Раніца кінула казку ў дно мора

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Раніца кінула казку ў дно мора
Санет
Аўтар: Змітрок Бядуля
Крыніца: http://biadulia.ru/stories/261.htm


Пальмы пад шэпатным, клёкатным ветрам
Шумяць, нібы крыллі бакланаў,
Хмелем магноліі хмеліць паветра,
Зардзелі баражкі туманаў.
Раніца кінула казку ў дно мора —
Паданне ружовых бязбрэжжаў.
Зараз прыбой загудзіць, загавора,
У скоках закружыць, заснелшць.
Сыпле на бераг трывожныя шквалы,
Зазвоніць, засвісне ўдагонку,
Рынецца гнеўна па скалы, абвалы,
Захлешча абрыў зычна-стромкі.
Вецер зачэшацца шустры і востры,
Завохкае вохам-стагнаннем.
Хваля за хваляй — блакітныя сёстры —
Зайграюць шматколерным граннем.
Зыдуцца разам, заслюняцца слінай,
Разыдуцца, пусцяцца дуба.
Варам завараць, сівой шумавінай
І вышчараць белыя зубы.
Грэбні сівыя зашчэмяцца ў шчэмкі,
Забрызнуць сляпнёю салёнай;
Вецер зачэпіць струмені-зачэпкі,
Расплгохне па сініх загонах.