Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/VII

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел VI Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел VII
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел VIII

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ VII

ШВЭЙК ІДЗЕ НА ВАЙНУ

У той час, калі ў Галіцыі лясы ўсьцяж па рацэ Рааб глядзелі як уцякае цераз Рааб аўстрыйскае войска, а на поўдні, у Сэрбіі, аўстрыйскім дывізіям аднэй за аднэй наклалі, як панесьці (што ім даўно ўжо трэба было зрабіць), аўстрыйскае вайсковае міністэрства ўспомніла пра Швэйка, паклікаўшы яго збываць ліхую бяду.

Калі Швэйку прынесьлі позву, каб ён прав тыдзень зьявіўся на Стралецкую выспу на вайсковы набор, ён ляжаў у ложку, скурчаны зноў раматусам. Пані Мюлер гатавала яму на кухні каву.

— Пані Мюлер, — пачуўся з сумежнага пакою ціхі Швэйкаў голас, — пані Мюлер, хадзіце сюды на хвіліначку.

Калі чалядніца падышла да ложка, Швэйк тым-жа ціхім голасам праказаў:

— Сядайце, пані Мюлер.

У яго голасе было нешта таемнае і ўрачыстае. Калі пані Мюлер села, Швэйк, узьнімаючыся на ложку, агаласіў:

— Я іду на вайну.

— Матка боска! — крыкнула пані Мюлер. — Што вы там будзеце рабіць?

— Біцца, — замагільным голасам адказаў Швэйк, — у Аўстрыі надта кепскія справы. Зьверху лезуць на Кракаў, а зьнізу — на Вэнгрыю. Нам добра ўсмалілі, куды ні зірні. Праз усё гэта мяне заклікаюць на вайну. Яшчэ ўчора толькі я чытаў з газэтах, што „дарагую радзіму зацягнулі хмары“.

— Але-ж вы ня здольны паварухнуцца?

— Дармо, паеду на вайну ў каламажцы для хворых. Знаеце цукерніка на рагу? У яго ёсьць такая каламажка. Ён у ёй колькі год таму вывозіў падыхаць сьвежым паветрам свайго крывога псюка-дзядульку. Вы, пані, Мюлер, завязіце мяне ў гэтай каламажцы на вайсковую службу.

Пані Мюлер заплакала.

— Ці ня зьбегаць мне, паночку, па доктара?

— Нікуды ня йдзіце, пані Мюлер. Каб ня ногі, я цалкам здаровы на пушачнае мяса. У гэткі момант, калі з Аўстрыяй справы дрэнь, нават калека павінен выканаць свой абавязак. Глядзіце, каб у вас ня выбегла кава.

І ў той час, як пані Мюлер, заплаканая і расчуленая, цадзіла каву, удалы ваяка Швэйк, лежачы ў ложку, запеў:

Генэрал Віндышгрэц з харобрымі панамі,
Узьняўшыся раньнім золкам, вайну зачыналі.
Гоп, гоп, гоп!
Вайну зачыналі, бога малілі.
„Памажы ты нам, божа і дзева Марыя“!
Гоп, гоп, гоп!

Перапалоханая пані Мюлер пад уражаньнем страхатлівае баявое песьні забылася на каву, і трасучыся ўсім целам, прыслухвалася, як ваяка Швэйк пеў далей на сваім ложку:

Гэй ты, Пімонт, ля кожнага мосту
Станоў, не шкадуй, па чатыры фарпосты!
Гоп, гоп, гоп!
Ня было слаўней за Сальфэрынскага бою —
Па калена байцоў заліло крывёю.
Гоп, гоп, гоп!
Сечанае мяса вазамі вазілі —
Вось як нашы малайцы ворага лупілі!
Гоп, гоп, гоп!

— Зьлітуйцеся, паночку, прашу вас! — пачуўся жалаблівы голас з кухні, але Швэйк дапеў слаўную баявую песьню да канца.

На вайне ня бойцеся, хлопцы, нястатку!
На вазох за намі — грошы і дзяўчаткі,
Гоп, гоп, гоп!
Грошы і дзяўчаткі — на вазох за намі.
Хто спрабуе біцца з слаўнымі палкамі?
Гоп, гоп, гоп!

Пані Мюлер рынулася за доктарам, але прывяла яго толькі праз гадзіну, як Швэйк ужо задрымаў. Швэйка ўзбудзіў тоўсты пан, які трымаў у яго руку на лобе і гаварыў:

— Ня бойцеся, я — доктар Павэк з Вінаград. Дайце вашу руку. Гэты тэрмомэтр засуньце пад паху. Так. Пакажэце язык. Яшчэ... З чаго памерлі вашы бацькі?

