Перайсці да зместу

Прынц і жабрак (1940)/11

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел дзесяты. Ліхія прыгоды прынца Раздзел адзінаццаты. У ратушы
Раман
Аўтар: Марк Твэн
1940 год
Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881)
Пераклад: Янка Маўр
Раздзел дванаццаты. Прынц і яго збавіцель

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗДЗЕЛ АДЗІНАЦЦАТЫ

У РАТУШЫ

Каралеўскі баркас, у суправаджэнні раскошнай флатыліі, паважна рухаўся ўніз па Темзе, сярод блытаніны ілюмінаваных лодак. Паветра было перапоўнена музыкай; па берагах ракі былі пацешныя агні; далёкі горад увесь быў ахутаны мяккім, прамяністым зарывам ад безлічы нябачных адсюль кастроў; над ім уздымаліся стройныя шпілі, усеяныя яскравымі зоркамі; здалёк гэтыя шпілі былі падобныя на даўгія коп’і, аздобленыя каштоўнымі камнямі. На ўсім шляху флатылію віталі з берагоў безупынныя хрыплыя крыкі і незмаўкальныя гарматныя стрэлы.

Тому Кэнці, лежачаму ў шоўкавых падушках, гэтыя гукі і гэта відовішча здаваліся цудам, невыказна раскошным і дзіўным. Але на яго юных прыяцелек, сядзеўшых побач з ім, на прынцэсу Елізавету і лэдзі Джэн Грэй, гэта не рабіла ніякага ўражання.

Дабраўшыся да Даугэта, флатылія паплыла ўверх, завярнула ў Бэклерсберы па празрыстай вадзе Уолбрука (рэчышча якога вось ужо два стагоддзі як засыпана і пахавана пад вялікай колькасцю будынкаў), міма ярка асветленых дамоў і мастоў, усеяных натоўпам вясёлых зявак, і нарэшце спынілася ў басейне, дзе цяпер знаходзіцца прыстань, у самым цэнтры даўняга лонданскага Сіці. Том вышаў на бераг са сваёю бліскучаю світай, абмінуў Чыпсайд і пасля кароткага пераходу па Старой Джуры і па вуліцы Бэзінгхол дабраўся да ратушы.

Том і яго спадарожніцы былі сустрэты з належнай цэрамоніяй лорд-мэрам і айцамі горада ў парадных пурпуровых мантыях і з залатымі ланцугамі на шыі; іх павялі праз вялікую залу да каралеўскіх месц, якія змяшчаліся пад раскошным балдахінам; наперадзе іх ішлі герольды, якія абвяшчалі аб іх прыбыцці і неслі гарадскі жэзл і меч. Лорды і лэдзі, назначаныя для таго, каб прыслужваць Тому, і двум прынцэсам, сталі ў іх за крэсламі.

За другім сталом, крыху ніжэй, сядзелі царадворцы і іншыя знатныя госці разам з магнатамі Сіці; члены палаты абшчын размясціліся за асобнымі столікамі, расстаўленымі ў вялікай колькасці ў другой частцы залы. Гіганцкія статуі Гога і Магога[1] — даўніх вартаўнікоў горада — раўнадушна глядзелі з вышыні сваіх п’едэсталаў на гэта звычайнае для іх відовішча. Многа забытых пакаленняў змянілася на іх вачах. Затрубілі трубы, герольд абвясціў пачатак абеда, і ў высокай арцы левай сцяны з’явіўся тоўсты дварэцкі, за якім слугі з паважнай урачыстасцю неслі сапраўдны каралеўскі ростбіф, гарачы, пахучы, чакаючы нажа.

Пасля малітвы Том (яго навучылі загадзя) устаў — а за ім і ўсе прысутныя — і адпіў з вялізнай залатой «чашы дружбы», потым перадаў яе прынцэсе Елізавеце, тая, у сваю чаргу, лэдзі Джэн; а затым чаша абышла ўсю залу. Так пачаўся банкет.

