Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел XV. Том — кароль

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Разьдзел XIV Прынц і жабрак
Разьдзел XV. Том — кароль
Аўтар: Марк Твэн
Разьдзел XVI
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




На чародны дзень зьявіліся чужаземныя паслы з бліскучаю сьвітаю; Том прымаў іх, седзячы на пасадзе, акружаны раскошнаю абстаноўкаю. Спачатку ён быў вельмі рад ад пышнага зьявішча, уяўленьне яго разгулялася, але аудыенцыя выйшла надта доўгая й невясёлая, як і большая часьць прамоваў — адным словам, нядаўная радасьць паступова перайшла ў сум і тугу. Том голасна казаў фразы, якія ад часу да часу падказваў яму Гэртфорд; ён з усяе сілы стараўся, як мае быць, справіцца з накладзенай на яго задачаю, але справа была для яго новая і настолькі мудрая, што нялёгка было хаця так-сяк выпаўніць яе. Хлопчык выглядаў блізу што сапраўдным каралём, але далёка ня так чуў сябе. Ён шчыра ўцешыўся, калі цэрэмонія скончылася.

Большая часьць дня згублена, — думаў ён,— у занятках, што ляжаць на яго абавязку. А тыя дзьве гадзіны, якія прызначаліся на гульні й веселасьць, хутчэй былі для яго цяжкімі, настолькі ён сьцісьнены быў рознымі абмежаваньнямі ды этыкетам. Хоць-жа, яму выпала гадзінка ў таварыстве Гёмфры, — прыемная гадзінка, таму што, апрача ўцехі, ён вынес яшчэ такія-сякія неабходныя ведамасьці.

Трэці дзень караляваньня Тома Канці прайшоў гэтак-жа сама, як і першыя два дні; але з аднаго боку ахінаўшы яго туман разьвеяўся—ён ужо не пачуваў сябе гэтак няспрытна, як раней. Пакрысе ён прывыкаў да акружаўшай яго абстаноўкі; кайданы няволі ўсё яшчэ трывожылі яго, хоць і не заўсёды. Ён пачаў заўважаць, што прысутнасьць вяльможаў ды іхняя лісьлівасьць з кожнай гадзінай усё менш ды менш зьвязваюць ды засмучваюць яго.

Аднаго толькі ён баяўся — падходзіў чацьвёрты дзень, якога ён чакаў не бяз трывогі ў сэрцы, — дзень параднага абеду. У праграму заняткаў уваходзілі асабліва важныя справы: Тому надходзіла маршалкаваць у радзе й выказаць свае пагляды, накідаць пляны вонкавай палітыкі адносна чужаземных дзяржаваў, параскіданых па ўсёй зямной кулі; ў той-жа самы дзень Гэртфорд павінен быў быць узьведзены офіцыяльна ў стан лёрда-протэктара. Былі назначаны й іншыя важныя справы, але яны здаваліся Тому пустымі, ў параўнаньні з цяжкаю пробаю — абедаць пры гэткай масе цікавых вачэй, уталопленых у яго, пры бесьперастанным перашэптаваньні аб яго павядзеньні, асабліва калі ён будзе мець няшчасьце дапусьціць тую ці іншую абмылку.

Але вось настаў страшны чацьвёрты дзень, Бедны Том сустрэў яго ў прыгнечаным становішчы духу; ён ніяк ня мог адкараскацца ад гэткага настрою. Звычайныя ранешнія заняткі тамілі яго, рукі зьвісалі. Ізноў адчуваўся гнёт цяжкае няволі.

Каля паўдня ён ужо быў у вялікай аудыенц-залі і вёў гутарку з графам Гэртфордам, з сумам чакаючы гадзіны прынятку саноўнікаў і прыдворных.

Падыйшоўшы да вакна, Том зацікавіўся жвавым рухам на вялікай дарозе, за брамаю палацу, — і ня простая цікавасьць загаварыла ў ім, а непераможнае жаданьне асабіста быць у гэтым натаўпе. Ён бачыў, падходзіўшую з гікам і крыкам, масу беспарадачнае чэрні — мужчын, жанчын і дзяцей найпрасьцейшае і найбяднейшае клясы.

— Хацеў-бы я ведаць, што там робіцца! — сказаў ён з цікавасьцю, свойскаю хлопчыкам у падобных выпадках.

