Перайсці да зместу

Расійскае бязладдзе

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Расійскае бязладдзе
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 15 кастрычніка 1917 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Надзвычайнае з’яўленне знайшло звычайнае тлумачэнне. Надзвычайнае цуда абярнулася ў звычайны людскі гармідар, каторы ў справах грамадскага жыцця завецца бязладдзем, або анархіяй. Расійская рэвалюцыя, каторая звалася цудам, была стыхійным рухам некультурных масаў. Гэту стыхійнасць і гэту некультурнасць найбольш выказала маса маскоўскай зямлі, дэмакратыя велікаруская, каторая складае большасць у дзяржаве і надае ўсяму свой спецыфічны маскоўскі характар. Цяпер маскоўская дэмакратыя трымае ўладу і кіруе дзяржаўным будаўніцтвам. Вось і трэба там, сярод маскоўскага грамадзянства, на гонях маскоўскай зямлі, шукаць таго, што завецца тлумачэннем падзеяў нашага часу. Сказаць, што ў з’явах сучаснага бязладдзя вінаваты ўсе, што прычынны да гэтага ўсе народы Расіі, — не мае сэнсу і несправядліва. Гэта была б памылка і вялікая памылка, бо, напрыклад, мы, беларусы, не мелі і не маем жаданага ўплыву на справы дзяржаўнага кіраўніцтва. Беларусы пад маскоўскім дзяржаўствам не прыпыняліся да ўлады і не павінны браць на сябе адпавядальнасці за тое, што вычвараецца цяпер у Расіі. І калі згіне Дзяржава Расійская, калі расхапаюць яе ворагі нашы, дык мы з чыстым сэрцам можам сказаць: не наша віна. Мы прасілі прыняць нас на абарону, мы фатыгаваліся сваёю парадай, але нас адсунулі, нас ухілілі, нам ва ўсём адмовілі маскоўскія павадыры, і няхай яны самі адказваюць за тое, што самі нарабілі. Наша заданне — абараніць наш край ад загубы, захаваць яго ад тае заразы, што насуваецца з цэнтру, і адшукаць тлумачэнне таму, што дзеецца навокала.

Некультурнасць расійцаў вядома была і раней, недарма ж казалі: паскрабі маскаля — знойдзеш татарына. Але гэта асабліва выявілася цяпер, у гэту дванаццатую гадзіну для Дзяржавы Расійскай. Адусюль з Маскоўшчыны нясуцца жахлівыя весткі, што скрозь ідуць грабункі, нішчэння грамадскага і прыватнага дабра і рэзаніна. Трапляюцца нават пагромныя эксцэсы, замахі на дабро і жыццё жыдоўскай люднасці, а наогул, пагромы прыватнага дабра і паасобных людзей зрабіліся звычайным з’явішчам, і свядомасць бязкарнасці за ліхія ўчынкі дадае зладзеям небывалай смеласці. Яшчэ горшае чуецца з фронту. Поле, хаты, будынак, збожжа і ўсялякае гаспадарскае дабро, нават жыццё людское нішчыцца, бэсціцца і паляндруецца. Раз’юшанаму натоўпу цёмнае масы няма ўстрымання. Сілы, цвёрдай і пэўнай улады няма, а аўтарытэт і пракананне для рабоў не існуе. Усё робіцца ахвярай таго, што пападае насустрач гэтай буры і навальніцы…

Магутным рухам народаў Расіі зруйнаваны муры маскоўскага царызму. Усе народы выйшлі на волю. Тым часам расійцы па-своему зразумелі значэнне перавароту. Сучаснасць нам сведчыць, што шырокія масы маскоўскай дэмакратыі падсвядома жадалі таго, проці чаго паўсталі. Вырваўшыся за дапамогай паднявольных суседзяў з кайданаў раманаўскага самадзяржавія, гэта цёмная маскоўская маса захапіла ў свае рукі ўладу, уселася гаспадарыць на царскае месца і бушуе, як істы дзікар, ап’янелы воляй і нестрымаласцю. Сама інтэлігенцыя гэтай масы пераняла ўсе звычкі і забабоны старога рэжыму і праз свае камітэты, рады і арганізацыі, апіраючыся на моц кулака, робіць арышты, карае смерцю, садзіць у турмы, зачыняе газеты, накладае цэнзуру, рэквізуе друкарні. Якраз учыняецца тое, з чым людзі змагаліся, дзеля чаго ішлі яны ў турмы, астрогі, на шыбеніцы. Расійскае грамадзянства ў агуле сваём не разумее заданняў маменту і нават не здольна разгледзець здалёк той страшэннай багны, каторая пасуваецца з шалёнай шпаркасцю. Велікаруская нацыя, не гледзячы на сваё нацыянальнае панаванне і дзякуючы гэтаму панаванню, не мае не толькі нацыянальнага, а нават племяннога, сваяцкага пачуцця. Яна, бачыш, вышэй за гэта і пустэлю свайго нацыянальнага пачуцця запаўняе пустым зыкам касмапалітызму. Разуменне дзяржаўнасці для яе не існуе, гэта «хітрая выдумка буржуазіі» — яна разумее дзяржаўнасць Іаана Грознага. І, складаючы большасць насялення ў дзяржаве, яна становіцца страшэнна шкадлівай, разносячы заразу свайго разгільдзяйства з цэнтра на акраіны. Прыцягваючы па закону большасці малыя элементы, яна пасувае іх на загібель і ганебныя ўчынкі…

