Перайсці да зместу

Разгон Усебеларускаго зьезду

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разгон Усебеларускаго зьезду
Аўтар: Іван Піліпаў
1917 год
Крыніца: Вольная Беларусь. 1917. № 36.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




17 сьнежня, у вечары, адбыўся агульны сход дэлегатаў Усебеларускаго Зьезду ў Беларускім Нацыянальным Домі (быўшае Дворанскае Сабранне). На чарзе дня стаяло пытанне аб краёвай ўласьці.

У большасьці рэзалюцый вымагалося абвесьціць Беларусь аўтаномнай Рэспублікай. Была, праўда, нівялікая кучка людзей праціўнікаў Беларускай Рэспублікі. Але ўдалося злавіць паміж іх неколькі провакатараў с фальшывымі дакумэнтамі. Іх падаслалі ворагі беларускаго руху, каб шкодзіць справе. Агульны настрой быў вельмі падняты. Усе дэлегаты Зьезду выказалі патрэбнасьць вырашыць долю Беларусі ні чэкаючы, - зараз-жа. З розных куткоў вялікай залі раздаваліся радасныя выклікі:

«Ніхай жыве Беларуская Рэспубліка!»

«Ніхай жыве вольны Беларускі Народ!»

Каля 3 гадзіны ў ночы Рада Зьезду скончыла сваю работу. Старшыня пачаў чытаць апрацованую Радай рэзалюцыю. У гэты момэнт падышлі да стала прэзыдыўма два салдаты і назваўшы сабе: першы - «камісарам западной обласьці», а другі - «начальнікам гарнізону», сказалі, што прышлі арыштаваць прэзыдыўм і разагнаць Зьезд.

Тады, пры іх жа, старшыня Зьезду агласіў першы пункт рэзалюцыі, дзе Беларусь апавешчаецца Рэспублікай. Бадай што ўвесь Зьезд аднастайне зацьвярдзіў гэты пункт.

- Таварышы, наш дом акружоны войскам! каля яго стаяць кулямёты і броневікі! - пачуўся раптам аднекуль голас.

У залі падняўся шум. Тады зьвярнуўся да Зьезду с прамовай «начальнік гарнізону» Крывошэін.

Хістаючыся на нагах, крэпка выпіўшы, ён пачаў гаварыць. Але праз шум спачатку нельга было нічога разабраць. Толькі потым, як троху пацішэло, пачуліся безсьвязныя фразы «начальніка», каторы гаварыў аб нейкіх «лайковых перчатках.» Кончыў ён сваю білібэрду вось як: «А теперь я распускаю ваше собраніе!»

Пры гэтых словах у залю ўвайшлі ўзброеныя салдаты.

Агульнымі сіламі іх выціснулі за дзьверы і, посьля згукаў марсельезы, нехта голасна казаў:

- «Браты беларусы! Мы бачылі жандармаў Мікалая II, але сягоння мы ўбачылі жандармаў у свабоднай рэвалюцыйнай старане, пад маскай большэвіцкіх камісараў, на вольным зьездзі вольнаго народу!»

Зноў уварваліся салдаты, разбіраючы барыкады с крэслаў і зэдлікаў, накіданыя дэлегатамі зьезду - селянамі і салдатамі.

Пад сьпевы жалобнаго маршу, выводзілі арыштованы прэдзыдіўм і шмат каго з відных прадоўнікоў зьезду. Арэшт цягнуўся усю ноч. Прыклады працавалі на права і налева. Паволі пусьцела вялікая заля. Гаслі лямпы. А у цёмным кутку сідзеў адзінока сівы дзед - селянін. Плечы яго ўздрыгалі. Ён плакаў, як дзіця.

На заўтрае ў ночы, а 4 гадзіні, разагналі і Вайсковую Беларускую Раду, будзячы членаў яе штыкамі.

  • * *

Абурэныя, з вялікім гневам у душы, разьехаліся дэлегаты Усебеларускаго Зьезду, селяне і салдаты, ва ўсе воласьці, ва ўсе гарады, ва ўсе фронты, ва ўсе воінскія часьці. І болей тысячы чалавек дэлегатоў зьезду будзе апаведаць усім аб «самовызначэнні» беларускаго народу большэвіцкімі штыкамі.

Гэта ганебная вестка разнеслася-разляцелася па усей Расіі, выклікаючы ва ўсіх гарачыя пратэсты проці большэвіцкаго рэжыму.

Гэты акт зьдзеку над беларускім народам, учынены праз наплыўны элемэнт гвалтаўнікоў - чужынцаў, моцна ўглыбіцца ў душы кожнаго чэлавека, пакутаваўшаго за Волю. І ўсе зразумеюць, што гэтакімі сваімі дзеямі большэвікі самі капаюць сабе дол. А ганьба ім астанецца на векі!

Посьля гэтаго кожны шчыры беларус яшчэ з большай энэргіяй, з большым агнём будзе працаваць на карысьць пакутнай маці-Беларусі, ні пакладаючы рук, ведаючы, што трэба самім аб сабе дбаць.

Ніхай жыве Беларуская Рэспубліка!

Ніхай жыве Вольны Беларускі Народ!

Гэты твор быў апублікаваны да 1 студзеня 1929 года і знаходзіцца ў грамадскім набытку ўва ўсім свеце, бо аўтар памёр, прынамсі 100 гадоў таму.