Прынц і жабрак (Твэн/Краўцоў)/Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Jump to navigation Jump to search
Разьдзел II. Дзіцячыя гады Тома Прынц і жабрак
Разьдзел III. Спатканьне Тома з прынцам
Аўтар: Марк Твэн
Крыніца: http://knihi.com/Mark_Tven/Prync_i_zabrak.html
Разьдзел IV


Том збудзіўся галодны, і галодны пасунуўся з хаты; думкі яго былі заняты чароўнай веліччу таго, што ён сьніў мінулай ночкаю. Ён бадзяўся па месьце, блізу не разумеючы, дзе ён і што робіцца вакол яго. Праходзіўшыя штурхалі яго; хтосьці аблаяў; але ўсё гэта было нівошта патануўшаму ў лятуценьнях хлопчыку. Пакрысе ён як-бы прачхнуўся і ўбачыў, што знаходзіўся ў Тэмпль-Бары; ніколі яшчэ ён не заходзіў гэтак далёка ў гэты бок. На мінюту ён спыніўся, раздумваючы, пасьля йзноў аддаўся сваім лятуценьням і, далей сабе йдучы, апынуўся за гарадзкімі сьценамі Лёндану.

У гэту эпоху Странд ужо не выяўляў сабою праезнае дарогі, а лічыўся, хоць і не без некаторае натугі, вуліцаю, дзякуючы характару будынкаў, —таму што ў той час, як з аднаго боку цягнуўся блізу што шчыльны рад дамоў, з другога — было ўсяго некалькі разрозьненых вялікіх будынкаў, служыўшых палацамі багатым вяльможам, з абшырнымі, прыгожымі паркамі, якія спушчаліся да ракі; цяпер усе гэтыя паркі забудованы цьвёрдымі цаглянымі й каменнымі дамамі.

Том быў цяпер у Чарынг-Вілэджы; тут ён сеў адпачыць пад раскошнай работы крыжам, пастаўленым скінутым калісьці каралём; пасьля пайшоў сабе ўніз роўнаю, маляўнічаю дарогаю, каля шыкоўнага палацу вялікага кардынала ў кірунку да яшчэ лепшага пэлацу—Вэстмінстэрскага. Хлопчык з уцехаю й зьдзіўленьнем глядзеў на вялізарны будынак, на абшырныя флігэлі, на грозныя бастыёны й вежачкі, на вялікую каменную браму з пазалачанымі кратамі і шыкам вялізарных каменных львоў ды іншымі знакамі й сымболямі каралеўскае дастойнасьці. Няўжо-ж такі суджана, нарэшце, збыцца яго сардэчнаму жаданьню? Перад ім сапраўды быў каралеўскі палац. Хіба-ж ня мог ён цяпер мець надзеі ўбачыць прынца — сапраўднага прынца ў целе й крыві, калі толькі гэта міла небу?

3 абодвых бакоў пазалачанае брамы ста,ялі жывыя постаці—стройныя, здаровыя й нярухомыя вартавыя, з галавы да ног закутыя ў блішчастыя сталёвыя латы. На прыстойным адлозе ад палацу сабраўся натаўп сялян і мяшчан, у надзеі хоць адным вокам убачыць караля. Блішчастыя карэты з бліскуча апраненымі вяльможамі і фарсістымі слугамі на казлох пад’яжджалі да шмат якіх брамаў у агароджы палацу.

Бедны Том, у сваіх лахманох, падыйшоў бліжэй і пачаў паволі й баязьліва хадзіць каля вартаўніка, з калаціўшымся сэрцам і падрастаўшаю надзеяю, як раптам убачыў цераз краты гэткі абраз, што ледзь не закрычаў з радасьці. За кратамі стаяў прыгожы хлопчык, загарэлы ад гульняў і гімнастычных практыкаваньняў на вольным паветры; вопратка на ім была з тонкага шоўку й машасту і блішчэла самаколернымі камушкамі; пры боку вісела маленечкая шпага й кінджал, усыпаны брылянтамі; ногі былі абуты ў далікатныя паўбоцікі, на галаве была харошанькая малінавая шапачка, аблямованая спадаўшым удол пер’ем, прымацованым вялікім, зіхацеўшым дарагім камушком. Каля яго стаяла некалькі важных джэнтльмэнаў—напэўна, яго слугі. О, гэта быў прынц, сапраўдны, жывы прынц; і ценю няпэўнасьці не магло быць у даным выпадку… Гэткім чынам, малітвы хлопчыка-жабрака былі нарэшце пачуты.