І вось, у той час, як Вена змагалася за тое, каб усе народы Аўстра-Вэнгрыі паказалі максімум вернасьці і адданасьці доктар Павэк прапісаў самаахвярнаму ваяку Швэйку супроць патрыятычнага энтузіязму бром і параіў яму ня думаць аб вайне.

— Ляжыце ціха і ўнікайце хваляваньня. Заўтра зайду яшчэ раз.

Назаўтрага доктар прышоў зноў і запытаўся на кухні ў пані Мюлер, як адчувае сябе пацыент.

Горш яму, пане доктар, — з шчырай журбой у голасе адказала пані Мюлэр. — Уначы, як скруціў яго раматус, ён, ня тут, кажучы, пеў аўстрыйскі гімн.

Доктар Павэк улічыў за неабходнае рэагаваць на гэту новую праяву Швэйкавае лёйяльнасьці ўзбольшанай дозаю брому. На трэці дзень пані Мюлер паведаміла доктару, што Швэйку яшчэ горай.

— Па абедзе, пане доктар, ён паслаў па карту ваенных дзеяньняў, а ўначы трызьніў, што Аўстрыя пераможа.

— А парашкі прымае спраўна, як прапісана?

— Яшчэ й не пасылаў па іх, пане доктар.

Выліўшы на Швэйка цэлую патоку дакораў і заявіўшы што ніколі больш ня прыдзе лячыць чалавека, які цураецца ягонага лячэньня бромам, доктар Павэк пашоў.

Заставалася яшчэ два дні да тэрміну, калі Швэйк павінен быў стаць перад прыймоваю камісіяй. За гэты час Швэйк зрабіў належную падрыхтоўку: паслаў пані Мюлер, па-першае, купіць форменную шапку, а па-другое, пазычыць у цукерніка за рогам каламашку, у якой той вывозіў падыхаць сьвежым паветрам свайго крывога дзеда. Потым успомніў, што яму канечна патрэбны кастылі. На шчасьце, цукернік захоўваў, як сямейную рэліквію, і дзедавы кастылі. Швэйку не ставала яшчэ толькі пучка красак, як носяць усе навабранцы. І пучок зрабіла яму пані Мюлер, якая дужа змарнела за гэты час і, куды-б толькі не пашла, усюды плакала.

І вось, у той векапомны дзень праскія вуліцы былі сьведкамі зварушлівага прыкладу праўдзівага патрыятызму. Старая жанчына вязла перад сабой крэсла, у якім сядзеў мужчына ў форменнай шапды з кукардай і махаў кастылём. На пінжаку ў яго красаваўся пярэсты пучок красак, як носяць усе навабранцы. Чалавек гэты, усё мацней і мацней махаючы кастылямі, крычэў на ўсю вуліцу: „Уперад, на Белград!“

За ім ішоў натоўп, які няўпынна ўзрастаў з невялічкае купкі, што сышлася была пад домам, адкуль Швэйк выехаў на вайну. Швэйк канстатаваў, што паліцыянты, якія сталі на скрыжаваньнях вуліц, казыралі яму. На Вацлаўскім пляцы натоўп вакол крэсла са Швэйкам вырас у некалькі сот чалавек, а на рагу Кракаўскай вуліцы зьбілі нейкага бурша ў корпоранцкай шапачцы, які закрычэў Швэйку:

— Geil! Nider mit den serben! (Ура! Прэч сэрбаў!)

На рагу Вадзічкавай вуліцы конная паліцыя, парой падасьпеўшы разагнала натоўп. Калі Швэйк давёў прыставу — ясна, як дзень, што павінен сёньня зьявіцца ў прыймовую камісію, той троху расчараваўся і, каб унікнуць скандалу, загадаў двум конным паліцыянтам праводзіць каламажку са Швэйкам да Стралецкае выспы.

