Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/6/Апошні этап удалага ваякі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Швэйк робіць рэволюцыю Апошні этап удалага ваякі
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак, Карэл Ванек
1932 год
Пераклад: Кузьма Чорны

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




16

АПОШНІ ЭТАП УДАЛАГА ВАЯКІ

Калі ў Расіі поўніліся здабытаю воляй, дык ваеннапалонныя ёю проста захлёбваліся. Жаданьне, каб вайна спынілася, набліжалася да свайго зьдзейсьненьня; дысцыпліна аслабела, і паняцьце «ваеннапалонны» распылілася ў першыя-ж тыдні. Народ у Расіі кіпеў у катле рэволюцыі, і ні на што іншае не хапала часу. Гультаяваць ня было калі, дык ня было каму больш прыдумляць новых пакутаў сваім блізкім; усе чакалі, што адбудзецца штосьці вялікае і вызваліць увесь сьвет ад зла.

Гаршына з запалам чытаў прамовы новых міністраў, стараючыся правільна зразумець велічыню гэтых падзей. У першы час маніфэстацыі ўздымалі настрой, але, неўзабаве, праз месяц ужо яны пачалі гучэць пуста і фальшыва, выклікаючы на салдацкіх тварах кплівую ўсьмешку.

Прапаршчык Вараб’ёў прыходзіў да палонных усё больш рэдка, аддаўшы іх пад нагляд Ананьняву, а той хадзіў гэтакі-ж п’яны, як і ў часы царызму, і казаў:

— Эх, добра жыць за часовым урадам. Валі цяпер біць расійцаў, хлопцы!

— У той дзень, як я прадаў нагавіцы аднаму анучніку оптам па пяць рублёў за штуку, каб не важдацца з павольным продажам, — расказваў Швэйк Гаршыне, — я папаў у гэтую карчму толькі ўвечары. Там быў і прапаршчык Ананьнін, п’яны ў дошку, так што таварышом даводзілася падтрымліваць яго, каб ён не паваліўся, зьняў з сьцяны абраз, уставіўся вачыма на яго, як баран на новую браму, і раптам як гыркане: «Слухай, хлопцы, — няма ў нас больш цара, маць яго гэтак!»

— Гэты суб’ект зьменьвае сваю ахварбоўку, як хамелеон, — заўважыў Гаршына, а Швэйк заклапочана дадаў:

— Каб толькі яму не зьмяніць яшчэ раз! Езус-Марыя, якую-б валтузьню ён-бы нам тады задаў!

— Гэтага ня здарыцца, — сказаў Гаршына. — Рэволюцыя ня мае небясьпекі. Керанскі творыць цуды? Вось гэта дык міністр! Якія прамовы гаворыць, га!?

— А што нам за карысьць, — скрывіўся Швэйк. — Тут справа не ў прамовах. Прамоваў ён гаворыць даволі. Але мне здаецца, што калі пасьля гэтакае рэволюцыі ў нас ня будзе тлусьцейшае капусты, дык навошта было яе і рабіць?

Увечары Ананьнін выклікаў Швэйка да сябе. Яму прышоў ліст з Кіеву.

— Гаршына, таварышы мне ліст прыслалі! — гукнуў ён да свайго прыяцеля. — Значыцца, яны ня зусім мяне забыліся. Бачыш, ліст які доўгі.

Ліст гэты быў вынікам колектыўнае творчасьці Марэка і Пісклявага. Яны пісалі:

„Дарагі друг і таварыш Швэйк!

Ну вось, мы зноў на ўсе сілы цягнем лямку, зноў салдаты, як мае быць. Жывем мы тут, у Кіеве, ва унівэрсытэце. Гэта — вялікі чырвоны будынак з садам; усюды ў аўдыторыях і ў карыдорах пастаўлены ложкі, на якіх мы сьпімо, мы — дабравольцы чэскага легіёну, і сьпяваем сакольскі марш“. „Браты, сьмела наперад“.

