Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/5/Цярністы шлях

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Швэйк вучыцца расійскай мове Цярністы шлях
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
У Кіеве
Пераклад: Тодар Кляшторны і Зьмітрок Астапенка.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




2

ЦЯРНІСТЫ ШЛЯХ.

Наступны этапны пункт знаходзіўся ў Заслаўі, дзе транспарт ужо чакалi салдаты, якія павінны былі весьці яго далей. Гарачай стравы палонным і тут ня далі, ня далi i хлеба. Дзьве гадзіны iх прымалі ад Шумскага канвою і, не зважаючы на дробны золкi дождж, пагналі ўперад. Бесьперапынна ішлі ўсю ноч, мокрыя, скалелыя i да краю галодныя. Раніцой зрабілі прывал каля маленькай вёскі, адтуль сяляне прынесьлі некалькі булак хлеба, каб памяняць яго на бялізну, шынэлі і боты, прычым не абышлося бяз жорсткiх, злосных спрэчак i нават боек. Потым пайшлі праз вёску.

Перад кожнай хатай стаяў абшарпаны і абадраны селянін і пiльна глядзеў, каб палонныя ў яго нічога не сьцягнулі. А палонныя бегалі ад студні да студні, набіралі вады ў свае манеркі, а каля наступнай студні вылівалі яе і рабілі новы вэрхал ды бойку каля вядра, каб зачэрпнуць сьвежай вады, і ніхто не разумеў недарэчнасьці такіх учынкаў.

На дарозе паказалася баба з вялiкiм бярэмам хлеба. У момант выхапілі ў яе хлеб, зьбiлi яе з ног, і толькі удары прыкладамi выратавалi яе ад небясьпекі, што яе растопчуць i раздушаць звар’яцелыя людзі.

А палонныя сапраўды звар’яцелі з голаду. Па рыначным пляцы ішла дзяўчына з нейкай рэччу, загорнутай у вялікую хустку. Людзі накінуліся на яе, вырвалі з рук клунак і адпалі толькi тады, калі тая ў роспачы закрычала гвалту, а з клунку пачуўся плач і піск нованароджанага дзіцяці.

У сярэдзіне гэтай узбуранай пустымі жыватамi арды павольна і важна выступаў Швэйк і гаварыў капралу:

— Хацеў-бы я ведаць, калі гэта яны пачнуць есьці адзін аднаго? Але толькi прыдзецца лёсаваць, хто павінен першы даць сябе на ахвяру, каб накарміць сваiм мясам iншых. Першым, на маю думку, трэба зарэзаць каго-небудзь тоўстага, буйнага, каб з яго больш было мяса. Вось, ведаеш, чытаў я адно такое апавяданьне, як немцы забралі дзесьці недалёка ад Аўстраліі адну выспу, дзе былі адны людаеды, і ўзьнялі на ёй нямецкі штандар. Але салдаты ня здолелі справіцца з тубыльцамi, і таму сталі прасіць папу рымскага, каб ён прыслаў ім якога-небудзь мiсыянэра для заспакаеньня гэтых людаедаў. Ну, папа рымскі паслаў туды вельмі добрага прапаведніка, дык людаеды прынялі, апроч нямецкага штандару, яшчэ хрышчэньне. Але ўсё-ж раз-по-раз то салдат, то мiсiянэр зьнікалі. А калі нямецкая ўлада пратрымалася там тры гады, дык паслалі з гэтай выспы ў Бэрлін дэпутацыю — паднесьці Вільгельму свае вераподданыя пачуцьцi. I вось правадыр гэтай дэпутацыі папрасіў кайзэра, каб ён забраў з выспы салдат і паслаў туды больш мiсыянэраў. Вільгельм узрадаваўся і запытаў, няўжо сапраўды ўсе яго аўстралійскія падданыя хочуць ахрысьціцца? Але правадыр яму адказаў: «Справа ня ў гэтым, цар, а ў тым, што ў тваіх людзей у чорных талярах больш сакавітае і далікатнае мяса, чым у тваіх людзей у сініх мундзірах. Чорныя — тых у адзiн момант можна сасмажыць на патэльні так, што мяса ў іх робіцца як пульхны хлеб, і ў касьцёх у iх, больш мазгавіны, а сініх круціш, круціш цэлы дзень на патэльні, а яны усёроўна як камень, і майму народу яны зусім не да смаку. Дык паклапаціся аб гэтым, брат мой».

Капрал, як мага ўціскаючы рукамi жывот, каб уціхамірыць голад, нiбы хацеў праціснуць дзірку ў жываце, адказаў хмура i панура:

— Так, так, з голаду чаго толькi ня зробіш. З голаду, з гонару або з п’яну… Я, напрыклад, як яшчэ быў нежанаты і працаваў у Пісяку, жыў з трыма маладымі хлапцамі ў аднэй глухой бабулькi. Аднойчы ў нядзелю мы з раніцы працавалі, а потым усе ў аднэй мiсцы, у аднэй вадзе памыліся, усё як мае быць, твар і рукі, ды пайшлі на музыку. І там мы так напiлiся, што прыйшлі апоўначы дадому п’яныя, як зямля, набраклыя, што пупушачкі на дрэвах увесну. Пакой наш быў на другім паверсе. Бабулька нас дачакалася, упусьціла нас, зачыніла, а потым зноў пайшла да сябе ўніз і заснула. Ну, мы таксама ляглі, заснулі былі, і раптам я прачынаюся — піць страшэнна хочацца. Я ўстаю, а адзiн мой таварыш сядзiць ужо на вакне, зьлiзвае расу з падваконьня i скаголiць: «Езус-Марыя, я паміраю ад смагі». Мы давай грукаць у дзьверы, але бабулька глухая, як пень, і ёй нібы-што. Разбудзiлi мы нашым грукатам абодвых сваiх таварышоў. Тыя кажуць: «У піве мабыць быў перац, усё горла спаліла». І iм значыцца таксама трэба вады, і ім таксама да сьмерцi пiць хочацца. І раптам я заўважваю, што наша бабулька за намi ня прыбрала і ў місцы стаіць вада, у якой мы ўдзень мылiся… Я толькі ледзь-ледзь прыгубіў, адно, каб прамачыць горла, і таварышы таксама па разу глынулі. А да раніцы мы усю гэтую брудную ваду выпілі.

— А вы мыліся простым, ці пахучым мылам? — спытаў Швэйк.

— Простым, — журботным голасам адказаў капрал.

— Ну, дык значыць яшчэ можна было піць, — вырашыў Швэйк. — Але вось, каб вы памыліся пахучым мылам, тады магла-б здарыцца бяда. Адзін шынкар у Ратаі пусьціў да сябе неяк пераначаваць атрад бойскаўтаў, а яны раніцой вымылiся ў камязе, дзе ён трымаў ваду для коняй, пахучым мылам, дык яму ня было чым паiць коняй. А ваду там прывозяць здалёк, з ракі… Дык ён да таго раззлаваўся, што ледзь не ўтапіў аднаго з гэтых хлопчыкаў у камязе, а другога стукнуў капчонай кiлбасой па галаве і выбіў яму вока, за што і адседзіў свой тэрмiн потым у турме. А у Касьцельцы жыў адзін лясьнік, якi зарабляў вялікія грошы на вішнях; і вось, калі ён ладзіўся з жонкай ісьці на нейкую вечарыну з танцамі, яму давялося купіць трыццаць восем кавалкаў пахучага мыла, пакуль яму ўдалося знайсьці такое, якое хацела яго жонка.

— А кiлбаса, якой гаспадар пакалечыў скаўта, была вэнгерская, ці праская? — спытаў нібы мiмаходам капрал. А потым, не чакаючы адказу, дадаў: — Кавалак венгерскай мне-б лепш падабалася, але, між іншым, не пашкодзiла-б і праская.

І ён з большай сілай уціснуў кулакі сабе ў жывот.

Колёна ўсё больш расцягвалася і пашыралася. Палонныя садзiлiся, або клаліся на хвілінку, станавіліся на калені, выпроствалі ногі. Апошнія шэрагi так адсталі, што канца колёны ня было вiдаць і спаўдня некаторыя пачалі валіцца ад зморы.

