Перайсці да зместу

Раніца рыкае (1925)/Песьня/Эх, песьня!

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Ой ды, песьні мае, цёмнавірыя! Эх, песьня!
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Ой-ты, хмелю!
Іншыя публікацыі гэтага твора: Эх, песьня!.. (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ЭХ, ПЕСЬНЯ!..

Эх, песьня, — сяліб пазалота —
пасварыла мяне ты з хлапцамі,
а за што?
Што ў мужычым настроі — узьлёце
я сонца сьляпога ня цяміў.

О, так — гэта шчырая праўда —
я з ёю хавацца ня стану.
Нам гісторыя скажа, хто праў быў
у маладняцкім паўстаньні.

А зараз ўжо годзе, —
пахмяліцца я мушу да п‘яна,
каб у новым сваім ды паходзе
застацца ўсё тым-жа буянам.

Ўсё тым-жа Язэпам мужычым
з вяснова-кудлатай чупрынай.
Ой-да радасьць сваю я пазычыў!..
Хто-ж сягоньня к сабе мяне прыме?

Ой, ніхто! —
Сэрца будзіць трывогу,
сэрца б‘ецца ў грудзёх перапёлам.
Ой, юнацтва гадоў беланогіх,
зьбірайся ў вандраўку у поле!

Бо даволі ўжо біцца аб муры
і дарыць прастытуткам каханьне.
Ой, даволі я вочы пажмурыў
па дзяўчыне вясковай па Ганьне.

Толькі маўчаў я аб гэтым упарта;
ня трывожыў электрыку сьвістам.
Ой-да скіну ня сёньня дык заўтра
я шаўро і ангельскую сьвітку.

Ды зноў апрануся папросту:
у зрэб‘е, шарачак стракаты.
Перадасьць хай па радыо роста
аб гэтым ў сялянскія хаты.

Але-ж не, ня злую я на хлопцаў;
яны дружныя, бравыя мальцы:
не адзін пабываў з іх у бойцы,
не адзін мацюгнуў па асфальце…