— Гэта прыгожая песьня. Шкада толькі, што яе ўсе дзяруць. Яе належала-б сьпяваць з пачуцьцём, як калыханку, — заўважыў Швэйк, і чытаў далей:

„Таго энтузіязму, пра які мы чыталі ў „Чехо-славянах“ і „Чехо-словаке“ тут, праўду сказаць, няма анізваньня. Як заўсёды выявілася, што тэорыя — адно, а практыка — другое. Тут ніхто ня марыць пра прыгожы Градшын, над якім вялікасна плывуць воблакі, нібы вялікія лебедзі з раскінутымі беласьнежнымі скрыдламі, а кожны клапоціцца толькі пра тое, як-бы пад’есьці ўволю. Ніхто тут ня цікавіцца ці ваюе ён за каралеўства, ці за рэспубліку, а ўсе думкі занятыя адно тым, калі і дзе будуць даваць чай, цукер і тытунь — галоўным чынам тытунь.

— Я заўсёды казаў пра гэтага ненаеднага Балуна ў нас у палку, што абжорства — гэта чалавечая рыса, — палічыў патрэбным уставіць наконт гэтага Швэйк.

„Тут ёсьць ня мала людзей, якія толькі і думаюць пра тое, як-бы ўварваць два пайкі. Атрымаць заместа аднаго два палотнішчы на палатку — вышэйшы ідэал, бо тады можна адно з іх загнаць на рынку. З нашага палка тут ёсьць фэльдфэбель Насакла, той самы, які цябе дапякаў сваімі стрэльбавымі прыёмамі. Ён наглядае ля дзьвярэй за тым: хто што нясе і што ў каго за пазухаю, каб нашы хлопцы ня гэтак многа кралі. Ён, каб выпрабаваць вартаўнічых, час-ад-часу наўмысьля пасылае каго-небудзь з ніжэйшых чыноў вынясьці палотнішча, або шынель. Часам вартаўнічыя сапраўды нічога не заўважаць, і салдат сапраўды зьнікае з гэтымі рэчамі. Я сам пранёс гэтакім спосабам два палотнішчы, бо ён мала аддаваў мне свае ўвагі.

— Вось гэта жыцьцё! — уздыхнуў Гаршына. — Вось дзе-б мне таксама хацелася-б быць!

На гэтым тыдні сюды прыехалі дабравольцы з Сібіру, і адзін з іх — з 91-га палка. Як толькі ён убачыў Насаклу, ён наскочыў на яго і адразу заляпіў яму некалькі аплявух. Выявілася, што Насакла за два дні да таго, як расійцы ўзялі яго ў палон, загадаў падвязаць яго на дзьве гадзіны за тое, што ў яго ня было поўнага камплекту патронаў. Сам ведаеш, як нас за гата грэлі! Ну, нашы афіцэры сталі на бок пабітага, але ўсе хлопцы стаяць за таго, хто біў, так што яшчэ невядома, чым гатая гісторыя скончыцца.

А вось ты заўсёды хваліўся, што ведаеш усіх праскіх філераў. Тут з намі ёсьць нейкі Калоус, пра якога кажуць, нібы ён служыў у Празе ў ахранцы. Апроч таго, кажуць, ён вядомы як провокатар у Кладне і Бруксе, дзе ён „працаваў“ сярод шахцінскіх рабочых. Ён вялікі хвалько і пляткар. У яга чорныя валасы і ангельскія вусы. Калі ты пра яго што-небудзь ведаеш, дык паведамі нас. Цяпер ён выдае сябе за нацыянальна-соцыялістычнага правадыра і кажа, што ён спэцыяліст ўва ўсякіх ваенных і спортыўных справах“.

— Гэтакага я штосьці не памятаю, — задумённа сказаў Швэйк. — А ўрэшце, усе провокатары брэшуць адно і тое. Шкада, шкада. А то я-б ім ад душы напісаў-бы, а ўжо там з ім расправіліся-б як належыць. Гэтых паразітаў ўсюды зьнішчаць трэба.