Аб усім, што адбылося, у „Праскай офіцыйнай газэце“ быў зьмешчаны наступны артыкул:

„КАЛЕКА-ПАТРЫЁТ“

„Учора ўдзень хто праходзіў па галоўных праскіх вуліцах быў сьведкаю наступнае сцэны, якая красамоўна гаворыць пра тое, што ў гэты вялікі і сур‘ёзны момант сыны нашага народу здольны даць бліскучыя прыклады вернасьці і адданасьці трону нашага шаноўнага ўладара. Нібы вярнулася слаўная пара грэкаў і рымлян, калі Муцы Сцэвола пашоў у бой, не зважаючы на свае спаленыя рукі. Найглыбейшыя пачуцьці выклікаў адзін калека, старая маці якога везла ў каламажцы для хворых на зборны пункт. Гэты добраахвотнік, сын чэскага народу, не зважаючы на сваю немач, прасіўся на вайну, каб аддаць там жыцьцё і здабытак за свайго імпэратара.

І тое, што ягоны заклік „Уперад на Белград“ сустрэў такі водгук на праскіх вуліцах, сьведчыць аб тым, што жыхары Прагі даюць высокія ўзоры шчырай адданасьці бацькаўшчыне і царствуючаму дому“.

На той-жа капыл пісаў і „Прагер Тагеблят“, у якім артыкул канчаўся словамі:

„Калеку-дабраахвотніка праводзіў натоўп немцаў, які аховаў яго сваім целам ад зьбіваньня чэскімі агентамі“.

„Богэмія“ перадрукавала гэту заметку, вымагаючы, каб калеку-патрыёта ўзнагародзілі, і зьмясьціла абвесткі, што ў рэдакцыі прымаюцца падарункі на карысьць невядомага героя.

Тым часам, як гэтыя тры газэты сышліся на аднэй думцы, што чэская зямля не магла даць больш сумленнага грамадзяніна, паны ў прыймовай камісіі гэтай думкі не падзялялі.

Асабліва старэйшы вайсковы доктар Баутцэ. Гэта быў няўмольны чалавек, які бачыў ува ўсім жульніцкія спробы адкараскацца ад вайсковае службы — ад фронту, куль і шрапнэляй. Вядомы выраз яго быў: „Увесь чэскі народ — зграя сымулянтаў“. За дзесяць тыдняў свае чыннасьці ён з адзінаццаці тысяч грамадзян дзесяць тысяч дзевяцьсот дзевяцьдзесят дзевяць вызнаў за сымулянтаў ды злавіў-бы на вуду і адзінаўццацітысячнага, каб той не скапуціўся акурат у той момант, як доктар зароў на яго „Павярніцеся!“

— Выкіньце гэтага сымулянта, — казаў Баутцэ, пераканаўшыся, што той памёр.

І вось перад гэтым панам у той векапомны дзень стаў Швэйк, як і ўсе іншыя, зусім голы, сарамліва затуляючы сваю нагату кастылямі, на якія абапіраўся.

— Гэта сапраўды неабычайны фігавы лісток, — сказаў Баутцэ, — такіх фігавых лісткоў у раі ня было.

— Зволен з прычыны ідыётызму, — агаласіў фэльдфэбэль, паглядзеўшы ягоныя паперы.

— А яшчэ якія маеце заганы? — запытаў Баутцэ.

— Дазвольце далажыць, у мяне раматус. Але служыць буду гаспадару імпэратару да астатняе кроплі крыві, — сьціпла праказаў Швэйк. — Апрача таго ў мяне апухлі калены.

Баутцэ ўпяўся ў Швэйка поглядам, які наганяў жах, і зароў:

— Вы сымулянт! — І, зварачаючыся да фэльдфэбэля з ледзяной спакойнасьцю сказаў: — Зараз-жа арыштаваць гэтага тыпуса.

Два салдаты са стрэльбамі павялі Швэйка ў гарнізонную турму. Швэйк ішоў на кастылёх і з жахам адчуваў, што раматус у яго мінаецца. Калі пані Мюлер, што чакала яго з каламажкай ля мосту, убачыла яго між двух штыхоў, яна заплакала і ціха адышла ад каламажкі, каб ніколі ўжо да яе не варочацца...

А ўдалы ваяка Швэйк сьціпла ішоў пад канвоем двух узброеных абаронцаў дзяржавы. Штыхі бліскалі на сонцы, і на Малой Стране, пад помнікам Радэцкага. Швэйк крыкнуў у натоўп, які праводзіў яго:

— Уперад, на Белград!

А маршалак Радэцкі задумечна глядзеў са свайго помніку ўсьлед добраму ваяку Швэйку, які аддаляўся, калыхаючыся на сваіх кастылёх з пучком красак на пінжаку.

Нейкі станавіты пан тлумачыў народу, які абкружаў яго што вядуць дэзэртыра...