— Ты—кароль! — урачыста прамовіў граф, нізка кланяючыся. — Ласка будзе вашае вялікасьці прыказаць даведацца?

— Але, калі ласка! Вельмі рад буду ведаць, у чым справа! — адказаў Том з гарачнасьцю, і падумаў сабе, з пачуцьцём асаблівае ўцехі: „Праўду кажучы, быць каралём не заўсёды сумна, ёсьць у гэтым свае добрыя бакі й выгады".

Граф паклікаў пажа і паслаў яго да капітана гвардыі з гэткім загадам:

— Затрымаць натаўп і даведацца аб прычыне неспакою. Імем караля!

Цераз некалькі сэкундаў з брамы палацу пацягнула доўгая шэрэнга каралеўскае гвардыі ў блішчастай сталёвай вопратцы і выстраілася ўпоперак дарогі, перад самам натаўпам. Пасланец вярнуўся й далажыў, што народ скіроўваецца на лобнае месца, праводзячы мужчыну, жанчыну й маладую дзеўчыну, прыгавораных да кары сьмерці за праступленьні проці грамадзкага спакою й бясьпечнасьці.

Сьмерць, жахоўная сьмерць чакала няшчасных. Гэтая думка змусіла Тома здрыгануцца. Пачуцьцё літасьці заўладала ім, адсунула ўсе іншыя меркаваньні; яму і да галавы ня прыйшло, што гэтыя людзі нарушылі закон, прычынілі гора й пагібель сваім ахвярам; ён ні аб чым не падумаў, апрача шыбеніцы й жахоўнае долі, вісеўшае над галовамі засуджаных. Літасьць заглушыла ў ём навет сьвядомасьць таго, што ён, гэтак кажучы, толькі абраз караля, а не кароль. Але раней, чымся ён сьцяміў гэта, ў яго вырваўся загад:

„Прывясьці іх сюды!"

Ён пачырванеў да вушэй і рыхтаваўся прамармытаць тое-сёе ў сваё апраўданьне; але, заўважыўшы, што яго загад ня выклікаў зьдзіўленьня з боку графа й дзяжурнага пажа, прамаўчаў. Паж, найсур'ёзней выглядаўшы, нізка пакланіўся і адступіў да дзьвярэй, каб перадаць загад. Том пачуў прыліў гордасьці ад разуменьня прывілеяў і выгадаў каралеўскага палажэньня: „Але, гэта й сапраўды, — падумаў ён, — змахвае на тое, што я перажываў пры чытаньні кніжак старога сьвяшчэньніка, калі, бывала, ўяўляў сябе прынцам, выдаваў законы, аддаваў загады: „Зрабіць тое! Споўніць гэтае!" і ніхто ня сьмеў працівіцца мне або пярэчыць маёй волі".

Але вось дзьверы адчыніліся: гучныя тытулы пачалі рэкамандавацца адзін за адным і ўласьнікі іхнія пакрысе зьяўляліся, так што заля хутка напалову напоўнілася вяльможамі і шляхтай. А Том як быццам і не заўважыў прысутнасьці гэтых паноў, да таго быў ён узварушаны й ахоплены іншаю болей важнаю акалічнасьцяй. Ён, сам ня свой, сеў на раскошнае крэсла і не адрываў вачэй ад дзьвярэй, выказваючы ад часу да часу нецярплівае чаканьне. Прысутныя, заўважыўшы гэта, пакінулі займацца ім і пусьціліся ў гутарку аб дзяржаўных справах ды часткаю аб прыдворных навінах.

Хутка пачуліся роўныя крокі ваякаў і ў залю ўвайшлі засуджаныя, у праводжаньні памоцніка шэрыфа й канвою з аддзелу каралеўскае гвардыі. Вураднік стаў на адно калена перад Томам, і затым адыйшоў у бок; трое праступнікаў таксама ўпалі на калены й засталіся ў гэткім палажэньні; варта заняла месца ззаду за каралеўскім пасадам. Том з цікавасьцю аглядаў засуджаных. Штосьці знаёмае ў вопратцы ці ў павярхоўнасьці мужчыны збудзіла ў ім няясны ўспамін. „Здаецца, я недзе бачыў гэтага чалавека... але-ж дзе напэўна й калі — ня прыпомню",—падумаў ён. Тут якраз праступнік борзда падняў вочы і таксама борзда спусьціў іх, ня сьмеючы проста глядзець на магутнага монарха; але аднаго пагляду даволі было для Тома. „Цяпер ведаю", рашыўён, „гэта той самы незнаёмы, яні выцягнуў Джайльса Уітта з Тэмзы й выратаваў ему жыцьцё ў бурны, халодны дзень новага году. Гэта быў адважны паступак... Жаль, што ён пусьціўся ўва ўсе нялёгкія ды ўліп. Не запомню гэтага дня, не запомню й гадзіны, па тэй простай прычыне, што роўна гадзіну пачакаўшы, калі выбіла адзінаццатая, бабка Канці ўласнаручна дала мне гэткую бяспрыкладна гарачую лазьню, якой я ніколі не даставаў ні раней, ні пазьней".

