Перайсці да зместу

Раніца рыкае (1925)/Маладзіца/Дажынкавае

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Вясновае Дажынкавае
Верш
Аўтар: Язэп Пушча
1925 год
Зімовае
Іншыя публікацыі гэтага твора: Дажынкавае (Пушча).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




ДАЖЫНКАВАЕ

Ой у полі бялявая зорка
ды ключамі бліскучымі звоніць,
а жнейка маладая за ўзгоркам
дажынае разлогія гоні.

Дажынае і песьню заводзіць:
„Ой каціўся вяночак ды з поля“…
Ужо месяц разблутаў паводзьдзе. —
Як бывае ў час гэткі вясёла?!

На галоўку вянок узлажыўшы,
да матулі сьпяшае у хату.
Яе губы румяняцца вішняй
і сэрца трапеча заўзята.

У душы-ж загараецца золак
жытнёва-сялянскай пагоні:
— разьлівайся, дажынкавы солад,
няхай песьню калосяць загоны!

∗     ∗

Пракацілася песьня дубровай,
пракацілася песьня лагчынай,
і ўжо вечар-юнак сінябровы
не галубіць у мэндлях дзяўчыны.

Яна зараз з сярпом і вяночкам
уваходзіць у нову сьвятліцу.
Засьмяялася зорамі ночка…
Эх, ня будзе на вочы пот ліцца!

Праліла яго многа у полі
Беларусі жняя-маладзіца,
а сягоньня уцехай сваволіць
і мінулым ня хоча дзівіцца.

А таксама ня верыць машыне,
што рогат сталёвы у сінь разальле
і што коні к залёнай канюшыне
ня будуць ірзаць у сяле.

∗     ∗

Стол бяседны абрусам накрыты,
а на ім піва хмельнага бутля.
Сэрца руніць аўсяныя рытмы
у вечар дажынкавы буйны.

Сэрца радасьць лучыніць усьмешкай:
сёньня песьня ў пашане вялікай,
Успамінаюць, як колісь на ўзьмежку
селянін яе ў госьці заклікаў.

Ой паклон табе, песьня, у ногі
ад поэты лучын — селяніна!
О, я веру, што заўтра разлогі
прапяюць твае новыя плыні.

Прапяе іх і бор задуменны,
прапяе і падпасак гульлівы,
а з-за лесу ды дзень белапенны
іхнім сокам акропіць даліны.

∗     ∗

Ось дзе будзе ўжо радасьці поўна, —
на‘т дарога ў прастор зарагоча,
а я ашаломлены ў песьні успомню
паўстаньня хмялёвыя ночы.

Беларусь гэтаксама успомню,
а болей?… Ну, што яшчэ болей?
Рэвалюцыі хіба мо‘ помнік,
атулены заравам боя.

А сэрца расхрыстае поўдзень
і паклоніцца веку другому.
Адважным-жа поступам пойдзем,
дзе сонечны сочыцца гоман.

Гэй, хлопцы, адзетыя ў зрэбье,
зацягнем-жа песьню дажынак!
Нам каманды чакаць не патрэбна. —
Гэй, хлопцы, зацягнем-жа жыва!