Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XXX. Том спраўляецца

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Разьдзел XXIX Прынц і жабрак
Разьдзел XXX. Том спраўляецца
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел XXXI


У той час, як сапраўдны кароль туляўся па краі ў беднай вопратцы, кормячыся напалову, зносячы пабоі і насьмешкі то з боку бадзякаў, то з боку зладзеяў і забойцаў, у той час, як усе называлі яго вар’ятам і ашуканцам, — думанны кароль Том Канці карыстаўся саўсім іншымі варункамі жыцьця.

У апошні раз мы пакінулі яго, калі ён толькі што пазнаў сьветлы бок каралеўскага пэлажэньня. 3 кожным днём гэты сьвет разрастаўся ўсё ў большы і большы бліск і хутка зрабіўся блізу што яркім сонцавым зіхаценьнем, напаўняўшым яго душу радасьцю. Куды дзеліся яго страхі, баязьлівасьць ды нерашучасьць — усё быццам рукою зьняло: іхняе месца заняло непрымушанае, самапэўнае абходжаньне. Ён шырока карыстаўся ведамасьцямі з невычарпальнае крыніцы маленечкага Гёмфры. Ён бесцэрамонна загадваў клікаць лэді Ажбету і лэді Джэньні Грэй, калі хацеў пагуляць ці пагаманіць, і адпушчаў іх з гэткім выглядам, быццам гэта было для яго ня новым; ані ня смуціла яго і тая акалічнасьнь, што гэткія важныя асобы цалавалі яго ў руку на разьвітаньне.

Навет урачыстыя цэрамоніі ўкладаньня ў пасьцель і апрананьні раніцаю пачыналі яму падабацца. Вялікаю ўцехаю было для яго таксама ісьці на палудзень у акружэньні сьвіты вяльможаў і целахраніцеляў і ён навет удвоіў сваю ганаровую варту, давёўшы яе да сту чалавек. Яму прыемна было чуць гукі горну, што разьлягаліся ў даўгіх калідорах, і аддалены гук галасоў, пераходзіўшы ў воклікі: «Дарогу каралю!»

Ён навет любіў сядзець на пасадзе сярод дзяржаўнае рады і думаць, што лёрд-протэктар ня можа распараджацца ім, як пешкаю. Ахвотна прымаў ён і надзвычайных пасланцоў з іхняю пышнаю сьвітаю, выслухваў прыяцельскія граматы, якія яны прывозілі ад сваіх каралёў, падвышаўшых яго «братам». О, шчасьлівы Том Канці, нядаўны жыхар Офаль-Корту! Яму падабалася раскошная вопратка яго, і ён заказваў сабе ўсё навейшыя ўборы; чатырохсот чалавек слугаў цяпер мала было для яго каралеўскае велічы — ён патроіў лік іх. Лісьлівасьць і лашчаньне рабалепных царадворцаў зьвінела ў яго вушох прыемнаю музыкаю. Паранейшаму застаючыся добрым і ня злым, ён зрабіўся ўладарным і рашучым заступнікам пакрыўджаных і вёў бесьперастанную барацьбу проці несправядлівых законаў; аднак-жа, пры здарэньні, калі бывала ўзлуецца, ён меў сілу абарваць якога-нібудзь графа, альбо навет і гэрцога і падарыць яго гэткім паглядам, што таго кідала ў трасцу. Аднаго разу, калі яго аўгусьцейшая «сястра», строгая й набожная лэді Мэры, пачала пярэчыць мэтазгоднасьці яго рэзалюцыяў аб памілаваньні гэткае масы людзей, якія павінны былі трапіць у вастрог, на шыбеніцу ці на стос, і напомніла яму, што пры нябожчыку бацьку тамілася ў арышце да пяцьдзесяцёх тысяч праступнікаў, што ў працягу яго слаўнага панаваньня кат адправіў на той сьвет больш, як семдзесят дзьве тысячы зладзеяў і разбойнікаў, — хлопчык загарэўся шляхетным гневам, прыказаў ёй пайсьці ў свае пакоі і маліць Бога, каб ён вырваў з грудзей яе камень і ўлажыў замест яго чалавечае сэрца.

Няўжо-ж гэта Тома ніколі ня трывожыла думка пра беднага законнага, маленечкага прынца, які гэтак ласкава абыйшоўся з ім, які з гэткаю гарачкаю кінуўся, каб расправіцца з грубым вартаўніком, стаяўшым каля брамы палацу. Так, першыя дні і ночы, праведзеныя ім у палацы, былі атручаны цяжкімі думамі аб згінуўшым прынцу; ён шчыра жадаў яго павароту і шчасьлівага аднаўленьня яго ў правох. Але з бегам часу, згубіўшы надзею ўбачыць свайго дабрадзея, Том усё больш ды больш уцягваўся ў новую, цудоўную абстаноўку, і абраз маленькага монарха блізу што саўсім сьцёрся з яго памяці; а часам, калі гэтая прыява неадступна прасьледавала яго, дык ён гарэў ад сораму і гатоў быў узваліць на сябе віну.

Бедная маці й сёстры таксама былі запомнены Томам. Спачатку ён сумаваў па іх і гараваў, хацеў бачыць іх, але пасьля думка аб тым, што ў адзін прыгожы дзень яны могуць зьявіцца ў палац абадраныя і гразныя, выдаць яго сваімі абняцьцямі ды пацалункамі, скінуць з вышыні велічы і ўцягнуць за сабою ў бяздоньне галіты ды паніжэньня, — адна думка аб гэтым кідала яго ў трасцу. Урэшце ўсяго і яны пакінулі турбаваць яго. І ён быў задаволены, навет рад, бо кожны раз, як перад ім паўставалі гэтыя сумныя, поўныя дакору твары, ён пачуваў сябе пагардлівей за ўсякую паўзучую гадзіну.

19-га лютага, а поўначы, Том Канці заснуў у сваёй багатай пасьцелі, сярод пышнае царскае абстаноўкі, ахоўваны вернымі васаламі. Шчасьлівы хлопчык! Заўтра павінна адбыцца ўрачыстая каранацыя яго. А ў той час Адварды, сапраўдны кароль, галодны, змораны, выпацканы ў гразі, у параднай адзежы — пасьледзтва бойкі, у якую ён трапіў — быў аднесены ў бок хваляю народу, з глыбокай цікавасьцю глядзеўшаю, як рабочыя клапатліва, быццам мурашкі, снавалі каля Вэстмінстэрскага абацтва, канчаючы падрыхтаваньні да каранацыі.