За нашага ротнага камандзіра тут нехта Лінбарб, маленькага росту афіцэрык, якога ўсе чамусьці клічуць „Махорка“. Пра яго расказваюць, што ён жанаты на дачцэ генэрала, якую ён памылкова, служачы ў гэтага генерала за шофэра, накачаў заместа аўтомобільнае шыны, пасьля чаго яго прымусілі яе ўзяць замуж. Ён таксама „сакол“, і з тэй прычыны, што тут ва ўнівэрсытэце ўсім кіруе капітан Чыла, гарачы прыхільнік сакольскае гімнастыкі, мы цалюткі дзень толькі ею і займаемся. Кормяць нас галушкамі, бульбаю і часамі гуляшом…

— Я-ж кажу, што мне трэба было-б таксама быць там, — зноў не ўтрымаўся ад заўвагі Гаршына.

„Больш за ўсё ў нашым легіёне, вядома, ваеннапалонных. Але ёсьць і некалькі сыноў расійскіх чэхаў. Гэтым дык жывецца найлепш; яны езьдзяць дадому па яйца і па куры для афіцэраў і іх пасылаюць па сена. Дома яны пакідаюць выдадзеныя ім новыя боты і абуваюць старыя. За курыцу ім даюць мэдаль, а за вэнджаную шынку — георгіеўскі крыж“.

— У нас у Аўстрыі, — сказаў Швэйк, — давалі мэдаль таму, хто ўмее гатаваць чорную каву. А я, напрыклад, атрымаў малы срэбраны за тое, што нацёр паручніка Лукаша мазяю ад вошай.

„Цяпер, калі адбылася рэволюцыя, сюды прыехала вельмі шмат нашых аўстрыйскіх афіцэраў; усё гэта ваеннапалонныя, якія таксама імкнуцца ў легіён. Кажуць, што ў пецярбурскім савеце нейкі бальшавік прапануе выдаваць ваеннапалонным афіцэрам з казны гэтулькі на ўтрыманьне як і радавым, каб яны хоць у палоне адчулі, што такое ёсьць вайна. Таму яны раптам парабіліся за патрыётаў і пруцца ў легіён.

Наагул, тут гэтакая неразьбярыха, як і ўва ўсім сьвеце. Ёсьць сярод нас даволі шмат людзей шчырых, сумленных і наіўных, якія вераць, што мы ідзем ваяваць за вялікую, справядлівую справу. Але найбольш тут людзей з-за тых мотываў, з-за якіх мы зьменьвалі ў Омску сваю веру і падаваліся там у праваслаўную дружыну. Калі-б ты быў тут, ў цябе было-б куды пусьціць сваю філёзофію, і ты напэўна знайшоў-бы тут удалае параўнаньне.

Назаўбаве нас накіруюць на фронт. Кажуць, што Керанскі давёў армію да баяздольнага стану. Але, як мы думаем, яму самому было-б ня шкодна памазаць сабе пяты заячым салам… Ну і добра! Мы будзем ваяваць за гонар нашае нацыі да канца, каб ён бачыў, шта ёсьць яшчэ на сьвеце тыя, што гатовы ахвяроўваць сабою, хоць яго ўласнаму войску — пляваць на гата. Дык вельмі можа быць, што мы загінем у бойцы. Адшукай тады нашы магілы, таварыш, і пасей на іх моркаўку і пятрушку, каб тым салдатам, што будуць жыць пасьля нас, хапіла на добры крупнік, калі нават не застанецца на сьвеце ні кавалачка мяса. Мы абодва цалуем цябе ў кончык вуха.

Марэк і І. П.“.

