П’есы (Сташэўскі, 1927)/Бацька і сын
Бацька і сын П’еса Аўтар: Васіль Сташэўскі 1927 год |
У цемры → |
БАЦЬКА і СЫН
П‘еса ў 3-х дзеях
АСОБЫ: А. Серафім — поп, стары, худашчавы, фанатычны. |
Акт I
[правіць]
АКТ I
Дзея адбываецца ў хаце беднага местачковага краўца Іцкі.
Вадзім сядзіць каля стала. Соня завязвае хустачку, напявае мотыў „Белая армія чорны барон“.
Соня
Чаго ты надуўся так?
Вадзім
Я не надуўся.
Соня
А што ты?
Вадзім
Я проста думаю.
Соня
Думаеш? Гэта добра. Трэба думаць. Сяду і падумаю. (Садзіцца і іронічна надуваецца, Вадзім засьмяяўся).
Вадзім
Табе гэта не падходзіць.
Соня
А табе дык вельмі падходзіць. Яшчэ толькі не хапае акуляраў, тады-б ты сапраўдным вучоным якім небудзь выглядаў-бы. Другі раз, як будзем ставіць спэктакль, дык трэба будзе выбраць такую п‘есу, у якой ёсьць доўгія вучоныя разважаньні, — во раздольле тады для цябе будзе. Гэта нічога, калі публіка задрэмле крыху.
Вадзім
Чаму табе здаецца, што я люблю такія разважаньні?
Соня
Гэта больш падыходзіць да твайго характару.
Вадзім
А ты ведаеш мой характар?
Соня
Мне здаецца, што ведаю.
Вадзім
Ведаеш? Ну скажы, Сонечка, скажы. (Падсядае бліжэй).
Соня
Сказаць?
Вадзім
Скажы.
Соня
Дрэнны.
Вадзім
Ну вот…
Соня
А знаеш чаму. Я табе раней, здаецца, казала. Няма ў цябе рашучасьці, рухавасьці, ну — жыцьця такога, разумееш… Часам, праўда, быццам гэтага й не прыкмячаеш. Вось на дыспуце ў клюбе ты быў маладзец. Ты тады мне падабаўся.
Вадзім
Дзякую за комплімэнт.
Соня
Я не разумею гэтых комплімэнтаў. Я кажу тое, што ёсьць, а вось цяпер ты кіслы.
Вадзім
А якім ты хацела-б мяне бачыць?
Соня
Якім-бы я хацела цябе бачыць? Па-першае, скінь ты гэту паскубаную сэмінарскую куртку, надзень лепш што-небудзь другое, але гэта між іншым, гэта надворны бок, а вось нутро… баюся чапаць яго, ня ведаю ці выйдзе што.
Вадзім
Ну, Сонечка любая, скажы. Я веру, што ты скажаш праўду, я буду дзякаваць табе, мне гэта цікава.
Соня
Мне думаецца, што пры тваёй адукацыі і здольнасьцях можна было-б быць больш карысным у сучаснай грамадзе, чым гэта ёсьць зараз. Ты ня супроць жыцьця, але й нейк ня разам з ім, а так паволі цягнешся. Апошні год больш пасьпешна: усё-такі дапамог у культасьветнай працы нашага клюбу.
Вадзім
Праўда, Соня. Але-ж зразумей, што я хацеў-бы йсьці разам з жыцьцём, разам з табою, але-ж пахаджэньне маё — сын папа…
Соня
Вядома, калі будзеш сядзець з бацькам ды можа яшчэ падпяваць яму на клірасе, то делёка не заедзеш.
Вадзім (горача).
Ну, нашто так, Соня. Ты-ж ведаеш, што я даўно пакінуў наведвацца ў царкву і колькі бацька грызе за гэта…
Соня
Так, гэта я ведаю.
Вадзім
Я стараюся маўчаць, але ня ведаю, як будзе далей.
Соня
Далей таксама будзеш маўчаць.
Вадзім
Не, Соня, гэта ня так. Асабліва абурае мяне, калі ён закранае тваё імя.
Соня
А якое яму дзела да мяне?
Вадзім
Ну ён-жа ведае, што я кахаю цябе. Ён стараецца перашкодзіць нашым спатканьням, будуе такія пляны, аб якіх мне ня хочацца й казаць.
Соня
Цікава?
Вадзім
Ён хоча, каб я быў папом.
Соня
Ха-ха-ха!.. Вось здорава. Вітаю!
Вадзім
Гэта яго жаданьні. А мае жаданьні быць з табою, Соня. Ты сваёю жыцьцярадасьцю, бадзёрасьцю зачаравала мяне, я хачу жыць такім жыцьцём, як ты жывеш. Я ўпэўнен, што ты не адмовіш падаць таварыскую дапамогу.
Соня
Я паважаю цябе, мне хочацца з табою сустракацца, але мне хацелася-б, каб ты кінуў гэтыя разважаньні. І сапраўды, чаго табе сядзець у бацькі і слухаць, як ён цябе, як ты кажаш, грызе? Ты-ж мог бы жыць самастойна. Што табе прыемна есьці той хлеб, які ён зьбірае ад сялян? Вядома, не! А вось топчашся на месцы, усё думаеш, павольна думаеш. Нельга-ж так, Вадзім. Патрэбна заняцца ўпартаю працаю, карыснай для грамады, патрэбна рашучасьць, разумееш… Так — пакомсамольскі!
Вадзім
І тады мы будзем разам?
Соня
Тады…
(Стук у вакно, голас: Соня, на рэпэтыцыю ў клюб).
Соня
Ой, пойдзем хутчэй, мусіць спазьніліся.
Вадзім
Так, Соня, я згодзен, але я хачу сказаць…
Соня
Пойдзем, пасьля пагутарым. (Пашлі).
Уваходзяць Іцка й Мэра.
Мэра
Я скора зусім перастану табе верыць, Іцка.
Іцка
Ты мне перастанеш верыць? Чаму ты мне перастанеш верыць?
Мэра
Бо ня можна верыць, ня можна.
Іцка
Чаму, чаму?
Мэра
Што ты казаў, Іцка, калі пачалася вайна?
Іцка
Ну, што я казаў?
Мэра
Ты казаў: ціха, Мэра, — вайна пачалася, вайна й скончыцца. Вайна гэта бура, гэта навальніца, а ты ведаеш, што пасьля буры наступае ціхае спакойства. Ну скажы ты, Іцка, дзе гэта ціхае спакойства. Вайна, здаецца, даўно скончылася?
Іцка (паскроб бараду).
Так, вайна скончылася, але вайна пахне.
Мэра
Пахне… А чаму яна пахне?
Іцка
Слухай, Мэра. Я часта пагляджу на цябе й думаю, якая ты бессазнацельная маса.
Мэра
О, я ўжо бессазнацельная маса.
Іцка
Ну чаму ты ня можаш зразумець, што цяпер у нас, у СССР ідзе дваццаты век…
Мэра
Ну, што такое дваццаты век, ты мне галаву прабіў ім. Скажы, што такое дваццаты век?
Іцка
Дваццаты век… Гэта ня семнаццаты, не васемнаццаты, не дзевятнаццаты, а дваццаты век.
Мэра
Вот цераз гэта і плаці падаткі, скора папродаем і яйкі й куры. Ой!..
Іцка
І яйкі будуць жывы, і куры будуць цэлы, чаго ты так раскудахталася. Ты зусім не разумееш ні політычнага, ні экономічнага. Я помню 16 век, я тады быў яшчэ малы: што я бачыў, што я ведаў. Хто мог тады сказаць, што такое рэспубліка, інтэрнацыянал, альбо, скажам сабе, нэп? Борух Эпнэр, Ісак Гольдберг, Айзік, Сруль памерлі-б і зусім ня ведалі, што яны нэпманы.
Мэра
А ты думаеш, што яны вельмі рады, што маюць такое званьне?
Іцка
А на што, каб яны былі рады. Ша, даволі з іх. Цяпер калі спаткаецца, то хоць пра ўраўніцельны раскажа, а даўней, даўней, як ідзе ў сыботу на спацыр, дык ня хоча ні ў якія бакі глядзець. Я два разы больш заплаціў-бы за свой патэнт, каб з іх узялі па чатыры ўраўніцельных. Іх ураўніцельны да іх ня вернецца, а мой патэнт… мой патэнт вернецца.