Чым жа вытлумачыць гэтыя з’явішчы, як не хранічнаю цемрай і гістарычнай некультурнасцю. Ды і праўда — што такое гісторыя маскоўскага народу? Гэта спрадвечнае панаванне Іаана Грознага і Грышкі Распуціна ў палітыцы і Нікіты Пустасвята ў царкве і грамадзянскім жыцці. Адкуль жа тут узяцца культурным звычкам і здольнасці да грамадскага будаўніцтва?! — Памёр Грозны — прыйшоў Пётр Першы, а за ім — перайманне без жаднага толку і сэнсу. Перагартайце ўсю іх гісторыю спачатку да канца, і вы не знайдзеце там нічога добрага, нічога светлага — нічагутка такога, на што б можна было пазайздросціць і каб запазычыцца добрым прыкладам і разумным даследам. Раманаў вешаў, ссылаў, катаваў. Пётр Першы біў сваіх парадчыкаў, як сабак, палкаю; Грозны рэзаў людзей, як воўк авечак ў хляве, а самы разумны вяльможа яго часу, Курбскі, не прыдумаў нічога лепшага, як уцячы ад гневу царскага к нам, на Беларусь, і тут пашукаць сабе прытулку. І гісторыя не захавала ні аднаго здарэння, ніводнага прыкладу, апарт модлаў Піліпа, — каб хоць адзін хто адважыўся ссадзіць гэтага галаварэза з прэстолу і збавіць людзей ад ганебнай быдлячай смерці. Дык адкуль жа тут магла вырасці тая культурнасць, калі гісторыя гэтага народу не давала жаднага грунту!

І ўсё гэта на Маскоўшчыне дзеялася ў тыя часы, як у нас, на Беларусі, усе пытанні дзяржаўнага зместу разважалі на вольных соймах, калі ўсе землі Літоўска-Рускага гасударства карыстаюцца шырокай аўтаноміяй і каралі абіраюцца на прастол дзяржаўнаю радаю. Вось як, напрыклад, кароль Казімір перад смерцю ўпрашае Раду абабраць на караля сына яго Аляксандра: «Будучы ему в Городне, паразумел, што уже с тое хоробы выйті немог, і он узвал к собі паноў рад сваіх, Велікого Княства Літовского в ложніцу на пакоі, і пачал іх прасіті вельмі умільна і пакорне, штобы панове рада узялі собі гаспадаром на Княства Літоўскае сына яго серэдольшага Александра каралевіча; і панове рада відечы гаспадара своего так пакорне просячы і к тому памятаючы, іж он Княства Літовское добра раділ і справовал, і на то прызволілі по жывоте его взяті на Велікое Княство Літовское сына его королевіча Александра». (Летапіс Быхаўца. С. 62).

Культурнасць — не матыматыка — яе вывучыць немагчыма. Культурнасць гадуецца вякамі. Яна не пераймаецца праз «вакно ў Еўропу» — гэта не французскі парык і не прускі мундзір. Культурнасць людская ствараецца самымі людзьмі і вырастае на грунце гістарычнага выхавання…

Беларусы, ратуйце айчыну нашу ад заразы з цэнтру і не давайце краю свайго на паталу варварам, хоць бы то былі і маскоўскія сацыялісты!.. Разгарнеце кнігу ўласнай гісторыі і адтуль набірайцеся сілы, знацця і разумнага даследу. Айчына наша спакон веку жыла ўласным жыццём, і ўсе народы ў нашым гасударстве цешыліся самабытнасцю, воляй і федэрацыйнай дзяржаўнасцю. Чытайце гісторыю продкаў сваіх, шукайце парады ў дзядоў вашых!..