Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дваццаць другі. Афяра вераломства Раздзел дваццаць трэці. Прынц арыштаваны
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дваццаць чацверты. Уцёкі

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ ДВАЦЦАЦЬ ТРЭЦІ

ПРЫНЦ АРЫШТАВАНЫ

Гендон ледзь стрымаў усмешку і, нахіліўшыся да караля, ціхенька шапнуў яму на вуха:

— Ціха, ціха, мой прынц, не гавары лішняга, а яшчэ лепей — зусім прытрымай язык. Спадзявайся на мяне, і ўсё пойдзе добра.

— Цішэй, прыяцель!

І падумаў: «Сэр Майлс!.. Змілуйся, божа, я зусім і забыўся, што я рыцар! Дзіўна, да чаго моцна сядзяць у яго ў памяці ўсе яго незвычайныя і вар’яцкія фантазіі!.. І хоць гэты мой тытул толькі пусты гук, усё-ж мне прыемна, што я заслужыў яго; магчыма, больш гонару быць вартым рыцарства ў яго царстве лятуценняў і зданяў, чым дамагчыся цаной зняваг графскага тытула ў якім-небудзь сапраўдным царстве нашага свету».

Натоўп рассунуўся, каб прапусціць паліцэйскага; паліцэйскі падышоў і палажыў руку на плячо караля. Але Гендон сказаў яму:

— Цішэй, прыяцель, прымі руку! Ён пойдзе паслухмяна — я за яго адказваю. Ідзі наперад, а ён пойдзе за табою.

Паліцэйскі пайшоў наперад разам з жанчынай, якая несла клунак; Майлс і кароль ішлі ззаду, а за імі следам натоўп народу. Кароль пачаў было ўпірацца, але Гендон шапнуў яму:

— Падумай, гасудар, — тваімі законамі трымаецца ўся твая каралеўская ўлада; калі той, ад каго выходзяць законы, не паважае іх сам, як-жа ён можа патрабаваць, каб іх паважалі іншыя? Відаць, адзін з гэтых законаў парушаны; калі кароль зноў узыйдзе на трон, ён пэўна ўспомніць, як, знаходзячыся ў становішчы прыватнага чалавека, ён, не гледзячы на свой каралеўскі сан, падначаліўся законам, як належыць грамадзяніну.

— Ты правы, ні слова больш, ты ўбачыш, што, калі кароль Англіі ўскладае ярмо законаў на сваіх падданых, ён і сам, апынуўшыся ў становішчы падданага, панясе гэтае ярмо.

У суддзі жанчына пацвердзіла пад прысягай, што гэты маленькі арыштант ёсць той самы злодзей, які яе абкраў; ніхто не мог абвергнуць яе, і ўсе доказы былі супроць караля. Развязалі клунак, і, калі ў ім аказалася тлустае, адкормленае парася, суддзя захваляваўся, а Гендон пабляднеў і задрыжаў; толькі кароль, нічога не ведаючы, астаўся спакойным.

Суддзя злавесна марудзіў, потым звярнуўся да жанчыны з пытаннем:

— У колькі ты ацэньваеш тваю ўласнасць?

Жанчына пакланілася і адказала:

— У тры шылінгі і восем пенсаў, ваша міласць! Гэта самая добрасумленная цана, я не магу скінуць ні аднаго пені.

Суддзя агледзеў публіку, кіўнуў паліцэйскаму і сказаў:

— Ачысціць залу і замкнуць дзверы!

Загад быў выкананы.

У судзе асталіся толькі двое паліцэйскіх, абвінавачаны, абвінавальніца і Майлс Гендон. Майлс быў бледны, нерухомы, кроплі халоднага поту выступілі ў яго на ілбе, зліліся разам і пацяклі ўніз па твары. Суддзя зноў звярнуўся да жанчыны і сказаў ласкава:

— Гэта бедны, цёмны хлопчык, можа галодны, бо цяпер такія цяжкія часы для беднякоў; паглядзі на яго: у яго твар не злы, але ад голаду ці мала што робяць… Ці вядома табе, добрая жанчына, што за крадзеж маёмасці, якая каштуе больш за трынаццаць пенсаў, вінаваты па закону павінен быць павешаны?