Мэра
Вернецца. Чаму не, адчыняй куфэрак ён ужо йдзе.
Іцка
А ведаеш, як ён прыдзе?.. Усе падаткі йдуць у вялікую касу. Адтуль іх бяруць…
Мэра
Хто іх бярэ?
Іцка
Бяруць гэтыя, каторыя, што камісары. Яны бяруць: адзін на больніцу, аптэку, другі — на розныя вучылішчы.
Мэра
Ну?
Іцка
Трэйці — на чыгунныя дарогі, сухапутныя і вадзянныя. Чацьверты, дзесяты — на розныя, розныя расходы. Але вялікія мільёны ідуць на гэта, ой, як гэта… я табе зараз скажу, я недзе запісаў. (Ідзе да дзьвярэй, чытае на вушаку). Чыжолая індуштрыя, о, на чыжолую індуштрыю.
Мэра
А што гэта такое?
Іцка
Гэта розныя, розныя машыны. Яны вельмі многа вырабляюць рознага, рознага матар‘ялу. Матар‘ял гэты танна прадаецца ў коопэратывах, усе купляюць, нясуць Іцку шыць. Работа ёсьць — грошы ёсьць.
Мэра
Ну, а як-жа патэнт?
Іцка
Ну, што такое патэнт, калі ў мяне будуць грошы?.. Пс-с!
Мэра
І адкуль ты навыдумляў гэта.
Іцка
Што я выдумляю? Я нічога не выдумляю. Гэта кожны чалавек, у якога ёсьць крышку політычаскай галавы, павінен гэта ведаць.
Мэра
Я толькі дзіўлюся, адкуль у цябе ўзялася гэтая політычаская галава і што яна дае?
Іцка
Ой, Мэра, з табою зусім нельга солідарна высказацца, ты ня можаш зразумець самае простае — інтэрвэнцыі. Кабы ты паслухала аб чым гавораць, як зьбіраюцца ў парыкмахера Маневіча, то ты на два гады памаладзела-б.
Мэра (усхапілася).
Каб і нага твая ня была ў Маневіча.
Іцка
Чаму?
Мэра
Ты-ж зусім сумашэдшым станеш…
Іцка
Ой, ой, дай божа табе такое сумашэства, то ты будзеш адукаваным чалавекам. Ты думаеш, што кураняты могуць быць толькі тады, калі курыца пасядзіць на яйках?
Мэра
Я думаю, што кураняты выйдуць тады, калі ты пасядзіш на яйках.
Іцка
Я не я, а вот навука й тэхніка выдумала такую машынку: закладаюць туды тысячу штук. Ты не пасьпееш запаліць на шабас сьвечкі, як у цябе ўжо тысяча гатовых куранят.
Мэра
Яшчэ што ты скажаш?
Іцка
Машына можа зрабіць усё. Вот пачакай крыху, мала табе аднае дачкі — падагрэюць на машынцы — будзе другая.
Мэра
Ой, ой, дзе яго розум?
Іцка
Ты цяпер ходзіш даіць карову з даёнкаю, цягаеш там… у малако пападае ўсякае парушша, разьліваецца, а праз год, два, можа тры, ты прыдзеш у хлеў, паставіш карове электрычны штэпсэль і малако само пабяжыць куды табе трэба.
(Уваходзіць Кац).
Іцка
О, як добра. Добры вечар. (Паяўр.) Садзіся калі ласка. Я цебе зараз запытаю, швагер. У каго ўдалася Мэра? Бацька, маці, ты іх сын, Песька, Сіма, Ізраіль — любата! Праўда Ізраіль трошкі… Эс фельт ім эпэс.
Мэра
Скажы, брат, як мы жывем? Што ў нас ёсьць? Людзі ўжо пасьпелі паправіць свае справы, а мы не настолькі нават. (Паказвае на пазногаць). Ёсьць адна толькі дачка, дык і тая добрага слова ня варта. Ёй трэба было ісьці ў комсамол?
Іцка
Ой, не магу…
Мэра
Яшчэ чуткі ўсякія…
Кац
Вось аб ёй я прышоў сказаць. Рабін сустрэў мяне каля Юрздыкі і кажа: Кац, прыходзь сёньня да мяне на савет. Я адразу не дагадаўся, але як зайшоў да яго і пабачыў нашых, то дагадаўся. Комсамольцы дабіраюцца да сінагогі і Соня з імі разам.
Мэра
Ну вот.
Кац
Рабін сказаў, што для бацькоў гэта вялікая ганьба. Ну, а потым намякнуў мне, што яна…
Іцка
Што яна?
Кац
Яна мае вялікую дружбу з паповым сынам.
Іцка (жартліва).
Ой, які страх! Па-першае, рабін політычаскі несьвядомы элемэнт, а па-другое рабін, — гэта ўсё-ж такі рабін. Ну, што такое сінагога?..
Кац (крыкнуў).
Іцка!..
Іцка
Ша, пра сінагогу буду маўчаць. Ну, што такое дружба Соні з сынам папа, калі ён чалавек разумнейшы за нас траіх? Скажэце мне, што гэта семнаццаты век? Помніце, што цяпер дваццаты век і трэйці комуністычны інтэрнацыянал. А раз інтэрнацыянал у нас ёсьць, то чаму вы ня хочаце, каб яўрэйка гуляла з рускім, альбо руская з нямецкім?
Кац
Што Соня гуляе з рускім гэта нічога, але што калі гэты рускі праз які-небудзь, скажам, тыдзень стане папом?
Іцка
Хто? Вадзім будзе папом?
Кац
Так, бацька зусім стары і сын застанецца на прыходзе, дык нашта Соні з ім зьвязвацца?
Іцка
Ну-у!.. Не такі Вадзім дурны, каб надзяваць бацькаўскія балахоны. Ён назад ня пойдзе. Такі чалавек, як ён, можа йсьці толькі ўперад. А гэтыя чуткі, што ходзяць, яны называюцца, называюцца… ой, забыўся… Ёсьць такое нехарошае слова, уй, як яго… (Глядзіць, можа на вушаку запісана). Няма.
(Уваходзіць Соня з ёю Вадзім).
Іцка
О, Соня, Соня, скажы, як гэта політычаскі называецца, калі хто каго… Добры вечар, таварыш Вадзім, праходзьце і садзецеся.
(Вадзім робіць агульны паклон).
Вадзім
Добры вечар!
(Мэра паглядзела на яго нездаволена, адвярнулася і пашла ў бакоўку).
Іцка
Сядзецеся. Помніш, Соня, ну… хто каго падманвае, выдумляе?..
Соня
Проста падманшчык і будзе.
Іцка
Не, ты казала пра тых, каторыя, што падпольшчыкі, а сярод іх пападаліся такія, якія нібыта былі з імі, але яны мелі гішэфт з паліцыянтамі.
Вадзім
Гэткія называюцца правакатарамі.
Іцка
О, о, правакатары. (Пальцам на Каца). О, чуеш — пра-ва-ката-ры.
Соня
А чаму ты, тата, пальцам паказваеш на дзядзю?
Іцка
Я яму даю розныя паясьненьні. Мы тут спрачаліся крыху.
Вадзім
Цікава, аб чым у вас спрэчкі ідуць?
Іцка
Тут у нас крышку сямейныя, крышку політычныя.
Вадзім
Нават політычныя. Гэта вельмі цікава. Я з Соняй таксама спрачаліся йдучы.
Іцка
Што вы спрачаліся, што ў вас такое?
Соня
Табе, тата, трудна будзе зразумець.
Іцка
Што такое? Чаму я не магу зразумець?
Вадзім
Бачыце, Соня чытае адну навуковую кнігу, ёсьць там незразумелыя для яе мясьціны. Я даваў тлумачэньні.
Іцка
Ну?
Вадзім
Ну, а яна ня згодна з некаторымі тлумачэньнямі, вот і спрачаліся.
Іцка (да Каца).
