Перайсці да зместу

Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/X

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел IX Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел X
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел XI

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ X

ШВЭЙК ЗА ДЗЯНШЧЫКА Ў ФЭЛЬДКУРАТА

Швэйкаўская адысэя разьвінаецца далей пад гаваровым канвоем двух салдат са штыхамі, якія павінны былі даставіць яго фэльдкурату.

За Швэйкавых канвойных былі два салдаты, якія ўзаемна дапаўнялі адзін аднаго: адзін з іх быў худы і даўгалыгі, другі, наадварот, маленькі і тоўсты; даўгаль кульгаў на правую нагу, маленькі — на левую. Абодва служылі ў тыле, бо былі вызвалены ад вайсковае службы. Абодва з надзвычай сур‘ёзным выглядам ішлі па бруку і зрэдку пазіралі на Швэйка, які сігаў пасярод і раз-по-раз казыраў каму трэба. Яго цывільная вопратка запаветрылася недзе ў цэйхгаузе гарнізоннай турмы разам з яго вайсковай шапкай, у якой ён зьявіўся на набор, і яму выдалі стары мундзір, што належыў раней, як відаць, нейкаму пузатаму здараўцу, ростам мабыць на галаву вышэйшаму за Швэйка. У порткі, якія былі на ім, улезла-б яшчэ тры Швэйкі. Бясконцыя складкі, ад ног і бадай што да шыі, дакуль даходзілі порткі, зварачвалі на сябе ўвагу сустрэчных людзей. Шырачэзная, брудная і зашмальцаваная гімнасьцёрка з лапікамі на лакцёх целяпалася на Швэйку, як сурдут на гародным пудзіле. Порткі ў яго скідаліся, як у клоуна ў цырку. Форменная шапка, якую яму тож падмянілі ў гарнізоннай турме, лезла яму на вушы.

На ўсьмешкі сустрэчных Швэйк адказваў мяккай усьмешкай і ласкавым цёплым поглядам сваіх добрых вачэй.

Так сунуліся яны да Карліна, дзе жыў фэльдкурат. Першы загаманіў са Швэйкам маленькі таўстун. Яны праходзілі па Малой Спрапе пад галярэяй.

— Адкуль сам?

— З Прагі.

— Не ўцячэш ад нас?

У гутарку ўтыкнуўся даўгаль. Цікавая зьява: калі маленькія таўстуны бываюць найбольш добрадушныя оптымістыя, дык людзі худыя і даўгалыгія, наадварот, у большасьці выпадкаў скэптыкі. Трымаючыся гэтага закону, даўгаль сказаў маленькаму:

— Каб здолеў, уцёк-бы.

— А на якое ліха яму ўцякаць? — азваўся маленькі таўстун. — Ён-жа і так на волі, не ў гарнізоннай турме. Вось і ў пакеце тут нясу...

— А што там, у пакеце, да фэльдкурата?

— Ня ведаю.

— Вось бачыш, — ня ведаеш, а гаворыш...

Карлаў мост явы перайшлі ў поўным маўчаньні. На Карловай вуліцы таўстун зноў загаманіў са Швэйкам:

— Ня ведаеш, чаго мы вядзем цябе да фэльдкурата?

— На споведзь, — няўважна адказаў Швэйк. — Заўтра мяне будуць вешаць. Так заўсёды робіцца. Кажуць, для заспакаеньня душы.

— А за вошта цябе будуць... гэтае? — запытаў асьцярожны даўгаль, тым часам, як таўстун з спачуваньнем паглядзеў на Швэйка.

Абодва канвойныя былі вясковыя рамесьнікі, адлучаныя ад сваіх сем‘яў.

— Ня ведаю, — адказаў Швэйк, дабрадушна ўсьміхаючыся. — Я нічога ня ведаю. Мабыць — доля такая.

— Значыць, радзіўся ты пад няшчаснай планідай, — тонам экспэрта і спагадліва зазначыў маленькі. — У нас у сяле Ясені, пад Іозэфовам, яшчэ за Прускай вайной тож во гэтак павесілі аднаго. Прышлі па яго, нічога яму не сказалі і ў Іозэфове павесілі.

— Я думаю, што так, ні за што ні пра што, чалавека ня вешаюць, — сказаў даўгалыгі скептык. — Павінна быць якая-небудзь прычына. Такія рэчы заўсёды абгрунтоўваюцца.

— Як вайны няма, — зазначыў Швэйк, — дык гэта, можа і абгрунтоўваецца, а пад час вайны адзін чалавек не бярэцца на ўвагу. Ён можа быць забіты на вайне, ці павешан дома. Ня кіем дык палкай.

— Слухай, ці не політычны ты які? — запытаў даўгаль. Па тону ягонага голасу можна было ўгадаць, што ён робіцца больш прыязным да Швэйка.

— Політычны, ды яшчэ які, — усьміхнуўся Швэйк.

— Можа, ты нацыянал-соцыяліст?

Але тут ужо маленькі ў сваю чаргу стаў асьцярожны і ўступіў у размову.

— А што нам за наўда да гэтага, — сказаў ён. — Апрача таго ўсюды процьма народу, і на нас глядзяць. Каб гэта мы прынамсі маглі дзе-небудзь у завулку зьдзець штыхі, каб гэта як-небудзь... не такі выгляд мела... Ты не ўцячэш? А то, ведаеш, нам праз гэта выйдуць няпрыемнасьці. Ці праўда, Топік? — зьвярнуўся ён да даўгаля.

Той ціха сказаў:

— Штыхі — яно можна-б і зьдзець. Гэта — свой чалавек.

Тут яны нагледзелі выгодны завулак, дзе пазьдзявалі штыхі, і таўстун дазволіў Швэйку ісьці побач з ім.

— Ты-б мо‘ закурыў, зуеш, сказаў ён, — раз ужо...

Ён хацеў сказаць: „раз ужо ўсёроўна цябе павесяць“, але ня скончыў сказу, пачуўшы, што гэта было-б нетактоўна.

Усе закурылі, і Швэйкавы канвойныя пачалі апавядаць яму пра свае сем‘і, пра жонак, дзяцей, пра кавалачак зямелькі, пра адзіную карову...

— Я-б выпіў, — заявіў Швэйк.

Даўгалыгі перазірнуўся з маленькім.

— На адзін кухаль мы-б таксама зайшлі, — сказаў маленькі, адчуўшы даўгалёву згоду, — але куды-небудзь, каб ня кідалася ў вочы.

— Хадзем у „Куклік“, — прапанаваў Швэйк, — там на кухні можаце пакінуць зброю. Гаспадар там — Сэрабона, сокал[1], яго няма чаго баяцца. Там граюць на скрыпцы і на гармоні, бываюць дзяўчаты і рознае падобнае кампанства, якое ня пускаюць у „Рэпрэзэнтачку“[2].

Даўгаль з таўстуном перазірнуліся яшчэ раз і даўгаль вырашыў:

— Дык зойдзем туды, да Карліна яшчэ далёка.

Дарогаю Швэйк расказваў ім розныя анэкдоты; і яны ў цудоўным настроі прышлі ў „Куклік“ і зрабілі так, як раіў Швэйк. Стрэльбы схавалі на кухні і пашлі ў агульную залю, дзе скрыпка з гармоняй поўнілі ўсё памяшканьне гукамі аблюбёнае песьні „На Понкрацы, на ўзгорку, ёсьць дзівосныя прысады“.

