Раздзяўбуць нас груганы, вароны…

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзяўбуць нас груганы, вароны…
Апавяданьне
Аўтар: Стэфан Жаромскі
1895 (пераклад 1925)
Арыгінальная назва: Rozdziobią nas kruki, wrony
Пераклад: Францішак Аляхновіч
Крыніца: Газэта «Грамадзкі голас», № 40 (94) ад 29.XI.1925 г., б. 2-3, № 41 (95) ад 10.XII.1925 г., б. 2-3

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




СТЭФАН ЖЭРОМСКІ.

РАЗДЗЯУБУЦЬ НАС ГРУГАНЫ, ВАРОНЫ…

Ніводзін жывы сонечны праменьчык не прабіваўся скрозь паводку хмараў, якія гнаў віхор. Скупая яснасьць раніцы памалу размнажалася, асьвятляючы плоскі, шырокі і зусім пустынны від. Ліўся дождж, сыпучы як зярняты. Вецер падхопліваў каплі яго на ляту і кідаў наўскос на зямлю.

Панурая восень абмярцьвіла ў траве ўсё, што жыло. Абдзёртыя з лісьцяў пачарнеўшыя вербы жаласьліва шумелі, пахіляючы свае галіны ажно да самае зямлі. Сьвежа загараная ральля і бульбяное поле размяклі як дрыгва. Шэрыя хмары, падзёртыя і раскудлачаныя, ляцелі хутка амаль што не па самых поверхах гэтага памёршага, дажджом сечанага поля.

Вось гэткай раніцай Андрэй Барыцкі (больш ведамы пад прозьвішчам Сымон Вінрых) выехаў з-за райгорскае горкі і кіраваўся ў напрамку Насельска, на шырокія плоскія абшары. Пакінуўшы зарасьлі, ён трымаўся праз нейкі час сьлядоў палявой сьцежкі, яле калі яна запрапала ў балоце, скіраваўся проста наперад, поперак загонаў.

Праз дзьве начы ўжо ня спаў і трэці дзень усё ішоў каля ваза. Боты яго гэтак растрапаліся ў балоце, што халявы ішлі ў адзін бок, падноскі ў іншы, а босыя ногі зусім у іншы. Быў змокшы і празябшы да шпіку косьці. Хто-ж мог-бы ў гэтым галадранцы пазнаць былога старшыню найвясялейшага на сьвеце хаўрусу, даўнішняга Андрэйку, караля і падышаха вартаўскіх дзяўчат. Ён аброс валасамі, як „арлінымі пёрамі”, кіпці вырасьлі ў яго як „дзікія капцюры“, апрануўся ў прапацеўшую сьвітку, прагавіта пажыраў чорны хлеб са скваркамі і піў гарэлку з гэткай наіўнасьцю, быццам гэта была садовая вада з парэчкавым сокам.

Коні былі галодныя і гэтак змораныя, што час ад часу прыставалі. Няма дзіва: колы ўрэзываліся ў балота па восі, а на калёсах пад вольхавай хварасьцінай, сенам і саломай ляжала адных стрэльбаў штук шэсьцьдзесят і колькінаццаць шабляў, ня лічучы іншай аружнай драбязы. Гэта былі зусім ня дрэнныя коні: высокія, худыя, але добрай пароды. Маглі лёгка прайсьці дзесяць міляў у суткі, калі-б было дадзена два разы адпачыць і накарміць іх як сьлед. Коні былі ўласнасьцю аднаго шляхтуна з ваколіц Млавы. Яны былі значнай часткай яго маемасьці, дзеля таго што ён меў summa summarum трох коняў, аднак пазычаў іх Вінрыху ў кожнай патрэбе. Той заўсёды прыходзіў позна ўначы, стукаў у ваконца хаты, — выходзілі абодва з гаспадаром, выводзілі коні цішком, каб ня абудзіць парабка, выцягвалі воз, — Вінрых ехаў. Улетку гэта было зусім лёгкай справай. У дзень Вінрых спаў у лясным гушчары, а коні пасьвіліся. Цяпер немагчыма было ані спаць, ані папасаваць, Вінрых разьлічаў на тое, што яго нехта заменіць, асабліва, што найгоршыя месцы і перашкоды ўжо шчасьліва мінуў. Але ня гэткія ўжо былі часы… Калі хто яшчэ на гэтай зямлі змагаўся ў поўным разуменьні гэтага слова, дык гэта ён, Вінрых. Ен адзіны хадзіў яшчэ па аружжа, адзін ня падаў духам. Калі-б ня ён, дык і партыя[1] даўно-б разляцелася ўва ўсе бакі сьвету белага. Праз доўгі час гэтых сочаных, галодных, празябшых і напалоханых людзей падтрымоўваў сваімі іранічна-жартаўлівымі слоўцамі і падганяў як пугай. Цяпер, калі ўсё правалілася ў бяздонную яму трывогі, ён як кажуць, заўзяўся. Разам з тым, як нятолькі да глыбіні настрояў і сумленьняў, але да самых асноваў г. наз. рэвалюцыйнай палітыкі пачаў ўчамляцца ўсё сільней філязафічны прынцып: fratres rapiamus, capia,us fugiamusque[2], ён рабіўся ўсё больш упарты і ўжо амаль не шалёны…