О, бачыш, адразу відаць, што ў Соні мой характар, а ня мацеры. Скажы, Соня, што ты чытаеш?
Соня
Ну, тата, ці табе ня ўсё-роўна, што я чытаю? Я чытаю „Гісторычны матэрыялізм“ Бухарына.
Вадзім
Там мы разглядалі „закономерность общественных явлений“.
Іцка (падумаўшы да Каца).
Ну, ты разумееш, што небудзь?
Кац
Скажэце мне, хто напісаў гэту кнігу?
Соня
Я-ж сказала: „Гісторычны матэрыялізм“ Бухарына.
Кац
Скажы мне, як будзе прозьвішча яго?
Соня
Бухарын.
Іцка
Бухарын, ну?
Кац
А хто такі Бухарын?
Іцка
Хто такі Бухарын? Гэта-ж вядомы…
Кац
Ну, хто ён такі?
Іцка
Хто ён? Бухарын. Гэта-ж… (Да Вадзіма). Скажэце вы яму, у вас лепш выйдзе.
Кац
Затым, што ты ня ведаеш.
Іцка (зьдзіўлена з націскам на „я“).
Я ня ведаю.
Вадзім
Гэта віднейшы політычны правадыр і вядомы марксысты.
Іцка
Ну, каторы, што мае знаёмства з Марксам, Энгельсам, вядома вялікі політычны галава. А вы можа знаёмы з ім, з Бухарыным?
Вадзім
Не, я яго ня бачыў нават.
Соня
Тата, каб убачыў яго, то адразу-б пазнаёміўся з ім.
Іцка
Ну, адразу не адразу, а мне цікава было-б з такім чалавекам пагаварыць.
Кац
Ці захацеў-бы ён з табою гаварыць?
Іцка
Вот, вот якраз такі чалавек будзе гаварыць, такі чалавек ня будзе фанабэрыцца. Фанабэрыцца толькі той, у каго тут нічога няма. (Паказаў на лоб). Гэта-ж даўно ўсім вядома. Ну, аб чым вы яшчэ спрачаліся?
Соня
Аб чым-жа нам спрачацца больш, мы жывем дружна. Вадзім многа чытаў розных кніжак, расказвае мне, ён усё-роўна, як настаўнік мой.
Вадзім
Ну, што вы, Соня. (Да Іцкі). Няпраўда, які я настаўнік, калі Соня сама добра разьбіраецца ў розных пытаньнях.
Іцка
Скажэце, як яна політычаскі?
Вадзім
У політычных пытаньнях таксама.
Іцка
Мне, ведаеце, падабаецца, што вы такі прыемны чалавек. Заходзьце да нас пагаварыць…
(Уваходзіць Мэра).
Мэра
А для мяне ніякае прыемнасьці няма і я сёньня хачу сказаць праўду ў вочы.
Іцка
Ша, Мэра, ша!..
Вадзім
Калі ласка, у чым справа, кажэце праўду, я рад вас выслухаць.
Іцка
А, яна ведаеце баба, адна пляткартка нагаварыла, а другая паверыла.
Мэра
Няхай сабе баба, але я не магу болей маўчаць.
Кац
Яна павінна выказацца, а вы павінны паслухаць.
Іцка
Ой, выказацца, выказацца, што яна выкажацца…
Вадзім
Дзядзька Іцка, я вельмі хацеў-бы паслухаць, мне неабходна гэта.
Мэра
Вы пачалі часта хадзіць да нас, але вы гэта не да нас ходзіце, а толькі да Соні. Вы часта ходзіце па вуліцы далёка за мястэчка…
Іцка
Ой, які страх!.. Пакінь ты, Мэра. (Ціха да Мэры). Так ня трэба гаварыць, давай я скажу больш політычна. (Да Вадзіма). Я вам скажу, таварыш Вадзім: у нас ёсьць яўрэйскі закон, у вас ёсьць свой закон. Сказаць, што яўрэй ня можа пацалавацца з беларусам затым, што беларус есьць сала, а яўрэй не, гэта ў дваццатым веку, калі мы маем розную электрыфікацыю, будзе вельмі сьмешна.
Мэра
Нічога сьмешнага, у маім доме гэтага я не пазволю.
Соня
Я не разумею, чаму вы аб гэтым гаворыце?
Вадзім
Я таксама, але будзьце ласкавы, кажэце далей.
Іцка
Я й кажу, што гэта ноль. Але толькі там-сям можна пачуць…
Мэра
Ня там-сям, а ўсюды.
Іцка (да Мэры).
Стрымай ты, калі ласка, сваю бабскую гарачку. Будзь ты хоць сёньня сазнацельнай масай. (Да Вадзіма). Я вам скажу, вы чалавек вучаны, вас любяць усе, ніхто ня скажа, што каму небудзь, якую небудзь, ну, самую маленькую зрабілі няпрыемнасьць, але толькі…
Мэра
Але толькі праз тыдзень вы будзеце бацюшкам, надзенеце крэст.
Іцка
Ой!..
Мэра
Дык нашто вам буламуціць Соню, каб потым сьмяяліся з ее. Хопіць у вас паненак і без яе. Што яна для вас, дачка гэтага голага краўца?
Іцка
Я голы, а яна, нябось, у спадніцы.
Вадзім
Гэта цікава. Я ніколі ня думаў, што сваім знаёмствам з Соняй, я прынясу вам няпрыемнасьць. Я лічыў Соню сваім лепшым таварышом. Нікога я баламуціць ня зьбіраўся. Соня надзвычайна добрай душы чалавек, яна зразумела мяне. Я дзялюся з ёю сваімі лепшымі пачуцьцямі.
Іцка (да Каца).
Паслухай, як культурна гаворыць.
Вадзім
Каму, скажэце, шкодна наша дружба і чым яна шкодна?..
Іцка
Якая тут можа быць шкода? Толькі ці праўда, што вы выходзіце на папа?
Вадзім
Можа каму й хочацца гэтага, але я папом ніколі ня буду.
(Уваходзіць Сёмка-Званар).
Іцка
О, я таксама казаў, што Вадзім можа йсьці толькі ўперад.
Званар (да Вадзіма).
Добра што вы тут. Бацюшка прыслалі свой новы падрасьнік, перашыць на вашу мерку. (Аддае Іцку).
Іцка
Што такое? (Разгортвае і трымае). Што такое?
Званар
Падрасьнік перашыць на мерку Вадзіма.
Іцка
Гэрст?
Мэра
А што, я сказала…
Вадзім
Ня будзе так!.. (Хутка вышаў).
ЗАСЛОНА.
Акт II
[правіць]
АКТ II
(Вадзім і Васіль Чутковіч сядзяць на лаўцы).
Чутковіч
Мяне вельмі зьдзівіла, калі я дачуўся, што ты быццам зьбіраешся падмяніць свайго бацьку. Я помню нашы гутаркі зімою яшчэ, ды й раней, калі ты вучыўся ў сэмінарыі. І тады, на колькі я заўважыў, ты далёк быў ад таго, каб займацца гэтаю непатрэбнаю справаю. Ты маеш вялікія здольнасьці, поўны сіл і скажу, цябе паважаюць тут усе. Тваё выступленьне ў інсцэніраваным судзе над простытуткаю, як мне расказвалі, было самым цікавым. Гэта была прыгожая, красамоўная прамова, багатая зьместам, правільным марксыцкім асьвятленьнем. І калі зараз пашлі чуткі, што ты вот-вот будзеш рукапалагацца і што ўсё гатова, зразумела, гэта многіх зьдзівіла.
Вадзім
Братка Васіль, я табе казаў: атмасфэра такая, у якой я не магу больш жыць. Як ты ведаеш, я апошні час працаваў на полі. Зімою прымаў удзел у культ-асьветнай працы, была яшчэ маці жыва. Ну, напомніць часам бацька аб маім папоўстве, я махну рукой, яны пазлуюць і так праходзіла. Цяпер-жа мой бацька такі фанатык, што я ня ведаю, ці магчыма якая небудзь барацьба з ім.