А поўначы, калі банкет быў у поўным разгары, публіку пачаставалі адным з тых жывапісных відовішчаў, якімі так захапляліся нашы продкі. Апісанне яго да гэтай пары захавалася ў расказе аднаго сведкі-гісторыка:

«Ачысцілі месца, і затым увайшлі граф і барон, адзетыя па турэцкаму звычаю ў даўгія халаты з шоўкавай матэрыі, усеянай залатымі бліскаўкамі; на галовах у іх былі чалмы з малінавага аксаміту, перавітыя тоўстымі залатымі шнурамі; у кожнага за поясам вісела на шырокай залатой перавязі па турэцкай шаблі, што завецца палашом. За імі следавалі другі граф і другі барон у даўгіх кафтанах жоўтага атласу з папярэчнымі палосамі белага атласу; паводле рускага звычая, яны былі ў шэрых футравых шапках і ботах з даўгімі, загнутымі кверху наскамі; у кожнага была ў руках сякера. Далей следаваў лорд-адмірал і з ім пяцёра дваран у камзолах малінавага аксаміту, нізка выразаных на спіне і на грудзях; паверх камзолаў на іх былі кароткія плашчы малінавага атласу і на галовах шапачкі з фазанімі пер’ямі накшталт тых, якія носяць танцоры. Гэтыя былі ўбраны па прускаму звычаю. Затым увайшлі факельшчыкі, лікам да сотні, адзетыя ў чырвоны і зялёны атлас, твары іх былі чорныя, як у маўраў. Потым з’явіліся ў маскарадных касцюмах. Потым выступілі менестрэлі[2] ў дзівосных уборах і пачалі скакаць, а за імі лорды і лэдзі закружыліся ў такім шалёным танцы, што любата была глядзець».

Пакуль Том са свайго ўзвышша любаваўся гэтымі «шалёнымі» скокамі, заміраючы ад захаплення перад стракатым калейдаскопам кружачых фігур і асляпляльнай разнастайнасцю фарбаў, абадраны, але сапраўдны прынц Уэльскі ля варот ратушы голасна заяўляў свае правы, скардзіўся на свае крыўды, выкрываў самазванца і патрабаваў, каб яго ўпусцілі. Гэта забаўляла людзей надзвычайна; усе ціскаліся наперад і выцягвалі шыі, каб зірнуць на маленькага бунтара. Потым пачалі смяяцца і здзеквацца з яго наўмысля, дзеля пацехі, каб выклікаць у яго яшчэ большую злосць, якую яны лічылі забаўнай. Слёзы крыўды выступалі ў яго на вачах, але ён быў настойлівы і ўпарта спрачаўся з натоўпам. Здзекі сыпаліся на яго зноў і зноў, новыя насмешкі ўпікалі яго, і ён нарэшце ўскрыкнуў:

— Вы, зграя грубых сабак! Кажуць вам, я — прынц Уэльскі! І хоць я адзінокі і пакінуты блізкімі, і няма нікога, хто-б сказаў мне тут добрае слова ці захацеў памагчы мне ў бядзе, — усё-ж я не ўступлю сваіх правоў і буду стаяць на сваім.

— Прынц ты ці не прынц, усёроўна: ты храбры хлапец, і ад гэтага часу не смей гаварыць, што ў цябе няма ніводнага друга! Вось я стану побач з табой і дакажу, што ты памыляешся. І клянуся табе, Майлс Гендон не самы горшы з тых, каго ты мог-бы знайсці сабе за друга, не змарыўшыся ад пошукаў. Дай

Незнаёмы раскідваў нападаўшых.

адпачыць свайму языку, дзіця маё, а я пагавару з гэтымі подлымі пацукамі на іх роднай мове.