Нейкая дзяўчына сядзела на каленах у пашарпанага юнака з гладка зачосанымі валасамі і пела сіпатым голасам:

Эх, сышоўся я з дзяўчынкай,
А гуляе з ёй другі.

Каля аднаго стала спаў п‘яны сардыншчык[3]. Часамі ён прасыпаўся, біў кулаком аб стол, мормытаў: „Ня хочу“ — і зноў засыпаў. За більярдам пад люстэркам сядзелі тры дзяўчыны і праз увесь шынок крычалі чыгуначнаму кандуктару:

— Малады чалавек! Паднясіце нам вэрмуту!

Двое каля музыкаў спрачаліся аб нейкай Маржэнцы, якую ўчора пад час аблавы „змыў“ патруль. Адзін цьвердзіў, што гэта бачыў на свае ўласныя вочы, а другі запэўніваў, што яна ўчора пашла з адным салдатам спаць у гасьцініцу „Бальшуль“.

Пад самымі дзьвярмі ў кампаніі некалькіх цывільных сядзеў салдат і апавядаў ім пра свае раненьні, якія дастаў ён у Сэрбіі. У яго была падвязана рука. Кішэні ў яго былі напакаваны цыгаркамі, атрыманымі ад размоўцаў. Ён праз увесь час гаварыў, што ўжо болей ня можа піць, а адзін з кампаньнікаў, пляшывы дзядок, што-разу яго перапыняў:

— Ды ўжо выпіце, салдацік! Хто яго ведае, мо‘ ўжо больш ня ўбачымся. Мо‘ загадаць, каб вам сыгралі што-небудзь? Любіце „Сіротку“? (Гэта была аблюбёная песьня лысага дзядзька).

І сапраўды, праз хвіліну скрыпка з гармоняй завылі „Сіротку“. У старога тут сьлёзы выступілі на вачох, і ён завёў дрогкім голасам:

Троху болей кеміць стаў —
Усё пра маму ён пытаў,
Усё пра маму ён пытаў.

З-за другога стала пачулася:

— Годзе! Ну іх да д‘ябла! Пашлі вы з вашай „Сіроткай“! І, як апошні сродак, стол опозыцыі грымнуў:

Разлука, ах, разлука —
Ліхая сэрцу мука.

— Франта, — паклікалі яны параненага салдата, як, заглушыўшы „Сіротку“, дапелі „Разлуку“ да канца, — Франта, кінь іх, ідзі сядай да нас! Плюнь на іх, і валачы сюды цыгаркі. Кінь забаўляць іх, дзівак!

Швэйк, які часьцяком сядзеў тут яшча да вайны, пусьціўся ва ўспаміны пра тое, як калісьці ў „Куклік” раптоўна зьяўляўся з аблаваю паліцэйскі камісар Драшнэр, і як яго баяліся простытуткі, якія склалі на яго прыпеўкі.

Аднаго разу яны запелі хорам:

Як ад Драшнэра ад пана
Паніка ўзьнімалася.
Толькі нашая Маржэнка
Яго не баялася.

У гэты момант увайшоў быў Драшнэр са сваёй дружынай — грозны і няўмольны. Сцэна, якая адкрылася потым, нагадвала паляваньне на курапатак: паліцыянты зганялі ўсіх простытутак у гурт, і Швэйк апынуўся тады ў гэтым гурце, бо па сваё няшчасьце сказаў камісару Драшнэру, калі той вымагаў ад яго пасьведчаньне асобы: „А ці ёсьць у вас на гэты прадмет дазвол паліцэйскае ўправы?“ Швэйк успомніў таксама пра аднаго поэта, які сядзеў за-звычай вунь там, пад люстэркай, і сярод тлуму ды сумятні пад сьпёвы і гукі гармоні пісаў вершы, і тут-жа чытаў іх простытуткам.

У Швэйкавых канвойных ніякіх падобных да гэтых успамінаў ня было. Ім усё было зусім новае. Ім гэта гатова было ўпадабацца. Адзін з іх адразу адчуў сябе, як рыба ў вадзе. Гэта быў маленькі таўстун, — таўстуны апрача свайго оптымізму маюць вялікі нахіл на эпікурэйства. Даўгаль з момант вагаўся сам з сабой. Але, згубіўшы свой скэптыцызм, ён памалу губляў і сваю сталасьць, рэшткі разважлівасьці і надмервую сьцеражлівасьць.

— Пайду-тку я паскачу, — сказаў ён пасьля пятага кухля піва, убачыўшы, як пары скачуць „шляпака“. Таўстун вясёла аддаўся радасьіям жыцьця. Побач з ім сядзела адна дзяўчына і вярзла няпрыстойныя рэчы. Вочы ў яго блішчалі.

Швэйк піў.

Даўгаль, паскакаўшы, вярнуўся да стала з партнэркаю.

Канвойныя сьпявалі, скакалі, не перастаючы піць і лепаць сваіх суседак.

І ў атмосфэры прадажнага каханьня, алькоголю і табачнага дыму нявідочна лунаў стары дэвіз: „Пасьля нас — хоць патоп“.

Па абедзе да іх падсеў нейкі салдат і прапанаваў ім свае паслугі — зрабіць ім за пяць крон флегмону і заражэньне крыві.

Шпрыц для ўпырскваньня пад скуру ў яго з сабой, і ён можа ўпырскнуць у нагу ці руку газы[4]. Дзякуючы гэтай опэрацыі, яны пралежаць ня менш, як два месяца, а калі будуць мачыць рану сьліной, дык і цэлых паўгода, а не дык і зусім адкараскаюцца ад вайсковае службы.

Даўгаль, згубіўшы ўсякую душэўную раўнавагу, пашоў з салдатам у прыбіральню ўпырскваць сабе ў нагу газу.

Як падышло ўжо пад вечар, Швэйк зрабіў прапазыцыю падацца да фэльдкурата. Маленькі таўстун, у якога язык пачаў ужо балтацца, спакушаў Швэйка астацца яшчэ. Даўгаль быў тае самае думкі, што фэльдкурат можа пачакаць. Аднак Швэйку ў „Кукліку“ ўжо надакучыла, і ён пагразіў, што пойдзе адзін.

Яны рушылі ў дарогу. Але Швэйк мусіў ім перад тым паабяцаць, што будзе зроблены яшчэ адзін прывал. Яны спыніліся ў маленькай кавярні, дзе таўстун прадаў свой срэбны гадзіньнік, каб яшчэ пазабавіцца.

Адтуль пад пашкі вёў іх ужо Швэйк. Працы яму хапіла досыць. Ногі ў канвойных праз увесь час падгіналіся, і іх бесьперастаньня цягнула яшча куды-небудзь зайсьці. Маленькі таўстун ледзьве ня згубіў пакет да фэльдкурата, і Швэйку выпала несьці пакет самому. Швэйк мусіў кожны раз перасьцярагаць іх, калі насустрач ішоў афіцэр ці які-небудзь унтэр. З нядмернымі нялюдзкімі патугамі ён нарэшце здолеў давалачы іх да Каралеўскае вуліцы, дзе жыў фэльдкурат. Швэйк уласнай рукою прымкнуў ім штыхі да вінтовак і падштурхваючы пад рабры, прымусіў іх, каб яны вялі яго, а ня ён іх.

