Прынц і жабрак (1940)/1
Раздзел першы. Нараджэнне прынца і нараджэнне жабрака Раман Аўтар: Марк Твэн 1940 год Арыгінальная назва: The Prince and the Pauper (1881) Пераклад: Янка Маўр |
Раздзел другі. Дзяцінства Тома → |
РАЗДЗЕЛ ПЕРШЫ
НАРАДЖЭННЕ ПРЫНЦА і НАРАДЖЭННЕ ЖАБРАКА
Гэта было ў канцы другой чвэрці шаснаццатага стагоддзя.
У адзін асенні дзень у старым горадзе Лондане ў беднай сям’і Кэнці нарадзіўся хлопчык, нікому ў гэтай сям’і непатрэбны.
У той-жа дзень у багатай сям’і Тюдораў нарадзілася другое дзіця, усімі жаданае і чаканае, патрэбнае не толькі сваёй сям’і, але і ўсёй Англіі. Англія так даўно марыла аб ім, чакала яго і маліла бога аб ім, што, калі яно сапраўды з’явілася на свет, народ нібы ашалеў з радасці.
Нават мала знаёмыя паміж сабой людзі, сустракаючыся ў гэты дзень, абнімаліся, цалаваліся і плакалі. Ніхто не працаваў. Усе святкавалі. Бедныя і багатыя, простыя і знатныя — піравалі, танцавалі, спявалі і частаваліся віном, і гэтая гульба працягвалася некалькі дзён і начэй. Удзень Лондан меў вельмі прыгожы выгляд: на кожным балконе, на кожным даху развяваліся яркія флагі, па вуліцах хадзілі пышныя працэсіі. Уначы таксама было на што паглядзець: на ўсіх скрыжаваннях палалі вялізныя кастры, а вакол іх весяліліся цэлыя эскадроны гуляк.
Ва ўсёй Англіі толькі і гутаркі было, што аб нованароджаным Эдуардзе Тюдору, прынцу Уэльскім[1], а той ляжаў захінуты ў шаўкі і батысты, не падазраючы аб усёй гэтай мітусні і не ведаючы, што з ім няньчацца знатныя лорды і лэдзі, — для яго гэта было зусім усёроўна.
Але нідзе не было гутаркі пра другое дзіця, пра Тома Кэнці, загорнутага ў рваныя анучы. Гаварылі аб ім толькі ў той жабрацкай, убогай сям’і, для якой яго з’яўленне на свет абяцала так многа цяжкіх згрызот.
- ↑ Прынц Уэльскі — наследнік англійскага прастола.