Чутковіч
Ну, значыцца, застаецца пакорна надзець камілаўку…
Вадзім
Васіль братка, ня гэта я хачу сказаць. Я хачу сказаць, што яго не пераканаеш, значыць пакінуць трэба і пайсьці, але куды? Я кожны дзень думаю. Можа я пашоў-бы куды небудзь, можа знайшоў-бы якую небудзь работу, але… яшчэ адно… разумееш.
Чутковіч
Соня застаецца.
Вадзім
Так. Калі-б я меў знаёмых, тады-б было лягчэй, і то… сын папа.
Чутковіч
(На ганку паказаўся поп).
Ну, гэта глупства. Зразумела, бярэцца пад увагу…
Вадзім
Бацька ідзе.
Чутковіч
Ведаеш што? Я падумаю, і, паколькі будзе магчыма, я дапамагу табе.
Вадзім
Дзякую, шчыра дзякую, браток. Мы аб чым небудзь пагаворым (поп падыходзіць да куста), каб ён не зразумеў нашай размовы. Дык ты кажаш, што музыка мае ўплыў і на жывёлу? (Поп падслухоўвае).
Чутковіч
Бязумоўна, музыка мае страшэнна вялікі ўплыў на жывёлу, нават на такую, як асёл. Вот стаіць апусьціўшы вушы, заграй музыка — пачынае шавяліць, прыслухоўвацца. Я раз меў такі вопыт: сяджу ў садку, граю на гітары. Так перада мною быў столік. Граю. Гляджу з другога канца стала падпаўзае чарвяк, ну гэта… вусень, ці як яе. Паднімае, разумееш, галаву і слухае. (Поп слухае). Я тады пераходжу ў другі канец стала. (Пераходзіць у другі канец лаўкі. Поп — у процілеглы бок куста, каб не забачылі яго). Зноў пачынаю граць, не памятую, граў здаецца „На сопках Манжурыі“…
Вадзім
Ну для чарвяка ня мела значэньня, што ты іменна граў „На сопках Манжурыі“, важна, што ён слухае музыку.
Чутковіч
Чаму ня мела значэньня? Э-э… усё-ткі… Граю. Дык ён, разумееш перапоўз зноў на гэты край стала. Дык вот, браце!.. Ну, Вадзім, рад-бы яшчэ пагаварыць з табою, але трэба йсьці, зьбірацца і ехаць у горад на сваю службу. (Адыходзячы, да Вадзіма ціха). Напішы, як тут… (Вадзім кіўнуў галавою).
Вадзім
Усяго найлепшага. Калі будзеш прыяжджаць да сваіх бацькоў, заходзь і да мяне. (Васіль пашоў. Вадзім варочаецца да лаўкі, на сустрач — поп).
А. Серафім
Хто гэта быў, здаецца Васіль Чутковіч?
Вадзім
Гэта ён.
А. Серафім
Што ён расказваў табе?
Вадзім
А так, нічога асаблівага, крыху пагутарылі.
А. Серафім
З рэвальвэрам ходзіць… камісарствуе…
Вадзім
Ён слаўны чалавек.
А. Серафім
У чым яго слава і кім ён праслаўлен?
Вадзім
Я ня ў гэтым сэнсе, тата.
А. Серафім
Хваліць, дык трэба-ж ведаць за што. Ну мерку зьняў на пашыцьцё расы?
Вадзім
Не.
А. Серафім
Чаму?
Вадзім
Пасьля крыху, тата, на што сьпяшацца.
А. Серафім
На што сьпяшацца? Я паслаў архірэю пісьмо, цягнуць далей непатрэбна, а гэта тваё каханьне „жыдоўкі“ трэба выкінуць з галавы. За розум трэба брацца і скарэй змыць гэту няпрыемнасьць, гэты бруд. Прыехала Клеопатра. Ты павінен канчаткова пагаварыць з ёю. Даволі зводзіць яе. Яна цябе любіць, нявестаю лічыцца ня сёньня яшчэ. Благародзтва вымагае назваць сябе жаніхом яе і кончыць справу.
Вадзім
Я нікога, тата, ня зводзіў. Я ня ведаю, хто лічыў яе маёй нявестаю. Ну, мы знаёмы, часам гулялі, але-ж на што з гэтага рабіць непатрэбныя вывады.
А. Серафім
Другіх вывадаў быть ня можа. Яны справядлівы. Другое, лепшае пары ты ня знойдзеш і шукаць, сынок, ня трэба. Я сам буду шанаваць яе і буду прызываць благаслаўленьне божае на Ваша сумеснае жыцьцё. Я, сынок, не жадаю табе дрэннага. Я хачу, каб ты замяніў мяне і таксама быў верным слугою хрыстовым. Гэта будзе найвялікшаю нагародаю для мяне. Гэта дасьць уцеху мне ў час скананьня. Я стары, і не магу весьці барацьбы з малавер‘ем так, як-бы гэта трэба было. А ў цябе і здольнасьцяй і сілы хопіць. Дык бярыся сынок за справу. (Хрысьціць).
(Уваходзіць Званар).
Званар
Бацюшка, прышлі дэлегаты ад сялян, параіцца з вамі, чакаюць там на дварэ.
А. Серафім
Добра, скажы, я зараз іду. (Званар пашоў). Ну, вот. Яны прышлі, трэба дагаварыцца. Прыходзіцца царкву браць у арэнду. Яны цябе любяць і я лічу, што табе трэба пагаварыць з імі, гэта будзе больш пэўна. Ну, я пайду і пашлю іх да цябе. (Пашоў).
Вадзім (адзін).
Брацца за справу… служыць… а каму? Эх, стары, стары, бацька ты мой, але-ж агульнага ў нас цяжка знайсьці. Выкінь, кажа, каханьне з галавы, ха-ха-ха… з галавы… Сэрца-ж у мяне ёсьць, старэнькі, і любіць таго, каго ты хацеў-бы, ня той час. А… ідуць сяляне… што я ім скажу?… (Сеў на лаўку).
(Уваходзяць тры дэлегаты ад сялян).
1-ы селянін
Добры дзень, Вадзім. (Усе вітаюцца). Бацюшка накіраваў нас да вас, дык вот мы й прышлі. Вядома вам, што на конт царквы.
2-гі селянін
Цяпер-жа вы, здаецца, бацюшка у нас, мы чулі, будзеце…
3-ці селянін
Усе будуць на гэта згодны…
1-ы селянін
Што значыць згодны? А хто іх пытацца будзе, раз вышэйшае царкоўнае начальства пажадае, гэта табе ня выбары ў камітэт які небудзь. Тут брат справа няпрыкаснавенная.
2-гі селянін
А мяне ўсё-ткі дзівіць крыху, як гэта вы… ды папом у нас…
Вадзім
Дарагіе мае! Мяне таксама дзівіць. Многа ёсьць дзіўнага на сьвеце, але ўсё мае свой закон.
3-ці сялянін
Цяпер вот ня трымаюцца законаў, хто й верыць, дык нейк ня так, як даўней было.
Вадзім
Вы кажаце пра рэлігійныя законы?
3-ці селянін
Так, я пра веру.
Вадзім
Я, браткі мае, маю на ўвазе другія законы.
1-ы селянін
А якія гэта другія законы? Можа бальшавіцкія якія?
Вадзім
Ня ў гэтым справа. Бальшавіцкія законы, гэта законы экономікі, законы жыцьця. Але аб гэтым ня будзем гаварыць. Вы прышлі па справах царкоўных?
3-ці селянін
Вот, вот, каб, значыцца, падтрымаць…
1-ы селянін
І замацаваць.
3-ці селянін
І замацаваць, каб у нас было ўсё, як і было.
Вадзім
Няўжо вы верыце ў тое, што, як было, так і будзе?
1-ы селянін
А вы, значыцца, ня верыце?
Вадзім
Я ня бачу, каб так было.
1-ы селянін
Вы ня бачыце? А я бачу, куды вы загінаеце. Мужчыны, можа нам і ня варта гаварыць тут?
2-гі селянін
А куды ж мы пойдзем, калі бацюшка сюды паслаў нас?
Вадзім
Я думаю, што бацюшка зрабіў памылку: пакуль ён гаспадарыць у царкве, значыцца, трэба гаварыць з ім, бо я-ж — такі самы грамадзянін, як і вы.