Том загадаў на нейкі час выдаліць жанчыну й дзеўчыну і зьвярнуўся да памоцніка шэрыфа:

— Сэр, якое праступленьне зрабіў ён?

Вураднік, стаўшы на калена, адказаў:

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, ён атруціў чалавека.

Спачуваньне Тома да арыштанта й сымпатыя да яго, як адважнага збавіцеля топленіка хлопчыка, значна аслабела.

— Даказана было праступленьне? — спытаўся ён.

— Саўсім, гаспадару.

Том уздыхнуў і прамовіў:

— Адвядзеце яго—ён заслужыў кару сьмерці. Шкада, ён гэткі адважны... гэта, вось, выгляд у яго такі.

Тут праступнік з раптоўнаю энэргіяй выцягнуў рукі, з адмогаю ламаючы іх і, ў той-жа самы час, палахліва молячы караля:

— О, гаспадазру, табе шкада атручанага—дык зьлітуйся і нада мною. Я невінаваты — абвінавачаньне не даказана... Але ня ў гэтым справа,— прыгавар проці мяне вынесены і ўжо ня будзе адменены... У няшчасьці сваім я прашу толькі аднае міласьці... жорсткі мне прыгавар... Зьлітуйся, зьлітуйся, гаспадару, і, ў царскім міласэрдзі тваім, аддай загад павесіць мяне!...

Том быў аглушаны. Не таго чакаў ён.

— Дзіўна, вось дык дзіўная міласьць. Ці-ж не на гэткую самую кару засудзілі цябе?

— Не, гаспадару! Мне надходзіць час быці звараным жыўцом.

Пры гэтых словах Том ад зьдзіўленьня блізу што падскочыў на сваім крэсьле. Супакоіўшыся крыху, ён сказаў:

— Хай будзе патвойму. Калі-б ты навет атруціў сотню людзей, ты ўсё такі не павінен памёрці гэткаю нялюдзкаю сьмерцю.

Засуджаны ўпаў ніцьма і рассыпаўся ў словах гарачае падзякі.

— Калі на тваю долю калі-нібудзь, — не давядзі Божа, — выпадзе гора, хай залічыцца табе тваё міласэрдзе, гаспадару!

— Мілёрд, ці-ж магчыма, каб чалавек гэты быў засуджаны на гэткую нялюдзкую кару? — спытаўся Том, зьвярнуўшыся да Гэртфорда.

— Гэткі, вашая вялікасьць, закон проці труціцеляў. У Нямеччыне фальшывых монэтчыкаў вараць у растопленым масьле, —ды не адразу ўкідаюць іх у кацёл, а паступова на вяроўцы спушчаюць — спачатку ногі, пасьля тулава, пасьля.

— О, калі ласка, сьціхні, мілёрд, я не магу гэтага вытрываць, — сказаў Том, закрываючы твар рукамі, як быццам ня хочучы бачыць жахоўны абраз. Малю вас, добры мілёрд, загадайце адмяніць гэты закон — хай болей ня робяць з няшчаснымі гэткіх пытак.

Твар графа заясьнеў ад шчырае ўцехі; ён быў чалавек з добрымі й людзкімі нахіламі — якасьці, што не асабліва часта спатыкаліся ў тыя лютыя часы ў людзей вышэйшае клясы.

— Гэтыя добрародныя словы вашае вялікасьці кладуць канец гэткім жорсткасьцям, гісторыя выпіша вашыя словы на сваіх скрыжалях на чэсьць і славу ўсяго вашага каралеўскага дому.

Шэрыф ужо зьбіраўся павясьці праступніка, але Том знакам загадаў яму пачакаць.

