Рабочы стан пануючых і прыгвалчаных нацый

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Рабочы стан пануючых і прыгвалчаных нацый
Публіцыстыка
Аўтар: Язэп Лёсік
Крыніца: Упершыню — газ. «Вольная Беларусь», 23 чэрвеня 1918 г.; Лёсік Язэп. Творы. Апавяданні. Казкі. Артыкулы — Мінск: Мастацкая літаратура, 1994. — 335 с. — (Спадчына).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Кожны з нас чуў, што «рабочы не мае сваёй бацькаўшчыны», што быццам-та працоўнаму люду ўсё роўна, хто будзе карыстацца працаю рук яго, што рабочаму важна не нацыянальнае адмежаванне, а сусветнае яднанне, а таму нацыянальны рух — гэта хітрыкі мясцовай буржуазіі, каторай нібыта карысна адмежавацца, каб ямчэй гаспадарыць у сябе дома. Асабліва любіла гэта казаць расійская сацыялістычная інтэлігенцыя інтэлігенцыі нацый прыгвалчаных, прадстаўнікам нацый задушаных і занядбалых.

Ці ж праўда гэта? Каб выясніць пытанне, звернемся да сацыялістычнай інтэлігенцыі культурных краёў і запытаем у іх, як яны глядзяць на гэтую справу. Ці ж праўда бо, што нацыянальнае вызваленне — рэч станаў багатых, а рабочаму люду саўсім непатрэбнае?

Вядомы дзеяч міжнароднага сацыялізму, нямецкі сацыял-дэмакрат Аўгуст Бебель, каторы па свайму становішчу сам быў работнікам — не толькі з тэорыі, але нават з практыкі разумеў сэнс сацыялістычнага руху, а таму яго погляд на нашае пытанне павінен уважацца за аўтарытэтны. І вось, гаворачы пра адносіны сацыялістычнага руху да нацыі, ён кажа, што «мы не хочам змешвацца ў агульную міжнародную кашу», разумеючы пад словам міжнародны касмапалітызм. «Дзеля чаго мы маем зракацца свае народнасці, нашай мовы, нашых звычаяў?» — кажа ён далей («Интеллигенція и соціализм». А. Бебель). На думку Бебеля, «работнік праводзіць сваё жыццё і змаганне за лепшыя варункі жыцця ў тым краю, дзе ён нарадзіўся, дзе ён выгадаваўся, мову ды звычаі каторага ён ведае, у варунках якога ён жыве; ён толькі хоча перарабіць гэтыя варункі павэдлуг сваіх ідэй» (Там жа). Такога пагляду трымаўся на зачэпленае намі пытанне выдатны дзеяч пралетарскага руху.

Дзеля таго каб упэўніцца, што нацыянальны рух не перашкаджае інтарэсам працоўнага люду, а, наадварот, дапамагае і дапаўняе іх, спынімся і выяснім сабе эканамічнае становішча працоўнай беднаты.

Як вядома, нацыі дзеляцца на пануючых і прыгвалчаных. Найлепшым прыкладам дзеля гэтага могуць быць стасункі між Англіяй і яе калоніямі. Вось што пра гэта кажа Маркс: «Адной толькі Індыі даводзіцца плаціць 5 мільёнаў фун. стэрлінгаў за «добрае кіраванне» працэнтаў і дывідэнтаў на ангельскі капітал» («Капітал», т. III. С. 130). Гэтае самае кажа і Кауцкі: «З аднаго боку ўсё больш пашыраецца яе (Англіі) калоніі, усё павялічваецца лік ангельскіх чыноўнікаў і шукацеляў шчасця, каторыя абіраюць гэтыя калоніі і пражываюць свае грошы ў Англіі (сярод пануючай нацыі)» («Антибернштейн»). Гэтакі парадак збоку пануючай нацыі прыкмячаецца скрозь, ува ўсіх дзяржавах, маючых пад сваёй уладай нацыі прыгвалчаныя. Хто пераглядаў дзяржаўныя прыбыткі і выдаткі Расіі, той напэўна заўважыў, што на Беларусь не варочалася і палова тых грошаў, якія плаціла яна ў маскоўскі скарб падаткамі і іншымі аблажэннямі. Значыць, нашыя грошы траціліся сярод пануючай велікарускай нацыі і служылі дапамогай не таму, хто іх запрацаваў, а таму, хто быў дужэйшы іх забраць і па-своему ўжываць.

Вось чаму між пануючымі і прыгвалчанымі нацыямі ідзе змаганне. Змагаецца, значыць, буржуазія прыгвалчаных нацый з буржуазіяй пануючых нацый і наадварот. Гэта зусім зразумела. Але як стаіць справа з працоўным людам? Ці няма часам і там гэтакага самага змагання?

Возьмем для прыкладу якую-небудзь пануючую нацыю, хоць, зноў-такі, ангельскую. Моц Англіі збудавана на прыгвалчаны народаў, што мешкаюць у яе калоніях. Дзякуючы такому панаванню, ангельская буржуазія мае вялізныя прыбыткі, праз што яна лягчэй згаджаецца здавальняць вымаганні рабочых у метраполіі. Такім чынам, на грошы працоўнага люду прыгвалчаных нацый здавальняецца працоўны люд пануючай нацыі. З гэтага мы бачым, што інтарэсы работнікаў не згодны з інтарэсамі багатых станаў толькі ў сябе «ў хаце», сярод сваёй нацыі; наадварот, у прыгвалчаных нацый інтарэсы капіталістаў і работнікаў робяцца аднакімі. І, як мы бачым, няпраўда тое, што інтарэсы капіталістаў і рабочых ніколі не сходзяцца. У змаганні прыгвалчанай нацыі за сваю нацыянальную незалежнасць інтарэсы ўсіх станаў саўладаюць, і супрацоўніцтва ў гэтым кірунку не толькі магчыма, але й патрэбна. Гэта вымагаецца іх крывавымі інтарэсамі. У дзяржаўнай незалежнасці сваёй нацыі зацікаўлены ўсе станы нацыі, і толькі дружнаю і супольнаю працаю іх магчыма вызваліцца з-пад нацыянальнага, а значыць, і эканамічнага прыгвалчэння. Расійская палітыка цэнтралізму і абмаскалівання была карысна ўсім станам велікарускай нацыі, праз што нават самая ідэёвая велікаруская інтэлігенцыя на дзеле выявіла сябе самым заядлым ворагам нацыянальнага руху. Адгэтуль вынік: працоўны народ на моцы свайго сацыяльнага стану павінен і мусіць быць нацыянальным і поруч са ўсімі станамі сваёй нацыі бароцца за дзяржаўную і культурна-нацыянальную самабытнасць свайго народу. Гэта дыктуецца інтарэсамі самаю эканамічнага існавання працоўнага народу. Разлучэння тут быць не павінна, а хто думае іначай, той несвядома для сябе становіцца ворагам таго, каго маніцца бараніць.

Апрач таго, культурна-нацыянальная незалежнасць, каторая немагчыма без дзяржаўнай незалежнасці, хавае ў сабе незлічоныя культурныя, агульначалавечыя вартасці, бо культура і развіццё чалавецтва могуць пасувацца ўперад толькі шляхам нацыянальным і незалежным. Культуру твораць не касмапаліты, а пэўныя народы — немцы, ангельцы, беларусы, украінцы і т. д.