Ад неспакойнасьці Тому захапіла дух, і вочы вырачыліся ад зьдзіўленьня і радасьці. У душы яго ўсе жаданьні адразу адступалі месца аднаму — гэта падыйсьці да прынца і накарміць свае вочы аглядам яго. Ня цямячы зусім, ён упёрся тварам у краты. У той-жа самы час адзін з салдатаў груба адпіхнуў хлопчыка, і ён паляцеў кумельганам у натаўп разявякаў—вясковых мужыкоў і лёнданскіх гультаёў.

— Ведай сваю справу!— заўважыў салдат.

У натаўпе разьлёгся рогат; але малады прынц, з раззлаваным тварам і бліскучым паглядам, кінуўся да брамы.

— Як ты сьмееш гэтак абходзіцца з бедным хлопчыкам!—гукнуў ён.—Якое маеш ты права гэтак рабіць хоць-бы з апошнім з падданых майго бацькі! Адчыніць браму і ўпусьціць яго!

Варта было паглядзець, як неспакойны натаўп скінуў шапкі, варта было пачуць радасныя выклікі:

„Няхай жыве прынц Уэльскі!"

Салдаты аддалі чэсьць алебардамі, адчынілі браму, пасьля йзноў узялі на-гонар, калі прынц крайняга жабрацтва падходзіў, у сваім рызьзі, да прынца бязьмежнае сытасьці.

Адварды Цюдор прамовіў:

— Ты глядзіш змучаным і галодным—табе блага жывецца… Хадзі за мною.

Некалькі слугаў кінуліся наперад—мусі дзеля таго, кабы адхіліць прынца ад яго замеру. Але, па адным шчыра каралеўскім руху рукі, яны шарахнуліся назад і спыніліся нярухома, як статуі. Адварды прывёў Тома ў багаты апартамэнт у палацы — у свой кабінэт. Па яго загаду было падана сьнеданьне, гэткае сьнеданьне, якое Тому прыходзілася смакаваць хіба толькі ў кнігах. Прынц, з прыстойным яму добрым выхаваньнем і далікатнасьцю, выдаліў слугаў, каб яны не перашкаджалі яго гасьцю; затым ён сеў бліжэй каля Тома і, ў той самы час, як той еў, пачаў распытвацца ў яго:

— Як завуць цябе, хлопчык?

— Том Канці, сьмею далажыць.

— Дзіўнае імя. А дзе ты жывеш?

— У старой часьці места, сэр, у Офаль-Корце, за Пудынг-Лэнам.

— Офаль-Корт! Вось ізноў дзіўны назоў. Ёсьць у цябе бацькі?

Бацькі ёсьць у мяне, сэр, ёсьць і бабка, але праўду кажучы, ня вельмі ўжо й люблю я яе — даруй мне, Божа, калі грэх гэтак казаць—ёсьць і сёстры, блізьняткі — Нан і Бэт.

— Значыцца, твая бабка не асабліва добрая да цябе?

— І да нікога наагул, вашая сьветласьць. У яе сэрца ліхое, яна праз усё жьцьцё толькі няпрыемнасьці рабіла ўсім.

— Крыўдзіць яна цябе?

— Толькі калі-не-калі—як яна сьпіць ці зусім п’яная, дык рука яе не паднімаецца на мяне; а як прачыхаецца, дык ізноў пачынаюцца пабоі.

Прынц гнеўна глянуў і сказаў.

— Як! Пабоі?

— Але, сэр!

— Б’юць гэткага маленькага і слабенькага!… Слухай-жа, пакуль надайдзе вечар яна будзе зачынена ў Тоўэр. Кароль, бацька мой…

— Так, але ты запамінаеш пра яе нізкае званьне. А Тоўэр для знатных.

