Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/XII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел XI Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел XII
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел XIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ XII
РЭЛІГІЙНЫ ДЫСПУТ

Швэйк цэлымі днямі, траплялася, ня бачыў ахоўніка салдацкіх душ. Свае духоўныя абавязкі фэльдкурат чаргаваў з гулянкамі і досыць рэдка стыкаўся ў хаце, дый то праходзіў увесь завэдзганы і пакомчаны, нібы мартовы кот пасьля вандраваньняў па стрэхах.

На тыя выпадкі, калі фэльдкурат прыходзіў начаваць дахаты, ён кладучыся спаць, гаманіў са Швэйкам пра высокія матэрыі, пра духоўны экстаз і пра радасьці мысьленьня, а часам спрабаваў імпровізаваць вершамі ці дэклямаваць Гэйнэ.

Швэйк адправіў з фэльдкуратам яшчэ адну палявую імшу у сапёраў. Тады-ж сама ў памылцы запрасілі другога фэльдкурата, былога настаўніка закону божага ў школе, надзвычай набожнага чалавека. Ён надта зьдзіўлена зірнуў быў на свайго колегу Каца, калі той прапанаваў яму глынуць каньяку з швэйкавае фляжкі, якая ў Швэйка пад час выкананьня духоўных функцый заўсёды была напагатове.

— Каньяк ня кепскае маркі, — сказаў Отто Кац. — Выпіце дый едзьце дахаты. Я ўжо спраўлюся тут адзін. Сёньня мне трэба пабыць на сьвежым паветры, а то ў мяне нешта ломіць галаву.

Набожны фэльдкурат паківаў галавой ды паехаў, а Кац спраўляў сваю ролю, як заўсёды, з надзвычайнай удачай. На гэты раз за боскую кроў пашоў крушон, і казаньне задоўжылася больш, як звычайна. Кожнае трэцяе слова ў фэльдкурата было „і гэтак далей“ або „гэта факт“.

— Салдаты! Сёньня вы ад‘яжджаеце на фронт і гэтак далей. Узьнясіце-ж сэрцы вашы да бога і гэтак далей. Гэта — факт. Ніхто з вас ня ведае, што з ім будзе. Гэта — факт… І гэтак далей.

І з алтара неслася „і гэтак далей“ ды „гэта факт“ на перамену з богам і з усімі сьвятымі. У запале красамоўства фэльдкурат выдаў прынца Аўгена Савойскага за нейкага сьвятога, які будзе ахоўваць сапёраў і іхныя пантонныя масты, адылі палявая імша скончылася бяз усякай спакусы — прыемна і весела. Сапёры пацешыліся, як мае быць.

Паваротам дахаты Швэйка з фэльдкуратам не хацелі ўпусьціць у трамвай са складаным алтаром, дык Швэйк пагразіў кандуктару:

— Глядзі, вось трэсну цябе гэтым сьвятым алтаром па чэрапу!

Дацягнуўшыся, нарэшце дахаты, яны агледзелі, што згубілі дарахранільніцу.