2-гі селянін
Такі самы, але ўсё-ж як вы вучаны, дык разумнейшы.
1-ы селянін
Што там разумнейшы, разумнейшы… Хопіць і ў нас розуму. Парызыкуе з сваімі законамі, як кішка запішчыць, а гэта можа быць. Покуль трымаем мы вас, дык падтрымлівалі-б і вы нас.
Вадзім
Калі вы дзядзька маеце на ўвазе падтрыманьне царквы, дык я-ж сказаў: гаварэце з бацюшкам. А калі вы хочаце сказаць аб падтрыманьні мяне і каб я вас падтрымліваў, дык гэта дарэмная размова.
1-ы селянін
Значыцца, вы будзеце супроць нас, сялян?
Вадзім
Я гэта кажу, бачыце, асабіста вам, аб падтрыманьні вас, бо вы й так мацнейшы за іх дваіх і нават і чацьвярых такіх.
1-ы селянін
Я мацнейшы, гэта значыць багацейшы? Разумею… Дык што-ж. Я не працую? Тое, што я маю, вы думаеце мне гэта з неба звалілася, ці што?
Вадзім
Ага, значыцца вам з неба нічога не звалілася, а тут на зямельцы ўзята… Я разумею. Зусім правільна. Правільна.
1-ы селянін
Цьфу. Прасьці, госпадзі, грахі. (2-гі селянін паскроб за вухам). Адно я вам толькі скажу, што ад вас, ведаючы добра вашага бацьку, я ніколі не спадзяваўся гэтага. Пойдзем мужчыны. (Пашлі). Які гэта чорта лысага з яго будзе?
Вадзім
Эх, жыцьцё, ха-ха-ха!.. Які гэта, кажа, чорта лысага поп? (З ганку паказалася Клеопатра, яна йдзе да Вадзіма). О, яшчэ адно наказаньне. (Сеў на лаўку. Клеопатра йдзе павольна, яна ўглядаецца ня ў той бок, дзе сядзіць Вадзім. Вадзім гляне ў яе бок, ды апусьціць галаву. Яна заўважыла яго, але не падыходзіць, а водзіць вачыма па садзе і як-бы ўдыхае пах сьвежага паветра, погляды спаткаліся).
Вадзім
А, гэта вы, Клеопатра Сяргееўна, добры дзень.
(Устаў).
Клеопатра (падыходзячы).
Добры дзень, Водзя! (Вітаюцца).
Вадзім
Вы нядаўна прыехалі, так здаецца?
Клеопатра
Табе-ж айцец Серафім казаў напэўна.
Вадзім
Так, ён казаў… сядайце, вот пасядзеце.
Клеопатра (спакойна).
Сяду, пасяджу… толькі мне дзіўна, чаму гэта: вы, Клеопатра Сяргееўна?..
Вадзім
Гэта так, ня трэба зважаць. (Сеў).
Клеопатра (садзіцца).
Нейкі ты хмурны, мусіць цябе ростроілі нечым. А ты ня злуйся, я ведаю, ты такі добры, у цябе такая анельская душа. Я цябе супакою, мой любы… (З другога боку саду паказаўся Званар, падглядае). Помніш, як мы яшчэ вучыліся і ты прыяджаў да нас? Ты тады саромлівы быў. Ці думалі мы, што будзем любіць адзін другога.
Вадзім
Так, я ніколі ня думаў.
Клеопатра
Я таксама. Не, я думала, маё сэрца ня было спакойным. Памятаеш, калі я на тройцу раззлавалася на цябе?
Вадзім
О, гэта добра памятую.
Клеопатра
А ведаеш, за што?
Вадзім
Не, ня ведаю.
Клеопатра
Ні за што, за тое, што люблю цябе… (Званар: Вот так здорава!..) і калі-б ты пасьля не пацалаваў мяне, я злавалася-б увесь час.
Вадзім
А цяпер злосьць прашла?
Клеопатра
Прашла, Водзік, мілы…
Вадзім
Значыцца і каханьне прашло. Так выходзіць.
Клеопатра
Водзік дурненькі, (села на калені) яно ніколі ня пройдзе, ніколі! (Абняўшы за шэю, цалуе). (Званар: Каб гэта я на яго месцы — во, ціскануў-бы!).
Вадзім
Што, вы, Клеопатра, сядайце на лаўку, яшчэ відно з вуліцы, пабачыць хто.
Клеопатра
Нікога ня відаць. А памятаеш, як ты сам пасадзіў мяне на калені, я хацела сесьці на лаўку, а ты ня пусьціў. Ты мяне не паслухаў, а цяпер я цябе не паслухаю. (Па вуліцы ў гэты час прашла Соня, глянула і скоранька пашла. Вадзім бачыў яе першым).
Вадзім
Сядзьце, я вам кажу!.. (Са злосьцю). Ну вось бачыце.
Клеопатра
А хто яна такая, што ты так спужаўся? (Званар: О, каб ты ведала, хто гэта).
Вадзім
Хто-б сабе ня быў, але гэта нікуды ня варта. (Званар: Не, гэта добра).
(На ганку — поп і 1-ы селянін).
А. Серафім
Мы яго паклічам сюды. Вадзім хадзі сюды. Чуеш?
Вадзім
Іду, прабачайце. (Пашоў на ганак і ў дом, за ім поп і селянін)
Клеопатра (адна).
Ох, як цяжка любіць!.. (Званар: А яшчэ цяжэй замуж выйсьці, але нічога, мы яго ўломім, а пакуль што хіба мне смальнуць за ёю, толькі для храбрасьці трэба коўтнуць крыху. Дастае з кішэні самагонку і цягне). А ці-ж можна без каханьня? О не, мне здаецца, што калі я буду старая, усё-ткі гэта пачуцьцё ніколі не замрэ. (Адкінуўшы галаву). Яно салодка будзе прабягаць па маіх жылах, а сэрца, то затоіцца, як быццам слухае нешта, то застукоча, як-бы ў трывозе якой… жыць і кахаць, кахаць і жыць…
(Змаўкае. Званар ціха падыходзіць)
Званар
Дзе-ж яно падзелася, бадай ты спрахланела!
Клеопатра (схамянулася).
Хто гэта? А, Званар…
Званар
Гэта я, панначка, хаджу вот па садзе, шукаю…
Клеопатра
Чаго вы шукаеце?
Званар
Цялё…
Клеопатра
Якое цялё?
Званар
Такое, звычайнае цялё, ад каровы. Выпусьцілі ў сад, дык яно забілася недзе, у кусты мусіць. Добра, што я вас пабачыў паненачка.
Клеопатра
А што такое?
Званар
Пагаварыць люблю з вамі.
Клеопатра
Аб чым-жа мы гаварыць будзем?
Званар
Аб усім, што на сэрцы ляжыць.
Клеопатра
А што ў цябе на сэрцы?
Званар
Каханьне, паненачка мая, каханьне.
Клеопатра
Гэта добра, калі можаш кахаць яшчэ.
Званар
Не, гэта ня зусім добра.
Клеопатра
Чаму?
Званар
А таму, што ад каханьня можна з глузду зьехаць, гэта значыць з розуму зыйсьці. Праўда, са мною такое няшчасьце ня здарыцца, бо я кахаў раз так пякельна, што ў маёй каханкі пачаліся непарадкі ў жываце, а ў мяне ў галаве. Я й кажу бацьку свайму, дазволь жаніцца, бо зыйду з розуму. А ён мне кажа: чорт цябе ня возьме, каб зыйсьці з розуму, дык трэба яго мець. А такі дурань, кажа, як ты, ня зыйдзе. І што вы думаеце, я ня зышоў з розуму, але каб не палічылі за дурня, я пачаў вар‘яцець. Вып‘ю, бывала, і пайду шыбы калаціць. Дык яны мене ў халодную зацягнуць. Покуль сьпіш там, дык нічога, а як прачнешся, дык нялоўка.
Клеопатра
Ну, ты цяпер-жа спакойны.
Званар
О, я цяпер зусім спакойны. Чаркі ў рукі не бяру.
Клеопатра
Гэта вельмі добра, што чаркі не бярэш у рукі.
