Распляскалася ў прасторы сонца…
Выгляд
Распляскалася ў прасторы сонца Верш Аўтар: Юрка Лявонны 1927 Крыніца: http://knihi.com/Jurka_Lavonny/Rasplaskalasia_u_prastory_sonca.html (Паводле выд.: Лявонны Ю. Выбранае. Мінск, 1960.) |
Распляскалася
Ў прасторы сонца.
Зелянее стромкая трава.
Ад жыцця не стану я ў старонцы,
Буду ранне шчыра вартаваць.
Будуць песні раўчакамі ліцца —
І не сядзе на суку тым жаль.
Не пахіліць лозаў вецер ніцы,
Не загіне ў просіні мяжа.
Заглядзіцца месяц сівагрывы,
Дол пакрые тонкім серабром.
Пройдзе ноч няскончаным урыўкам,
Каб схавацца ўранні за гарой.
У прасторы —
Ураган сваволіць.
Льецца з клёнаў жоўтае лісцё.
Прывітаю я жыццё і словы,
Як вітае родны брат сясцёр!..
(1927)