— Значыцца, гэтыя слаўныя хлопцы паслалі мне гэты ліст, як сваю апошнюю волю, — усхліпнуў Швэйк, і сьлёзы яго скаціліся на паперу. Доўга сядзеў ён, нярухома гледзячы на крывыя радкі. Нарэшце ён загаварыў да Гаршыны:

— Здаецца мне, што ў гэтым легіёне адбываецца тая-ж гісторыя, як з тым яўрэем, які хацеў перайсьці ў праваслаўе. Гэта мне на рынку расказвалі. Расійцы, як вядома, яўрэяў ня вельмі далюблівалі, а ён хацеў выйсьці ў людзі, бо вельмі-ж ужо яму дадзела гараваць. Трымаў ён дробную крамку, а каб справы ішлі лепш, узяў сабе ў хаўрус праваслаўнага. Але калі і гэта не памагло, пашоў ён да папа хрысьціцца. Поп яму і кажа: «Пачакай, гэтак хутка ня можна. Спачатку я павінен навучыць цябе праваслаўнай веры. Ты будзеш прыходзіць да мяне і плаціць па пяць рублёў за гадзіну». Ну, яўрэй стаў хадзіць да папа і вывучаць катахізму. Нарэшце надыходзіць дзень, калі яго трэба хрысьціць. Напярэдадні ён прыходзіць апошні раз да папа і пытае, ці можа ён прыйсьці на хрышчэньне з сваім хаўрусьнікам, бо фірма ў іх «Пінхус і Петухов» і яны абавязаны рабіць усё агульна. У нядзелю ў царкве ідзе ўрачыстая адправа, бо ніхто не памятаў выпадку, каб гэтакі стары яўрэй пераходзіў у праваслаўе. Наехала духавенства з гораду, хрышчоны бацька, хрышчоная маці і народу процьма. І вось выходзіць яўрэй з сваім хаўрусьнікам да купэлі і поп пачынае яго пытаць: «Ці веруеш, што хрыстос быў бог і чалавек у аднэй асобе?» А ён адказвае: «Верую, што ён быў чалавек, а што ён быў бог — верыць мой хаўрусьнік». Поп яго зноў: «Ці веруеш, што хрыстос раздаў пяці тысячам чалавек пяць хлябоў і накарміў іх?» А ён адказвае: «Верую, што ён іх раздаў, а што ён накарміў імі людзей — верыць мой хаўрусьнік!» Тут поп трэці раз паспрабаваў: «Ці верыш, што хрыстос памёр на крыжы, каб выкупіць цябе сваёю сьмерцю?» А яўрэй усё гэтак-жа спакойненька: «Што ён памёр на крыжы, я веру, а ўва ўсё іншае верыць мой хаўрусьнік. На што-ж нам і быць хаўрусьнікамі?!» І скончылася яно тым, што абодвых выгналі з царквы… Вось гэтак, відаць, будзе і ў легіёне, адно што там гэтага ня кажуць так адкрыта, і таму ня так лёгка здагадацца… А калі Марэка заб’юць, дык і я больш не хачу жыць. Лепш ужо я знайду яго і раскажу яму, што было з яўрэем. Тады ён запатрабуе, каб яму гэтую справу як належыць вытлумачылі.

— Ці ня хочаш ты пакінуць мяне тут зусім аднаго? — сумна зацягнуў Гаршына. — Што я буду рабіць без цябе!

Тады Швэйк выцер вочы і ўрачыста дэкляраваў:

— Не, я гэтага не дапушчу. Мы-ж тады сталі-б расьсенымі па ўсім сьвеце як цыганы. Не! Мы з табою разам давядзем гэтую вайну да канца!

Але з гэтага дня Швэйк засумаваў. Ён ня гуляў больш у карты, ня слухаў, калі чыталі газэту, а ўсё толькі штосьці ўпарта абдумоўваў. Былі атрыманы паведамленьні пра вялікую сутычку на фронце і пра бліскучую перамогу пры Збораве, пра перамогу, якая праз два дні ператварылася ў «нячуваную катастрофу пад Тарнопалем», і нейкія няясныя весткі пра зьнішчэньне ці здачу ў палон «чэскага легіёну». Казалі, што ўся расійская армія ў паніцы бяжыць і што ў Петраградзе адбываецца бальшавіцкае паўстаньне… А Швэйк зусім бязудзельна сядзеў на нарах, гойдаючы нагамі і прыгаворваючы:

— Маё шчасьце, што я слабога розуму. Каб я ня быў слабога розуму, я-б тое, што творыцца навокал і што робяць з людзьмі, разумеў-бы і ад гэтага даўно сядзеў у вар’яцкім доме. А так са мною нічога ня можа здарыцца — я ведаць ня ведаю, у чым справа.