Калі гэтак прамокшы, галодны і надта змораны цягнуўся каля воза, пачало пранікаць яго разам са сьцюжай пачуцьцё бяздольля. У кішані не было ўжо ні куска хлеба і ані капелькі гарэлкі ў бутэльцы. Дзіравыя боты не маглі быць прычынай гэтага пачуцьця бяздольля. Ня голад і ня сьцюжа выклікалі яе. Але па сьлядох, пакінутых на балоце дзіравымі ботамі Вінрыха, ішла за ім іронія думак, гэтая бязлітасная бяда, якая мае адвагу ўвайсьці ў месца найсьвяцейшае, якая адважна, як паскудны растаўшчык, бярэць сваей жульніцкай рукой бязцэнныя клейнаты чалавечага руха і сьмяецца з іхняй вартасьці, апранаючы подласьць у найбольш лёгічныя сыльлёгізмы,

— Усё змарнавана—шапоча Вінрых, пасьвістываючы,—праіграна ня толькі да апошняй ніткі, але да апошняга вольнага ўздыху. Цяпер толькі выляціць на сьвет страх з вялізнымі вачыма, з валасамі дыбам на лобе і выганіць з мышачых нораў усіх мэтафізыкаў рэакцыі і прарокаў цемры. Чаго раней ня важыўся сказаць адзін аднаму на вуха, тое цяпер будуць апяваць гэксамэтрам. Колькі ў чалавеку ёсьць разбойніка і здрадніка, гэтулькі з яго выцягнуць, пакажуць на публічны від і дадуць дзеля хвалы і прымерніка і падумаеш, што гэта мы зрабілі перэацэнку паняцьцяў, дзеля таго што мы прайгралі.

Мацней падпярэзаўся, прыкрыў грудзі палой сьвіткі і пайшоў далей, апусьціўшы галаву. Часам падымаў яе і казаў праз сьціснутыя зубы:

— Сабакі паршывыя!

Войстры дождж спыніўся і сеяўся толькі вазяны пыл, безупынны, завешываючы перад самымі вачымі непразрыстую заслону. Дзьмухі ветру шалелі навокал воза, сьвісьцелі між коламі, раскідалі доўгія палы сьвіткі і ўрываліся за сарочку Вінрыха.

За заслонай імглы раптам зрабіўся нейкі рух паўзьбежны з ледзь відным небасьхілам. Гэта мог быць рад вазоў, стада жывёлы, або — войска.

Вінрых глядзеў хвіліну, прыжмурыўшы вочы. Меў гэткае ўражаньне, быццам нехта ўпіхнуў палец пад крывіносную жылу ў яго грудзёх і вырываў яе вонкі.

— Маскалі…— прашаптаў…

Сьцебануў коні пугай, пацягнуў за лейцы, павярнуў воз у другі бок і пачаў уцякаць. Не хацеў, а ляпей кажучы ня мог павярнуць галавы, каб глянуць назад і пабачыць, што там дзеецца. Яму здавалася, што ўцячэ нязаўважаны. На няшчасьце месца было голае і пустое на колькі вярстоў.

Уцякаўшы воз быў заўважаны. З радоў ішоўшага войска адарвалася група кавалерыстаў, высунулася перад фронтам і паскакала з усіх сіл. Вінрых, гледзячы на гэта зьявішча, ня мог уцяміць, ці гэтыя людзі прыбліжаюцца да яго, ці аддзляюцца ў напрамку процілежным. І толькі пабачыўшы сьцяжкі на пахіленых піках і конскія лобы, добра ўсё уцяміў. Тады кроў, рваўшаяся ў ягоных пульсах, быццам згусьцела і ўстрымалася. Ен затрымаў коні, абматаў лейцы каля калёсаў і задумаўся, што выцягнуць з воза дзеля абароны: шаблю, ці ненабітую стрэльбу?