— Але-ж праўда. Я й не падумаў аб гэтым. Я ўжо прыдумаю ёй кару. Ну, а бацька твой, як абходзіцца з табою?

— Ня лепей, сэр, за бабку.

— Мусі ўжо, ўсе бацькі на адзін лад. Мой тата таксама ня ангел. Рука ў яго цяжкая, але ён мяне шкадуе; затое языком, праўду кажучы, не заўсёды жалее. А маці добрая да цябе?

— Яна добрая, сэр, ніколі ня крыўдзіць мяне і ня б’е. Нан і Бэт гэткія самыя добрыя, як яна.

— Колькі гадоў ім?

— Пятнаццаць, вашая сьветласьць.

— Лэді Ажбеце, сястры маёй, чатырнаццаць гадоў, яна харошанькая й мілая; а мая сястронка Мар’я з сваім панурым выглядам… Слухай, твае сёстры таксама забараняюць слугам усьмяхацца, каб грэх не загубіў іхняе душы?

— Яны… О, няўжо-ж ты думаеш, што ў іх ёсьць слугі?

3 мінуту прынц уважліва глядзеў на маленькага жабрака.

— А чаму-ж няма? Хто памагае ім распранацца нанач? Хто апранае іх, калі яны ўстаюць?

Ніхто, сэр. Ня скідаць-жа ім з сябе вопраткі ды спаць бяз нічога… як быдлё?

— Хіба-ж у іх толькі па аднэй вопратцы?

Ах, вашая сьветласьць, што-ж ім рабіць з гурбаю вопратак? То-ж болей, як адну адзежу, не апранеш на чалавека.

— Дзіўная, надта дзіўная думка! Даруй, калі ласка, я й ня думаю сьмяяцца з цябе. Хутка добрыя Нан і Бэт будуць мець даволі вопратак і слугаў; але, вельмі хутка: мой скарбнік паклапаціцца аб гэтым… Не, ня дзякуй мне… гэта драбяза… Ты добра гаворыш, лёгка і плаўна. Адукованы ты?

— Ня ведаю, сэр. Добры сьвяшчэньнік, айцец Андр’ю, з літасьці, вучыў мяне.

— Палаціне ўмееш?

— Крышачку, сэр.

— Вучыся лаціны: толькі спачатку цяжка. Грэцкая мова цяжэйшая; але для лэді Ажбеты й мае кузыны, здаецца, што ні гэтыя мовы, ні іншыя ня цяжкія. Паслухаў-бы ты іх. Аднак-жа, раскажы мне што-нібудзь пра твой Офаль-Корт. Як табе там жывецца?

— Праўду кажучы, няблага, сэр, апрача тых выпадкаў, калі бываеш галодным. Там паказваюцца выпускныя лялькі, малпы… і розныя цацачкі, і ўсе яны гэтак хораша апранены !… Ладзяцца прадстаўленьні, ў якіх дзейныя марыянэткі з крыкам кідаюцца адна на адну і бьюцца датуль, пакуль адна старана ня будзе пераможана, — гэткая прыгожая сцэна, і каштуе ўсяго толькі фарсінг… Праўда, вашая сьветласьць, вельмі цяжка дастаецца гэты фарсінг.

— Расказвай далей.

Іншы раз хлопчыкі Офаль-Корту ладзяць палачныя бітвы, падобна да падмайстроў.

— Вось-жа і я не адмовіўся-б. Пасьля?

— Мы бегаем навыперадкі, каб ведаць, хто з нас хіжэйшы.

— І я хацеў-бы. Ну, далей!

— Улетку мы перабрыдаем каналы, плаваем у іх або ў рацэ; кожны стараецца страмянуць у ваду свайго суседа, альбо абпырскаць яго… даем нурца, гамонім, куляемся і…

— Я, дык пэўна ўсё царства аддаў-бы, каб толькі раз гэтак пашурмаваць. Расказвай-жа далей, калі ласка.