— Слухай, таварыш, — сказаў яму аднойчы Гаршына, — так мы тут заставацца ня можам. Невядома, што тут яшчэ будзе і ці будзе казна наогул клапаціцца пра нас. З заўтрашняга дня будуць выдаваць толькі па адным фунце хлеба на чалавека. Я гаварыў ў карчме з адным селянінам, у якога за сто вёрст адгэтуль вялікі хутар, і ён згадзіўся ўзяць нас за пастухоў. На зіму ён выдасьць нам цёплую вопратку, а гэта было-б ой як добра! Мы перазімуем у яго, а да вясны павінна-ж нарэшце ўся гэтая калатуша скончыцца, і мы з табою рушым дадому. Ну што, згодзен пайсьці да таго мужыка?

— Згодзен, — проста абазваўся Швэйк. — З асламі я даволі знаёмы, дык што цяпер можна заняцца і каровамі.

Праз тыдзень яны пасьвілі на полі жывёлу. Гаршына, па прыкладзе амэрыканскіх каўбояў, тросься навокал чарады на кані. А Швэйк ляжаў у траве, і моўчкі і сумна глядзеў у яснае неба.

— Дай адно мне бачок, — сказаў ён надвечар да Гаршыны, — я пайду падаю унь тую пярэстую карову. Ува мне ўсё гарыць і вельмі піць хочацца.

Але карова ўцякла ад Швэйка ў стэп, і Швэйк пагнаўся за ёю. Яна была ўжо гэтак далёка, што Гаршына бачыў толькі дзьве чорныя кропкі ў зялёным моры травы; яны рабіліся ўсё меншыя і меншыя і, нарэшце, зусім зьніклі.

Уночы карова вярнулася да свае чарады адна, а Швэйк бяз сьледу згінуў, нібы ў зямлю праваліўся. І Гаршына адзначыў у сваёй кніжцы: «З 26-га жнівеня 1917 году Швэйк невядома дзе».


*

Гэта было ў брыдкі лютаўскі дзень 1920 году. Прага ўпрыгожылася сьцягамі, па вуліцах хадзілі, ня гледзячы на дождж, прыгожыя дзяўчаты ў нацыянальных гарнітурах, на тратуарах ціснуліся цікаўныя, і з вуснаў у вусны перадавалася:

— Ідуць? Яны?

На рагу Венцаслаўскага пляцу стаяў высокага росту ўкормлены пан і расказваў другому, які якраз узяў яго пад руку:

— Я быў на біржы і сумысьля крыху затрымаўся, каб іх убачыць. Ну, і дарагоўля-ж тут у вас! А ўрэшце, наш брат, мельнік, можа сабе цяпер сёе-тое дазволіць, а мне хочацца расказаць дома, як выглядаюць легіянеры. Праўду кажучы, мне зусім ня гэтак ужо цікава глянуць на іх, але са мною на фронце быў нейкі Швэйк, які таксама папаўся да расійцаў у палон. А я яго якраз сёньня гэтак жыва сасьніў, і штосьці падказвае мне, што ён будзе сярод іх. Гэта быў такі прыемны, добры чалавек. Яго клікалі Швэйкам, Ёсіфам… Як вы думаеце, мы пасьпелі-б яшчэ пасьнедаць?

— Езус-Марыя! — сказала нейкая стараватая жанчына, павярнуўшыся да іх. — Значыцца, вы таксама ведаеце майго пана? Я — фрау Мюльлер, удава, і да вайны служыла за найлепшую служанку ў пана Швэйка. Як добра, што мы спаткаліся! Ён сапраўды прыяжджае сёньня. Я атрымала ад яго тэлеграму з Трыесту.

І яна працягнула тоўстаму пану тэлеграму. Той паціснуў фрау Мюльлер руку і адрэкамэндаваўся:

— Балун, мельнік з Табору.