На другім паверсе, дзе на дзьвярох кватэры была візытная картка: „Отто Кац — фэльдкурат“, ім вышаў адчыніць нейкі салдат. З суседняга пакою выляталі галасы, звон бутэлек і чарак.

— Дазвольце... далажыць... пане фэльдкурат... — з патугай выгаварыў даўгаль, казыраючы салдату, — ...і даставіць пакет з чалавекам...

— Улазьце, ці што, — сказаў салдат. — Дзе гэта вы так набраліся? Пан фэльдкурат тож... І салдат плюнуў.

Пакет занесьлі. Увайшоўшы, Швэйк з канвойнымі доўга чакалі ў пярэднім пакоі, аж раптам адчыніліся дзьверы і ў пакой бомбай уляцеў фэльдкурат. Ён быў у аднэй камізэльцы і з цыгарай у руцэ.

— Д… дык вы ўжо тут? — сказаў ён. — А гэта вас… п… прывялі? Э… Ці няма ў вас запалак?

— Ня маем, пане фэльдкурат, — адказаў Швэйк.

— А… а чаму ў вас няма запалак? Кожны салдат павінен мець запалкі, каб можна было закурыць. Салдат, што ня мае запалак, ёсьць… ёсьць…

— Дазвольце далажыць, ёсьць без запалак, — падказаў Швэйк.

— З… зусім правільна… ёсьць без запалак, і ня можа даць нікому закурыць. Гэта — першае. А цяпер — другое. Ці не сьмярдзіць у вас ад ног?

— Ні ў якім разе, не сьмярдзіць.

— Дык гэта — другое. А цяпер — трэцяе. Гарэлку п‘іцё?

— Ні ў якім разе, гарэлкі ня п‘ю. Толькі ром.

— Вельмі добра! Вось зірніце на гэтага салдата. Я пазычыў яго на дзень у паручніка Фэльдгубэра — гэта яго дзяншчык. Ён ні трасцы ня п‘е, такі цьві… цьзі… цьвярозьнік… А таму й пойдзе з маршавай ротай… Бо такі чалавек мне не патрабны. Гэта на дзяншчык, а карова. П‘е адну ваду і мычыць, як бык.

— Гэй ты, цьві… цьвярознік, — зьвярнуўся ён да салдата. — Сорам, дурню! Дачакаешся ты ў мяне, расквашу я табе морду!

Тут фэльдкурат зьвярнуў увагу сваю на тых, што прывялі Швэйка і, як ні пнуліся стаяць роўна, хісталіся, марна стараючыся абаперціся на свае стрэльбы.

— Вы-е п… п‘яныя! — абурыўся фэльдкурат. — Вы напіліся пад час выкананьня службовых абавязкаў! За гэта я загадаю вас пасадзіць! Швэйк! Адбярыце ў іх стрэльбы, завядзіце іх на кухню і папільнуйце, пакуль ня прыдзе канвой, каб іх павесьці. Я зараз пазваню ў кашары.

І вось Наполеонавы словы: „На вайне становішча зьмяняецца з кожным мгненьнем“ знайшлі тут поўнае сваё сьцьвярджэньне: ураньні канвойныя вялі пад штыхамі Швэйка і баяліся, каб часам ён ад іх ня ўцёк; прывёў іх да месца сам Швэйк, а ўсё па ўсім — Швэйку ўжо выпала іх вартаваць. З першапачатку яны добра і не разьдзяўбалі гэткае рахубы, пакуль ня селі на кухні ды не ўбачылі ў дзьвярох Швэйка са стрэльбай і прымкнутым штыхом.

— Я-б чаго-небудзь выпіў, — уздыхнуў маленькі оптыміст, тым часам, як на даўгаля зноў напаў прыпадак скэптыцызму. Ён заявіў, што ўсё гэта ганебная здрада і ўзяўся голасна наракаць на Швэйка, што па яго віне яны трапілі ў гэткае становішча. Ён дакараў яго, што Швэйк ім абяцаў, што заўтра яго павесяць, а цяпер выходзіць, што і споведзь і павешаньне — усё гэта было адно ашуканства.

Швэйк моўчкі тупаў каля дзьвярэй.

— Аслы мы былі! — гвалтаваў даўгаль.

Выслухаўшы ўсе абвінавачаньні, Швэйк нарэшце загаварыў:

— Цяпер вы прынамсі бачыце, што вайсковая служба вам не абы што. Я толькі выконваю свой абавязак. Я ўпёкся ў гэтую справу выпадкова, як і вы, але, як па-простаму кажуць, мне „ўсьміхнулася фортуна“.

— Я-б чаго-небудзь выпіў! — удругое праказаў оптыміст з роспаччу.

Даўгаль устаў і хістаючыся падышоў да дзьвярэй.

— Пусьці нас дамоў; — сказаў ён Швэйку. — Кінь чмурыць, таварыш!

— Адкасьніся ты ад мяне, — адказаў Швэйк. — Я вас мушу вартаваць. Цяпер мы не знаёмыя.

У дзьвярох зьявіўся фэльдкурат.

— Я ніяк не магу дазваніцца ў гэтыя самыя кашары. Ну, пашлі дамоў, ды памятайце ў мяне, што на службе п‘янстваваць няможна. Шагам марш!

Пан фэльдкурат, у гонар яму сказаць, у кашары і не званіў, бо ў яго ня было тэлефону, а памыкаўся ён гаварыць у настольную электрычную лямпу.

Ужо трэці дзень служыў Швэйк за дзяншчыка ў фэльдкурата Отто Каца, але бачыў яго праз гэты час усяго адзін раз. На трэці дзень зьявіўся дзяншчык паручніка Хэльміха з загадам, каб Швэйк прышоў і забраў свайго пана.

Дарогай ён паведаміў яму, што фэльдкурат паспрачаўся з паручнікам і пашчапаў піяніна: цяпер ён п‘яны, як пласт і ня хоча ісьці дахаты.

Паручнік Хэльміх таксама п‘яны і выпхнуў фэльдкурата на калідор, дзе той і сядзіць на падлозе пад яго дзьвярыма ды тухне. Калі Швэйк зьявіўся на месца, ён раскатурхаў фэльдкурата, а калі той нешта буркнуў і троху расплюшчыў вочы, ён казырнуў і адрапартаваў:

— Маю гонар зьявіцца, пане фэльдкурат.

— А што вам тут трэба?

— Так што загадалі вac завесьці, пане фэльдкурат.

— Значыцца, вы мяне павінны завесьці… А куды-ж мы пойдзем?

— Да вас на кватэру, пане фэльдкурат.

— А навошта мне йсьці да сябе на кватэру? Хіба я не на сваёй кватэры?

— Ні ў якім разе, пане фэльдкурат, вы на калідоры ў чужым доме.

— А яааак я сю… сюды трапіў?

— Так точна, вы прыходзілі ў госьці.

— У гооосьці?.. У го-госьці… я… ня… прыходзіў… Помммыляецеся…

Швэйк падняў фэльдкурата і прыставіў яго да сьцяны. Фэльдкурата тузала з боку ў бок. Ён паваліўся на Швэйка і сказаў:

— Здаецца, я вввалюся. Вввалюся, — пераказаў ён удругое і засьмяяўся дурным сьмехам.