— У Мэйполі, ў Чыпзайдзе, мы скачам і пяём, гуляем у пяску, абсыпаючы адзін аднаго; часам робім пірагі з гразі, — о, цудоўная гразь, няма нічога прыямнейшага ў сьвеце! Мы слаўна валяемся ў гразі,—хай даруе мне сэр.

— О, калі ласка, гэта цудоўна! Калі-б я мог апрануць гэткую вопратку, як твая, разуцца ды пагуляць па гразі хоць раз, так, каб не дастаць нагонкі, дык мне здаецца, я гатоў быў-бы адмовіцца ад кароны.

— А калі-б я мог хоць раз апрануцца, як ты, ўсяго толькі раз…

— Ого, ты гэтага хацеў-бы? Хай будзе так. Скідай свае лахманы і апранай гэту адзежу. Шчасьце тваё будзе кароткае; але затое тым мацней ты адчуеш яго. Мы застанёмся нейкі час у новых касьцюмах і пасьля ізноў памяняемся імі, перш чым хто-нібудзь увайдзе да нас.

Праз некалькі мінут прынц Уэльскі быў у рызьзі Тома, а маленькі прынц жабрацтва апрануў пышныя каралеўскія шаты. Абодва падыйшлі да вялікага люстра, сталі ўпоруч — і, ой цуды! Здавалася, што ніякага пераапрананьня й не адбылося. Яны з зацікаўленьнем паглядзелі адзін на аднаго, пасьля на люстра, пасьля йзноў адзін на аднаго. Нарэшце, зьдзіўлены прынц сказаў:

— Што скажаш ты на гэта?

— Ах, вашая сьветласьць, ня сьмею… Нельга, пры маім палажэньні, выказваць падобныя рэчы.

— Тады я скажу. У цябе якраз гэткія самыя валасы, як і ў мяне, гэткія самыя вочы, голас, манеры, фігура, твар, постаць. Калі нас распрануць, дык нікто ня зможа адрозьніць цябе ад прынца Уэльскага. Цяпер-жа, апранены ў тваю адзежу, я, як мне здаецца, магу лепей пачуваць тое, што пачуваў ты, калі грубы салдат… Слухай, ці ня сіняк гэта ў цябе на руцэ?

— Так, але гэта нічога, а вашая сьветласьць ведае, што бедны вартаўнік…

— Маўчы! Гэта быў сорамны й жорсткі паступак,—сказаў маленькі прынц, тупнуўшы босаю нагою. — Калі-б кароль… Ні шагу адсюль, па-куль я не вярнуся… Прыказваю табе!

У мігненьне вока ён схапіў і схаваў нейкую рэч дзяржаўнае важнасьці, ляжаўшую на стале, і, выскачыўшы з дзьвярэй, пусьціўся бегчы цераз парк; яго лахманы лапацелі, твар разгарэўся і вочы блішчалі. Дабегшы да брамы, ён схапіўся за краты і, прабуючы патрасьці іх, закрычаў:

— Адчыняй! Адамкні браму!

Салдат, скрыўдзіўшы Тома, бесьпярэчна слухаў, і калі прынц, заходзячыся ад гневу, ступіў у браму, салдат заляпіў яму па патыліцы, ад чаго ён кумельганам пакаціўся па дарозе.

— Вось табе, жабрацкі зносак, — сказаў ён, — за тое, што мне праз цябе ўляцела ад яго высокасьці!

Натаўп зарагатаў. Прынц падняўся з лужы і зносна крыкнуў на вартаўніка :

— Я прынц Уэльскі, мая асоба сьвятарна; ты будзеш павешаны за тое, што падняў руку на мяне!

Салдат аддаў чэсьць алебардаю і насьмешліва адказаў:

— Добрага здароўя, ваша высокасьць!

Пасьля дадаў злосна:

— Выбірайся, звар’яцелы абарванец!

Тут рагатаўшы натаўп абступіў беднага маленькага прынца і пагнаў яго далёка па дарозе з піскам і крыкам:

— Дарогу яго каралеўскай высокасьці. Ачысьціць дарогу прынцу Уэльскаму!