Фэльдфэбэль, начальнік транспарту, упадаў у адчай, як бачыў, што нават і бiцьцё не дапамагае; нарэшце ён паказаў на пагорак, залiты сонцам, якое вызiрнула з-за хмар i нездаволена загадаў:

— Ганi iх туды, хай высьпяцца і перадыхнуць. Ліха ведае, што хоча з iмi зрабiць начальства! Паздыхаюць яны ў мяне ўсе з голаду.

Аўстрыйцы покатам паляглі на схіле і адразу заснулі, тым часам, як расійскія салдаты, абапёршыся на вінтоўкі, стаялі навакол, нібы аўчаркі пры статку, і ўголас шкадавалi iх.

— Усё гэта вайна нарабіла. Бачыш, небаракі, вайна зморыць iх голадам да сьмерцi. Бяда нашаму брату ў гэтай вайне, ой, бяда! Ці нашы расійцы, ці аўстрыякі, ці немцы, — усёроўна, усе здохнуць, як сабакі.

Але потым салдаты ўсё-ж схадзілі ў вёску, прынесьлі адтуль крыху хлеба і колькі белых булак, якія яны пачалі прадаваць, усяго толькі на які-небудзь пярсьцёнак або гадзіньнік.

Капрал, што ішоў са Швэйкам, у душы вёў сам з сабой цяжкае змаганьне, калі расійскі салдат запрапанаваў яму палавіну булкі хлеба і паказаў у гэты час на яго руку; потым ён раптам адважыўся, зьдзеў з пальца залаты шлюбны пярсьцёнак i, аддаючы яго салдату за хлеб, прабурчэў сабе ў апраўданьне:

— Даруй мне, Ліза, я не вінаваты. Нельга дзеля сьвятасьцi шлюбу памерцi з голаду!

Выспаўшыся, Швэйк пачаў біць вошай. Гэта было ня цяжка, бо сонца прымусіла іх усіх павылазіць наверх.

Яны поўзалі ў яго па плячох, па рукавох, вылазiлi з кiшэняў, валiлiся з шапкi на калены… У адну хвіліну яго рукi пачырванелi ад пралітай крыві. Гэта была ўдзячная праца, і яна знайшла безьліч пасьлядоўцаў. Хто праспаўся, зьдзяваў кашулю, выварочваў куртку і трушчыў шэрую нечысьць паміж нагцей. Карціна была такая, нібы на схiле, паміж скал, сядзела чарада павіянаў.

Пад вечар па дарозе праяжджаў аўтомобіль з афіцэрамі. Калі яны ўбачылі гэтую компанію на схiле, яны загадалі спыніць машыну і выклікаць начальніка транспорту. Прыбег фэльдфебель. 3 аўтомобілю выйшаў генэрал.

— Куды iх вядзеш?

— Загадалі даставіць iх этапам у Палоннае, ваша правасхадзіцельства. Але толькі яны туды не дапнуць, бо двое сутак нічога ня елi, — адказаў фэльдфэбэль, калоцячыся ад страху.

— Ты з Заслаўя? — спытаў генэрал. — Чаму ім у вас ня выдалі хлеба?

— Нічога ня ведаю, ваша правасхадзіцельства. Да нас іх прывялі з Шумску. Там іх таксама не кармілі.

— А далёка яшчэ да Палоннага? — зьвярнуўся генэрал да свайго ад’ютанта.

— Дваццаць шэсьць вёрст, — прыклаўшы руку да казырка, адказаў ад’ютант.

Генерал спахмурнеў, з хвіліну падумаў, а потым загадаў фэльдфэбэлю:

— Завядзi iх у бліжэйшую вёску, хай яны там высьпяцца і набудуць у мясцовага насельніцтва чаго-небудзь з ежы. А вось гэта перадасi заўтра этапнаму коменданту ў Палонным. Ад’ютант напісаў пісульку, генэрал падпісаў яе, аддаў фэльдфебелю, і аўтомобіль памчаўся далей. А Швэйк, зразумеўшы, што генэралу не ўпадабалася чарада, падышоў да фэльдфэбэля i, выструніўшыся, сказаў:

— Так, што, дазвольце далажыць, — гэта адважны генэрал. Гэта, мабыць, такі, які ў нас быў Радзецкі. Ён быў фэльдмаршал, але, паміж іншым, вельмі шляхетны чалавек.

І акурат у гэтую хвіліну, калі Швэйк выказаў сваё ўражаньне, генэрал гаварыў свайму ад’ютанту:

— Чорт ведае, што ў нас за парадкі! Кожны этапны комэндант падае iнтенданту страшэнна вялiкiя рахункі за харчаваньне палонных, а палонныя з голаду ня могуць ісьці да наступнага этапнага пункту. Мы выдалі для iх маніфест, яны добраахвотна здаюцца ў палон, а ў нас іх абкрадаюць. Увогуле, гэта нешта немажлiвае!

— Так точна, ваша правасхадзіцельства, — абазваўся ад’ютант.

Палонныя, якiх падганялі салдаты, увайшлі ў вёску. Але тут выявілася, што ўсе запасы ў ёй былі да апошняй скарынкі зьедзены расійскімі салдатамі, якія праходзілі на фронт. Таксама і цярплівасьць насельніцтва была даўно вычарпана праходзіўшымi тут кожны дзень транспартамi палонных. Мужчыны і кабеты злосна і варожа глядзелі на шэра-блакітныя плямы, якія падыходзілі ў змроку да іхніх клецяй.

Усе пахаваліся. Кабета, у якой Швэйк хацеў выпрасіць некалькі бульбін, злосна сказала:

— Няма нічога, нічога ў мяне няма.

Бразнуўшы дзьвярыма, яна схавалася ў цёмнай хаце. Швэйк застаўся адзін каля клецi. Ён сеў на калодку, прабуючы разабрацца ў пачуцьцi голаду, які сьціскаў яго нібы абцугамі, але ня здолеў адшукаць належнага слоўнага выказьнiка. У яго ў жываце нешта сьвiдравала, бурчэла, булькала, рычэла, сморгала і сiпела, і Швэйк знайшоў для ўсяго гэтага толькі такія словы:

— Нi к чорту варта, калi адчуваеш сябе гэткім галодным. Такiх лёгкiх сноў, якія я ўбачу сёньня, я даўно ўжо ня сьніў.

У вечаровай цішы рыпнулі дзьверы хаты. Швэйк прыслухаўся і ад цікавасьці міжвольна напяў вушы.

3 хаты вышла тая самая баба з вялікім чыгуном у руках. Яна адлівала з яго нечага ў карыта перад сьвiнушнікам, што знаходзіўся насупроць клеці, адчыніла дзьверцы, з-за якіх вылезла вялічэзная сьвiньня, і зноў пайшла ў хату.

3 карыта на Швэйка папіхнула пахам паранай бульбы. Ён устаў, з хвіліну вагаўся, але потым стаў ракам і асьцярожна папоўз да сьвіньні, якая, з асалодай цьмякаючы, глыбока засунула лыч у карыта.

Швэйк прыцягнуў руку і зачэрпнуў з карыта. Сьвiньня рухнула, хацела ўкусіць яго за руку, але ён ураз адхапіў яе. Яму папалася некалькі фасолін і адна бульбіна. Ён прагна хапіў іх у рот, зноў палез рукой у карыта і супакойліва зашаптаў сьвіньні, калі тая зноў паспрабавала яго ўкусіць:

— Ну, ну, ня трэба, ня трэба. Ты-ж сьвіньня, і не павінна быць такая зайздросная ды прагавітая, як чалавек. Не захочаш-жа ты, каб палонны аўстрыйскі салдат памёр з голаду? Цябе, вядома, заколюць, як выкармяць, але да таго часу табе будзе жыць вельмi добра. А нас вось забіваюць і галодных, i нас ня копцяць, дык ад нашай сьмерці мусіць быць нейкая іншая карысьць.

