Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка (1931—1932)/1/IV

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Раздзел III Прыгоды ўдалага ваякі Швэйка. Частка 1. Раздзел IV
Раман
Аўтар: Яраслаў Гашак
1931 год
Пераклад: Міхась Зарэцкі
Раздзел V

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




РАЗЬДЗЕЛ ІV

ШВЭЙКА ВЫГАНЯЮЦЬ З ВАР‘ЯЦКАГА ДОМУ

Апісваючы пазьней сваё жыцьцё ў вар‘яцкім доме, Швэйк надзвычайна хваліў гэтую ўстанову.

— Шчыра кажучы, ня ведаю, чаму гэтыя вар‘яты так злуюцца, што іх там трымаюць. Ніхто ў свай волі там не абмежаваны: дазваляецца там поўзаць галяком па падлозе, выць шакалам, шалець і кусацца. Каб хто-які прарабіў гэтае самае на вуліцы, дык людзі дзіву-б даліся. А там гэта — абычайная рэч. Там такая воля, якой і соцыялісты ня сьнілі. Чалавек там можа ўдаваць з сябе і бога, і матку боску, і папу, і ангельскага караля і, гаспадара імпэратара, і сьвятога Вацлава[1]. (Адылі гэты Вацлаў праз увесь час быў зьвязаны і ляжаў галяком у адзіночцы). Быў тым адзін, які скрозь крычаў, што ён арцыбіскуп, — той нічога не зрабіў, адно жраў ды яшчэ прабачайце, сёе-тое, што рыфмуецца з словам жраў. Адылі там ніхто гэтага не сароміцца. А адзін нават удаваў з сябе Кірылу і Мяфодзія, каб атрымаць падвойную порцыю. Быў там цяжарны пан і запрашаў кожнага на хрэсьбіны. Многа было там шахматыстаў, політыкаў, рыбаловаў, скаутаў, калекцыянэраў паштовых марак, фатографаў і мастакоў. Адзін трапіў туды праз старыя гаршкі, якія ён зваў урнамі. Другога скрозь трымалі ў сьмірыцельнай сарочцы, каб ён ня мог вылічыць, калі настане сканчэньне сьвету. Пасябраваў я там з некалькімі профэсарамі. Адзін з іх праз увесь час хадзіў за мной ды тлумачыў, што прабацькаўшчына цыганоў была ў Крканошчах[2], а другі даводзіў, што ў сярэдзіне зямное кулі ёсьць другая, значна большая за верхнюю. Кожны там мог гаварыць усё, што ўчамярыцца яму. ў галаву, нібы ў парляманце. Неяк раз узяліся там казкі казаць ды пабіліся, як з нейкай прынцэсай справа скончылася нядобра. Самы буяны быў пан, які ўдаваў з сябе шаснаццаты том Навуковага Энцыклёпэдычнага слоўніка выданьня Отто і прасіў кожнага, каб яго разгарнулі і знайшлі слова „пераплётнае шыла“, — іначай яму капут. Супакоіўся ён толькі тады, як надзелі на яго сьмірыцельную сарочку. Тады ён стаў хваліцца, што трапіў у пераплёт, і прасіць, каб яму зрабілі модныя берагі. Жывецца там проста, як у раі. Вы можаце там крычаць, раўці, сьпяваць, плакаць, бляяць, шумець, скакаць, маліцца, куляцца, поўзаць ракам, скакаць на аднэй назе, цэлымі днямі сядзець на карачках ці лезьці на сьцяну і ніхто да вас не падыйдзе і ня скажа: „Слухайце, гэтага няможна рабіць, гэта няпрыстойна, сорам, вы-ж, культурны чалавек“. Варта ўсё-ткі адзначыць, што там былі адны ціхія. Напрыклад, быў там адзін вынаходца, які праз увесь час калупаў у носе і толькі адзін раз за дзень выгаварваў: „Я толькі вось знайшоў электрычнасьць“. Зноў кажу, там было дужа добра. Тыя некалькі дзён, што перабыў я ў вар‘яцкім доме, былі найлепшыя дні ў маім жыцьці.

Сапраўды, ужо тое, як прынялі Швэйка ў вар‘яцкім доме, калі яго прывезьлі на дасьледваньне з краёвага крымінальнага суду, перавысіла ўсё, што ён чакаў. Перш-на-перш, яго нагола разьдзелі, надзелі яму халат і павялі купацца, інтымна падхапіўшы пад пашкі, а ў гэты час адзін санітар забаўляў яго яўрэйскімі анэкдотамі. У купальным пакоі яго пасадзілі ў ванну, потым выцягнулі адтуль і паставілі пад сьцюдзёны душ. Гэта прарабілі з ім тры разы, а пасьля запыталіся, ці дужа яму гэта ўпадабалася.

