Разышоўся, як заечае сала
Разышоўся, як заечае сала Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-059 |
Адзін пан вельмі любіў хваліцца. Не было таго дня, каб ён не прылгаў.
Аднаго разу паехаў ён да свайго далёкага сябра. На станцыі наняў фурманку.
Едзе пан, маўчыць. Раптам бачыць: дарогу перабег заяц.
Пан пытаецца ў фурмана:
— А што, ёсць на гэтым зайцы сала?
— Адкуль, пан, у яго тое сала!
— Дрэнныя ж у вас зайцы. Вось у маім маёнтку зайцы водзяцца, дык сала на іх на цэлы корх будзе.
— Ой, пане, — круціць галавою фурман, — дзе ты бачыў такіх зайцоў? Ці не схлусіў ты?
— Не, — цвёрда стаіць пан на сваім.
— Тут, пане, на дарозе скора брод будзе, — кажа фурман.— Дык у нас, хто хлусіць, то ўсе ў тым бродзе топяцца.
Пан спалохаўся:
— Праўда?
— Калі кажу, дык праўда.
— А далёка да таго броду?
— Не, ужо недалёка.
— Ну, то я, можа, трохі і прыхлусіў, — мякчэе пан. — Не на корх, а на тры пальцы.
— А можа, на адзін?
— А далёка брод?
— Ды вось скора і брод…
— Ну, то няхай будзе на адзін.
— А можа, пане, і на адзін мнагавата? — не адстае фурман.
— А брод далёка?
— Ды от-от перад намі.
— Э, чорт з ім, з тым салам. Можа, і на адзін не будзе, — здаўся пан.
Праехалі яшчэ з паўвярсты.
— Ну, дзе ж твой брод? — пытаецца пан у фурмана.
— Няма.
— А дзе ж ён падзеўся?
— Разышоўся, як сала на панскіх зайцах.