Аднак, не зрабіўшы гэта, машынальна падыйшоў да змораных сваіх коняў і пачаў аднаму з іх зьнімаць хамут, быццам хочучы пусьціць на волю таварышоў сваей нядолі. Робячы гэта, прытуліўся на хвіліну да конскай шыі і ўздыхнуў.

Восем расійскіх уланаў на добрых конях падскочылі да воза І як-жга яго з усіх бакоў абкружылі. Адзін з іх, ня кажучы нічога, пачаў раскідаць пікай сухія галіны ды сена і заглядаць у сярэдзіну воза.

Калі жалезны канец пікі зазьвінеў, ударыўшыся аб стрэльбы,—жаўнер пакляпаў Вінрыха па плячу і міргнуў да таварышоў. Тыя ўзяліся за стрэльбы, вісеўшыя ў іх за плячыма. Вінрых стаяў на месцы, як раней, абыймаючы конскую шыю. Ягоныя вусны пагардліва скрывіліся і ў сэрцы засела не адвага, але бязмежная пагарда, пагарда ўсяго на гэтай зямлі.

— Ты да чыёй партыі вёз гэга? — спытаўся рабіўшы рэвізію ўлан.

— Дурны! — адказаў Вінрых, не падымаючы галавы.

— Ты да якой партыі гэта вёз? Чуеш, палячышка!

— Дурны!

— Гэта не селянін — сказаў старшы з нашыўкай да сваіх падкамандных,—гэта паўстанец.

— Дурны!—сказаў Вінрых, гледзячы ў зямлю.

— Бяры сабачага сына!—крыкнуў жаўнер.

Двох адскочыла на конях колькінаццаць крокаў назад і наставілі пікі. Засуджаны на сьмерць паглядзеў на іх і, як малое дзіця, закрываючы галаву рукамі, ціхім асаблівым голасам прамовіў:

— Не забівайце мяне…

Яны скочылі наперад і прабілі яго пікамі. Адзін распароў яму бруха, другі зламаў грудную клетку. Трэці ўлан ад‘ехаў колькінаццаць крокаў у бок і ў той час, калі два першыя, вырваўшы свае пікі ды плюнуўшы, павярнулі назад, прыцэліўся ў галаву паўстанца. Пацягнуў за курок той мамэнт, калі няшчасны ўпаў у баразду. Куля, прабіўшы чэрап аднаго з коняў, забіла яго адразу. Жывёліна заенчыла жаласьліва і ўпала бяз духу на ногі паміраўшага Андрэя. Жаўнеры зьлезлі з коняў і зрабілі рэвізію ў пустых кішанёх сьвіткі. Раззлаваўшыся, што Вінрых выпіў усю гарэлку, разьбілі бутэльку аб ягоную галаву. Пачуўшы сыгнал, які заклікаў іх вярнуцца, ускочылі на коняў і ўзяўшы з возу колькі штук добрых бэльгійскіх шабляў, паехалі за аддзелам, які хутка прапаў ў імгле. Камандзір швадрона гнаўся за нейкім расплываўшымся ўжо паўстанскім аддзелам, дык ня меў часу затрымлівацца, каб забраць аружжа застаўшаеся на Вінрыхавым возе.

А ў той час пачаў ізноў падаць густы дождж—і на мамэнт паўстанец ачуняў

Вочы яго заплюшчаныя ад болю і сьмяротнай жудасьці, адчыніліся і ў апошні раз глянулі на неба. Вусны яго задрыжэлі і сказалі гэтым хутка імкнуўшым хмарам апошнюю думку:

— …Даруй нам нашы грахі, як і мы выбачаем пакрыўдзіўшым нас…

Вялікая надзея несьмяротнасьці агарнула паміраўшага, быццам прастор бяз конца. З гэтай надзеяй у сэрцы памёр.

Яго галава выціснула ў балоце ямку, у якую цяпер пачалі сплываць маленечкія палоскі вады і рабіць усё большую лужу. Каплі дажджу, падаючы на яе, выбівалі вадзяныя пузыры, лопаўшыяся ў нішто гэтак хутка і ўшчэнт, як чалавечыя сьвятыя ўлуды. Забіты конь хутка астываў на сьцюжы, а той, што застаўся жывым, рваўся ў упражцы гэтак неспакойна, быццам яго нехта папасаваў рамяной пугай, Раптам павярнуў галаву і, выцягнуўшы яе-над мерцьвяком таварышом, абнюхаў Галаву Вінрыха. Як зьнюхаў нябошчыка, ягоныя вочы наліліся крывёй, грыва дзіка з‘ёжылася, кінуўся ў зад, пасьля рвануўся наперад як ашалеўшы… Яго задняя нога ўшчамілася паміж кола. Рвануў яе з гэткай сілай, што зламаў яе. Ад болі ашалеў яшчэ горш. Пачаў рвацца з гэткай сілай, што косьць трэснула на палову гэткім чынам, што востры як нож кусок яе прабіў скуру І пачаў яе ўсё больш рэзаць.