— Дармо, — сказаў Швэйк. — Першыя хрысьціяне правілі набажэнствы і без дарахранільніцы. Даўшы нам у газэту абвестку аб згубе, дык той, хто знайшоў, будзе вымагаць перайма. А каб мы згубілі грошы, дык наўдачу, каб хто нам вярнуў іх. Адылі можна патрапіць і на такога. У нас у палку ў Будэйовіцах быў адзін гэткі: добры хлопец, але дурны. Знайшоў ён неяк сярод вуліцы пяцьсот крон і здаў іх у паліцыю. У газэтах пра яго напісалі: вось, бач, які сумленны чалавек. Ну і набраўся ён сораму. Ніхто з ім не хацеў пасьля гэтага ніякае справы вёсьці. Усе казалі яму: „Дурны, што ты гэта нарабіў? За гэта табе праз усё жыцьцё чырванець прыдзецца, калі ў табе хоць кропля сумленьня высталася“. Была ў яго раней дзяўчына, дык і тая з ім гаварыць перастала. А як прыехаў ён на пабыўку дамоў, дык ягоныя прыяцелі, даведаўшыся пра гэту гісторыю, выкінулі яго пад час скокаў з піўніцы. Хлапец зачаўрыў, пачаў задумляцца і зрэшты кінуўся пад поезд. А вось яшчэ выпадак. Кравец з нашае вуліцы знайшоў залаты пярсьцёнак. Яму раілі не аддаваць у паліцыю, а ён упяўся на сваім. У паліцыі сустрэлі яго ветла, сказалі, што заяву пра згубу залатога пярсьцёнка з дыямэнтам да іх падалі і ўсё іншае. Адылі паглядзелі на камень дый кажуць яму: „Чакай добры чалавеча, ды гэта-ж шкло, а не дыямэнт. Колькі ўзяў за каменьчык? Ведаем мы гэткіх знайдаў!“ Канцы канцамі высьветлілася, што адначасна згубіў нехта пярсьцёнак з праўдзівым дыямэнтам, а другі — гэткі самы з фальшывым (нейкая там сямейная рэліквія). Але краўцу давялося ўсё-ткі высядзець тры дні, бо ён са злосьці дапусьціў зьняважлівы выраз у адрас паліцыі. Належную ўзнагароду ён атрымаў сваім парадкам, дзесяць процантаў, гэта значыць — адну крону і дваццаць гэлераў, — тая дрэнь каштавала адных дваццаць крон. Кравец гэтай належнай узнагародай шпурнуў гаспадару пярсьцёнка ў хару, той падаў у суд за абразу, і з краўца злупілі дзесяць крон штрафу. Пасьля гэтага кравец усюды казаў, што з таго, хто сумлена заявіць пра знаходку, і дваццаць пяць крон штрафу мала, што яго трэба зьбіваць да паўсьмерці пры ўсім народзе, каб іншыя навучаліся, як трэба рабіць у гэткіх выпадках… На мой розум, ніхто нашу дарахранільніцу назад не прынясе, дармо што на ёй ззаду палковая пячатка. Ніхто з скарбовымі рэчамі звадзіцца не захоча. Хутчэй ужо ўкіне яе ў ваду, каб ня трапіць у бяду… Учора ў шынку „Каля залатога вянка“ разгаманіўся я з адным чалавекам з провінцыі, гадоў шэсьцьдзесят яму будзе. Ён прыехаў у Новую Паку скардзіцца ва ўправу акругі, што ў яго рэквізавалі карахвашку. Паваротам назад, як ужо яго з управы акругі выкінулі, ён суняўся падзівавацца на ваенны абоз. Нейкі хлапец з абозных, які вёз консэрвы для арміі, папрасіў яго з хвілінку папільнаваць коні, ды больш і не вярнуўся. Калі абоз рушыў у дарогу, старому прышлося ехаць з усімі, і такім парадкам ён трапіў у Вэнгрыю, а там ён сам папрасіў аднаго разявайлу папільнаваць яго возу і толькі і гэтым і ратаваў сябе, а то-б яго і ў Сэрбію зацягнулі. З таго часу, кажа, расчыніліся ў яго вочы, і ён больш з скарбовымі рэчамі ня хоча мець ніякае справы.

Увечары прышоў той самы набожны фэльдкурат, што ўраньні тож меўся правіць палявую імшу ў сапёраў. Гэта быў фанатык, які імкнуўся чыста ўсіх прыцягнуць да бога. Яшчэ як быў настаўнікам закону ў школе, ён разьвіваў рэлігійныя пачуцьці ў дзяцей аплявухамі, і газэты часам зьмяшчалі пра яго допісы накшталт „Жорсткі настаўнік закону божага“ або „Выкладаньне закону божага з дапамогаю аплявух“. Настаўнік-жа закону быў перакананы, што дзіця ўбярэ ў галаву сабе катахізм лепш за ўсё па аўстрыйскай сыстэме. Набожны фэльдкурат троху кульгаў на адну нагу — вынік сустрэчы ў цёмным завулку з бацькам аднаго вучня. Настаўнік закону божага надаваў у карак ягонаму сыну за тое, што тоў выказаў неймавернасьць да існаваньня сьвятой тройцы; небарака-хлапец дастаў за гэта тры таўкачы: адзін — за бога-ойца, другі — за сына і трэці — за сьвятога духа.

Такім чынам, набожны фэльдкурат прышоў абарачаць свайго колегу Каца на правільны шлях і абуджаць у ім сьвятое сумленьне. Ён пачаў з таго, што зазначыў Кацу:

— Дзіўлюся, чаму гэта ў вас нідзе няма крыжа? Дзе ў вас малітаўнік? Ніводзін сьвяты абраз не аздабляе сьцен вашага пакою. Што гэта ў вас там над ложкам?

Кац усьміхнуўся.

— Гэта — „Купаньне Сусанны“, а голая жанчына ніжэй — адна мая старая прыяцелька. Направа — японская акварэль, якая малюе родавы акт паміж старым самураем і гэйшай. Ці праўда, дужа орыгінальна?.. А малітаўнік у мяне на кухні. Швэйк! Прынясіце яго сюды і разгарнеце на трэцяй старонцы.