Званар
Не, гэта ня добра.
Клеопатра
Чаму?
Званар
Бо п‘ю, бачыце, заўсёды з бутэлькі. Выбачайце, паненачка, Я хацеў-бы сакрэцік вам сказаць, толькі дазвольце ручку пацалаваць. Хе-хе.
Клеопатра
На што гэта? Што за выдумка?
Званар
Як матушцы нашай. Я-ж ведаю, што вы будзеце матушкай нашай.
Клеопатра
Ах, так… Ну пацалуй.
Званар
Якая ручка! (Цалуе). А любіць вас Вадзім, як… у-у… страшэнна!
Клеопатра
А, адкуль ты ведаеш, што ён любіць мяне?
Званар (садзіцца каля яе).
О, паненачка, чаго я ня ведаю… Ён сам вось на гэтым месцы казаў мне: люблю я, кажа, гэту… як, як вас зваць, я забыўся.
Клеопатра
Клеопатра.
Званар
Вот так і сказаў: люблю я гэту Каляпатру і жыць мне без Каляпатры нельга. Сумны, сумны часам бывае, усё аб нечым думае і далей за хату Іцкі-краўца нікуды ня йдзе, а ён тут блізенька. Усё дома сядзіць. Айцец Серахвім і кажуць: пашоў-бы ты, сынок, прайшоўся, пагуляў-бы дзе небудзь, а ён і слухаць ня хоча.
Клеопатра
Няўжо-ж ён так закаханы?
Званар
Ой, закаханы, паненачка, ды й ня дзіва, калі й я нават люблю вас, што, здаецца, так вот і сядзеў-бы з вамі, цалаваў-бы вашу ручку. (Цалуе). Ой, ой! (Ускочыў). Што гэта будзе?
Клеопатра
А што здарылася?
Званар
У самавары даўно вугольле гарыць, а ваду яшчэ не наліў, ай, ай… (Пабег).
Клеопатра (адна).
Ох… як цяжка любіць, але як прыемна чуць аб тым, што цябе любяць.
(З ганку хутка сходзіць Вадзім. На ганку поп).
А. Серафім
Падумай Вадзім.
Вадзім
Я не магу, тата…
А. Серафім
Ты ня можаш? (Да Клеопатры). Хадзі сюды галубка.
(Пашоў у дом).
Клеопатра
Што здарылася, Водзя, скажы мілы? Можа мужыкі цябе растроілі?
Вадзім
Нічога ня здарылася новага. Ідзеце ў дом, вас звалі.
Клеопатра
Я пайду, але я нічога не разумею. (Адыходзячы азірнулася). Мілы…
Вадзім (крыху пастаяўшы іронічна).
Мужыкі цябе растроілі. Выходзіць, што ня ўсіх яшчэ паноў рэволюцыя павымятала. Як тут выбрацца з гэтага балота? А заставацца тут нельга. (Праходзіць Соня). А, Соня, пачакай. (Соня застанавілася). На адну хвілінку затрымайся. (Званар паказаўся на ганку за ім бацька а. Серафім).
А. Серафім (да Званара).
Як мага хутчэй кліч сюды іцку. (Званар пабег, а. Серафім пашоў у дом).
Соня
Я затрымаюся, павіншую цябе… пажадаю посьпеху…
Вадзім
Сонечка…
Соня (голасна).
Што Сонечка?
Вадзім
Ты ня ведаеш, што тут робіцца.
Соня
І ведаць не хачу.
Вадзім
Паслухай.
Соня
Ну, што ты мне можаш сказаць. Песьня адна, мотыў стары… Больш нам няма аб чым гаварыць.
(Паварачваецца, хоча йсьці).
Вадзім
Выслухай мяне… (Паўза). Ты сама павінна ведаць, што тое, што комбінуе мой бацька, усё гэта супярэчыць маім поглядам, маім пачуцьцям, і я на гэтыя комбінацыі ніколі не пайду. Нашы спатканьні давалі нам бадзёрасьць, я змагаўся з цінаю, якая кожны дзень гатова была заплёснуць мяне. А цяпер, калі ты кінеш мяне, я ня ведаю, што станецца са мною. Праўда, я вырвуся з гэтага балота, але які знайду сабе шлях — невядома. Я сёньня-ж пакіну гэты дом…
Соня
Ну, пойдзем, крышку пагаворым.
(Пашлі паволі. Выходзіць а. Серафім).
А. Серафім
Якое дрэннае складаецца жыцьцё. Няўжо ты, госпадзі, дапусьціш? О, цяжка, цяжка!.. (Апускаецца на лаўку). Адзін сын… Няма бацькавай волі…
(Званар і Іцка).
Званар
Прыставіў, бацюшка, Іцку вам.
Іцка
Добры дзень, бацюшка. Ён мяне прыставіў? Што ты мяне прыставіў, а калі-б я не пашоў. Ну, але як бацюшка завуць, то я й сам пашоў.
А. Серафім
Кажы, Іцка, што будзе?
Іцка (паглядзеўшы на неба).
Здаецца будзе гром.
А. Серафім
Я не пра гэта пытаюся. Скажы мне, як будзе з тваёю дачкой?
Іцка
Я вам скажу, бацюшка. Я хоць і бацька яе, але маючы на ўвазе, што зараз ідзе не семнаццаты, не васемнаццаты, нават не дзевятнаццаты, а дваццаты век, калі праходзіць зусім новы палітычаскі момант, калі гэтага… (дастае з кішэні паперу, на якой чітае) калі, „закономерность общественных явлений“ Бухарына ідзе па ўсіх хатах, то што я магу сказаць. Хоча йсьці замуж… няхай ідзе.
А. Серафім
За каго?!
Іцка
За рабіна і за бацюшку яна не пойдзе.
А. Серафім
Вот што, Іцка, вазьмі ў рукі сваю дачку. Спатканьне з Вадзімам забарані ёй катэгорычна. Між імі павінна быць усе скончана. Яна павінна йсьці аднэй дарогай, а ён другой.
Іцка (паскроб бараду).
Добра. Але што скажэце, бацюшка, будзе, калі яны йдучы дарогамі, там дзе небудзь далёка за лесам спаткаюцца?
А. Серафім
О, гэта будзе вялікі скандал, страшэнны грэх!
Іцка
Бацюшка, хто можа знаць, можа яны ўжо саграшылі.
А. Серафім
Што?.. Гэта можа быць?.. (Голасна). Ты будзеш адказваць за ўсё! Ты заклікаў яго ў сваю хату!..
Іцка
На што крычаць. Ні я, ні вы, бацюшка, адказваць ня будзем. Алімэнты будзе плаціць той, хто мае гішэфт.
А. Серафім
Што гэта такое?
Іцка
А пажартаваў, кажучы пра алімэнты, а калі казаць на сур‘ёз, то — ого!.. Калі-б што небудзь з маёю Соняю здарылася, — к чортавай матары!.. Ідзі да таго, з кім маеш гішэфты.
А. Серафім
У…у… Сабака ты!
Іцка
Сабака? Няхай сабе сабака, абы ня воўк. Калі вы пазвалі мяне для таго, каб палаяцца, то бывайце здаровы! (Пашоў).
А. Серафім
Пачакай, яшчэ ня ўсё.
Іцка
Яшчэ ня ўсё? Хопіць ужо й гэтага. Я цяпер буду ведаць, што наш бацюшка, самы далікатны чалавек. (Пашоў).
А. Серафім
Праваліся ты скрозь зямлю. Нехрысьць.
(Падыходзіць Званар).
Званар
Ня злуйце, бацюшка, на ўсякую брыду. Злосьці трэба пакінуць на больш паважаную асобу, як Іцка. Цікавая размова была між Вадзімам і Сонькаю яго вось тут.
А. Серафім
Кажы якая?
Званар
Яна яго ў родзе як-бы не падпушчаць да сябе, так што дзела на разрыў…
А. Серафім
Ага добра.
Званар
Не, ня добра, бо яна гэтым значыцца падагрэла яго.
А. Серафім
У, скаціна!