Толькі на другі дзень раніцай дождж спыніўся, хаця вецер ўсё яшчэ не заціхаў. Хмары ляцелі высока, параздзеляныя глыбокімі ценямі дзіўных формаў. Проці ветра, быццам на спатканьне хмараў, цягнуліся стадамі або паасобку груганы і вароны. Дзьмухі ветра адкідалі і піхалі іх назад, часам забаўна выварачваючы ім крыльле або кідаючы іх, як камень на зямлю. Над ляжаўшай ў полі падальлю пачалі кружыцца птушкі, абніжаючы свой палёт і пасьля доўгага змаганьня з віхрам разсядаліся недалёк на загонах.

Жывы конь усьцяж стаяў са зламанай нагой ушчэмлевай між колаў. Ужо не прабаваў яе выцягнуць з прычыны страшэннага болю. Голая косьць пры кожным паркшаньні чаплялася за дрэва і рэзала скуру.

Пабачыўшы варон, якія памалу, пераступаючы з ногі на ногу прыбліжаліся да калёсаў, конь заіржаў. Здаваломя, што хоча клікаць людзей:

— О подлыя людзі, о ліхадзейны род, о племя забойцаў!..

Гэты крык гудзеў над пустой ваколіцай і чэзнуў у шалёным голасе ветра устрымоўваючы толькі на часіну паход трупаедаў. Вароны з вялікай развагай, тактам, павагай, цярплівасьцю і дыпляматыяй прыбліжаліся, пахіляючы на бок голавы і ўважна разглядаючы палажэньне справаў. Асабліва адна з іх выказвала найвялікшы запас энэргіі, хаценьня адзначыцца, або ненавісьці.

А можа гэта было проста пачуцьцё інтарэсаў свайго дзёба і бруха, або як прывыклі казаць, адвагі. Варона падыйшла ажно да ноздраў забітага каня, з якіх яшчэ сачылася кроў, пакрытая балоцістай гнільлю. Зоркае і праніклівае яе вока пабачыла, што трэба. Тады, ня думаючы многа, ускочыла на галаву забітай канінкі, падняла лоб у гару, раскарачыла ногі, як дравасек, які зьбіраецца разьсекаць палена, прыцэлілася і як жалезным гакам дзяўбанула ў памёршае вока мерцьвяка. За прыкладам сьмелай вароны пайшлі і яе таварышкі. Адна абрабляла рабро, іншая шчыпала нагу, яшчэ іншая рабіла дзіру ў чэрапе. Найбольш за ўсіх адзначылася тая, каторая захацела заглянуць ува ўнутр мозга, дзе месьціцца вольная думка, каб ушчэнт яе зжорці. Тая маестатычна ўвайшла на нагу Вінрыха, прайшлася па ім, шчасьліва дабралася да галавы і пачала заядла дабівацца да сярэдзіны гэтага чэрапа, да гэтай апошняй крэпасьці польскага паўстаньня.

Пакуль аднак пасьпела пакаштаваць мазгоў паўстанца і здабыць дзеля сябе тытул да славы, спалохаў яе нехта, прыбліжаўшыся ціхачом, падобным да вялікага шэрага зьвера, Гэта ня быў шакал[3], але бедны чалавек, мужык з бліжэйшай вёскі. На надзеле, які адгэтуль меўся быць ягонай уласнасьцю, апынуліся трупы, — і ён ішоў прыбраць іх.

Надта баяўся маскалёў, дык амаль што ня поўз на руках. Яму вельмі хацелася абрэзаць рамні і меў салодкую надзею знайсьці яшчэ, ня гледзячы на жаўнерскую рэвізію, жалеза, вяровак і вопратку на мерцьвяку. Затрымаўшыся над целам Вінрыха, пачаў ківаць галавой ды ўздыхаць,—пасьля стаў на калены, зьняў шапку, перахрысьціўся і памаліўся.