Нарэшце, Швэйк патрапіў прьціснуць фэльдкурата да сьцяны, і той зной зачаў быў дрымаць.

Швэйк узбудзіў яго.

— Што вам трэба? — праказаў фэльдкурат з дарэмнай патугай спаўзьці па сьцяне і асесьці на пол. — Хто вы такі, уласна кажучы?

— Так што, — адказаў Швэйк, зноў як мага прыціскаючы да сьцяны фэльдкурата, — я ваш дзяншчык, пане фэльдкурат.

— У мяне няма дзяншчыка, — з патугай выгаварыў фэльдкурат, зноў спрабуючы ўзваліцца на Швэйка, — і я не фэльдкурат. Я сьвіння! — дадаў ён з шчырасьцю п‘янага чалавека. Пусьціце мяне, вашэці, я з вамі незнаёмы.

Барацьба скончылася поўнай перамогаю Швэйка. Швэйк скарыстаў яе ў тым кірунку што звалок фальдкурата па сходах у вэстыбюль, дзе той зноў стаў упінацца, каб ня выходзіць на вуліцу.

— Я з вамі незнаёмы, вашэці, — бесьперастанку гаварыў ён Швэйку пад час барацьбы. Хіба вы знаеце такога — Отто Каца? Гэта я і ёсьць.

— Я быў у біскупа — гвалтаваў ён ушчарэпіўшыся ў парадныя дзьверы. — Увесь Ватыкан цікавіцца мной, разумееце вы гэта?

Швэйк адкінуў розныя „так точна“ ды „ні ў разе“ ды „маю гонар“ і загаварыў з фэльдкуратам чыста па-сяброўску.

— Кінь, я табе кажу, — крыкнуў ён, — а то дам я табе па хары… Хадзем дахаты, ды й па тым. Ані слова больш!

Фэльдкурат выпусьціў дзьверы і наваліўся на Швэйка.

— Добра, пойдзем куды-небудзь, але толькі да Шухі я не пайду, я там завінаваціўся.

Швэйк ці то выпхнуў ці то вывалак яго з вэстыбюлю і пацягнуў па тротуары ў той бок, дзе быў яго дом.

— Што гэта за пан? — сказаў нехта з гледачоў на вуліцы.

— Гэта мой браценьнік, — адказаў Швэйк. — Яго пусьцілі на пабыўку і ён прыехаў даведацца мяне, ну і набраўся з радасьці, бо ён ня думаў, што я ужо памёр.

Фэльдкурат, які высьвістваў нейкую опэрэтачную мэлёдыю, якую ніхто-б не пазнаў, пачуў апошні сказ, выпрастаўся і зьвярнуўся да падарожных з словамі:

— Хто з вас памёр, той няхай у трохдзённы тэрмін зьявіцца ў штаб корпусу за дазволам на адданьне ягонага цела зямлі па хрысьціянскім абычаі.

Потым ён удаўся ў маўчаньне, адно лучыў, каб дзяўбануць носам у тротуар, тым часам, як Швэйк валок яго пад пашкі дамоў.

Нахіліўшы галаву наперад і цягнучы ногі, якія ён блытаў, нібы кошка з перабітай хрыбцінай, фэльдкурат на паўголаса выводзіў „domіnus wobіscum“[5].

Каля месца, дзе стаялі рамізьнікі, Швэйк пасадзіў фэльдкурата пад сьцяну і пашоў згадзіць рамізьніка, каб давёз яго пана дамоў.

Адзін рамізьнік заявіў, што гэтага пана ён добра знае, што ён яго неяк вазіў, ды й пракаяўся.

— Усю фурманку мне запаскудзіў, драўшы казлы, — шчыра апавядаў ён, — і нават не заплаціў за дарогу. Дзьве гадзіны я яго вазіў, пакуль ён нарэшце, знайшоў, дзе ён жыве. І толькі праз тыдзень, пасьля таго, як я разы са тры да яго заходзіў, ён даў мне ўсяго за ўсё пяць крон.

Пасьля доўгіх перамаўленьняў адзін рамізьнік усё-ткі згадзіўся завезьці яго дадому.

Швэйк вярнуўся да фэльдкурата, які ўжо ўправіўся заснуць. Капялюш у яго (ён за-звычай хадзіў у цывільным) нехта зьдзеў з галавы і панёс з сабой.

Швэйк раскатурхаў яго і з дапамогай рамізьніка пасадзіў на фурманку. Там фэльдкурат канчаткова самлеў і, улічаючы Швэйка за палкоўніка Юста, камандзіра 75-га пяхотнага палка колькі разоў узапар пераказаў:

— Ня злуй, таварыш дарагі, што я табе кажу „ты“, бо я-ж — сьвіньня!

Нейкі час здавалася, нібы ад трасеньня ў хурманцы ён троху ачулеў. Ён выпрастаўся і зачаў сьпяваць нейкую нікому невядомую песьню. Можа, гэта быў плод яго ўласнай фантазіі.

Але неўзабаве ён ізноў упаў у поўнае зьнясіленьне і, зьвяртаючыся да Швэйка, спытаў яго, падміргваючы адным вокам:

— Ну, як вы сёньня сябе адчуваеце, васпані?

— А куды вы едзеце сёлета на дачу? — запытаў ён па невялікай паўзе і, бачачы ўсё падвойна, паказаў пальцам на Швэйка. — А бач, у вас ужо дарослы сын?

— Сядзеш ты, нарэшце? — гукнуў на яго Швэйк, калі фэльдкурат надумаў быў узглабацца з нагамі на сядзеньне. — Ня думай, што я ня здолею прыўчыць цябе да парадку…

Фэльдкурат прыціх і маленькімі сьвінячымі вачмі стаў пазіраць з фурманкі, дрэнна ўсьведамляючы, што з ім дзеецца.

Ён пераблытаў усе разуменьні і, зьвяртаючыся да Швэйка, ў замяшаньні сказаў яму:

— Адчынеце мне прыбіральню першае клясы, бабуля. — І разам з гэтым памкнуўся спусьціць штаны.

— Зараз-жа зашпіліся, чорт сьвінячы! — цыкнуў на яго Швэйк. — Усе рамізьнікі цябе ўжо знаюць; аднаго разу ты ўжо аблюваў усю фурманку, а цяпер яшчэ гэта! І ня думай, што ты зноў здолееш не заплаціць, як тады.

Фэльдкурат мэлянхолічна ўзьлёгся галавой на рукі і запеў: „Ніхто мяне не кахае“… Але зараз-жа перапыніў свае сьпевы і праказаў:

— Даруйце, мой даражэнькі, вы — ёлуп. Я магу пець, што мне ўздумаецца.

Ён, відаць, хацеў высьвістваць нейкую мэлёдыю, але замест яе з вуснаў у яго сарвалася такое гучнае: „Тпррр“, што фурманка спынілася.

Па Швэйкавай прапазыцыі яны зноў крануліся ў дарогу, і фэльдкурат пачаў запальваць свой бруштынавы муштук.

— Не гарыць, — праказаў ён у роспачы, зглуміўшы на гэтую справу цэлы карабок запалак. — Гэта вы мне ўсё гасіце.