Званар
Страшэнна. Ён тады й пачаў, ды так прыгожа выказаўся, што ведаеце, бацюшка, калі-б ён быў бацюшкам, ды такую казань сказаў у царкве да праваслаўнага народу, плакалі-б усе і за ім ішлі.
А. Серафім
А што яна?
Званар
Хоць не праваслаўная, але пашла з ім.
А. Серафім
Гадзіна!
Званар
Вужака, а. Серафім… О, ён ужо назад ідзе.
А. Серафім
Ідзі ў дом, пазаві паненку Клеопатру.
(Званар пашоў).
А. Серафім (да Вадзіма).
Прышоў?
Вадзім
Як бачыце.
А. Серафім
Як гэта ты пакінуў сваё шчасьце там? (Слова „шчасьце“ з націскам).
Вадзім
Я яго не пакінуў.
А. Серафім
Не пакінуў. Скажы, Вадзім, што будзе з гэтага?
Вадзім
Ня ведаю.
А. Серафім
Ня ведаеш? А бацьку трэба ведаць, ці не? Чаму ты не даеш мне спакойна памерці? Чаму ты хочаш, каб я на тым сьвеце адказваў за твае грахі?
(З ганку сходзіць Клеопатра, а за ёю Званар).
Вадзім
Ведаеце што, тата, казак аб тым сьвеце мне расказваць ня варта было-б.
А. Серафім
Вадзім… Мая апошняя воля: ты павінен надзець расу з крастом і служыць вялікаму тварцу — саздацелю міра сего.
Клеопатра (з другога боку).
У расе, з крастом ты, Вадзім, прыгожа будзеш выглядаць.
Вадзім (усміхнуўшыся).
Каму што. Я хачу служыць, — толькі бяз расы і краста і не таму невядомаму, а таму, хто зараз творыць жыцьцё шчасьлівае для ўсіх вось тут на зямлі.
Зразумейце, што адзець мне расу, гэта значыць жывым палезьці ў дамавіну, а я жыць хачу. Вы, тата, пражылі сваё, ня будзем зараз разглядаць, якім яно
было, але маё жыцьцё ня можа быць такім.
А. Серафім
Значыцца, ты адмаўляешся ад краста і ад хрыста?
Вадзім
Калі маленькім дзецям расказваюць казкі, то яны ўспрыймаюць іх заўсёды, як нешта сапраўднае, але як вырастаюць, тады яны з усьмешкаю ўспамінаюць гэта. Гэта між іншым.
А. Серафім
Цябе нячысты дух памуціў. А ён сядзіць там, з кім ты спутаўся. Скажы, пакінеш ты яе, ці не?
Вадзім
Соню я не пакіну.
Клеопатра
У такім разе я не магу заставацца тут. (Пашла).
А. Серафім
Дзеткі, пачакай… Вадзім, я не дапушчу да гэтага. Я ня дам табе спакою!..
Вадзім
Ціха. Я вам дам спакой. Поўны спакой. Прашчайце. (Пашоў).
А. Серафім
У…у… Пракляты!..
ЗАСЛОНА.
АКТ III
Макар
Сюдэю няможна, там па калідоры ёсьць дзьверы, адтуль усе заходзяць.
Незнаёмы
Там вельмі цесна, нельга ўбіцца.
Макар
Сюдэю няможна прапушчаць, дык што я зраблю.
Незнаёмы
Нас толькі чатыры чалавекі.
Макар
Няхай сабе адна чвертка і то няможна. (Зачыніў дзьверы). Ня любіць публіка парадку, калі пачнеш прывучаць яе. Кожны думае аб сабе. На другога паглядзіш — і адзеты, здаецца, добра, пачне гаварыць, дык відаць, што й вучаны нават, а наконт парадку, як казаў адзін дакладчык, культурнасьці няма. Напісана, скажам, няможна курыць, значыць няможна, а ён, значыцца, назнарок сядзе пад надпісам „курыць забаронена“, засмаліць і яшчэ выскаляецца. Даль-бог другі раз венікам выкуру каго небудзь… (З бакавых дзьвярэй з залі чуваць аплёдысмэнты). О, пляскаюць. Мусіць нехта нешта сьмешнае сказаў. (Прачыняе дзьверы ў залю, адтуль чуваць: Мы кажам, што царква была прыдаткам капіталістычнага ладу, яна была неабходна яму, яна заўсёды благаслаўляла яго разбойніцкія замеры… Прычыніўшы дзьверы). Як відаць, і сёньня ня скончаць яшчэ гэтага дыспуту.
(З сярэдніх дзьвярэй ўваходзіць Соня).
Соня
Можна прайсьці сюдэю ў залю.
Макар
Сюдэю ў залю не прапушчаю, бо тут зараз за дзьвярыма сцэна, а заля далей.
Соня
Я ведаю, вось мне на сцэну й трэба.
Макар
На сцэне ў часе дакладаў толькі прэзыдыуму палагаецца сядзець.
Соня
Я там сядзець ня буду, мне толькі трэба зайсьці, альбо пазавеце, калі ласка, лектара Вадзіма Быльніцкага.
Макар
А вы хто будзеце?
Соня
Я жонка яго.
Макар
А, то заходзьце самі. (Соня прашла). Маладзенькая і, значыцца, жонка. Ніштаватая кабецінка. (Прачыніліся сярэднія дзьверы, паказалася галава Сёмкі-Званара). Хто там выглядае? (Падыходзіць да дзьвярэй).
Званар
Гэта я… з вёскі, бачыце…
Макар
З вёскі? Зайдзі сюды. (Званар уваходзіць і хрысьціцца). Ня хрысьціся, браце, тут бога ня знойдзеш. Сядай вось і скажы, як трапіў сюды? Садзіся сьмела на мякчэйшае крэсла.
Званар
Я, ведаеце, купіць сёе-тое ў горад выбраўся, аж прышлося заначаваць. Пашоў па горадзе, каля гэтага дому, сьветла. Я зацікавіўся, што тут.
Макар
Ага… А скуль-жа сам, здалёк?
Званар
Адгэтуль міль каля дванаццаці будзе. У бок Грозава, калі чулі.
Макар
Чаму ня чуў, калі я там блізка ўзгадаваўся. Мой бацька там на арэндзе сядзеў, але як пан выкідаў нас, мы й пацягнуліся хто куды. Я ў горадзе прыстроіўся.
Званар
О, дык вы свой чалавек.
Макар
Ну так. А калі-б я й ня жыў там, то ўсё роўна рабочы беднаму селяніну заўсёды свой чалавек.
Званар
А на якой фабрыцы працуеце?
Макар
Я бяз фабрыкі, сторажам тут састаю.
Званар
Вот добра. Дык і я-ж сторажам састаю.
Макар
Ага, ну, а як стаўка, па якому разраду тарыфнае сеткі атрымоўваеш пэнсію?
Званар
Ня ведаю, пра што гэта ты пытаешся?
Макар
Я пытаюся: якая стаўка, па якому разраду тарыфнае сеткі атрымоўваеш пэнсію?
Званар
Ня ведаю.
Макар
Ты сябар профсаюзу?
Званар
Якога?
Макар
Я-ж пытаюся: ты сябар і якога саюзу, ці не?
Званар
Не, мусіць.
Макар
А дзе ты састаіш сторажам?
Званар
Ды я царкоўным.
Макар
А, вось як!..
Званар
Я сторажам, званю калі трэба, але больш на гаспадарцы бацюшкі працую.
Макар
То ты павінен быць альбо ў маім саюзе савецкіх служачых, альбо ў саюзе Рабземлес. Значыцца ты не застрахован нават.
Званар
Я ня хлеў, каб страхаваць мяне.
Макар (махнуў рукою).
О, браце, трэба будзе заўтра накіраваць цябе ў профсаюз. Раскажы, хіба, як цяпер вёска жыве?
Званар
А так, ніштавата, пачалі папраўляцца.
Макар
Самагонку ціснуць добра.
Званар
А так, бывае ўдаецца вельмі добрая. Вот калі мы ўжо разгаварыліся і, можна сказаць, блізка адзін да другога, дык у мяне крыху ёсьць, можна пакаштаваць. (Дастае бутэльку з-за пазухі).