Сьвіньня супакоілася і ела далей, не зважаючы на Швэйка. Швэйк стаў перад карытам на калені і, абняўшы сьвiньню за шыю ды казытаючы яе пад барадой, пачаў хапаць сваю здабычу ў рот і ў шапку прыгаворваючы:

— Вось, паглядзі: фасоль, бульба і нават крышачку малака. Эх, як добра табе жывецца, любая. Ты зразумееш, што азначае дрэннае жыцьцё толькі тады, калі ў вас, у сьвіней, пачнуць весьці войны і ваш кароль, які небудзь тоўсты парсюк, нуць весьці войны і ваш кароль, пашле вас у бойку. Ну, але гэта яшчэ ня так хутка будзе, каб сьвіньні аднэй вёскі былі такія дурныя і пайшлі вайной на сьвіней другой вёскі. Бо ў сьвіньні няма сваёй айчыны, а таму ёй і ня трэба абараняць яе, калі над ёй зьвісаюць грозныя хмары.

Сьвіньня рохнула, нібы ў знак згоды і адышлася ад карыта. Швэйк выбраў рэштку ў манерку, рэдкае выпіў, пераклаў усё ў шапку, у хлебную торбу, і зноў пачаўшы казытаць сьвіньню, ласкава прашаптаў:

— Ты з вялікім разуменьнем і ведаеш, што як трэба. Я быў-бы вельмі рад, каб ты запрасіла мяне на сьнеданьне. Ну, вялікі табе дзякуй, сястрыца-сьвіньня.

Сьвіньня яшчэ раз рохнула і пайшла ў свой сьвінушнік. Швэйк сама што ладзіўся зноў сесьці на калодку, аж баба вышла з хаты і, паглядзеўшы ў карыта, радасна паклікала:

— Сьцяпан Іванавіч, зірні ты, сьвіньня наша ўжо здаровая! Усё карыта вычысьціла. Зірні, як вымытае.

З дзьвярэй павольна выйшаў стары селянін і ўважліва аглядзеў карыта. Потым ён палез да сьвіньні ў хлеў і чуваць было, як ён гаварыў:

— Дзякуй богу, ужо есьць! Жара ў яе мінулася! Нават вушы ў яе не такія гарачыя, як учора!

Баба перахрысьцілася, адбіла паклон нечаму небачанаму і ўздыхнула:

— Дзякуй табе, божачка, дзякуй табе!

Яны зачынілі сьвіньню ў хлеве і пайшлі спаць. У клеці на рэштках саломы, у якой кішэлі вошы, паслаў сабе пасьцель удалы ваяка Швэйк; ён паслаў пад ніз куртку і падсунуў пад галаву ранец, кажучы сабе пад нос:

— Ну, вось, якое здавальненьне я ім даў і якую радасьць богу! Людзі хваляць яго нават тады, калі ў іх сьвіньня зноў бярэ есьці. А тым часам гэта я зьеў яе ежу, я, баявы таварыш сьвіньні. Ці мо’ сьвіньня — мой баявы таварыш?..

Ён доўга імкнуўся вырашыць гэтае пытаньне, але дарэмна. Не знайшоўшы належнага вырашэньня гэтай проблемы, ён штурхнуў капрала, які хроп і соп побач з ім:

— Слухай, што раней было: яйцо, ці курыца?

— Хррр, — плыло з барады соннага, і Шваэйк, ня ўбачыўшы ў гэтым нележнага адказу, павярнуўся на бок і заснуў. Яму прысьнілася, што ён на нейкім банкеце, на якім былі прысутныя адны толькі чыста вымытыя сьвіньні, у фраках, крухмальных кашулях і ордэнах, і што самая вялікая сьвіньня агаласіла тост у гонар ўсіх монархаў, якія ваююць, і сказала, што весьці вайну — вялікая заслуга, а потым закончыла: — раней людзі елі нас, а цяпер яны ядуць з намі. Вайна, сябры мае, устанаўляе паміж намі і людзьмі роўнасьць, добрую згоду і братэрства!

Будзіць нікога не давялося, бо голад рана вывеў усіх на сьвежае паветра.

Палонныя павылазілі, як клапы са сваіх шчылін, і разьбягаліся з надзеяй знайсьці хоць што зьесьці па ўсёй вёсцы, нібы тараканы па чыста вымытай падлозе ў кухні.

Да вёскі падыходзіла сажалка. Там яны налавілі жаб; садраўшы з іх скуру і, кідаючы іх у кацялкі з гарачай вадой, пад якімі курыліся агні з сухога трысьця, яны суха заяўлялі:

— Есьці жаб вельмі нават можна. Увесну гэта лічыцца ў нас далікатэсам, які дазваляюць сабе толькі важныя паны, калі ім вельмі ўжо апрыкраюць куры ды гусі.

Іншыя, у якіх жываты і нэрвы больш слабыя і якія не хацелі прымушаць расійскіх буслаў пакутаваць ад недаяданьня з прычыны недахопу жаб, гатавалі ў сваіх кацялкох лісьцё маліны і зялёныя яблыкі. А адзін мадзьяр паспрабаваў нават зварыць патронную сумку, запэўняючы, што яна са сьвіной скуры і што з яе, такім чынам, можна прыгатаваць халадзец.

Іншыя, якія ўжо ня надта гналіся за гарачым сьнеданьнем, зрабіліся вэгетарыянцамі. Яны елі гнілыя сьлівы, жавалі зялёную цыбулю і часнок, які даставалі з-за паркану, зьбіралі шчаўе, расьціралі паміж кален лебяду. Адзін настаўнік заявіў, што крапіва мае асаблівую сытнасьць, а нейкі вольнапісаны дадаў:

— Так, крапіва вельмі добрая рэч, асабліва да цяляціны. Але толькі яе трэба дробна, дробна пасячы. Мая маці заўсёды так рабіла. Эх, сябры, адно ўспомніць, як яна падавала ў нядзелю гэтую страву, ды з маладой бульбай…

Ён разгарнуў цэлы поэтычны і лірычны малюнак гэтай ідыліі цялячай смажанкі са сьвежай крапівай, і пасьля кожнага яго слова ў палонных, якія жавалі лебяду, сьліна цякла па барадзе, пакуль у іх ад вялічэзнага апэтыту не паказаліся бурбалкі на вуснах. Тады адзін палонны ўстаў, падышоў да ўсхваляванага вольнапісанага, і са словамі: «Не, гэтага ня можна вытрываць», кінуў яго ў сажалку. Іншыя зрабілі тое самае з настаўнікам.

Калі на рыначным пляцу зьявіліся кабеты, каб знайсьці ў палонных рэчы, вартыя абмену, палонныя пачалі аддаваць шатры і запасныя зьмены бялізны. Некаторыя зусім змучаныя голадам, прадавалі з сябе кашулі, тут-жа на месцы зьдзяваючы іх і аддаючы кабетам за кавалак хлеба.

А калі і гэтыя кавалкі паелі, а голад усё яшчэ не прагналі, запанаваў прынцып: «згінуў паркан, гінь і ўвесь сад!» І скінуўшы порткі, яны ў адных сподніках сталі перад кабетамі.

— Споднікі, карашо! Купляеш, старая? Даёш хлеба за іх?

І як толькі кабета аддавала за іх лусту хлеба, яны скідалі перад ёй споднікі, а калі баба нездаволена заўважвала, што яны падраныя ў кроку, палонныя падштурхоўвалі адзін аднаго і хітра пасьмейваліся:

— Гэта ты можаш залапіць, а вошы ў іх абвары варам. І так ужо мяне абабрала.

Ахвота таргавацца і прадаваць расла.

Адзін аддаў за булку хлеба шынэль, другі таргаваўся за боты, якія ён толькі вось зьняў, запаўняючы, што ў Расіі, дзе ўсё толькі роўныя мясцовасьці ды пяскі, значна лепш хадзіць босаму. Але перш, чым управіўся ён старгавацца, зьявіліся расійскія салдаты, якія з крыкам: «Нельга, нельга!» пачалі лупцаваць папружкамі і палонных, і кабет.

З клеці вылез і Швэйк. Ён разагрэў рэшткі сваёй вячэры, сумленна падзяліўся з капралам, які ў сваю чаргу даў яму частку грошай, здабытыя за шлюбны пярсьцёнак, і акурат узыходзіў на пагорак, калі салдаты пачалі зганяць палонных у адну кучу.

— Ну, уперад, уперад, хлопцы! У Палонным будзе вам абед.