— А я табе кажу, Палівец, што было-б лепш спаткаць яго ля самага вагзалу, — амаль у тую-ж хвіліну гаварыў за два крокі ад іх прысадзісты і праставаты на выгляд мужчына да кароценькага чалавечка ў кацялку.

— А ну гэты дождж сабаку пад хвост! — далікатна адазваўся той. — Сёньня павінна сьвяціць сонца, каб і гандлёваму чалавеку сёе-тое папалася-б. Не, не, ты ўжо мяне нікуды не цягні, Вадзічка. Калі мы яго нават і не ўбачым цяпер, дык ён напэўна вечарам зойдзе ў «Поўны Келіх». Гэ, яны ўжо ідуць!

З боку музэю пачуліся бурцыя гукі «Слава». На пляцу зьявіліся, нібы букет кветак з поля, дзяўчаты ў нацыянальных гарнітурах. За імі выступалі «саколы» ў чырвоных рубашках, за якімі ішлі, з некалькімі афіцэрамі на чале, мернаю, выразнаю хадою салдаты ў зялёных мундзірах і з стрэльбамі на плячах. Штыхі блішчэлі нават пры гэтакім шэранькім, цьмяным асьвятленьні. Асфальтовы брук гуў пад стукам салдацкіх падэшваў. Салдаты адбівалі бадзёры крок. Яны якраз заварочвалі на Калаўротавую вуліцу, як раптам таўсматы ўкормлены пан гукнуў да афіцэра, што крочыў побач з сваім аддзяленьнем:

— Маці божая Клакоцкая, гэта-ж пан паручнік Лукаш! Пане паручнік, а ці памятаеце Балуна, які быў у вас пяць год таму, назад за дзяншчыка?

Затрыманы гэтак нечакана паручнік засьмяяўся і зрабіў Балуну знак далучыцца да гэтае хады. У той-жа момант з шэрагаў пачуўся нечый сакаўны, мужны голас:

— Марэк, глядзі адно — таўстун Балун! Што ты тут робіш?

Мельнік павярнуў галаву, каб адказаць, але не пасьпеў ён і роту разьзявіць, як да таго салдата, што гукаў на яго, з плачам кінулася фрау Мюльлер:

— Езус-Марыя, якое шчасьце! Мой пан вярнуўся з вайны дадому. Пане, ідзеце хутчэй, я вам і ваду гарачую нарыхтавала, і лёкая на боты скідаць, і бялізну сьвежую паслала, каб вам адпачыць добра. Вы-ж сучасны крыжаносец, пане! Так пісалі ўчора у «Палітыцы».

— Ідзеце ў сарцір, старая божая, і не расчульвайцеся! — сказаў хтосьці, далікатна адпіхаючы фрау Мюльлер. — З прыездам цябе, Пеперль, здароў будзь! Ты-ж прыедзеш сёньня вечарам да нас на шклянку піва? У мяне сьміхаўскае. Яго зноў ужо можна піць.

— Вядома, прыду, браце Палівец, — з гонарам адказаў Швэйк, — а ты ўсё-ж гэтакі грубіян. Што-ж, на вайне мы ўсе агрубелі.

— Дайце мне стрэльбу, я вам яе панясу, — пачала прасіць фрау Мюльлер, спрабуючы сьцягнуць стрэльбу з швэйкавага пляча, але тут на яе гукнуў нечы новы голас:

— Пакінуць, зараз-жа! Хіба вы ня ведаеце, што на гэта ёсьць у ваенным кодэксе артыкул. Яго нават могуць расстраляць за такую штуку. А ты, Швэйк, глядзі, не спазьніся ў «Поўны Келіх». Памятаеш, ты яшчэ ў Кіральхідзе ў Вэнгрыі дэкляраваў мне быць там роўна а палове сёмае.

— Не, я сказаў у шэсьць, і ў шэсьць я буду на мейсцы, — адказаў Швэйк, атульваючы сапёра ласкавым позіркам.