Адылі ён зноў адразу згубіў нітку гутаркі і зачаў сьмяяцца.

— Во, пацеха! Мы зусім адны ў трамвае. Ці праўда, колега?

Ён стаў капацца ў сваіх кішэнях і крыкнуў:

— Я згубіў свой білет. Стойце, стойце, я павінен знайсьці свой білет.

Потым пакорліва махануў рукой.

— Усёроўна, едзь…

Нарэшце, ён стаў лапатаць нешта зусім бязглуздае:

— У большасьці выпадкаў… Так, усё з парадку… У кожным выпадку… Не, вы глыбока мыляецеся… На другім паверсе… Дайце веры, васпані, справа ідзе не пра мяне, а пра вас… Чалаэк, дайце рахунак… Я — ушчэнт…

У паўсьне ён пачаў спрачацца з нейкім уяўлёным супраціўнікам, які нібы-та сьпіраўся за права сядзець у рэсторане ля вакна. Потым ён зблытаў фурманку, у якой ехаў, з поездам, высунуўся з вакна і стаў крычаць па-нямецку і па-чэску: „Німбург, перасядка!“

Швэйк уцягнуў яго назад, і фэльдкурат забыўся на поезд і стаў перадражніваць розную жывёлу. Больш за ўсё ён забаўляўся пеўнем, і яго „кукарэку“ зычэла перамогай.

Колькі хвілін ён быў дужа жвавы і непакойны і памыкаўся выкінуцца з фурманкі, лаячы людзей, паўз якіх ім даводзілася праяжджаць, хуліганамі. Шпульнуў на брук сваю насоўку і стаў вымагаць, каб рамізьнік суняўся, бо ён згубіў свой багаж, потым стаў апавядаць:

— У Будвэйсе быў адзін барабаншчык… Ён ажаніўся… А праз год ён памёр… Хіба-ж гэта ня дужа добры анэкдот?

І рагатаў, як дуркаваты.

Праз увесь гэты час Швэйк абыходзіўся з фэльдкуратам з няўмольнай жорсткасьцю.

З прычыны розных спроб фэльдкурата вытварыць якую-небудзь штуку, накшталт таго, каб вываліцца з фурманкі, або паламаць сядзеньне, Швэйк раз-па-раз садзіў яму пад бакі, і фэльдкурат прымаў гэта з надзвычайнай пакорай.

Толькі адзін раз ён зрабіў патугу ўзбунтавацца і выскачыць з фурманкі, заявіўшы, што ня хоча ехаць далей, бо ведаў, што замест Будвэйса ён прыедзе ў Бодэнбах. У момант Швэйк ліквідаваў яго спробу і прымусіў яго сесьці на старое месца, стараючыся ня даць яму заснуць. Разам з гэтым ён ласкава і далікатна яго ўгаворваў:

— Глядзі, ня спаць у мяне, сьцерва!

У фэльдкурата раптам зноў зрабіўся прыпадак мэлянхоліі, і ён пачаў хліпаць, пытаючыся ў Швэйка, ці была ў яго маці.

— Я зусім адзінотны на белым сьвеце, браточкі! — хліпаў ён.

— Пашкадуйце-ж мяне!

— Годзе, не скандаль, — угаварваў яго Швэйк, — сьціхні, а то ўсе скажуць, што ты п‘яны.

— А я далібог-жа нічога ня піў, таварыш, — адказаў фэльдкурат, — я зусім цьвярозы.

Раптам ён устаў і казырнуў па-вайсковаму.

— Маю гонар далажыць, пане палкоўніку, я п‘яны. Я сьвіньня! — падхапіў ён зараз-жа сьледам за гэтым з адчайнай, шчырай безнадзейнасьцю.

І, зьвяртаючыся да Швэйка, стаў настойліва прасіць і маліць:

— Выкіньце-ж мяне з аўтомобілю! Нашто вы бярыцё мяне з сабой?

Ён зноў сеў і замармытаў:

— Навокал месяцу ўтвараюцца колы. Ці верыце вы ў няўмірушчасьць душы, пане капітан? Ці можа конь трапіць у рай?

Ён пачаў быў зычна галёкаць, адылі раптам стаў сумны і млявы і пільна паглядзеў на Швэйка, зазначыўшы:

— Прабачайце, вашэці, я з вамі ўжо недзе сустракаўся. Ці ня бывалі вы ў Вене? Я памятаю вас яшчэ з сэмінарыі.

Здэклямаваўшы колькі ўрыўкаў лацінскіх вершаў, ён заявіў:

— А далей я ня ведаю, і таму выкіньце мяне вон! Ну, чаму вы ня хочаце мяне выкінуць вон, да д‘ябла? Са мной нічога ня зробіцца, далібог.

— Мне хочацца хлюпнуцца носам у зямлю, — прызнаўся ён рашучым тонам.

— Ах, добры паночку, — мілосна стаў ён прасіць, — даражэнькі мой, дайце мне аплявуху.

— Адну ці дзьве? — запытаўся Швэйк.

— Дзьве!

— Калі ласка!..

Фэльдкурат голасна лічыў аплявухі, якія даваў яму Швэйк і быў бясконца здаволены.

— Эх, любата! — крыкнуў ён. — Гэта карысна для жывата, дапамагае страўнасьці. Дайце мне, калі ласка, яшчэ адзін раз поўху.

— Шчыра дзякую! — сказаў ён, калі Швэйк здаволіў яго хаценьне. — Сыт да краю! Разьдзярыце мне яшчэ камізэльку, прашу вас.

Ён стаў выказваць самыя дзіўныя жаданьні. Так, ён захацеў, каб Швэйк адарваў яму нагу, задушыў яго, абрэзаў яму нагу і вырваў усе кірмашовыя зубы.

Ён выказваў ахвоту прыняць мучаніцтва і вымагаў, каб Швэйк адцяў яму галаву і кінуў яе ў торбе ў Малдаву.

— Мне дужа да твару быў-бы вянец з зорачак навакол галавы, — зазначыў ён у захапленьні. — Штук дзесяць я бадай узяў-бы.

Потым ён стаў гаварыць пра скачкі, але неўзабаве перайшоў на балет, на якім, аднак, тож нядоўга затрымаўся.

— Вы танцуеце чардаш? — запытаў ён Швэйка. — А танец медзьвядзеў? Во гэтак…

Ён хацеў быў падскочыць, але паваліўся на Швэйка, які надаваў яму таўхянёў і паклаў на сядзеньне.

— Я нечаго хочу, — загарлаў фэльдкурат, — але ня ведаю чаго! Вы ня ведаеце, чаго я хочу? Адылі, што мне за клопат, чаго я хочу, — дадаў ён сур‘ёзна і лагодна пахіліў галаву. — А вам, вашэці, таксама да гэтага клопату мала. Я вас ня знаю. Якое вы маеце права гэтак нахабна глядзець на мяне? Вы ўмееце фэхтаваць?

На момант ён стаў дужа заўзяты і памкнуўся сьцягнуць Швэйка з сядзеньня.

Калі Швэйк яго ўціхамірыў, не пасароміўшыся выявіць сваю фізычную перавагу, фэльдкурат запытаўся:

— Што ў нас сёньня: панядзелак ці пятніца?

