Разумныя, да не на дурня папалі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Разумныя, да не на дурня папалі
Апавяданне
Аўтар: Алаіза Пашкевіч (Цётка)
1908
Крыніца: http://www.rv-blr.com/litaratura/view/3923


У Варшаве паліцыя ўнадзілася трасці людзей на вуліцах. Ідзе сабе чалавек спашйна, раптам бац! — ватага паліцэйскіх і крыкне: «Рукі ўверх!» І пайшла рыцца па кішэнях, не мяркуючы, як свіння ў гародзе. Добра, як пуста! Але як маеш якую забароненую паперку, газетку, а крый Божа рэвальвер — ну пойдзе тармасаванне ад аднаго ўчастка да другога, цягаюць ад Анапаша да Канфаша, пакуль не вывяжэшся, не пусціш туману ў вочы «храніцелям парадку» або не пашмаруеш як следуе свярбячых пальцаў.

Каб доўга не развадзіцца, скажу коратка пра адно здарэнне.

Ідзе сабе вуліцай бунчучны пан. Аж торк паліцыя: «Рукі ўверх!» — крычыць. Пан шурціць да кішэні, гадзіннік у адну руку, партманку ў другую, і, як бусел з распушчанымі скрыдламі, так ён з паднятымі рукамі стаў і смяецца перад разгневаным законам.

А закон, знакам тым паліцэйскія, сярдуе, просе і ўсё прыглядаецца да партманкі, як да дынаміту або бомбы, толькі з блізшай мэты.

Перашукалі, ператрэслі — пуста! Але ўсё-такі вядуць да ўчастка. Прывялі, паставілі перад прыставам. Адзін з гарадавіюў вымае рэвальвер-браўнінг з сваёй кішэні і кажа: «Вось гаспадзін, а вось — яго рэвальвер», — і з гэтымі словамі палажыў яго на стол. Прыстаў падскочыў да пана ды давай: «Как ты смееш, бунтаўшчык, насіць аруж’е без разрашэння начальства? Я вам пакажу!» — і тыча кулак пад нос пану.

Але тут пан з сваёй стараны асрожыўся, адчыніў партмане, выняў пісульку і кажа: «Вы не маеце права мяне лаяць, бо я маю дазваленне насіць. Вот яно, чытайце! А рэвальвер мой вярніце мне назад».

За рэвальвер гарадавога ды ў кішэнь. «Не маю толькі часу, — кажа, — а то б на вас паскардзіўся куды трэба…»

І выйшаў, смеючыся. Прыстаў накінуўся на гарадаюга за тое, што прывёў франта з разрашэннем. А гарадавы злаваў у душы, што прывёў франта з разрашэннем, але без рэвальвера. Франт пасвістываў сабе, ідучы вуліцай. Чаму не свістаць: рэвальвер найлепшага калібру, вартасць рублёў з дваццаць пяць, сам, як з вадою, прыплыў. А смех? Смех? Авечка сярод ваўкоў, а ваўкі ані чэп!

<1908>