— Сэр, я хацеў-бы падрабней азнаёміцца з гэтаю справаю. Засуджаны цьвердзіць, што проці яго няма важкіх доказаў. Раскажы мне ўсё, што табе вядома.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, што чалавек гэты, як выясьнілася на сьледстве, зайшоў у адну з хацінак у вёсцы Ісьлінгтон, дзе ляжаў хворы... Трох сьведкаў паказала, што гэта было а дзесятай гадзіне раніцай, а двох — што на некалькі мінут пазьней. Хворы ў той час быў адзін і спаў. Затым чалавек гэты выйшаў і пайшоў сваею дарогаю. Цераз гадзіну хворы памёр у страшэнных сударгах.

— Ці-ж бачыў хто-нібудзь, што яму далі атруты? Знойдзена была атрута?

— Не, гаспадару.

— Адкуль-жа ўзялі, што хворы быў атручаны?

— Сьмею далажыць, дактары пацьвярдзілі, што гэткія сымптомы бываюць толькі пры атручэньнях.

Гэта было важкім доказам у той грубы век. Том разумеў, якую сілу гэта мае.

— Дактары, ведама-ж, ведаюць сваё дзела, — сказаў ён, — яны, мусі, праўдзівы. Акалічнанасьці гавораць не на карысьць засуджанага.

— Але гэта яшчэ ня ўсё, вашая вялікасьць; ёсьць тое-сёе паважнейшае ды горшае. Шмат хто паказаў, што варажбітка, невядома куды зьнікшая пасьля з вёскі, спраракавала, — і сакрэтна яна казала аб гэтым кожнаму са сьведкаў, — што хворы памрэ ад атруты, апрача таго, што атрута дастанецца яму ад рукі невядомага мужчыны з чорнымі валасамі, апраненага ў простую паношаную вопратку. Як бачыце, праступнік страшэнна адпавядае апісаньню. Пры гэтым, вашая вялікасьць, прашу зьвярнуць увагу на асабліва важную акалічнасьць — на праракаваньне варажбіткі.

У той забабонны час падобны довад меў непераможную сілу. Том разумеў, што справа скончана; калі яшчэ меліся й паказаньні сьведкаў, дык віна лічылася даказанаю. Аднак, ён даў арыштанту апошняе слова.

— Калі можаш сказаць што-нібудзь у сваё апраўданьне, дык кажы:

— Нішто не паможа мне, гаспадару. Я невінаваты, але не магу нічым пацьвярдзіць гэтага. Няма ў мяне тутака знаёмых, а то я даказаў-бы, што навет і ня быў у Ісьлінгтоне ў той дзень; я даказаў-бы, што ў той час, які яны прыводзяць, быў я ў Уопінг-Ольд-Стэйрсе, больш, як за мілю дарогі. Мала таго, гаспадару, я мог-бы выясьніць, што якраз у гэту мінуту я ратаваў чалавека, а не пазбаўляў каго-нібудзь жыцьця. Хлопчык, што тапіўся...

— Годзі! Шэрыф, у які дзень было зроблена праступленьне?

— У дзень новага году, найсьвятлейшы гаспадару, каля дзесятай гадзіны раніцай.

— Пусьціць арыштованага на волю — гэтак загадвае кароль!

Падчас гэтае рэзвасьці, не саўсім адпаведнай каралеўскай дастойнасьці, ён увесь пачырванеў, і, як умеў, пастараўся загладзіць сваё павядзеньне.

— Мяне ліха бярэ, — сказаў ён, — што маглі засудзіць чалавека на сьмерць, на грунце гэткіх непраўдзівых, лёгкаважных паказаньняў.

Глухі шэпт зьдзіўленьня праляцеў па ўсёй залі. Усе вельмі ўцешыліся, але не ад рэзалюцыі Тома, — бо наўрад, ці хто-нібудзь з прысутных пачаў-бы згаджацца з апраўданьнем труціцеля, ці цешыцца літасьцю да праступніка, — не, уцеха адносілася да кемкасьці й розуму, выказанага хлопчыкам. Пачуліся ціхія ўвагі:

— Ды ён саўсім не звар'яцелы — ён пры здаровым розуме.

— Як разумна паставіў ён пытаньні. Як характарна гэтае крутое, бойкае рашэньне.

