Перайсці да зместу

Піліпка-сынок

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Піліпка-сынок
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-012

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жылі мужык і жонка. А дзяцей у іх не было. Жонка бядуе: няма каго ёй калыхаць, няма каго гадаваць…

Аднаго разу мужык пайшоў у лес, высек з алешыны палена, прынёс дахаты і кажа жонцы:

— На, калышы.

Палажыла жонка палена ў калыску ды давай калыхаць і ката спяваць:

— Люлі, люлі, сынок, з белымі плячыцамі, з чорнымі вачыцамі…

Калыхала дзень, калыхала другі, на трэці бачыць: замест алешынкі ляжыць у калысцы хлопчык!

Зарадаваліся мужык і жонка, назвалі сынка Піліпкам і сталі яго гадаваць. Падрос Піліпка і кажа бацьку:

— Зрабі мне, тата, залаты чоўнік, срэбранае вясельца — хачу рыбу лавіць.

Бацька зрабіў яму залаты чоўнік, срэбранае вясельца ды выправіў на возера лавіць рыбу.

Сынок як лавіць ды лавіць — дзень ловіць і ноч ловіць… Нават і есці дахаты не ідзе: вельмі ж добра рыба ловіцца! Маці яму сама абед насіла. Прынясе да возера і кліча:

— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, зʼеш піражок!

Піліпка падплыве да берага, высыпле з чоўна рыбу, а сам зʼесць піражок ды зноў на возера.

Пачула старая ведзьма Баба Яга — касцяная нага, як маці кліча Піліпку, і парашыла яго са свету звесці.

Узяла яна мяшок і качаргу, прыйшла да возера і пачала клікаць:

— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, зʼеш піражок!

Піліпка падумаў, што гэта маці, і падплыў. А Баба Яга падчапіла качаргою чоўнік, выцягнула на бераг, схапіла Піліпку ды ў мяшок.

— Ага, — кажа, — больш не будзеш ты тут рыбку лавіць!

Закінула мяшок на плечы і панесла да сябе, у лясную гушчэчу.

Доўга несла, змарылася, села адпачыць ды і заснула. А Піліпка тым часам вылез з мяшка, паклаў туды цяжкіх камянёў ды зноў вярнуўся на возера.

Прачнулася Баба Яга, схапіла мяшок з камянямі і, крэхчучы, панесла дадому.

Прынесла і кажа да сваёй дачкі:

— Спячы ты мне на абед гэтага рыбака.

Вытрусіла Баба Яга мяшок на падлогу, аж там адны камяні… Як узлавалася Баба Яга, як закрычыць на ўсю хату:

— Я ж табе пакажу, як мяне падманваць!

Зноў пабегла на бераг возера ды давай клікаць Піліпку:

— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, зʼеш піражок!

Пачуў гэта Піліпка.

— Не, — кажа, — ты не мая маці, а ведзьма Баба Яга: я цябе ведаю! У маёй мамы голас танчэйшы.

Як ні клікала Баба Яга, Піліпка не паслухаў яе.

«Добра ж, — падумала Баба Яга, — зраблю я сабе танчэйшы голас».

Пабегла яна да каваля і кажа:

— Каваль, каваль, натачы мне язык, каб танчэйшы быў.

— Добра, — кажа каваль, — натачу. Кладзі яго на кавадла.

Палажыла Баба Яга свой доўгі язык на кавадла. Каваль узяў молат і пачаў кляпаць язык. Адкляпаў так, што ён зусім тонкі зрабіўся.

Пабегла Баба Яга на возера ды кліча тоненькім галаском:

— Піліпка-сынок, плыві пад беражок, зʼеш піражок!

Пачуў Піліпка і падумаў, што гэта маці яго кліча.

Падплыў да берага, а Баба Яга цап яго ды ў мяшок!

Цяпер ты мяне не падманеш! — радуецца Баба Яга.

І, не адпачываючы, прынесла яго дадому. Выкінула з мяшка і кажа дачцэ:

— Вось ён — падманшчык! Палі ў печы, пячы яго. Каб да абеду гатовы быў.

Сказала так, а сама пайшла некуды. Дачка запаліла ў печы, прынесла лапату і кажа Піліпку:

— Лажыся на лапату, я цябе ў печ саджаць буду.

Лёг Піліпка і падняў ногі ўгору.

— Не так! — крычыць ведзьміна дачка. — Гэтак я цябе ў печ не ўсаджу.

Піліпка звесіў ногі ўніз.

— Не так! — зноў крычыць ведзьміна дачка.

— А як жа? — пытаецца Піліпка. — Пакажы сама.

— Дурны ты! — вылаяла яго ведзьміна дачка. — Вось як трэба. Глядзі.

Легла яна сама на лапату, выпрасталася. А Піліпка за лапату ды ў печ! І засланкаю яе засланіў ды яшчэ моцна ведзьмінаю ступаю затуліў, каб не выскачыла з гарачай печы.

Толькі ён выбег з хаты, бачыць: Баба Яга ідзе.

Піліпка скокнуў на высокі густы явар і схаваўся ў галлі.

Зайшла Баба Яга ў хату, панюхала — смажаным пахне. Дастала з печы смажаніну, наелася мяса, косці на двор выкінула ды пачала качацца на іх, прымаўляючы:

— Павалюся, пакачуся, Піліпкавага мяса наеўшыся, крыві напіўшыся.

А Піліпка адказвае ёй з явара:

— Паваліся, пакаціся, даччынога мяса наеўшыся, даччыной крыві напіўшыся.

Пачула гэта ведзьма і аж учарнела ад злосці. Падбегла да явара і давай яго зубамі падгрызаць. Грызла, грызла, зубы паламала, а моцны явар стаіць як стаяў.

Пабегла тады Баба Яга да каваля:

— Каваль, каваль, выкуй мне сталёвую сякеру, а то я тваіх дзяцей паем.

Спужаўся каваль, выкаваў ёй сякеру. Прыбегла Баба Яга да явара, пачала яго секчы. А Піліпка кажа:

— Не ў явар, а ў камень!

А ведзьма сваё:

— Не ў камень, а ў явар!

А Піліпка сваё:

— Не ў явар, а ў камень!

Тут сякера як стукнецца ў камень — уся вышчарбілася.

Заенчыла са злосці ведзьма, схапіла сякеру ды пабегла да каваля вастрыць.

Бачыць Піліпка — хістацца пачаў явар: падсекла яго ведзьма! Трэба ратавацца, пакуль не позна.

Ляціць чарада гусей. Піліпка да іх:

— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу…

Гусі скінулі яму па пяру.

Зрабіў Піліпка з гэтых пёраў толькі паўкрыла.

Ляціць другая чарада гусей. Піліпка просіць:

— Гусі, гусі, скіньце мне па пяру! Я з вамі палячу да бацькі, да маткі, там вам адплачу…

І другая чарада скінула яму па пяру.

Потым праляцелі трэцяя і чацвёртая. І ўсе гусі скінулі Піліпку па пяру.

Зрабіў сабе Піліпка крылы ды паляцеў услед за гусямі.

Прыбегла ведзьма ад каваля, сячэ явар, аж трэскі сыплюцца. Секла, секла — явар — трах! — упаў на ведзьму і задушыў яе.

А Піліпка прыляцеў з гусямі дахаты. Зарадаваліся бацькі, што Піліпка вярнуўся, пасадзілі яго за стол, пачалі частаваць.

А гусям далі аўса. Тут і казка ўся.