Натоўп ішоў з імі і за імі, наперадзе грымелі крыкі «слава», і «на-здар», хваляваліся хусткі і ўсьміхаліся прыгожыя дзяўчаты, і ўдалы ваяка Швэйк з задаваленьнем адзначыў:

— Каб не вайна, я нават на сваім пахаваныні не дажыўся-б да гэтакага ўшанаваньня.

— Швэйк, мы ўжо згаварыліся пра ўсё з панам паручнікам, — зьвярнуўся да яго Балун: — Ты павінен прыехаць у наступную нядзелю разам з ім да мяне ў госьці. Я закалю сьвінку. Сьвінка ў мяне невялікая, усяго на якія-небудзь дзьвесьце кілё, але ты, калі ласка, не саромься, таварыш. Нашаму брату, мельніку, вайна пашла на карысьць — рука божая не бяднела.

— Значыцца, вырашана: я прыеду, — заявіў Швэйк, — каб паглядзець, колькі ты, прорва, можаш зьесьці, пакуль табе ня будзе даволі.

—Яны дайшлі да Старога рынку. Ля помніка Гусу іх чакалі вышэйшыя прадстаўнікі грамадзянскае і вайсковае ўлады. Перад ратушаю была зроблена трыбуна. Герояў віталі міністры, гаварылі ім прамовы дэпутаты, і ўгару ляцелі важнецкія фразы пра сьвятыя правы чэскага народу, пра змаганьне за гэтыя правы і пра зьдзяйсненьне трыстагадовай думкі пра волю.

А ўдалы ваяка Швэйк, слухаючы гэтыя прамовы, глядзеў на маленькую сучачку, якую вяла на ланцужку фарсіста ўбраная дама, што шчыра махала легіянерам хустачкаю, і з цікавасьцю наглядаў, як да гэтае сучачкі падбег сабачка тэй-жа пароды, далікатна абнюхаў яе, і, пакруціўшыся навокал сваё выбраньніцы, атрымаў ад яе, нарэшце, поўную ўзаемнасьць.

Уласьніца сучачкі густа пачырванела ад сарамлівасьці; а ў наступную хвіліну, калі хтосьці з вайсковых, адчыканьваючы кожнае слова, коратка адказваў профэсіянальным парляманцкім гаваруном і балбатуном, што «народ можа ўзмацоўвацца і разьвівацца толькі тады, калі ўсе яго члены будуць дзейнічаць сумленна і шчыра», зрабіў адмысловы націск на слове «ўсе», — Швэйк шапнуў да Вадзічкі: Шзвэйк шапнуў да Вадзічкі:

— Запытайся унь у тае дамачкі яе адрас. Шчанята ад гэтае пары будуць цудоўныя. Я заўтра-ж пайду і заяўлю, што гатоў купіць. Трэба зноў пачаць працаваць.

Прамовы скончыліся. Загрукацелі барабаны, і зычны камандзіраў голас разрэзаў паветра:

— Слухай! Наперад — марш! Раўнаваньне на-права!

Колёна праходзіла цырымоніяльным маршам перед вышэйшымі чыноўнікамі краіны. Але яшчэ да таго, як чарга дайшла да Швэйкавае роты, ён запытаў:

— Значыцца, у шэсьць, у «Поўным Келіху»? А цёмнае ў цябе ёсьць?

— Пытаеш! — абазваўся Палівец.

— А пулька будзе?

Тут за Паліўца адказаў Вадзічка:

— Ня бойся! Партыя — першы сорт!

— Сьмірна! — гыркнуў паручнік Лукаш. — Наперад — марш! Раўнаваньне на-права!

Швэйк, адбіваючы: левай, левай — у апошні раз гукнуў:

— Вельмі, вельмі рад! Вось будзе што расказаць! Уся вайна з яе бойкамі, прамовамі і пардамі — паскудства, сабачая пацяруха з-пад хваста!

— Значыцца, у шэсьць? — кінуў яму наўздагон Вадзічка, але адказу ўжо не атрымаў.

І калі ўдалы ваяка Швэйк выходзіў з Старога рынку, над ім панура зьвісалі мокрыя сьцягі, і сеяўся дробны, халодны дождж…