Швэйк пайшоў на кухню, і адтуль пачулася, як тройчы покнулі адкаркаваныя бутэлькі.

Набожны фэльдкурат зьбянтэжыўся, як убачыў на стале тры бутэлькі.

— Гэта лёгкае царкоўнае вінцо, колега, — сказаў Кац. — Надзвычай добры рысьлінг. Смакам нагадвае мозэльскае.

— Я піць ня буду, — занатурыўся набожны фэльдкурат. — Я прышоў, каб абараціць вас на правільны шлях.

— Але-ж у вас перасохне ў горле. Выпейце трошку, а я паслухаю. Чалавек я лагодны, магу паслухаць і чужыя думкі.

Набожны фэльдкурат троху глынуў, і вочы ў яго палезьлі на лоб.

— Ну і віно, на яго ліха! Як, колега, а? — запытаўся Кац.

Фанатык цьвёрда сказаў:

— Я заўважаю, што вы вымаўляеце няпрыстойныя словы.

— Прывычка, — сказаў Кац. — Часам нават лаўлю сябе на тым, што абражаю бога. Швэйк, наліце пану курату. Паслужыце-тка на вайсковай службе столькі, як я, — яшчэ ня гэтак будзеце лаяцца. Піце, дарагі колега.

Былы настаўнік закону божага няўпрыцям для сябе выпіў. Відаць было, што яму карціць нешта сказаць, ды ня змога. Ён парадкаваў думкі.

— Паважаны колега, — гаварыў далей Кац, — больш бадзёрасьці, не ўдавайце з сябе чалавека, якога за пяць хвілін мусяць павесіць. Чуў я, нібы вы аднойчы ў памылцы зьелі ў пятніцу ў адным рэсторане біток з сьвініны і пасьля гэтага пабеглі ў прыбіральню ды ўторкнулі сабе два пальцы ў рот, каб вас званітавала, баючыся, каб бог не пакараў. Я-ж сам не баюся есьці ў пост мяса і не баюся ніякага пекла. Што з вамі? Выпіце хутчэй!.. Стала лепей?.. Ці можа ў вас больш прогрэсыўны погляд на пекла, мо‘ вы ідзіцё аднэй ступою з сучаснымі павевамі думкі і з рэформістамі? Гэта значыць вызнаіцё, што ў пекле замест простых катлоў з серкай для няшчасных грэшнікаў ужываюцца Папінавыя катлы высокага даўленьня, што грэшнікаў падскварваюць на маргарыне, а ражны круцяцца электрычнасьцю? На працягу міліёнаў год трушчаць іх, гаротных, паравымі каткамі, якімі ўбіваюць сашу, іхныя енкі запісваюць на грамафонныя кружэлкі, ды потым гэтыя кружэлкі адсылаюць угару, у рай, на пацеху праведнікаў? А ў раі працуюць новыя распырсквальнікі одэколёну ды сымфонічныя оркестры анёлаў граюць Брамса так шчыра, што лепш уцячы з раю куды-небудзь у пекла або ў чысьцец? У анёлачкаў да азадкаў прымайстраваны пропэлеры, каб не натрудзілі сабе крылцаў?.. Піце, колега! Швэйк, наліце яму каньяку, — яму, здаецца, дрэнна.

Троху адхамянуўшыся, набожны фэльдкурат здушаным голасам пракулдыячыў:

— Рэлігія ёсьць разумовае сузіраньне… Хто ня верыць у існаваньне сьвятое тройцы…

— Швэйк, — перапыніў яго Кац, — налеце пану фэльдкурату яшчэ чарку каньяку, — хай прачухаецца троху. Раскажыце яму што-небудзь, Швэйк!

— У Влашыме, дазвольце далажыць, пане фэльдкурат, — пачаў Швэйк, — быў адзін пробашч. Калі ягоная ранейшая экономка зьбегла разам з дзіцянём і грашмі, ён згадзіў сабе новую служанку. Гэты пробашч на старасьці ўдаўся ў вывучэньне сьвятога Аўгустына, які, кажуць, належыць да катэгорыі сьвятых айцоў цэрквы. Дачытаўся ён там, што кожны, хто верыць у антыподаў, падлягае праклёну царквы. Гукнуў ён сваю служанку дый кажа ёй: „Слухайце, вы мне неяк казалі, што ў вас ёсьць сын сьлёсар і што ён паехаў у Аўстралію. Калі гэта так, дык ён, значыць, стаў антыпод, а сьвяты Аўгустын загадвае праклясьці кожнага, хто верыць у існаваньне антыподаў“. — „Бацюшка, — кажа яму баба; — сын-жа мой прысылае мне і лісты і грошы?“ — „Гэта — д‘яблавы штукі, — кажа ёй пробашч. — Паводле навукі сьвятога Аўгустына, ніякай Аўстраліі ня існуе. Гэта вас антыхрыст змушчае“. У нядзелю ён у касьцёле аддаў яе перад усімі добрымі людзьмі на анафэму і крычаў, што ніякае Аўстраліі ня існуе. Прышлося проста з касьцёлу завезьці яго ў вар‘яцкі дом. Ды й шмат каму туды варта-б было. У Урсулінах у манастыры ёсьць бутэлечка з малаком дзевы Марыі, якім яна карміла малога Езуса, а ў дзіцячым прытулку пад Бэнэшовам, калі туды прывезьлі сьвятую лурдзкую ваду, усіх ад яе пагнала так, што хоць ты гвалту крычы.

