Пісар-ашуканец
Пісар-ашуканец Беларускія народныя казкі Аўтар: народ Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-049 |
Быў адзін ліхі пан. Цяжка за ім жылося людзям: увесь тыдзень хадзілі на паншчыну, а што заробіш для сябе ў нядзелю, дык і тое аддай пану. То нясі яму сушаных грыбоў, то назбірай свежых, то ягад розных — усё яму трэба. Бывала, як прыйдзе зіма, цэлыя абозы фурманак вязуць усялякае дабро на панскі двор. Сам жа пан рэдка калі і стыкаўся ў маёнтку: то за граніцу ездзіў, то ў Варшаву.
Аднойчы доўга не было пана ў маёнтку. Потым пайшла чутка, што ён і зусім не вернецца. Хто іх там разбярэ, што ў паноў робіцца. Казалі, быццам прадаў ён свой маёнтак з усімі людзьмі другому пану за пару замежных коней і за пяток нейкіх сабак.
І вось па немалым часе прыехаў новы пан.
Сабраліся людзі грамадою і пачалі раіцца, ці не можна было б упрасіць новага пана, каб збавіў трохі паншчыну і падаткі, каб даў якую палёгку бедным людзям.
Але як жа яго прасіць, таго пана? Ці ж здолее хто з іх расказаць пану ўсё як трэба? Людзі яны цёмныя ды і мовы панскай не разумеюць. Згаварыліся тады напісаць пану пра ўсё на паперы. Ды — новая бяда: ніхто пісаць не ўмее. Карбаваць сяк-так карбуюць, а пісаць — дзе там!
Прачулі мужчыны, што ёсць у мястэчку якісь пісар-пʼянчужка і што ён умее вельмі добра пісаць. Піша дробна, як макам сыпле, а дзе трэба — кружкі, быццам яйкі, ставіць, і гэтак накруціць, што толькі надта пісьменны і разбярэ.
Прывезлі яны таго пісара, частуюць і просяць, каб ён усё добра напісаў пану.
Цэлы тыдзень пісар піў, еў яечню, а пісаць не браўся. Праз тыдзень кажа:
— Трэба раней паперы дастаць.
Пайшлі хлопцы ў мястэчка, купілі ў крамцы аркуш паперы. Тады пісар кажа:
— А цяпер назбірайце дубовых арэшкаў ды насушыце.
Назбіралі арэшкаў, насушылі. Пайшоў пісар у кузню, набраў з-пад тачыла вады, наліў яе ў гаршчок, насыпаў туды дубовых арэшкаў і паставіў гаршчок на печ.
Праз тры дні зняў гаршчок з печы, паглядзеў — аж там чорны, як сажа, атрамант.
— Цяпер, — кажа пісар, — нарвіце мне гусіных перʼяў.
Нанеслі яму з усяго сяла кучу гусіных перʼяў. Навастрыў іх пісар цэлы пук — прашэнне тое пісаць.
— Ну, а зараз нясіце яшчэ гарэлкі, каб рука лягчэй хадзіла, — загадаў мужчынам.
Прынеслі яму гарнец гарэлкі — абы толькі пісаў!
Выпіў пісар адразу з паўкварты, закусіў агурком і давай пісаць.
Сышліся людзі з усяго сяла. Адзін кажа:
— Напішы, каб пан даў нам на дым па пяць коп жэрдзя на плот.
— Пішы, — кажа другі, — каб пан збавіў падаткі.
— Пішы, — падказвае трэці, — каб пан зменшыў нам паншчыну хоць на два дні ў тыдзень, бо мы з голаду паўміраем.
Шмат чаго ўспомнілі мужыкі пра сваё гаротнае жыццё і пра ўсё прасілі напісаць пану.
А пісар пацягне з пляшкі ды так піша, што аж пяро скрыпіць, як непадмазаныя калёсы. Аж пот на лбе выступае, быццам не пяром водзіць, а сякераю дровы пляжыць. А лоб у яго вялізны і галава голая, хоць боб малаці.
Напісаў пісар прашэнне. Мужчыны паставілі крыжыкі замест подпісаў і дзякуюць пісару. Сабралі з усяе вёскі курэй, яек, мёду — хто што меў. Забраў усё гэта пісар ды паехаў дахаты, а мужчыны гуртам пайшлі да новага пана.
Выйшаў пан на ганак.
— Чаго прыйшлі? — пытаецца.
— Ды вось, панок, прашэнне прынеслі…
Узяў пан у рукі тую паперу, прачытаў і кажа:
— Ну, што ж, дзякуй, што вы па добрай волі даяце мне з дыму па валу, па капе яек і па асміне аўса. Ідзіце, збірайце ўсё і вязіце ў маёнтак.
Слухаюць мужчыны пана — вушам не вераць: жартуе ён, ці што?
— А калі самі не аддасце ўсяго, што напісалі, — кажа пан, — дык я падам вашу паперу ўрадніку, ён з вас сышча.
Здагадаліся тут мужыкі: ашукаў іх той пісар-пʼянчужка!
Пачухалі яны патыліцы ды падаліся дахаты. Ідуць, ледзь не плачуць. Адзін і кажа:
— Эх, і падвёў жа нас гэты недавярак! А я і тады ведаў, што ён піша…
— Адкуль жа ты ведаў? — пытаюцца ў яго мужчыны.
— А вось бачу — піша буйней ды і закруціць. Ну, думаю, гэта валы крутарогія. Піша круглае — гэта вам яйкі, а дробнае — авёс…
— Чаму ж ты нам не сказаў?
Напалі на яго мужчыны, набілі, але бядзе гэта не памагло.