой царквы засудзіў чалавека, які адважыўся падтрымліваць самастойнасьць гэтай царквы супроць цара. Наступныя патрыархі ўжо не адважваліся ісьці супроць царскай улады, а ў пачатку ХVІІІ веку і самая пасада патрыарха была скасована. Замест яе быў створан сынод, г. зн. сход архірэяў, а да іх быў прыстаўлен назіральнік ад цывільнай улады, обэр-прокурор сьвяцейшага сыноду, з чыноўнікаў, які поўнаўладна кіраваў праваслаўнай царквой, скідаў і назначаў архірэяў таксама, як назначалі і скідалі губэрнатараў. Пасьля гэтага кіраўніцтва праваслаўнай царквой зрабілася проста адным з міністэрстваў расійскай дзяржавы, або Расійскай імпэрыі, як яна пачала называцца спачатку XVІІІ веку.

Але калі, такім чынам, вышэйшыя клясы вельмі лёгка кідалі тую фальшывую набожнасьць, якую яны пачалі выяўляць пасьля рэволюцыі, дык прыгнечаныя і задушаныя гандлёвым капіталам грамадзкія пласты, наадварот, з надзеяй зварачаліся іменна да царквы, якая зносіла прыгнечаньне ад цывільнае дзяржавы, як і яны, нібы падзяляючы іх лёс. Само па сабе зразумела, што гэтая царква ня была тэй скарбовай офіцыяльнай царквой, дзе ўсім кіраваў обэр-прокурор. Гэтая скарбовая царква народнай царквы не прызнавала. Яна назвала народную царкву расколам, а людзей, якія засталіся вернымі старой царкве, стараверамі, раскольнікамі. Гэтых раскольнікаў дзяржава пазбаўляла розных правоў, настаўнікаў расколу, г. зв. духавенства гэтай народнай царквы садзілі ў турмы, каралі сьмерцю і г. д., але зьнішчыць гэтым народную веру не маглі, і яна трымалася на працягу цэлых сталецьцяў. Гэтая вера, зразумела, была такім самым цёмным анімізмам, як і ўсё так звавае праваслаўе наагул. Раскольнікі таксама верылі ў мноства духаў, сьвятых і нячысьцікаў, якія акружалі чалавека, і за дапамогай розных знахарскіх сродкаў, модлаў, абрадаў ды інш. стараліся набыць уладу над гэтымі духамі. Але тое, што гэтую царкву прыціскалі, прасьледвалі, надавала ёй у масах павагу і спачуцьцё, бо гэтая царква і масы зьяўляліся афярамі аднае і тае самае сілы-гандлёвай буржуазіі, якая расла, і моцна зьвязанай з ёю памешчыкай клясы. У барацьбе з уціскам тагочаснага гандлёвага капіталу раскольніцкія грамады самі хутка зрабіліся сілай, якая зьбірала гэты самы гандлёвы капітал. Цьвярозыя раскольнікі, якія любілі працу, якія моцна трымаліся адзін за аднаго, якія выступалі аб'яднана, зьявіліся надзвычайнымі ашчаднікамі. Вялізныя падпольныя сувязі народнай царквы, што зьвязалі у адно цэлае Паволжа і Памор'е, Магілеўскую губэрню і Ніжагародзкую, былі вельмі добрай глебай і для экономічнай сувязі. Таму ў навейшы час раскол і ўяўляўся народу, як нейкая купецкая вера. Але яго заснавальнікі ў XVІ веку былі ня купцы, а пераважна выхадцы з нізоў гарадзкога насяленьня: рознага роду рамесьнікі, кавалі, цесьлі і т. п., а таксама людзі тагочаснай інтэлігенцыі, г. зн. пераважна з дробнага, нячыноўнага духавенства. У асобных выпадках, як гэта бывае ў кожным рэлігійным руху, мы сустракаем сярод гэтых дэмократычных элемэнтаў і выхадцаў з вышэйшых пластоў грамадзтва, як вядомая баярыня Марозава, зусім таксама, як праз 200 год паміж рэволюцыйнымі соцыялістымі мы знойдзем дачок генэралаў і тайных саветнікаў. Але ні ў тым, ні і другім выпадку гэта не зьмяняе характару руху, як дэмократычнага.

Аднак з расколу не магла пайсьці дэмократычная рэволюцыя накштал тэй, якая страсянула асновы Маскоўскай дзяржавы ў першыя гады ХVІІ веку. Можна сказаць, што ў раскол людзі пайшлі з роспачы, ад няўдачы гэтай рэволюцыі. Раскол загадзя засудзіў Маскоўскую цывільную дзяржаву, абвяшчаючы яе справай антыхрыста. Але гэтым самым ён прызнаў, што гэтую цывільную дзяржаву ён не пераможа, і раскол змагаўся з гандлярскай дзяржавай Раманавых, не нападаючы на яе, а ўцякаючы ад яе, якраз таксама, як уцякалі раней сяляне ад прыгоннага права. Праўда, у асобных выпадках раскольнікі хапаліся за зброю, у тых выпадках, калі дзяржава даганяла іх і там, куды яны ўцяклі, і не давала ім жыць. Шмат раскольнікаў было ў войску Сьцяпана Разіна. і некаторыя з разінцаў абаранялі потым апошнюю крэпасьць раскольнікаў на поўначы-Салавецкі манастыр, якую царскаму войску прышлося браць зброяй. і ў наступных народных рухах XVІІІ веку, аж да пугачоўшчыны, раскольнікі заўсёды йгралі ролю элемэнтаў, якія спачувалі руху і былі варожыя ўраду. Але паставіць на месца гандлёвай бюорократычнай дзяржавы што-небудзь новае яны зусім ня мелі сілы, ды і зусім пра гэта ня думалі. Наадварот, як мы ўжо зазначалі, у політычным жыцьці раскольніцкія грамады ўсё больш і больш дастасоўваліся да гэтай дзяржавы і зрабіліся «вялікімі назьбіральнікамі» таго самага гандлёвага капіталу. Раскол, такім чынам, павінен быў застацца і застаўся чыста духоўным паўстаньнем, напамінаючы ў гэтым выпадку першапачатковае хрысьціянства, якое таксама кончыла тым, што дапасавалася да ладу Рымскай імпэрыі і таксама не праяўляла ніякіх спробаў зьмяніць самую дзяржаву.