Яму карцела таксама высьветліць, ці снежань цяпер ці ліпень і наогул ён паказаў вялікія здольнасьці ставіць самыя рознастайныя пытаньні.

— Вы жанатыя? Ці любіце вы швэйцарскі сыр? А ў вас дома былі клапы? Што, у вашага сабакі была чума?

Ён удаўся ў шчырую таварыскасьць. Ён рас казаў, што за батфорты, стэк і кульбаку ён астаўся вінаваты, што колькі год таму ў яго быў трыпэр і што яго лячылі марганцава-кіслай сольлю.

— На што-небудзь іншае ня было ні часу, ні сродкаў, — ікаючы, паведаміў ён. — Можа гэта вы ўважаеце за крыўду? Але мяркуйце самі, што я мог зрабіць? Вы ўжо прабачайце. Тэрмасамі, — казаў ён далей, забыўшыся, пра што была вось толькі гутарка, — завуцца судны, у якіх яда ці піцьцё могуць захоўвацца з іхнай першапачатковай тэмпэратурай… А як вы ўважаеце, колега, якая гульня больш справядлівая: жалезка ці дваццаць адно? Як сабе хочаш, а я з табой недзе ўжо сустракаўся! — крыкнуў ён, пнучыся абняць Швэйка ды пацалаваць абсьлюмачанымі вуснамі. — Па-мойму, мы разам хадзілі ў школу. Ах ты, добрая твая душа! — мякка гаварыў ён, гладзячы сваю ўласную нагу. — Як ты падрос з тэй пары, як мы ня бачыліся. Але цяпер радасьць нашае сустрэчы прымушае забыцца на ўсе мае пакуты.

У ім адкрылася поэтычная жылка, і ён стаў апяваць зварот шчасьліўцаў да сонечнага сьвятла і палкае каханьне.

Потым ён апусьціўся на калены і стаў маліцца: „Ave, Maria“, рагочачы на ўсё горла.

Калі яны суняліся перад ягонай кватэрай, было дужа цяжка выцягнуць яго з фурманкі.

— Мы яшчэ ня прыехалі! — гвалтаваў ён. — Ратуйце! Мяне хочуць скрасьці! Мне трэба ехаць далей!

Яго выкалупалі з фурманкі, як смаўжа з яго чарапашкі.

З момант здавалася, быццам яго разьдзяруць на кавалкі, бо ён зачапіўся нагамі за сьпінку сядзеньня. Але потым ён гучна зарагатаў, што яму ўдалося іх ашукаць.

Яго перацягнулі па вэстыбюлі і сходах у кватэру і павалілі яго там, як куль, на канапу. Ён заявіў, што плаціць за аўтомобіль ня будзе, бо ня ён яго згадзіў, і больш за чвэртку гадзіны прышлося даводзіць яму, што гэта быў просты рамізьнік.

Але і тут ён ня даў свае згоды і ўсё спрачаўся, што езьдзіць толькі на фіакрах.

— Вы хочаце мяне абдурыць, — гаварыў фэльдкурат, многазначна падміргваючы Швэйку і рамізьніку. — Мы-ж ішлі пеша.

І раптам, у прыпадку шляхотнасьці, ён кінуў рамізьніку свой партманэт.

— Вось, бяры сабе ўсё. Я магу гэтулькі заплаціць. На адзін крэйцар больш ці менш — мне начхаць.

Правільней было-б сказаць, што яму начхаць на трыццаць шэсьць крэйцэраў, бо больш у портманэце і ня было. На шчасьце рамізьнік зрабіў яму строгую ператруску, нясьціхаючы памінаць пра нейкія аплявухі і поўхі.

— Ну, дык і дай мне аплявуху, — праказаў фэльдкурат. — Няўжо-ж ты думаеш, што я ад яе перакулюся? Ды я пяць штук вытрымаю і ня міргну.

У фэльдкуратавай камізэльцы рамізьнік знайшоў пяцікронавую монэту. Ён пайшоў, наракаючы на сваю долю і на фэльдкурата за тое, што той яго затрымаў і ня даў яму як мае быць зарабіць.

Фэльдкурат ледзьве-ледзьве заснуў, бо бесьперастанку строіў нейкія пляны. Ён ладзіўся брацца за самыя рознастайныя рэчы: іграць на роялі, хадзіць у танцклясу і наўчыцца смажыць рыбу.

Потым ён дэкляраваў Швэйку, што ажэніць яго з сваёю сястрой, якой у яго зусім ня было, і пажадаў, каб Швэйк занёс яго на пасьцель. Нарэшце, ён заснуў са словамі, што ён патрабуе, каб яго ўлічылі за чалавека, які мае аднолькавую вартасьць з сьвіньнёй.

*

Калі назаўтрага ўраньні Швэйк увайшоў у пакой да фэльдкурата, той ляжаў на канапе і натужана разважаў аб тым, як магло здарыцца, каб яго так дзіўна аблілі, што ён прыліп штанамі да скураной канапы.

— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, — растлумачыў Швэйк, — што вы ўначы…

Колькі слоў высьветлілі фэльдкурату, як глыбока ён памыляўся, думаючы, што яго нехта абліў.

Прачнуўшыся з надзвычай цяжкой галавой, фэльдкурат быў у панурым настроі.

— Ніяк ня ўспомню, — сказаў ён, — якім парадкам я трапіў з ложка на канапу?

— Вы там зусім і ня былі. Ці толькі мы прыехалі, адразу паклалі вас на канапу, бо болей у мяне не хапіла сілы.

— А што я нарабіў? Можа я чым напракудзіў? Ці ня быў я п‘яны?

— Ушчэнт, — адказаў Швэйк, — як пласт, пане фэльдкурат, у друзачкі. Можа-б вы перапрануліся ды памыліся?

— У мяне такое пачуваньне, быццам мяне зьбілі, — жаліўся фэльдкурат, — ды яшчэ смага… Ці ня біўся я ўчора?

— Да гэтага не даходзіла, пане фэльдкурат. А смага — гэта вынік смагі ўчорашняе. Ад яе ня надта лёгка пазбыцца. Я знаў аднаго сталяра, дык ён у першы раз напіўся трыццаць першага сьнежня тысяча дзевяцьсот дзевятага году, а першага студзеня тысяча дзевяцьсот адзінаццатага году ў яго зранку была такая смага і пахмельле, што ён купіў гарэлкі ды селядзец і зноў напіўся і робіць гэта штодня ўжо больш, як чатыры гады. І ніхто яму рады ня дасьць, бо ён па суботах купляе сабе селядцоў на цэлы тыдзень. Гэта ўжо такі калаўрот, як часам казаў у нас стары фэльдфэбэль у дзевяцьдзесят першым палку.

Фэльдкурат быў да краю прыгнечаны цяжкім пахмельлем. Каб хто пачуў тады яго разважаньні, дык-бы падумаў, што трапіў на лекцыю доктара Аляксандра Ботэка: „Распачнем вайну не на жыцьцё, а на сьмерць з д‘яблам алькоголю, які адбірае ў нас лепшых людзей“ — а хоць узяўся чытаць ягоную кніжку „Іскры Этыкі“, праўда, з некаторымі зьменамі.