Гаварыўшы чалавек быў высокі, зграбны, мускулісты. Яго камзол і штаны былі з дарагога матэрыялу, але гэты матэрыял выцвіў і працёрся да нітак, а залатыя галуны зрабіліся цьмянымі; брыжы на яго каўняры былі пакамечаны і прадраны; берагі яго капелюша былі апушчаны ўніз; пяро на яго капелюшы было зламанае, запырсканае гразёю і наогул мела вельмі гаротны выгляд; пры баку ў незнаёмага вісела даўгая шпага ў заіржавелых жалезных ножнах; па задзірыстым выглядзе адразу было відаць, што гэта хвацкі забіяка. Словы гэтага дзіўнага воіна былі сустрэты насмешкамі і рогатам. Пасыпаліся крыкі: «Во яшчэ адзін маскарадны прынц!» — «Прыкусі язык, прыяцель: бачыш, які ён сярдзіты!» — «і то праўда, вунь як ён глядзіць!» — «Адцягніце ад яго хлапчука, у ваду шчаня!»

У адзін міг выконваючы гэту шчаслівую выдумку, нехта ужо схапіў прынца за шыварат, але незнаёмец таксама ў адзін міг выхапіў шпагу і зваліў дзёрзкага на зямлю звонкім ударам плашма. Зараз-жа дзесяць галасоў адразу закрычалі: «Забіць гэтага пса! Бі яго! бі!» і натоўп накінуўся на незнаёмца; а той прысланіўся да сцяны і як шалёны размахваў даўгой шпагай, раскідаючы вакол сябе нападаўшых. Афяры яго так і валіліся на зямлю, але людзі, топчучы іх нагамі, накідваліся на героя з неаслабнай ярасцю. Пагібель яго здавалася немінучай, але тут раптам затрубіла труба, і нечы голас загрымеў:

— Дарогу каралеўскаму ганцу!

Прама на людзей скакаў атрад конных салдат. Усе кінуліся хто куды, а храбры незнаёмец падхапіў прынца на рукі і скора быў далёка ад натоўпу і небяспекі.

Але вернемся у ратушу. Заглушаючы шум гульбы і крыкі вясёлага банкета, раптам у залу ўварваўся чысты і выразны гук рога. Адразу наступіла глыбокая цішыня, і сярод гэтай цішыні пачуўся адзін голас—голас ганца, прысланага з палаца. Усе, як адзін чалавек, усталі і пачалі слухаць.

Прамова ганца скончылася ўрачыстымі словамі:

— Кароль памёр!

Усе, нібы па камандзе, схілілі галовы на грудзі і некалькі хвілін аставаліся ў глыбокім маўчанні; потым кінуліся на калені перад Томам, працягваючы да яго рукі і агалашаючы ўвесь будынак гучнымі крыкамі, ад якіх сцены задрыжалі:

— Хай жыве кароль!

Вочы беднага Тома, аслепленыя гэтым цудоўным з’явішчам, збянтэжана блукалі навакол і нарэшце спыніліся на прынцэсах, якія таксама апусціліся перад ім на калені, потым на лордзе Гертфордзе. На твары яго выразілася рашучасць. Ён нагнуўся да лорда Гертфорда і шапнуў яму на вуха:

— Скажы мне праўду, шчыра, сумленна! Каб я зараз выдаў загад, якога ніхто не мае права выдаваць, апрача караля, ці быў-бы гэты загад выкананы? Ніхто не ўстаў-бы і не крыкнуў: «нельга!»

— Ніхто, гасудар, ніводзін чалавек ва ўсім каралеўстве. У тваёй асобе загадвае валадар Англіі. Ты — кароль, твая воля — закон.

Тады Том прамовіў цвёрдым голасам, горача, з вялікім уздымам:

— Дык няхай жа ад гэтага часу воля караля будзе законам міласці, а не законам крыві. Устань з кален! і хутчэй у Тауэр абвясціць каралеўскую волю: герцаг Норфолькскі астанецца жыць.

Словы гэтыя мігам былі падхоплены і, перадаючыся з вуснаў у вусны, пранесліся па ўсёй зале. І не паспеў Гертфорд выйсці, як сцены ратушы зноў задрыжалі ад аглушальных крыкаў:

— Скончылася царства крыві! Хай жыве Эдуард, кароль Англіі!


  1. Легендарныя волаты ў казках англійскага народа, а раней — біблейскіх казках.
  2. Менестрэлі — вандроўныя спевакі-музыканты і паэты.