Пятрушка

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пятрушка
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://bellib.by/index.php/2009-05-23-15-07-31/item/tales-folk-064

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Жыў на свеце адзін пан. Вялікі быў у яго маёнтак, і шмат меў ён усялякага дабра. Але найбольш з усяго свайго багацця любіў пан сабаку-ганчака. Хітры гэта быў сабака — ну, як чалавек, не раўняючы. Што пан яму ні загадае — усё зробіць. І імя яму даў пан не абыякое, а чалавечае: Пятрушка.

А трэба сказаць, што пан той быў надта люты. Ніводзін парабак не мог выслужыць у яго больш за тыдзень.

Здарылася аднаго разу так, што пан зусім без парабкаў застаўся: усе пазбягалі. Паспрабаваў ён сам за работу брацца. Ды дзе там: і рабіць нічога не ўмее, і лянуецца. Ведама, прывык на гатовым жыць. Запрог тады пан каня і паехаў шукаць парабкаў. Ездзіў, ездзіў — ніхто не ідзе да яго: усе ж ведалі, які гэта паганы пан!

Сярдзіты варочаецца пан дахаты. Бачыць: насустрач хлапец ідзе і песню спявае. А сам абадраны, босы.

«Ну, — думае пан, — папытаюся, можа, хоць гэты абадранец пойдзе да мяне ў парабкі». Прыпыніў ён каня.

— Гэй, хлоп басаногі, — крычыць, — ці не ноймешся ты да мяне за парабка?

Хлапец спыніўся.

— А чаму ж, — кажа, — не наняцца, калі добры пан трапляецца. Давай, наймай.

Усміхнуўся пан сам сабе ды думае: «Эге, відаць, ноймецца, калі добрым мяне палічыў».

— Ну, то садзіся на воз, — кажа пан.

Сеў Янка (так звалі таго хлапца) на воз, і паехалі яны ў маёнтак. Прыехалі дадому, пан і кажа Янку:

— Бяры другога каня ды едзь у лес па дровы.

Янка сумеўся.

— Можа, пане, спачатку паабедаць дасі. Я, бачыш, з дарогі, галодны.

— А хіба я наймаў цябе абедаць, а не рабіць? — закрычаў пан. — Бачыш, які хітры!

Пачухаў Янка патыліцу і кажа:

— Але ж я не ведаю, дзе панскі лес і якія там дрэвы секчы.

— Ну, — адказвае пан, — я змарыўся і не магу табе расказваць. Гэта зробіць мой сабака Пятрушка. Я шапну яму, і ён завядзе цябе куды трэба.

Запрог Янка каня і паехаў услед за сабакам. Сабака ўзрадаваўся, што на волі апынуўся, ды давай гайсаць, куды папала лятаць. І Янка ўслед за ім. Сабака ў лужыну — і парабак з возам за ім, сабака ў кусты — і Янка туды. Гэтак і ў лес прыехалі.

Толькі ссек Янка адно дрэва, як сабака завярнуўся ды пабег дахаты. Кінуў Янка работу, сеў на воз ды за сабакам следам. Куды сабака — туды і Янка.

Убачыў пан, што парабак без дроў вярнуўся, напаў на яго ды давай біць. Біў-біў, ледзь не забіў.

Назаўтра пабудзіў пан Янку і загадвае:

— Ідзі, гультай, барана зарэж: сёння да мяне госці прыедуць.

— А якога, пане, барана зарэзаць? — пытаецца Янка.

Пан махнуў рукою:

— Няма ў мяне ахвоты табе расказваць. Пакліч Пятрушку — да каторага ён падбяжыць, таго і рэж.

Узяў Янка самы большы нож, паклікаў сабаку і пайшоў у аўчарню. А аўчарня ў пана вялікая — і авечак, і бараноў у ёй многа. Вось і пачаў сабака бегаць па аўчарні: да аднаго барана падбяжыць, да другога. А Янка ўслед за ім — ды па горле, ды па горле тым баранам, да каторых Пятрушка падбягае. І так усіх бараноў перарэзаў.

Прыйшоў пан паглядзець, ці добрага барана зарэзаў Янка для гасцей. Як глянуў, дык аж за галаву хапіўся: усе яго бараны перарэзаны! Зноў пачаў пан біць Янку. Біў-біў, ледзь не забіў.

Ачухаўся Янка, пан яму і кажа:

— Цяпер, дурань, вары бараніну. Ды глядзі, каб смачная была: перцу падсып і пятрушкі накрышы.

Думаў, думаў Янка, што гэта за пятрушка, а потым успомніў: ды гэта ж панскі сабака так завецца! Зарэзаў ён сабаку, шкуру злупіў, а мяса пакрышыў дробна ды ў кацёл, як пан казаў.

Сабраліся ў пана госці. Пачаў іх Янка баранінаю частаваць. Ядуць паны сабачыну, аж за вушамі трашчыць. Наеліся так, што дыхаць не могуць.

— А цяпер, дарагія госці, — кажа пан, — я пакажу вам свайго вучонага сабаку. Гэй, Янка, пакліч сюды Пятрушку!

— Якога, пане, Пятрушку? — дзівіцца Янка. — Ты ж сам загадаў мне пакрышыць яго і бараніну прыправіць.

Як пачуў гэта пан, дык аж учарнеў ад злосці, аж усе вантробы ў яго перавярнуліся.

Ну, з пана і дух вон.