І палонныя накіраваліся ў той рай, дзе зацірка азначала вышэйшую асалоду, як гурыя на отоманцы ў магамэтавым раі. А калі вартавыя сказалі, што там, бадай што, дадуць ім мяса, хлеба, чаю і цукру, найгаладнейшыя пабеглі ўперад, як вярблюды ў Сахары, адчуўшы пасьля доўгага пераходу па бязводнай пустыні, блізкасьць оазісу.

Вартавыя вельмі хутка зразумелі, якая таемная сіла была захована ў гэтых словах, і лячылі імі ўсё. Калі пачалі выяўляцца вынікі ад зьедзеных гнілых сьліў і зялёных яблык, і палонныя, крэкчучы і стогнучы ад шалёнага болю, адставалі абапал дарогі, вартавыя ня білі іх больш папружкамі, а, спыняючыся каля хворага, рабілі ласкавы, спакусны твар і ўрачыста гаварылі:

— Ну, пайшоў, пайшоў! Да Палоннага ўжо недалёка, а там дадуць па тры фунты хлеба і па фунце мяса. Там начальства добрае, нават кашы вам дадуць і нават доктар там ёсьць.

Пад поўдзень яны прыйшлі ў Палоннае, дзе іх чакаў другі канвой. Транспорт падзялілі на некалькі партый і разьвялі па розных садох, дзе стаялі ўжо паходныя кухні.

Нейкі штаб-офіцэр хадзіў ад аднае да другой, назіраючы за раздачай палонным абедаў і хлеба. Пісулька, паданая фэльдфэбелем, зрабіла вялічэзны цуд, і калі Швэйк убачыў, як пад адкрытым брэзэнтам паказаліся цэлыя горы хлеба, а потым пачалі лічыць гэтыя вялічэзныя булкі, ён задаволеным тонам сказаў:

— Добры чалавек, і добрага задаў ім пэнту!..

Потым прыйшоў узводны і разьбіў палонных на групы па дзесяць чалавек. За ім салдат даў аднаму з кожнага дзесятку іржавую брудную манерку і напісаў на сьпінах палонных, якім яна прыпала, крэйдай лічбы 1, 2, 3, 4 і г. д. Ён загадаў ім выступіць уперад, выстраіў іх у рад і запрапанаваў рэшце палонных запомніць, да якога нумару належыць іхны дзесятак, пасьля чаго ён павёў нумараваных да бараку, дзе кашавары мяшалі страву вялічэзнымі чарпакамі ў вялічэзных катлох.

Такім чынам Швэйк, у якога на сьпіне красаваўся нумар тры, прынёс свайму дзесятку поліўку, тым часам, капрал дзяліў на дзесяць чалавек хлеб і мяса.

Дзесяць чалавек селі вакол манеркі, і ў бліжэйшыя пяць хвілін ня чутна было нічога іншага, апроч чвяканьня ды стукату лыжак і зубоў. Зацірка была вельмі гарачая, але ніхто не запрапанаваў даць ёй крышку прастыць. Сківіцы працавалі так, быццам людзі ўзяліся за зьдзельную работу.

Зацірка зьнікла бяз сьледу; за ёй пайшло мяса; ад хлеба не засталося ні драбочка. Палонныя млява сядзелі на зямлі, зусім шчасьлівыя, іхныя вочы радасна гарэлі на брудных тварах, яны чакалі, што будзе далей. Сахара, здавалася вярблюдам, была пройдзена ўжо, і яны спадзяваліся цяпер добра адпачыць пад пальмамі. Да палонных падселі расійскія салдаты, што вярталіся пасьля абеду, які ім далі з іншае кухні. У іх у руках былі маленькія бачкі з ежай: яны завялі гутарку з палоннымі і шырока, дурнавата і добрадушна ўхмыляліся, вытрасаючы ежу з сваіх бачкоў у выстаўленыя далоні.

— Еж, еж, на здароўе!

Швэйк таксама пусьціўся ў гутарку з ворагам свайго імпэратара і гаварыў пра тое, ці сьвеціць у Аўстрыі тое самае сонца і якая там зямля.

Яны не разумелі адзін аднаго і былі абодва рады, калі салдат знакамі запрапанаваў Швэйку выставіць руку, перавярнуў бачок угару дном, паляпаў рукой па дне, каб усё адтуль вывалілася, і зьнік.

— Ф’ююю! — сьвіснуў Швэйк, якому гарачы падарунак абпальваў рукі. Ён падзьмуў на іх і пачаў разглядаць тое, што яму далі і што таксама было для яго загадкай.

Маленькія, кругленькія зерняткі сьветлажоўтага колеру ліплі адна да аднаго, а між імі прыгожа выглядала ялавічая скварка.

— Зноў нешта таемнае, — сказаў Швэйк капралу, — чым мы можам атруціцца. Шмат яны не даюць, а тое што яны даюць усё нейкае глупства. Шо гэта такое? Кураць яго, ці ядуць, ці спачатку яго трэба зварыць, ці наогул што з ім робяць?

— Езус-Марыя! — узрушана крыкнуў настаўнік, якога раніцой выкупалі ў саджалцы. — Гэтым-жа ў нас кормяць курэй! Слухайце, панове, гэта проса! Гэта, мабыць, ім давалі прасяную кашу на абед.

У суседнім дзесятку, дзе расійцы таксама пачаставалі палонных кашай, нехта раптам стаў крычаць: «Ціп-ціп-ціп-ціп-ціп-ціп», як склікаюць куранят, а Швэйк адказаў гучным «кукарэку».

Вольнапісаны пачаў бегаць вакол з апушчанымі рукамі, удаючы з сябе пеўня, які робіць бессаромныя прапановы маладой курачцы і хоча быць харобным ды прывабным, як малады паручык пад час балю. І раптам адсюль, дзе на плошцы або ў руках была прасяная каша, пачуліся крыкі: «Ціп-ціп-ціп» і звонкія сьпевы пеўня.

Вартавыя зьбягаліся і ўжо былі наддалі сабе грознага выгляду, лічачы гэта за зьдзекі з іх: але хутка зразумелі, што палонныя толькі забаўляліся, калі, набраўшы ў рот кашы, звалі: «Ціп-ціп-ціп».

Потым прышоў офіцэр, пагаварыў з унтэр-офіцэрам па-нямецку, і вартавыя пачалі заганяць палонных у баракі, абвясьціўшы, што можна спакойна адпачываць да раніцы.

Падвечар зноў павялі іх да кухні, і пасьля заціркі кожны атрымаў па тры кавалкі цукру. Швэйк заснуў у гэты дзень з перакананьнем, што бог ня будзе яго бязупынна караць за здраду свайму імпэратару, а конаўка рэдкага чаю так яго сагрэла, што ён гледзячы праз напаўзаплюшчаныя павекі ў цемру барака, які гудзеў ад рознагалоснага хропу, быццам лесапільны завод, цішком засьпяваў песьню з прыпевам: «чура, чумчура я», мэлёдыя якой потым раскацілася па ўсёй Расіі.

І канчаючы куплет, ён так дасканала крыкнуў «ку-ку», што настаўнік узьняў галаву і са сну прамармытаў:

— Марыська, пацалуй мяне яшчэ разок і загадай зязюлі, праз колькі год мы пажэнімся і колькі ў нас будзе дзяцей. Я-ж цябе так кахаю, Марыська, так кахаю і не прасіў-бы ў цябе вяночка, калі-б не кахаў цябе так шчыра…

Але тут капрал, якому ўвесь дзень дакучалі газы ў жываце, перарваў яго пяшчотныя словы страшэнным трэскам, быццам ударыў пярун.

А Швэйк, усхвалёваны новымі ўражаньнямі, яшчэ раз устаў і сказаў замілавана, пяшчотна і мякка:

— Панове, заткнецеся абодва, я спаць хочу!


*

Этапны пункт у Палонным надоўга застаўся ў памяці ў Швэйка — ён любіў апавядаць пра новыя вынаходзтвы, якія ён там зрабіў, і як яму там жылося.