Маленькі кароль шырока раскрыў вочы ад здзіўлення, але

Жанчына ўсхапілася на ногі.

стрымаў сябе і астаўся спакойным. Затое жанчына ўсхапілася на ногі, трасучыся ад страху і ўсклікнула:

— Што-ж я нарабіла!.. Міласэрны божа, ды я зусім не хачу, каб гэты бядак ішоў праз мяне на шыбеніцу! Ах, вызваліце мяне ад гэтага, ваша міласць! Скажыце, што мне рабіць!..

Суддзя з належным яму спакоем адказаў:

— Бясспрэчна, можна зменшыць цану рэчы, пакуль цана яшчэ не завесена ў пратакол…

— Калі ласка, лічыце, што парася каштуе ўсяго восем пенсаў! Дзякуй табе, божа, што ты не даў прыняць на душу такі цяжкі грэх!

Майлс Гендон ад радасці зусім забыўся на этыкет; ён здзівіў караля і зняважыў каралеўскі гонар, абняўшы яго і пацалаваўшы. Жанчына падзякавала і пайшла, узяўшы з сабой парася; паліцэйскі адчыніў ёй дзверы і вышаў услед за ёю ў сені. Суддзя запісваў усю справу ў пратакол. А Гендону захацелася даведацца, чаго гэта паліцэйскі пайшоў услед за жанчынай; ён ціхенька пракраўся ў цёмныя сені і пачуў наступную размову:

— Парася тлустае і, мусіць, вельмі смачнае; куплю яго ў цябе; вось табе восем пенсаў.

— Восем пенсаў! Вось чаго захацеў. Ды ён мне самой каштуе тры шылінгі і восем пенсаў, чыстай манетай апошняга царствавання, якую стары Гарры, што нядаўна памёр[1], не паспеў адабраць сабе. Фігу табе за твае восем пенсаў!

— А, ты вось як загаварыла!.. Ды ты-ж пад прысягай паказала, што парася каштуе восем пенсаў. Эначыцца, ты дала ілжывую клятву. Ідзі са мной да суддзі трымаць адказ за сваё злачынства!.. А хлапчука павесяць.

— Ну, ну годзе табе, добры чалавек, маўчы, я згодна. Давай сюды восем пенсаў, бяры парася, толькі нікому не расказвай.

Жанчына пайшла ўся ў слязах. Гендон праслізнуў назад, у пакой суддзі, туды-ж неўзабаве вярнуўся і паліцэйскі, схаваўшы ў надзейнае месца сваю здабычу. Суддзя яшчэ некаторы час пісаў, затым прачытаў каралю бацькаўска-мудрае і строгае навучанне і прыгаварыў яго да кароткатэрміновага зняволення ў агульнай турме, а потым да публічнага лупцавання бізунамі. Здзіўлены кароль раскрыў рот для адказу і, відаць, гатоў быў даць загад, каб добраму суддзі адсеклі галаву тут-жа на месцы; але Гендон знакам перасцярог яго, і ён стрымаў сябе своечасова. Гендон узяў яго за руку, пакланіўся суддзі, і абодва, пад аховай паліцэйскага, адправіліся ў турму. Як толькі яны вышлі на вуліцу, абураны манарх спыніўся, вырваў руку і ўсклікнуў:

— Дурны, няўжо-ж думаеш сабе, што я ўвайду ў агульную турму жывым?

Гендон нахіліўся да яго і сказаў досыць рэзка:

Будзеш ты мне верыць? Маўчы і не пагаршай справы небяспечнымі размовамі! Што бог захоча, тое і здарыцца; ты нічога не можаш ні паскорыць, ні аддаліць: чакай цярпліва — яшчэ будзе час сумаваць ці радавацца, калі адбудзецца тое, што павінна адбыцца.


  1. Кароль Генрых VIII.