— Я разумею, — разважаў фэльдкурат, — калі чалавек п‘е якія-небудзь людзкія трункі, як, скажам, арак, мараскін ці каньяк, а гэта-ж учора я піў яленцавую гарэлку. Дзіўлюся, як я здолеў яе піць. Брыдкі трунак. Хай-бы гэта была, прынамсі, вішнёўка. Вымудраць людзі розную гідасьць ды п‘юць яе, як ваду. У гэтае, яленцавае ані смаку, ані колеру, адно горла дзярэ. Хай-бы гэта, скажам, была сапраўдная яленцавая настойка, якую я аднойчы піў у Маравіі. А ўчорашняя яленцавая была на нейкім дрэўным сьпірытусе ці мо‘ на дрэўным алеі… Бачыце, як адрыгаецца? Гарэлка, гэта — атрута, — павёў ён на другое. — Яна павінна быць сапраўдная, орыгінальная, а не згатаваная халодным спосабам яўрэямі. У гэтым сэнсе з гарэлкай тое самае, што і з ромам, а добры ром — рэдкая рэч. Каб была пад рукой сапраўдная арэхавая настойка, яна-б мне паправіла жывот. Такая арэхавая настойка, як у капітана Шнабэля ў Брусцы.

Ён пачаў поркацца ў портманэце.

— У мяне ўсяго па ўсім трыццаць шэсьць крэйцараў. Што, калі прадаць канапу… — разважаў ён. — Як вы ўважаеце, Швэйк? Купіць хто-небудзь? Гаспадару я скажу, што пазычыў каму, ці што ўкралі. Ці можа не, канапу я пакіну, а пашлю-тку я вас да пана капітана Шнабэля, хай ён мне пазычыць сто крон. Ён надовечы выйграў у карты. Калі там нічога ня выйдзе, дык вы пойдзеце ў Врошовіцы, у кашары да паручніка Малера. Калі і там не пашэнціць, дык вы падайцеся ў Градчаны да капітана Фішэра. Яму вы скажэце, што мне канцом патрэбна плаціць за фураж для каня (якога я прапіў). А калі і там у вас ня выйдзе, заставім рояль. Хай будзе, што будзе. Я вам напішу колькі слоў на ўсіх. Кажэце ўсім, што пільна трэба, што я сяджу без капейкі. Наогул, выдумляйце што хоця, адно з пустымі рукамі не варочайцеся, а то пашлю на фронт. Ды спытайцеся за адным заходам у капітана Шнабэля, дзе ён купляе гэту арэхавую настойку, ды купіце дзьве пляшкі.

Заданьне гэта Швэйк справіў з надзвычайнай удачай. Яго прастадушнасьць і шчырае аблічча абуджалі поўную даверлівасьць да ўсяго таго, што ён казаў. Швэйк улічыў за патрэбнае ўмацаваць фэльдкуратаву просьбу і перад капітанам Шнабэлем, і перад капітанам Фішэрам, і перад паручнікам Малерам ня толькі тым, што фэльдкурату трэба плаціць за фураж, а яшчэ тым, што ён канечна павінен плаціць алімэнты.

Грошы ён дастаў усюды.

Калі ён вярнуўся з экспэдыцыі і паказаў фэльдкурату, які ўжо памыўся і перапрануўся, трыста крон, той асалапеў ад зьдзіўленьня.

— Я ўзяў усе адразу, — сказаў Швэйк, — каб нам не давялося заўтра ці пазаўтра зноў рупіцца пра грошы. Усё ішло досыць гладка, але перад панам капітанам Шнабэлем мне выпала ўсё-ткі ўкленчыць. Сьцерва якая! Аднак, калі я сказаў яму, што вам канечна патрэбна плаціць алімэнты…

— Алімэнты? — спалохана перапытаў фэльдкурат.

— Ну вядома, алімэнты, пане фэльдкурат, адступныя дзяўчатам. Вы-ж мне сказалі, каб я што-небудзь выдумаў, а нічога іншага мне ня прышло на думку. У нас адзін шавец плаціў алімэнты пяцём дзяўчатам адразу. Ён проста вар‘яцеў, і таксама пазычаў на гэта грошы. Дык кожны спагадаў. Пыталіся ў мяне, што за дзяўчынка, дык я сказаў, што вельмі прыгожанькая, што ёй няма яшчэ пятнаццаці год. Пыталіся адрас.

— Спрытна абаруцілі вы гэтую справу, няма чаго казаць! — вохнуў фэльдкурат, схапіўшыся за галаву, і засігаў па пакою. — Які сорам! А тут яшчэ галаву ломіць.

— Я ім даў адрас аднэй глухой бабулькі на нашай вуліцы, — растлумачыў Швэйк. — Я хацеў абрабіць гэту справу як мае быць: загадалі, значыць — спаўняй. Да рэчы, там у пярэднім пакоі прышлі па рояль. Я іх прывёў, каб яны завезьлі рояль у лёмбард, пане фэльдкурат. Гэта не пашкодзіць, калі прыбяруць рояль. І павальнее ў хаце і грошай у нас з вамі будзе больш — прынамсі на нейкі час будзем забясьпечаны. А калі гаспадар будзе пытацца, што мы хочам зрабіць з роялем, я скажу, што ў ім парваліся струны, і што мы яго адпраўляем правіць на фабрыку. Швэйцарысе я так і сказаў, каб яе ня дзівіла, што будуць выносіць рояль і класьці на воз. У мяне ўжо і на канапу ёсьць купец. Адзін знаёмы — мэбляй гандлюе. Па абедзе зойдзецца. Цяпер на скураныя канапы цана добрая.

— А больш вы нічога не нарабілі, Швэйк? — у роспачы запытаў фэльдкурат, не пакідаючы трымацца за галаву.

— Маю гонар далажыць, пане фэльдкурат, я прынёс замест дзьвюх пляшак арэхавае настойкі, той самай, што купляе пан капітан Шнабэль, пяць, каб у нас завёўся сякі-такі запас… З роялем можна выпраўляцца? А то, каб не зачынілі лёмбард…

Фэльдкурат махнуў безнадзейна рукой, і праз пяць хвілін рояль ужо ўскладалі на воз.

Як Швэйк вярнуўся з лёмбарду, фэльдкурат сядзеў перад адкаркаванай пляшкай арэхавае настойкі і лаяўся, што на полудзень яму далі недасмажаны шніцэль. Фэльдкурат быў зноў „у гумары“. Ён заявіў Швэйку, што ад заўтрага пачынае новае жыцьцё, бо піць гарэлку — гэта агідны матэрыялізм, а яму належыць жыць духоўным жыцьцём.

Ён філёзофаваў блізка з паўгадзіны. Як адкаркавалі трэцюю пляшку, прышоў гандляр старой мэбляй, і фэльдкурат прадаў яму канапу за нікчэмную цану, ды яшчэ ўгаварваў гандляра астацца пагутарыць з ім і быў дужа нездаволены, калі гандляр адмовіўся тым, што ідзе яшчэ паглядзець начны столік.

— Шкода, што ў мяне гэтага няма! — з жалем сказаў фэльдкурат. — Чалавеку цяжка пра ўсё загадзя паклапаціцца.