— Вы сабе падумайце, браточкі, — апавядаў ён, — што іду я раніцой зноў па зацірку. Ну, мы яе зьелі, а дзеля таго, што нам яшчэ хацелася есьці, я пайшоў па другую порцыю, але кашавар пазнаў мяне і гоніць прэч. А калі я не захацеў адыйсьці, ён — хлоп! — апалонікам мяне па галаве. Тут акурат праходзіў побач адзін расійскі фэльдфэбэль, такі барадаты, у акулярах і кажа: «Дай яму, ён з нашых, з праваслаўных». Гэта я добра зразумеў, браточкі, бачыце, як я разумею ўжо расійскую мову. Кашавар мне наліў другую порцыю, ды яшчэ даў у прыдачу кавалак мяса. Тады я пайшоў да другога катла, дзе раздавалі кашу расійскім салдатам, выставіў манерку ды кажу кашавару: «Дай, браток, я з вашых, праваслаўных». Ну, ён зараз-жа зьняў покрыўку і даў мне поўную манерку кашы. Іду далей да салдатаў, паказваю на хлеб і кажу: «Я праваслаўны». Яны мне набілі ўсе кішэні хлебам. А потым бачу я — стаіць там такі маладзенькі салдацік і дае ўсім па цыгарцы. Я прашыўся праз натоўп да яго і кажу: «Дай мне цыгарку, я праваслаўны». Ён на мяне паглядзеў, скрывіў рот і кажа: «Ня дуры галавы і ня чмуці — на гэта ты з морды не падыходзіш. Як ты можаш быць праваслаўным, калі ты з Вршовіц?»

— Браточкі, — казаў далей Швэйк — гэты раійскі салдат гаворыць на такой чыстай расійскай мове, што я зразумеў кожнае яго слова, а ён маё. Я яму кажу: «Я зусім ня з Вршовіц, я толькі з Прагі», а ён мне ў адказ: «Ну, а ў час мобілізацыі ты-ж быў на стралецкай высьпе, дурная твая галава?» Трэба ведаць, братцы, што расійская мова, калі на ёй гаворыць інтэлігентны чалавек, такая чыстая мова, што я адразу ўспомніў пана Клафача, які гаварыў у парляманце, што кожны чэскі інтэлігент можа лёгка размаўляць з расійскім інтэлігентам. І вось у іх аказалася такая інформацыя пра нас, што ён нават ведаў, у якой піўной ёсьць Папавіцкае піва, а ў якой Сьміхоўскае. Нарэшце ён даў мне дзьве цыгаркі і кажа: «На табе, найміт Вены, Бэрліну і Рыму!» А я протэстую: «Які такі я найміт? — Я ваяка майго старога монарха і буду ваяваць за яго, пакуль мяне не разарвуць на кавалкі!» Тады ён зноў засьмяяўся. Ды ты, кажа, здаецца, зусім ідыёт. У цябе часамі ці не казённы бот заместа галавы? Толькі ты тут, даражэнькі, ня вельмі фанабэрся, бо ўраз па мордзе сабе зловіш, не на таго натрапіў. Зараз ты, брат, у Расіі ўсе свае гэтыя жарты кінь». І зноў ён ўсё гэта так выразна сказаў, нібы па-чэску. Вось да чаго падобна расійская мова на чэскую, калі ён гэтай мовай добра гаворыць. Бо сказаў-жа ён мне нават, што я па мордзе сабе злаўлю. Мне самому гэта здалося ня звыклым, але мовы бываюць такія падобныя, і іх так лёгка зблытаць, што іншы раз яно гучыць нібы гэта іншая мова… Вось я і кажу салдату, што мы, мабыць, знаёмы і што мы, мабыць, спатыкаліся на сакольскім зьлёце, калі туды прыяжджала расійская дэлегацыя. Але ён зноў сьмяецца: «Ды зусім ня так, асёл ты, больш нічога. У Празе мы наогул не маглі спатыкацца, калі ты хадзіў з Вышаграду праз чыгуначны мост у Сьміхаў, а я ў гэты час хадзіў з Малога боку праз Карлаў мост у Прагу». І сьмяецца з майго зьдзіўленьня, што ён так многа ведае, хоць і расійскі салдат. І іншыя салдаты таксама глядзяць на яго, вылупіўшы вочы, а ён усё зьдзекуецца з мяне. Зрэшты ўзяў ён два пачкі махоркі ў рукі і кажа: «Найміт Вены, Бэрліну, прызнайся, што Франц і Вільгэльм — падлюгі і нягоднікі. Прызнайся, што за Гуса, за Белую Гару, за Каменскага, Крамаржа, Махара і іншых пакутнікаў яны заслужылі пятлю на шыю. Прысягай, што ты адпомсьціш за іхную кроў!» Што мне выпадала рабіць, калі ў мяне ня было табакі. Ну, я і сказаў, што так, — яны падлюгі і нягоднікі і прысягнуў, што буду помсьціць ім да дзесятага калена. І ён даў мне табакі. Потым я ў Кіеве даведаўся, што гэта зусім ня быў расійскі салдат. Гэта быў нейкі Антон Навак з Бжэўнава, які застрэліў на фронце свайго ротнага командзіра, калі той хацеў зьбіць яго за тое, што ён сьцягнуў бляшанку консэрваў, і перабег да непрыяцеля, забыўшыся на сьвятую прысягу, на вернасьць свайму старому імпэратару…

У Швэйка было шмат падстаў успомніць добрым словам Палоннае, таму што тутэйшы комэндант, які, як відаць, ня краў і лічыў палонных за людзей, даў ім хоць адзін дзень пражыць жыцьцём багатых. Пасьля Палоннага зноў пачаліся пакуты.

Паводле вышэйшага загаду транспорт павінен быў ісьці да Кіеву пехатой. Расійская армія ўсюды адкочвалася назад, таму што ёй не хапала сілы дзе-небудзь затрымацца і не хапала цягнікоў вывезьці ўсіх параненых і агнястрэльныя запасы, каб яны ня трапілі ў варожыя рукі.

За трохдзенны пераход, які цягнуўся ад раньня да позьняй ночы, палонныя атрымалі толькі па кавалку хлеба. На чацьвертыя суткі на этапны пункт прыбылі паходныя кухні, якія былі тут-жа на месцы зруйнаваны мадзьярамі, румынамі і басьнякамі.

Удары прыкладамі не маглі іх устрымаць. У адну хвіліну кухні былі перакінуты дагары нагамі. Пад імі стагналі апараныя і раздушаныя, а на кухнях і каля іх біліся іншыя палонныя і рвалі адзін аднаму валасы і бароды, драпалі твары, білі кацялкамі па галовых…

З чвэртку гадзіны жменька вартавых дарэмна спрабавала устанавіць парадак і спыніць бойку. Усе спробы разьвесьці байцоў былі марныя. Тады паклікалі казакоў. Яны на конях урэзаліся ў натоўп і разагналі яго бізунамі. Ім, відаць, было прыемна гнацца за асобнымі людзьмі і зьбіваць іх…

Пад вечар гэтага дня прыйшлі ў пакінутую ўбогую вёску. Вартавыя распусьцілі палонных па хатах і пунях, не клапоцячыся аб тым, каб іх вартаваць.

Швэйк з капралам, настаўнікам і вольнапісаным увайшоў у пуню, якая тулілася каля маленькай нізенькай хаткі. З іншых палонных ніхто не пайшоў за імі, бо думалі, што ў вялікіх хатах хутчэй можна знайсьці бульбы.

Яны скінулі ў кут пуні ранцы і выйшлі крыху агледзецца. Хата была замкнута — хлеў пусты. У хлеве настаўнік знайшоў дзьве бручкі. Вольнапісаны ўнёс на агульную справу два кубкі сухога бульёну «Маггі», а Швэйк даў свае запалкі і набраў дроў. Разрэзаўшы бручку на кавалкі, яны зварылі на вячэру ў двох кацялкох бульён, які Швэйк заправіў яшчэ жменькай аўса і пятрушкай.

Яны зьелі бульён і пайшлі ў пуню спаць, сабраўшы ў адзін куток раскіданыя там гарохавіны, у якіх вольнапісаны знашоў некалькі стручкоў.

— Слухайце, — сказаў ён таварышом, — гэтыя гарохавіны, як відаць, не абмалочаны. Каб было ў нас сьвятло, можна было-б знайсьці ў іх яшчэ стручкоў і зварыць іх. Так есьці іх нельга, яны занадта сухія.