— Дзякуй Богу, хвароба прайшла. Перад намі не якая-нібудзь слабая істота, а сапраўдны кароль. Ён трымаў сябе быццам нябожчык бацька.

Хвальбе ня было канца, і да Томавых вушэй, натуральна, дзе-што дайшло. Апошняя акалічнасьць супакойлівым чынам падзеяла на яго — шляхетны паступак выклікаў у ім пачуцьцё самаздаволеньня.

Аднак-жа, юнацкая цікавасьць узяла верх над прыемнымі думкамі і пачуваньнямі; яму захацелася ведаць, якое праступленьне зрабіла жанчына з дзеўчынай. Па яго загаду, спалоханыя, плакаўшыя праступніцы былі прыведзены ў залю.

— У чым іхняя віна? — спытаўся ён у шэрыфа.

— Сьмею далажыць вашай вялікасьці, абвінавачваюцца яны ў цяжкім праступленьні, ясна даказаным; суд, на аснове гэтага, згодна з законам, прыгаварыў іх павесіць. Яны прадалі душу — вось у чым іхняя віна!

Том здрыгануўся. Яму змалку ўдзяўблі агіду да людзей, упаўшых у гэткі грэх. Аднак-жа, ён не хацеў адмовіцца ад задаволеньня свае цікавасьці.

— Калі гэта было і дзе? — спытаўся ён.

— У адну з студнёвых ночаў, калі выбіла поўнач, у поўразваленай цэркве, вашая вялікасьць.

Дрыготкі прабеглі па Томавым целе.

— Хто быў пры гэтым?

— Толькі яны ды нячысьцік...

— А прызналіся яны?

— Не, гаспадару, яны адмаўляюцца ад свайго праступленьня.

— Тады, як-жа ж яно зрабілася вядомым?

— Вашая вялікасьць, некалькі сьведкаў бачылі, як яны скіроўваліся туды; зьявілася падазрэньне, а страшныя зьявішчы, быўшыя пасьля, пацьвярдзілі й відавочна даказалі справядлівасьць меркаваньня. Паміж іншым, доказам служаць грымоты, выкліканыя нячыстаю сілаю і спусташыўшая ўсю акругу. Больш як сорак чалавек былі сьведкамі грымотаў, ды іх і тысяча знайшлася-б, таму што ўсім гром памятны, усе ад яго пацярпелі.

— Гэта, пэўна што, важны факт.

3 мінуту Том моўчкі важыў страшэнную цёмную справу; пасьля раптам спытаўся:

— А сама яна пацярпела ад буры?

Некалькі старыкоўскіх галоваў заківала, у знак таго, што пытаньне пастаўлена вельмі спрытна. Шэрыф, аднак-жа, не зразумеў глыбокага сэнсу яго і прастадушна адказваў:

— Пэўна, што пацярпела, вашая вялікасьць, і саўсім заслужыўшы гэта — так усе кажуць. Яе хаціну саўсім зьнясло і яна з дзіцянём засталася без страхі.

— Мне здаецца, што за надта дарагую цану купіла яна ўмеласьць наклікаць на сябе бяду. Калі гэта каштуе ёй хоць фарсінг, — значыцца чорт ашукаў яе; калі яна аддала яму сваю душу й душу дзіцяці, дык яна звар'яцелая, а калі яна звар'яцелая, дык ня ў сіле даваць сабе справаздачы ў сваіх дзеяньнях і, значыцца, ня можа грашыць.

Ізноў захадзілі старыкоўскія галовы з уцехі ад Томавай мудрасьці. Нехта прамармытаў: „Калі кароль ня пры розуме, як ходзіць дзейка, дык гэта такое вар'яцтва, што дай Божа кожнаму, і ўва ўсіх розуму пабольшала-б".

— Колькі гадоў дзеўчынцы?—спытаўся Том.

— Дзевяць гадоў, вашая вялікасьць.

— Мілёрд, ці можа дзіця, паводлуг ангельскіх законаў, рабіць дагавор і прадаваць сябе?— спытаўся Том, зьвяртаючыся да вучонага законазнаўцы.

— Закон, гаспадару, забараняе дзецям уваходзіць у якія-б сабе ні было дагаворы, на тэй аснове, што, пры сваім слабым разуменьні, яны ня ў сіле вясьці справы побач з дарослымі й бароцца проці іхніх хітрасьцяў. Чорт можа купіць душу дзіцяці, калі яму хочацца і калі апошняя згодна, а ангелец не — у гэтым выпадку контракт лічыўся-б няважным.