Сказаўшы апошняе амін, з бліскам прагавітасьці ў вачох кінуўся перш за ўсё да кішані і запазухі і пачаў шукаць грошай. Нічога ўжо там не знайшоў. Тады зьдзёр з трупа сьвітку, боты, узяў нават прамокшыя балотам ганучы, абвярнуў у гэтае рызьзе частку аружжа і хутка пайшоў назад. Праз гадзіну вярнуўся, каб узяць рэшту здабычы. Каля поўдня прывёў пару коняў і выпраг скалечанага каня. Акуратна агледзіўшы яго зламаную нагу, прыйшоў да пераконаньня, што яна ўжо зусім папсавана. Трэ‘ было на ні што, нездатнага каня задушыць. Неўзабаве закінуў на шыю вяроўку, прывязаў яе да хамутоў сваіх коняў, плюнуў сабе ў далонь і пагнаў іх, паганяючы пугай з усей сілы. Коні раптам рвануліся, пятля сьціснула засуджанага за горла і паваліла яго на зямлю. Але хутка аднак moriturus[4] ускочыў і пабег за цягнуўшай яго парай, ступаючы вострым канцом голай косьці па балоце і каменьнях.

Мужык глянуў і ажно вочы сабе закрыў ад агіды. Зараз адвязаў вяроўку і кінуў экзэкуцыю. Запрог коняў і паехаў назад. Пасьля поўдня зьявіўся з нажом і зьдзёр скуру з каня, забітага ўланамі. Засталася толькі скура на кані яшчэ жывым. Чалавек думаў, разважаў, разглядаў справу з ўсіх бакоў. Мог бы зарэзаць кульгавага ножам, і уся справа была б вырашана адным махам, але яму не хацелася „пэцкацца“ маральна і фізычна. З другога, боку—сільна баяўся, каб нехта ў начы ціхачом не падкраўся, не забіў каня і ня зьдзёр з яго скуры. У канцы канцоў нечымсь парушаны сказаў:

— Гэй, падыхай тут сабе… І так да заўтра ўсё роўна выпруцішся. Напрацаваўся я! Пан Езус міласэрны пашанцаваў мне грэшнаму. Мо‘ й ніхто ня бачыў, дык і ня прыйдзе забіраць скуру. Добра й тое. Падыхай сабе тут, нябожа, падыхай…

У бок ад таго напрамку, у якім кіраваўся Вінрых, былі ў адкрытым полі бульбяныя ямы. Дзеля таго, што грунт прапушчаў ваду ўнутр гтых дворных склепаў, дык іх перанесьлі ў іншае месца, а гэтыя ямы парасьлі кустамі. Бэлькі запалі разам з кускамі гліны, творачы ямы і катакомбы поўныя вадзяністага балота. У адну з гэткіх дзіраў увечары селянін укінуў труп паўстанца і абдзёртага са скуры каня. Ўпіхнуў іх разам у адну яму, прыкрыў жордкай, накідаў зьверху травы і гліны, каб сюды не дабраліся вароны

Гэтак несьвядома і паміма волі памсьціўшыся за сталецьці сваей няволі, за пашырэньне цемры, за зьдзек, за ганьбу і цярпеньні сярмяжнага люда, ішоў дамоў з непакрытай галавой і з малітвай на вуснах. Дзіўная разьбірала ягоную душу радасьць і прыхарашывала яму ўвесь небасхіл і увесь яго кругазор, усю зямлю надта прыгожымі колярамі. Глыбока, запраўдне, з усей душы вялічаў Бога за тое, што ў сваім бязьмежным міласэрдзі паслаў яму гэтулькі жалеза і скуры…

Раптам сярод цішыні васеньняга зьмерку над зямлёй праляцела поўнае роспачы конскае іржаньне. Мужык затрымаўся і накрыўшы далоняй вочы ад бліску, глядзеў на захад сонца.

На фоне захадзіўшага сонца відны быў конь, падпіраўшыся на пярэдніх нагах. Махаў лобам, павяртаў яго ў бок, дзе быў гроб Вінрыха, і іржаў.

Трапеталіся над гэтым жывым трупам, падыймаліся ў гару, апускаліся і кружыліся цэлыя грамады варонаў. Водбліск, зайшоўшага за небасхіл сонца хутка пагасаў. З-за сьвету ішла ноч, жуда і сьмерць.

Пералажыў Ю. М.

КАНЕЦ




  1. аддзел паўстанцаў.
  2. браты, разрываймо, хапаймо і ўцякаймо.
  3. Дзікі зьвер, падобны да сабакі.
  4. Той хто павінен памерці…