На зубох у яго хрушчэла, нібы мыш грызла пад падлогай.

— Чаму-ж не! — уздыхнуў настаўнік. — Добры можа быць крупнік. Але яшчэ лепш гарох са скваркамі, або з вэнджанай грудзінкай.

Гарохавіны шамацелі пад рукамі ў настаўніка, які шукаў у іх стручкоў. Швэйк заўважыў:

— Так, было-б ня дрэнна. Хоць мне ад гароху пучыць мой жывот, ён яго не ператраўляе, як…

Але тут Швэйк раптам змоўк і напружана пацягнуў носам паветра, а потым дадаў…

— Мне так хочацца зьесьці вэнджанай грудзінкі з гарохам, што ў мяне, таварышы, нават галюцынацыя робіцца — адчуваю, што тут пахне вэнджаным.

Вольнапісаны ўздыхнуў, а настаўнік пачаў гаварыць аб мане пачуцьцяў, з прычыны саманамовы і аб самаўзьнікненьні міражоў ды непраўдзівых уражаньняў пад уплывам моцнага жаданьня. Швэйк лёг на зямлю, і чутна было, як ён соп і са сьвістам уцягваў носам паветра. Абнюхаўшы сьцяну за сабой, ён раптам рашуча заявіў:

— Браточкі, ніякіх у мяне няма галюцынацый, ніякага падману пачуцьцяў У выніку саманамовы. Анутку, панюхайце самі. За гэтай сьцяной ёсьць нешта вэнджанае.

Абодвы яго таварышы падыйшлі і ўткнуліся насамі ў шчыліну, нюхаючы, як добрыя паляўнічыя сабакі. Нарэшце вольнапісаны ўпэўнена крыкнуў:

— Дальбог, там вэнджанае! Мабыць, грудзінка або вяндліна.

Настаўнік так глыбока ўсунуў нос у шчыліну, што нават застраміў яго. Калоцячыся ўсім целам ад хваляваньня, ён з тугой уздыхнуў:

— Вось, каб цяпер мышкай ды дабрацца да яе! Або лепш променем месяца, які лунае ў вакне…

— Нават ня трэба быць лунатыкам, — паправіў яго Швэйк, — а добры чалавек дабярэцца туды і ня мышаю.

— Але калі-б не існавала фізычных законаў! — пакрыўджана абазваўся настаўнік. — Хіба вы ня ведаеце аб непралазнасьці цьвёрдых цел?

— Ня ведаю, — самаздаволена адказаў Швэйк. — Такія глупствы мяне ніколі ня цікавілі. Але я ведаю, што тут побач вісіць нешта вэнджанае і што трэба прымудраваць або прыдумаць такі фізычны закон, каб яно трапіла да нас або мы да яго.

— Дык нават, каб ня было непралазнасьці сьцяны, якая адгароджвае нас ад гэтай прынады, усё-ж яе вартуюць ад нашых замахаў закон і права ўласнасьці, — зазначыў вольнапісаны. — Я студэнт-юрыст 3-га курсу і добра ведаю, што трэба паважаць чужую маемасьць: аб яе недатыкальнасьці гаворыць нават рымскае права. Вам вядомы артыкул 171 крымінальнага кодэксу аб крадзежы? А артыкул 173 таго-ж самага кодэксу аб крадзежы з узломам? За іх даецца ад 6 месяцаў да 20 гадоў пазбаўленьня волі.

— Не, я і гэтага глупства ня ведаю, — таксама бязьвінна адказаў Швэйк. — Я адно ведаю, што мне страшэнна хочацца есьці і што там за сьцяной ёсьць смачная яда.

Настаўнік выцягнуў трэцюю стрэмку з носу і з глыбокім уздыхам, які вырваўся з глыбіні душы, кінуўся на сваю саламяную пасьцелю. Вольнапісаны растлумачыў Швэйку яшчэ ці мала праўных паняцьцяў ды законаў сярэднявечча і найшоўшага часу, а затым па прыкладзе настаўніка скончыў сваю лекцыю словамі:

— На праве ўласнасьці трымаецца ўсё чалавечае грамадзтва: яно ёсьць аснова чалавечай культуры і добрабыту.

Швэйк маўчаў, адданы сваім уласным разважаньням, а вольнапісаны быў рад, што знайшоў чалавека, якога мог ашчасьлівіць сваімі ведамі, і хутка заснуў, сплятаючы свой хропат з сапеньнем настаўніка ў сымфонію больш няпрыемных, чым пяшчотных гукаў.

Тады Швэйк заварушыўся. Адсунуўшы ў бок салому, ціханька вылез і падыйшоў да хаты. Яна была замкнута: замок, які вісеў на ёй, паказваў, што яе гаспадары не варочаліся. Швэйк так-жа ціха вярнуўся ў пуню, стаў каля сьцяны і на калены, выняў з кішэні нож і некалькі разоў капануў ім гліняную падлогу, адкідаючы гліну рукамі, каб залезьці пад сьцяну. Ён зрабіў гэта некалькі разоў, а пасьля прасунуў правую руку ў дзірку — рука вольна выйшла на другі бок. У хаце, таксама як і ў пуні, была не дашчаная падлога, а гліняная.

— Пасьля такой вынаходкі Швэйк шчыра ўзяўся капаць: пот ручаямі плыў з яго. Праз гадзіну ён ужо здолеў прасунуць у дзірку галаву, а яшчэ праз гадзіну ён і ўвесь пралез туды і апынуўся ў хаце.

Разам з ім праскочыў туды і промень месяца, апоэтызаваны настаўнікам, і асьвятліў цёмнае памяшканьне з усімі скарбамі, якія знаходзіліся там.

Іх было ня лішне ўжо многа: тры булкі хлеба, мяшок мукі, кавалак сала, дзьве вараныя кілбасы і вясла вэнджаных кілбас.

Швэйк, доўга ня думаючы, узяўся ўкладваць усё гэта ў ранец. У кутку ён знайшоў яшчэ два кавалкі масла і гаршчок кашы.

Але ён узяў толькі адзін кавалак, а потым дастаў са свайго мяшка і паклаў на старое месца дзьве булкі хлеба і дзьве кілбасы, мармычучы сабе пад нос:

— Трэба-ж ім што-небудзь зьесьці, як яны вярнуцца.

Ён прашыўся назад праз дзірку ў пуню, перацягнуў туды сваю здабычу і стаў замазваць дзірку глінай і затоптваць яе.

Скончыўшы гэту работу, ён адрэзаў сабе вялікі кавалак хлеба, намазаў яго маслам і ўзяўся за яду, успамінаючы словы са зборніку «Народная мудрасьць» Яблонскага, што смачней ўсяго тое зерне, якое ачысьціў сам.

Раніцой, пакуль таварышы яшчэ спалі, ён пакроіў хлеб, кілбасу і сала на кавалкі, захінуў іх у разутыя з ног анучкі і паклаў ўсё, апроч дзеннай порцыі, у ранец. Кавалак хлеба з маслам ён паклаў у хлебную торбачку.

І толькі ўзыўшло сонца, палонных пагналі далей, абяцаючы ім полудзень на наступным этапным пункце, куды яны павінны былі прыйсьці пад вечар. Голад ня меншаў, а наадварот, як людзі былі ўжо воддаль ад фронту і выкліканы боямі прыгнечаны стан духу мінуў, рабіўся ўсё вастрэйшы і вастрэйшы. Усе глядзелі адзін на аднаго, як зьверы.

Удзень зрабілі прыпынак на лузе і вольнапісаны разявіў рот ад зьдзіўленьня, калі Швэйк разьвязаў торбу, дастаў адтуль кавалак хлеба з маслам, паклаў яго сабе на калені, пакроіў больш дробна і, прыкусваючы сала, лёгка ўздыхнуўшы, сказаў:

— На хлебе з салам трымаецца ўсё чалавецкае грамадзтва; ён ёсьць аснова ўсёй чалавецкай культуры і дабрабыту.

У волыьнапісанага сьлёзы набеглі на вочы, а настаўнік пачаў гучна смэркацца. Тады ў Швэйка загаварыла яго добрае сэрца: ён даў кожнаму па кавалку і зазначыў:

— Вось бачыце, на ліха вам уся ваша адукаванасьць, калі вы баіцеся ўкрасьці і стаць такім чынам незаконны і цярністы шлях грэху! Так, так, дык калі-б быў адукаваны, яшчэ з мяне ня гэта-б выйшла!