— Ды гэта бязглуздая й нячэсная пастанова. Як ангельскі закон адмаўляе ангельскаму грамадзяніну ў праве, якое ахвотна дарыць чорту! — выгукнуў Том у шляхетным парыве.

Гэткі новы пагляд на рэчы выклікаў нямала ўсьмешак; шмат хто пастараўся запамятаць яго, каб пасьля расказаць у кругу прыдворных, як доказ арыгінальнасьці Тома і шпаркага ходу выздараўленьня.

Жанчына сьціхла плакаць, прыслухваючыся да словаў караля з глыбокім неспакойствам і падрастаўшаю надзеяю. Том заўважыў гэта і пачуў літасьць да няшчаснае, што знаходзілася ў нязвычайна цяжкім безабаронным палажэньні.

— Якім чынам выклікалі яны буру? — спытаўся ён.

— Скінуўшы з сябе панчохі, гаспадару.

Том зьдзівіўся; цікавасьць яго павялічвалася.

— Дзіўна! — сказаў ён жыва. — І заўсёды гэта выклікае гэткія грозныя зьявішчы?

— Заўсёды, гаспадару, — па крайняй меры, калі жанчына захоча і ў думках або голасна выгаварыць патрэбнае закляцьце.

Том зьвярнўўся да жанчыны і горача сказаў:

— Пакажы-ж сваю сілу — хачу сам убачыць буру.

Прысутныя зьбялелі ад невядомага страху, усе выявілі жаданьне выбрацца з палацу. Том нічога не заўважаў, ён увесь быў ахоплены думкаю аб меўшай быць тарапе. Бачачы, што жанчына задумана і зьдзіўлена, ён борзда дадаў:

— Ня бойся — табе нічога ня будзе. Больш за гэта — ты будзеш вольнай; ніхто не кране цябе пальцам. Пакажы сваю ўладу.

— О, гаспадару, я ня ў сіле зрабіць гэта — мяне дарэмна абвінавацілі.

— Страх стрымлівае цябе. Ня бойся — табе нічога ня будзе. Толькі выкліч буру — хоць самую нязначную. Я не хачу вялікае і руйнацкае... Зрабі гэта і жыцьцё тваё ўратована. Ты будзеш адпушчана на волю з дзіцянём, кароль дасьць табе літасьць, і ніхто ўва ўсёй дзяржаве не пасьмее скрыўдзіць цябе.

Жанчына ўпала ніцьма і са сьлязьмі ў вачох, бажылася, што яна ня мае сілы тварыць цуды, бо йначай яна з радасьцяй ахвяравала-б уласнае жыцьцё, абы толькі выратаваць жыцьцё дзіцяці,— выклікаць літасьць, якою кароль гатоў быў абдарыць яе.

Том упіраўся далей; але жанчына ўсё цьвярдзіла сваё.

— Я думаю, што яна кажа праўду, — сказаў, нарэшце, Том. — Будзь на яе месцы мая маці, будзь яна абдарана чартоўскаю сілаю, дык яна ні на мінуту не задумалася-б выклікаць буру і абярнуць увесь край у руіну, калі-б магла гэтым уратаваць мне жыцьцё! А вядома, што ўсе маці на адзін лад. Ідзі, бедная жанчына, ты свабодна, й дачка твая таксама. Я пераконаны, што вы невінаваты. Цяпер, калі табе няма чаго баяцца, разуйся, скінь панчохі — выкліч буру і я цябе абзалачу.

Памілаваная рассыпалася ў гучных выказвзньнях падзякі; яна пакарылася волі Тома,

нязводзіўшага з яе вачэй з нецярплівым і трывожным чаканьнем; царадворцы выявілі выразную трывогу і баязьлівасьць.

Жанчына разулася, разула маленькую дзеўчынку і ўсяляк старалася ўнаравіць каралю, ў падзяку за яго міласэрдзе, і выклікаць землетрасеньне, але ўсё было дарэмна.

— Годзі, добрая жанчына, ня турбуйся дарэмна — сіла чартоўская пакінула цябе — ідзі з мірам; а калі яна калі-нібудзь вернецца да цябе, дык не запомні прыйсьці сюды й выклікаць буру.