У набожнага фэльдкурата замуцілася ў ваччу. Ён ачуняў толькі пасьля новае чаркі каньяку. Каньяк даў яму ў галаву. Прыплюшчыўшы вока, ён запытаў Каца:

— Вы ня верыце ў бязмужнае мацярынства дзевы Марыі, ня верыце, што палец Яна Хрысьціцеля, які захоўваюць піярыстыя, сапраўдны? Ды ці верыце вы ў бога наогул? А калі ня верыце, дык чаму-ж вы за фэльдкурата?

— Даражэнькі колега, — адказаў Кац, фамільярна палэпаўшы яго па сьпіне, — пакуль дзяржава ня прызнае, што салдаты, якія ідуць паміраць у баёх, не патрабуюць божага блаславеньня, датуль пасада фэльдкурата добра аплачваецца і лішне не абцяжарвае чалавека. Гэта мне больш да ўпадобы, чымся бегаць па пляцы ды хадзіць на манэўры. Даўней мне давалі розныя загады, а цяпер я раблю, што хачу. Я замяшчаю некага, хто ня існуе, і сам граю роль бога. Не захачу каму-небудзь дараваць грахоў, дык не дарую, хоць на калены прада мной станавіся. Адылі гэткіх знойдзецца надзвычай мала.

— Люблю госпада бога, — ікнуў набожны фэльдкурат, — дужа люблю… Дайце мне віна. Шаную господа бога і паважаю. Нікога так не паважаю, як яго!..

Ён грукнуў кулаком аб стол, аж бутэлькі пападскоквалі.

— Бог — найвышэйшая, незямная істота, дасканалая ўва ўсіх сваіх праявах. Гэта — асьвечаная сонцам істота, і ніхто мяне на іншае не пераканае. І сьвятога Язэпа шаную і ўсіх сьвятых, і нават сьвятога Сарапіёна… У яго дужа брыдкае імя!..

— Так, яму-б ня шкодзіла паклапаціцца, каб адмяніць, — зазначыў Швэйк.

— Сьвятую Людмілу люблю і сьвятога Барнара, — гаварыў далей былы настаўнік закону божага. — Ён ратаваў многа падарожнікаў на Сэн-Готардзе. На шыі ў яго бутля з каньяком, і ён адшуквае завеяных сьнегам…

Забава ўзяла новы кірунак. Набожны фэльдкурат панёс усякую лухту.

— Дзяцей я люблю, іхны дзень дваццаць восьмага сьнежня. Ірада я ненавіжу… Калі курыца сьпіць, няможна дастаць сьвежых яек.

Ён засьмяяўся і запеў:

„Сьвяты божа, сьвяты крэпкі“…

але ўраз суняўся і, абярнуўшыся да Каца, злосна запытаў:

— Вы ня верыце, што пятнаццатага жніўня вялікая прачыста?

Гулянка ішла на ўсе застаўкі. Зьявіліся яшчэ бутэлькі, і Кац раз-по-раз змушчаў набожнага фэльдкурата:

— Скажы, што ня верыш ў бога, а то не нальлю.

Здавалася, што варочаюцца часы ганеньняў на першых хрысьціян. Былы настаўнік закону божага пеў нейкую песьню мучальнікаў рымскай арэны і гвалтаваў:

— Веру ў госпада бога свайго і не зракуся яго! Ня трэба мне твайго віна. Магу і сам за ім паслаць.

Нарэшце, яго паклалі. Але перш, чымся заснуць, ён выгаласіў, узьняўшы руку, як пад прысягай:

— Веру ў бога айца, сына і сьвятога духа! Дайце мне малітаўнік.

Швэйк упоркнуў яму першую, якая трапілася пад руку, кніжку з начнога століка Отто Каца, і набожны фэльдкурат нарэшце заснуў з Дэкамэронам Бокачыо ў руках.