На этапны пункт яны прыйшлі позна ўвечары, і абед прышлося адкласьці да заўтрага. Швэйк і яго спадарожнікі апынуліся адны ў напоўразбуранай пуні. Раніцой Швэйк прачнуўся першым і схапіўся за торбу, якая ўсю ноч пралежыла ў яго на жываце.

Торба была парожняя, хоць рамяні былі нечапаныя: але ў дне торбы зіяла вялічэзная дзірка, прарэзаная войстрым нажом, якая дазваляла здагадацца, якім чынам зьнікла сала і хлеб. Швэйк паглядзеў на сваіх суседзяў: у вольнапісанага барада блішчэла, як наглянцаваная, а ў настаўніка кавалачак сала застаўся на барадзе. Але яны спалі шчасьлівыя, бязрупатныя, пад сваім пластом бруду, спалі бязьвінным сном дзяцей, і нічога не паказвала на тое, што іх дакарала сумленьне.

Тады Швэйк выйшаў з пуні, склаў рукі, узьняў іх да блакітнага неба і зашаптаў:

— Госпадзі, даруй ім, бо яны ня ведаюць, што робяць і не здагадваюцца, што ў ранцы ёсьць яшчэ. Прасьвятлі іхныя душы, каб настаўнік на чым-небудзь іншым, а не на маёй торбе, забываўся на закон аб непралазнасьці цьвёрдых цел, а вольнапісанаму дай разумець, што людзі крадуць нават тады, калі прайшлі поўны ўніварсытэцкі курс рымскага і аўстрыйскага права. Бо ўсе людзі — злодзеі і ня крадуць толькі тады, калі гэта ім здаенца малаважным. А адукацыя — гэта знадворны бляск, ляк, якім пакрыты ўсе гэтыя паны, і пад ім бываюць такія-ж нявартыя людзі, як я, твой горшы раб!

Швэйк і сам быў зьдзіўлены тэй пакорлівасьці і набожнасьці гэтай малітвы, перад якой самае неба не магло ўстояць; і калі ў пуні пачулася шурханьне, ён пасьпяшаўся вярнуцца туды. Ад дзьвярэй адскочыў настаўнік, які стаяў на варце, а ад ранца вольнапісаны, які абмацваў яго з усіх бакоў і спрабаваў, як відаць, адшпіліць рамяні. Швэйк падышоў да прававеда, даў яму поўху і навучальна сказаў:

— Фізычныя законы і ўсе артыкулы закону — для добрага салдата на вайне ня існуюць. Гэта вайна вядзецца ў абарону культуры, а таму рабуй дзе толькі можна. Рабаўніцтва ніколі ня спыніцца і заўсёды будзе існавань побач са злачынствам! Але толькі мой ранец пакіньце!

Пры гэтых словах настаўнік перахрысьціўся, паклаў у рот крошку сала, якая засталася ў барадзе, і ўзрушаным голасам праказаў:

— Амінь!

Праз нейкі час яны сядзелі на куртачках перад кіслай капустай і рвалі зубамі кавалкі чэрствага цьвілага хлеба, а яшчэ праз гадзіну аны ішлі далей, ішлі ў глыбіню Расіі, якая сдалася перад імі сваімі бясконцымі палямі жыта і пшаніцы ды зялёнымі лугамі, бярозавымі гаямі, статкамі і вёскамі, блізка ад якіх круцілася вялічэзнае крыльле ветракоў.

Канвойныя сказалі палонным, што ўдзень яны прыдуць у вялікую вёску, дзе іх накормяць і дадуць ім адпачыць да раніцы. Змораныя людзі падбадзёрыліся і засігалі шпарчэй.

А ў хвасьце палонных плёўся наш удалы ваяка Швэйк насустрэч невядомаму лёсу, і шчырая даверлівасьць сьвіцілася з яго вачэй. Ён ішоў папіраючыся жардзінкай, якую выцягнуў з гароду, і калі аддаль паказаліся дзьве залочаныя макоўкі над зялёнай страхой і канвойныя знакамі пачалі тлумачыць, што гэта і ёсьць этапны пункт, Швэйк апынуўся зусім адзін, таму што ён быў падсілкаваўшыся і не сьпяшаўся да кухні. Ледзь перасоўваючы ногі ў гарачым ад сонца пяску, ён з асалодай удыхаў водар сьвежага сена, які ўзьнімаўся над стэпам. Потым ён скінуў вошы, якія шпацыравалі па рукаве яго курткі і зацягнуў песьню:

Цар паклікаў наc да бою —
Сваю ўзброеную раць.
Верныя сыны, ідзеце
Трон жыцьцём абараняць!
Пойдзе з ворагам у бойку
Слаўны наш аўстрыйскі шлем.
Мы за Аўстрыі адзінства
Хоць ня хочам — кроў пральлем.
У старэнькай калі маці
На вайсковай службе сын,
Хай яна глядзіць, як сонца
Гляне раніцой праз тын.
Раніцой пунсова сонца,
Значыць сын паранен твой.
Ён ляжыць на полі бойкі, —
З сэрца льлецца кроў ракой.
Тата, мама, дарагія,
Калі-б бачыць вы маглі
Як ваш сын крывёю сьцякае —
Вы-б памерлі ад тугі.

Словы гэтай песьні цягнуліся бясконца і былі такія бязглуздыя і патрыётычныя, быццам іх напісаў вядомы аўстрафіл, патэр Люцінаў-Дасталь. Таму ня дзіўна, што яны падабаліся Швэйку, тым больш, што ягоны густ падзяляла і Чэская акадэмія, якая выдала прэмію за гэткае глупства.


*

Палонныя зрабілі ўжо чатыры поўных дзённых пераходы і праходзілі зараз па вёсках, дзе больш ня было расійскіх салдатаў і этапных комэндантаў.

Ад гэтага ім было ня горш, а яшчэ нават лепш. Вёскі былі заможныя, яшчэ амаль нічога ня ведалі пра вайну, войска і палонных яшчэ ня бачылі і таму спатыкалі транспарт з вельмі вялікай цікавасьцю. Сяляне шкадавалі палонных і частавалі іх табакай і махоркай; жанчыны плакалі, гледзячы на іхныя пакуты, раздавалі ім хлеб, варылі на вячэру бульбу і прыносілі яе палонным у пуні.

Праз жорсткасьць вайны зноў прасачылася людзкасьць. Вартавыя больш нікога ня гналі ўперад і калі які-небудзь палонны хворы або з параненымі нагамі адставаў ад партыі і які-небудзь селянін, праяжджаючы на калёсах, зварочваў увагу варты, што ззаду нехта сабраўся ўцячы, — начальнік вартавой команды толькі махаў рукой:

— Хай сабе ідзе. Да Аўстрыі цяпер далёка.

Калі транспарт прыходзіў у вёску яшчэ да зьмярканьня, яго зараз-жа абступалі мужчыны, маладзіцы, падлеткі і дзеці і пачыналі гутарку. Яны пыталіся, ці ёсьць у нас такое самае сонца, зямля, дрэвы і вада, і што сеюць у Аўстрыі. Пачуўшы, што ў нас растуць таполі, вішні, вербы ды ігрушы, што ўлетку грэе гэтае-ж самае сонца і палівае дождж, а ўзімку ідзе сьнег, што ўдзень у нас відна, а ўначы цёмна, улетку цёпла, узімку халодна, яны ветла ўсьміхаліся і здаволеным тонам гаварылі:

— Усё як у нас, усё адзін белы сьвет.

Дзяўчаты прыносілі ў конаўках малако і прасілі палонных што-небудзь прасьпяваць. Стараватыя бабы пыталіся: як у нас абыходзяцца з палоннымі і чаму ў нас адразаюць ім вушы і насы, і выкалываюць вочы; і ня было вёскі, адкуль адзін або некалькі чалавек ня трапіла ў нямецкі ці аўстрыйскі палон.