Макар
Э-э, схавай, браце, тут не палагаецца. Гэта мо свайго вырабу?
Званар
Кожны раз не пабяшыш купляць, калі свая ў запасе ёсьць, яно лепш ведаеш.
Макар
Шмат мусіць перапускаеце на гэта збожжа?
Званар
Так, некаторы пэцкаль дык шмат глуміць і нічога добрага ня выходзіць, а ў мяне, прызнацца, у глум ня пойдзе й фунціку, і жаднага паху, ані-ні… Вот на спробу панюхай. (Хоча дастаць бутэльку).
Макар
Добра, няхай, ня трэба. (Чуваць аплёдысмэнты).
Званар
Што гэта там пляскаюць так моцна?
Макар
Гэта, браце, дыспут там.
Званар
Які гэта дыспут?
Макар
Адзін даказвае адно, другі другое, вось і спрачаюцца. Прымерна, вось цяпер спрэчкі йдуць наконт царквы, сьвятых там розных, гэта антырэлігійны дыспут, як вось тут напісана. (Паказвае афішу). Нейкі малады хлапчына заядла выступае. Я гэта прошлы раз быў, дык ён так сячэ, што папом няма дзе дзецца. Ён так ведае ўсе законы эвангельскія, што напамяць пераказвае. Відаць вучоны чалавек, бо за навуку стаіць і супроць рэлігіі.
Званар
І кажаце, малады яшчэ?
Макар
Маладзенькі, але відаць жанаты, бо жонка нядаўна прыходзіла тут… нейкая чарнявенькая, як яўрэечка… Ну, а як цяпер на вёсцы, моляцца добра?
Званар
Ахвотнікаў, ведаеш, з кожным годам усё менш і менш. Бывае звоніш-звоніш, а карысьці — ні на грош. Прыдуць 3—4 бабы і ўсё.
Макар
А што-ж вы тады робіце, як публіка ня зьбіраецца?
Званар
Замыкаем царкву і да хаты.
Макар
Ну, а гэтыя чатыры бабы як?
Званар
Як? І яны йдуць да хаты, ня будзем жа мы для іх чатырох абедню служыць, што ад іх утаргуеш.
Макар
Значыцца гандаль у вас слабы?
Званар
Слабаваты. Гэта ня тое, што ўперад. Кажуць некалі даўно, дык на агні палілі, а народ за веру стаяў.
Макар
Дурняў, браток, шмат было. Яно нават ня тое, каб дурні, але невуч, вось галоўнае. Ну, скажам, вось такі выпадак чуў я, даўно гэта было, у Нямеччыне. Цягаўся нейкі манах. Ён насіў нейкае пяро, якое выдаваў, што яно быццам пяро архангела Гаўрылы. Шмат, вядома, назьбіраў грошай, але здарылася, што нехта, калі ён начаваў, сьвіснуў гэтыя грошы з пяром разам, значыцца, украў. Што тут рабіць? Гэты манах на вачох свае гаспадыні набіў свой пусты мяшок сенам і пасьля абвясьціў, што гэта сена з ясьляў, дзе радзіўся Хрыстос. Народ і пачаў прыкладвацца, вядома, грошы. Тое-ж самае робіцца й цяпер, толькі, вядома, далікатней, як кажуць, танчэй. Даўней, дык вельмі было груба. Нават сэкратар рымскага папы расказваў у кнізе нейкай, як адзін манах пашоў да жонкі аднаго чалавека. Муж недзе пашоў, ці паехаў, а яна прыкінулася хвораю. Манах прышоў сцаляць яе і заначаваў. А тут, значыцца, муж дадому вярнуўся; ён бачыць, што непярэліўкі, накінуў на сябе свой балахон, ды ўцёк, а штаны й засталіся. Муж за гэтыя штаны, ды на вуліцу — падняў скандал. Тады з манастыра вышаў стары манах і кажа: „гэта штаны сьвятога Францішка“.
Званар
Ха-ха-ха!.. Штукары!
Макар
Яны, кажа, сьвяшчэнныя: іх манах прынёс для сцаленьня хворае. Зараз хрэсны ход, штаны палажылі на шоўкавую падушку і дазволілі прыкладвацца да іх.
Званар
Ну, што ты скажаш?.. Ха-ха-ха!..
Макар
Ну, што ты зробіш. Ха-ха-ха!..
Званар
Калі так мы разгаварыліся, то я табе прызнаюся: я не выпадкова трапіў сюды. Я тут са сваім бацюшкам.
Макар
Ага!..
Званар
У яго ёсьць адзін сын. Бацюшка стары й надта заядлы. Ëн увесь час муліў сына, каб зрабіць, значыцца, папом яго. Заказалі нават форму. А ён нейк спутаўся з яўрэечкаю краўца Іцкі і вось нядаўна за яе, ды ў горад. Бацюшка аж вар‘яцее. Едзь-ма, кажа, ў горад, дастану я яго. Прыехалі, аж тут чытаем на ахвішы: Вадзім Быльніцкі — лекцыя, дыспут, ды супроць бога. Папёрся сюды і сказаў мне зайсьці пачакаць. Што ён з ім тут зробіць, я ня ведаю.
Макар
Вось яно ў чым справа… (Доўгія аплёдысменты). Ну, здаецца, скончыўся дыспут.
Званар
Дык-жа каб упільнаваць мне?
Макар
Там у калідоры стой, бо тудэю публіка выходзіць.
(Званар пашоў, за ім Макар).
Са сцэны выходзяць: Соня, Вадзім, Чутковіч (чуваць яшчэ аплёдысмэнты).
Соня
Доўга сёньня зацягнуўся дыспут.
Вадзім
Так, даўгавата.
Чутковіч
Нічога, затое прашоў вельмі добра. Ну, ты маладчына, Вадзім. Сёньня ты трымаўся яшчэ лепш. Лоўка ты гэтага з сатварэньнем сьвету пасадзіў.
Вадзім
Ну, дык гэта-ж зусім відавочная байка.
Чутковіч
Так, але адказ з гэтым прыкладам быў надзвычайна добры. Вот памаленьку будзем працаваць. Соня звыкнецца з горадам і будзеце жыць.
Соня
Што, калі-б бацька твой чуў тваю прамову?
Вадзім
Ня ведаю, ці перанёс-бы ён.
Чутковіч
Магчыма, што ён махнуў на вас рукою.
(З сярэдніх дзьвярэй уваходзіць а. Серафім, за ім Званар).
Соня (спуджана).
Вадзім, што такое?.. Глядзі хто йдзе?
(Усе глядзяць. Маўчаньне. А. Серафім паволі падыходзіць).
Чутковіч
А, і Званар тут.
А. Серафім
(Прыдушаным голасам).
Ты ўцёк?! (Падступае да Вадзіма). Зьбег гадзіна?.. Думаў, я не знайду? Знайшоў… Падзяку я прынёс табе… (Дзіка). Пракляцьце!!!
Вадзім
Пакіньце вы мяне…
А. Серафім
Пакінуць, каб ты рваў маё сэрца. Я тваё вырву гадзіна… (Дрыжачыя рукі яго цягнуцца да Вадзіма).
Вадзім
Пакіньце, я вас прашу.
А. Серафім
Загінь ты!.. (Увесь трасецца, траціць прытомнасьць). Дзе бог… пакарай!.. (Падае на падлогу, Званар падбягае, падтрымлівае).
А. Серафім
Па-а-ка-рай...
Соня
Што будзе Вадзім?
Званар
Бацюшка, айцец Серахвім. Бацюшка!..
(Тармошыць яго, з-за пазухі Званара выкідаецца бутэлька самагону, якую ён паказваў Макару. Крыху разьлілася, а то пасьпеў заткнуць і схаваць).
Соня
(Падбягае да Чутковіча).
Скажэце, што будзе, што будзе?
Чутковіч
(Спакойна як заўсёды, і курачы люльку).
Што будзе? Жыцьцёвая дарога ваша будзе больш свабоднай.
Званар
(Падтрымлівае папа за галаву).
Бацюшка, бацюшка… скончыўся. Казаў, ня трэ‘ было ехаць. Вот і прыехалі…
КАНЕЦ