Пасьля таго, як пайшоў гандляр старой мэблі, фэльдкурат завёў гутарку са Швэйкам, з якім і расьпіў наступную пляшку. Частка гутаркі была прысьвечана асабістым поглядам фэльдкурата на жанчын і на карты. Сядзелі доўга. І вечар засьпеў Швэйка ў сяброўскай гутарцы з фэльдкуратам.

Адылі пад ноч адносіны зьмяніліся. Фэльдкурат вярнуўся да свайго ўчорашняга стану, пераблытаў Швэйка з нейкім іншым і казаў яму:

— Толькі ня йдзіце. Памятайце таго рыжага юнкера з абозу?

Гэта ідылія цягнулася датуль, пакуль Швэйк не сказаў фэльдкурату:

— Ну, угодзе! Лезь у пасьцель і тухні. Чуеш?

— Лезу, любы, лезу… Чаму-ж ня лезьці! — мармытаў фэльдкурат. — Памятаеш, як мы разам хадзілі ў школу, і я за цябе выконваў заданьні па-грэцкаму? У вас дача, здаецца, у Збраславе? Вам можна ехаць туды на параходзе па Влтаве? Ведаеце, што гэта — Влтава?

Швэйк прымусіў яго зьдзець чаравікі і распрануцца. Фэльдкурат слухаўся, але протэставаў перад нявіднымі слухачамі:

— Вось маеце, панове, — зьвярнуўся ён да шафы і фікуса, — як са мной абыходзяцца мае сваякі!Ня вызнаю ніякіх сваякоў, — разьлютаваўся ён, калі Швэйк клаў яго на ложак. — Хай паўстане супроць мяне зямля і неба, я й тады зракуся іх.

І ў пакоі разьлёгся фэльдкуратаў хропат.

*

На гэту самую пару прыпадае і Швэйкава візыта на сваю былую кватэру да свае старое служкі пані Мюлер. Швэйк засьпеў у хаце толькі стрэчную сястру пані Мюлер, якая, плачучы, паведаміла яму, што пані Мюлер арыштавалі ў той самы вечар, як завезьлі Швэйка на вайсковы набор. Старую судзіў ваенны суд, і дзеля таго, што не знайшлі ніякае віны, яе завезьлі ў концэнтрацыйны лягер у Штэйнгоф. Ад яе быў ужо ліст. Швэйк узяў гэтую сямейную рэліквію і прачытаў:

„ЛЮБАЯ ГАННАЧКА!

Нам тут дужа добра, і ўсе мы здаровы. У мае суседкі па ложку сыпны, — а ёсьць і чорная. Зрэшты ўсё добра. Яды ў нас досыць, і мы зьбіраем на суп бульбяную. — Чула я, што пан Швэйк ужо, — дык ты як-небудзь даведайся, дзе ён ляжыць, каб па канцы вайны мы маглі прыбіраць яго могілку. Забылася табе сказаць, што на гары ў цёмным кутку, у скрынцы асталося шчанё фокстэр‘ер. Вось ужо некалькі тыдняў, як яго не кармілі, з тэй самай пары як прышлі мяне. — Я думаю, што ўжо позна, і што сабачка таксама».“

Праз увесь ліст была чырвоная пячатка:

„Прагледжана цэнзурай Імп. Кан. Концэнтрацыйны лягер, Штэйнгоф“.

— І сапраўды, сабачка быў ужо ня жывы! — хліпала стрэчная сястра пані Мюлер. — А пакой свой вы-б цяпер і не пазналі. Там цяпер жывуць швачкі. Яны зрабілі там дамскі салён. На сьценах скрозь моды, і кветкі на вокнах.

Стрэчная сястра пані Мюлер не магла ніяк супакоіцца. Пасьля доўгага хліпаньня і жалобы, яна зрэшты затурбавалася, ці ня ўцёк Швэйк з вайсковае службы ды мо‘ хоча цяпер і на яе наклікаць бяду, загубіць яе. І яна пачала абыходзіцца з ім, як з самым заўзятым авантурнікам.

Швэйк зарагатаў.

— Пацеха! Гэта мне надта падабаецца. Во што, пані Кэйр, вы маеце рацыю, я ўцёк. Але для гэтага мне давялося забіць пятнаццаць вахмістраў і фэльдфэбеляў. Толькі вы анікому пра гэта не кажыце.

І Швэйк вышаў з свае ўласнае кватэры, якая была да яго такая негасьцінная, аддаўшы папярэдне загад:

— Пані Кэйр, у мяне ў пральні каўняркі і манішкі, дык вы іх захавайце для мяне, каб, вярнуўшыся з вайсковае службы, я меў ува што апрануцца. А таксама прасачыце, каб у маёй шафе з адзежай не завялася моль. А тым паненкам, што сьпяць на маім ложку, шчырае прывітаньне…

Швэйк зазірнуў таксама і ў шынок „Каля чары“. Убачыўшы яго, Паліўцова жонка заявіла, што не нальле яму піва, бо ён, напэўна, дэзэртыр.

— Мой чалавек, — завяла яна старую гісторыю, — быў такі асьцярожны; і сядзіць, небарака, няма ведама за што. А гэткія людзі ходзяць па волі ды яшчэ ўцякаюць з вайсковае службы. Пра вас ужо на тым тыдні зноў пыталіся… Мы сьцеражлівейшыя за вас, — скончыла яна сваю прамову; дый нажылі ўсё-такі бяду. Ці ўсім-жа гэтак шанцуе, як вам.

Сьведкай гэтае гутаркі быў паджылы чалавек, сьлёсар са Сьміхава. Ён падышоў да Швэйка і сказаў:

— Будзьце ласкавы, пачакайце мяне на вуліцы, мне трэба з вамі пагутарыць.

На вуліцы ён разгаманіўся з Швэйкам, улічаючы яго паводле шынкарчынае рэкомэндацыі за дэзэртыра. Ён паведаміў Швэйку, што ў яго ёсьць сын, які таксама ўцёк з вайсковае службы і цяпер перабывае ў бабулькі, у Ясені, каля Йозэфова. Не зважаючы на Швэйкавы ўгаворы, што ён зусім не дэзэртыр, сьлёсар уціснуў яму ў руку дзесяць крон.

— Гэта вам на першы абыход знадабіцца, — сказаў ён, цягнучы Швэйка за сабой у віньніцу на рагу, — я вам цалкам спачуваю, і мяне вам няма чаго баяцца.

Швэйк вярнуўся дахаты позна ўначы. Фэльдкурата яшчэ ня было дома. Ён прышоў толькі пад раньне, узбудзіў Швэйка і сказаў:

— Заўтра паедзем адпраўляць палявую імшу. Заварыце чорнае кавы з ромам... Ці мо‘, яшчэ лепш, згатуйце грог.


  1. Сябра вядомае чэскае гімнастычнае, напоўполітачнае організацыі „Сокал“.
  2. Шыкоўны рэсторан у Празе „Рэпрэзэнтацыйны дом“.
  3. Што прадае з латка сардыны ды халодныя закускі.
  4. Гэта — добра выпрабаваны спосаб трапіць у шпіталь. Адылі здраджае пах газы, які астаецца і ў пухліне. Бэнзына лепей, бо хутчэй выпараецца. Пазьней упырсквалі сабе мешаніну з эфіру і бэнзіны. Яшчэ пазьней дайшлі і іншых удасканаленьняў.

    Заўвага аўтара.

  5. Госпад з вамі.