Фантазіі Швэйка адкрылася шырокае поле. Ён па-дзівацку расказваў аб жыцьціў нас, мяшаючы праўду з выдумкамі, і як яму ўздумаенца. Слухачы расьпіналі вушы, ківалі галовамі і згаджаліся, а Швэйк узрастаў у сваім уласным уяўленьні.

Яму здавалася, што нібы ён ідзе на край сьвету і нібы ў гэтага сьвету няма канца. Аднойчы ў дождж боты яго зусім разьмяклі, а потым залубянелі і зрабіліся цьвярдымі, як кара, да крыві разьдзіраючы яму ногі; таму ён ішоў зараз босы, перакінуўшы боты на вяровачцы цераз плячо і абуваючы іх толькі нанач, каб іх у яго ня ўкралі. Перад палоннымі слаўся бясконцы роўны стэп, ў якім пасьвіліся каровы і быкі. І нішто ўжо не здавалася Швэйку такім чужым у гэтай непрыяцельскай краіне, як раней.

Ён завучыў некалькі расійскіх сказаў, і абываталі, калі ён што-небудзь расказваў ім, маглі ўжо разумець кожнае і пятнаццатае ці дваццатае слова; яго абшарпаны старэцкі знадворны выгляд і добрадушны твар выклікалі давер’е мужчын і таму, што яны былі падобныя да яго, яны зварачаліся найахватней да яго.

— Ну, а ваш цар? — спытаў яго стараста вёскі, дзе ян пераначавалі. — Добры ён чалавек? Ня трэ’ было такому старому браць на душу такі грэх, гэту вайну! І навошта ён мучыць нашых палонных?

Швэйк ледзь зразумеўшы дзесятую частку пытаньня, не саромячыся, адказаў:

— Наш цар — старая калода, але ня злосны чалавек. Людзі ў кожнага знойдупь што-небудзь дрэннае. Пра вашага цара кажуць, што ён таксама добрая цаца. А наш мые вашым палонным кожны дзень ногі, як яго сьвяцейшаства ў Рыме ў чысты чацьвер — дванаццацём старцам.

— Ну, а нашага Івана, Івана Іванава сына ты ў Галіцыі не спатыкаў? — спытала старасьціха, дадаўшы: — Ён служыць у 216 палку і прысылаў ліст, што ён зараз у Галіцыі.

— Я шмат вашых спатыкаў, бабулька, — з усьмешкаю адказаў Швэйк. — Ваш Іван Іванавіч — добры чалавек? Ён бялявы, ці чорны? Да каго ён боьш падобен: да бацькі ці да маткі? Я з ім гаварыў, ён прасіў перадаць вам прывітаньне…

У вачох старой сьвяціўся шчасьлівы агеньчык. Яна ўзяла Швэйка за руку, быццам каханка, і засыпала яго пытаньнямі, з якіх Швэйк роўна нічога не зразумеў, таму сказаў наўздагад:

—Я, бабулька, з ім гаварыў дальбог гаварыў, каля самай галіцкай мяжы; ён расказваў мне, што яму жывецца добра, што хлеба і сахарыны ў яго аж залішне і казаў мне пераначаваць у вас. Ён гаварыў: — Бацька добры, маці — добрая, кланяйся ім ад мяне, і няхай яны цябе накормяць абедам і вячэрай».

Стараста схапіў Швэйка за руку, пагладзіў яго па шчацэ, палэпаў па плячы і сказаў:

— Добры ўдалы ваяка, ну ідзі да нас, накормім мы цябе.

Такім чынам Швэйк прыняў удзел у сямейнай вячэры, за якой ён зьеў амаль цэлую курыцу, таму што ні стараста, ні хто-небудзь з дзяцей ня елі, а толькі глядзелі на «ўдалага» ваяку Швэйка; і стараста сам завёў яго, як ён пачаў драмаць ад сыці і асалоды, у пуню, дзе старасьціха на сьвежае сена паклала нават падушку.

Калі стараста палез на ляжанку, дык кладучы пад голаў боты, сказаў:

— Вось бачыце, аўстрыец — вораг, а прыемны, адукаваны чалавек. Здаецца, ён умее нават і чытаць і пісаць.

А жонка спрасоньня адказала:

— Такі далікатны чалавек, і з нашым Іванам на фронце гаварыў. Тры разы я за абодвух сёньня памалілася ўжо, дай ім бог здароўя.

Тым часам Швэйк распрануўся на сене, як маці нарадзіла, заўважыўшы, што апрача кароў каля ясьляў стаялі і коні, ён аднёс туды ўсю сваю вопратку і паклаў яе на конскіх сьпінах, каб вошы, якія не церпяць конскага паху і цеплі, павылазілі з яго адзеньня.

Ён заснуў зусім шчасьлівы, бо яго нічога ня кусала, а раніцой успомніў, што яму сьнілася, нібы з кожнага боку ў яго стаяла па крылатым анёлу, якія ганялі ад яго мух сваімі крыльлямі.

Ён апрануў «абязвошанае» адзеньне і выйшаў на двор памыцца каля калодзежу. Каля адных калёсаў ён заўважыў скрынку коламазі. Вымыўшы брудныя, зьбітыя ногі, ён успомніў пра свае залубянелыя, пакарабачаныя боты і падумаў, што яны будуць мякчэўшыя, калі іх памазаць коламазьзю. Ён узяў скрынку і пайшоў з ёю ў хлеў. Але калі ён пачаў шукаць шчотку для выкананьня свайго пляну, яму давялося расчаравацца: нідзе ня было ані шчоткі, ані чаго-небудзь падобнага, каб замяніць яе.

І вось паглядзеўшы навокал, чым-бы яму змазаць свой абутак, Швэйк раптам нагнуўся, ухапіў у каровы хвост, якая ціха ляжала на сваёй пасьцілцы і мудра жавала жвачку, і пачаў мазаць ім коламазь на боты.

Карова азірнулася на яго разумнымі прыгожымі вачыма, каб даведацца, што за нязвыклая мэханіка робіцца з яе хвастом, і Швэйк палічыў за патрэбнае папрасіць прабачэньня ў яе.

— Ня злуйся, рабая, — сказаў ён. — Адна з тваіх сясьцёр вінавата ў тым, што я згубіў усе свае пажыткі; дык дазволь мне крышку пакарыстаць з твае далікатнасьці, бо мне прыходзіцца быць вынаходцам, як Робінзону Крузо. Таму што, любая ты мая каровачка, за час вайны тэхніка вельмі ўдасканалілася, і як я вярнуся дадому, дык падам заяву ў Міністэрства Народнай Асьветы, што за карысьць бывае ад каровы, каб паправілі падручнікі, а сваю вынаходку я надрукую ў часопісі «Вынаходзтва і прогрэс» або ў «Новай эпосе».

Калі транспорт палонных рушыўся далей, Швэйка праводзіла ўся старастава сям’я; усе з глыбокай павагай глядзелі на яго люльку, набітую даронай табакай, якая выкідала з сябе такія клубы едкага дыму, ажно старасьціха зазначыла: вось дыміць, што той самавар.

Потым яны разьвіталіся. Стараста па звычаю пацалаваў Швэйка, патрос яго за руку, шчыра пажадаў яму шчасьлівай дарогі і прасіў, каб ён наведаў іх, як будзе варочацца ў Аўстрыю.

Калі Швэйк убачыў чулыя адносіны да яго з боку старасты і заўважыў, як яго жонка выцірала сьлёзы, ён таксама шчыра адказаў пацалункам і таксама выцер вочы.

— Вось-жа ёсьць добрыя людзі, — сказаў сам сабе Швэйк. — А ты, браце, ледзь не зрабіўся нягоднікам, такім нягоднікам, як адзін Кладзіўка з Вінаград, які заўсёды даваў У «Політыцы» шлюбныя абвесткі, а потым трапіў пад суд за многажонства.

Стараста выцер сабе вочы рукавом і сказаў:

— Так, так. Добрых спраў нарабіла вайна.

— А да Кіева яшчэ далёка? — Спытаў пад канец Швэйк.

Стараста з хвіліну падумаў.

— Не, цяпер ужо недалёка будзе — вёрст трыста, ня больш.

Швэйк глядзеў на бясконцую даль, а з вуснаў яго вырваліся словы:

— Будзем спадзявацца, што там ужо мора і што я знайду там антыподаў.