Швэйк адказаў, што лепей, чым нават у лазьні ля Карлова мосту і што ён страшэнна любіць купацца. „Калі вы абрэжаце мне кіпці і валасы, гэта будзе ўсё, што патрэбна для майго шчасьця“, — дадаў ён, міла ўсьміхаючыся. І гэтае жаданьне яго было споўнена. Потым яго спраўна адшмуравалі вехцем, завінулі ў прасьцірадла і занесьлі ў першае аддзяленьне на ложак. Там яго паклалі, накрылі коўдрай і папрасілі заснуць.

Швэйк яшчэ і цяпер з замілаваньнем апавядае:

— Уявіце сабе, мяне несьлі, несьлі да самага ложка. Я адчуваў у гэты момант найвышэйшую слодыч.

На ложку Швэйк шчасна заснуў. Потым яго ўзбудзілі і прапанавалі яму выпіць кубак малака з булачкай. Булачка была ўжо парэзана на маленькія кавалачкі, і тым часам, як адзін санітар трымаў Швэйка за абедзьве рукі, другі макаў кавалкі булачкі ў малако і карміў яго, нераўнуючы, як кормяць клёцкамі гусей. А як пакармілі, узялі пад пашкі яго і завялі ў прыбіральню, дзе яго папрасілі справіць вялікую і малую фізыолёгічныя патрэбы.

І пра гэты цудоўны момант Швэйк апавядаў з замілаваньнем. Мы не адважымся пераказаць усіх яго выразаў пра тое, што з ім потым рабілі. Адно памянём, што Швэйк апавядаў: „Адзін з іх трымаў мяне пад час гэтага на руках“.

Потым яго правялі назад, паклалі ў ложак і зноў папрасілі заснуць. Па некаторым часе яго ўзбудзілі і павялі ў пакой для агляду, дзе Швэйк, стоячы зусім галяком перад двума дактарамі, успомніў слаўную пару, калі быў ён навабранцам, і мімаволі з яго вуснаў зьляцела:

— Надыходзіць!

— Што вы кажаце? — запытаў адзін доктар. — Зрабіце пяць крокаў наперад і пяць назад.

Швэйк зрабіў дзесяць.

— Я-ж вам ясна сказаў, — зазначыў доктар, — каб вы зрабілі пяць.

— Мне лішнюю пару крокаў зрабіць ня шкода, мяне лішняя пара крокаў ня зморыць.

Пасьля гатага дактары патрабавалі ад Швэйка, каб ён сеў на стул, і адзін пачаў стукаць яго ў калена, потым сказаў другому, што рэфлексы цалкам нормальныя, на што другі пакруціў галавой і ўзяўся сам стукаць Швэйка ў калена, тым часам як першы ўзьнімаў Швэйку павекі і разглядаў яго зрэнкі. Потым яны адышліся да стала і сказалі колькі латынскіх тэрмінаў.

— Слухайце, умееце сьпяваць? — запытаў адзін доктар Швэйка. — Ці не маглі-б вы нам прасьпяваць якую-небудзь песьню?

— Калі ласка, — адказаў Швейк. — Хоць у мяне няма ані голасу, ані музычнага слыху, але для вас пастараюся прасьпяваць, раз вы надумалі пацешыцца.

І Швэйк ірвануў:

Што чарнец малады
Пахіліў галоўку,
Сьлёзы льлеш
На траву-муроўку.

— Далей ня памятаю, — суняўся Швэйк. — Калі хочаце, дык сьпяю вам:

Ох, у сэрцы поўна болю
З болю сэрцайка дрыжыць.
Выйду, гляну я у поле,
Дзе дарожанька бяжыць.
Дзе-ж ты, любая каханка...

— Далей таксама ня ведаю, — уздыхнуў Швэйк. — Ведаю яшчэ першы радок з „Дзе радзіма мая“[3] і пасьля „Гэнэрал Віндышгрэц з харобрымі панамі, узьняўшыся раньнім золкам, вайну зачыналі“, ды яшчэ са дзьве простанародныя песенькі накшталт „Хавай нам божа, гаспадара“[4], „Ішлі мы проста ў Яромэр“ ды „Дастойна есьць, яко воісьціну“...

Абодва дактары перазірнуліся, і адзін з іх запытаў Швэйка:

— Дасьледвалі калі-небудзь вашыя псыхічныя здольнасьці?

— На вайсковай службе, — урачыста і горда адказаў Швэйк. Мэдыцынская камісія офіцыйна вызнала мяне за хронічнага ідыёта.

— Мне здаецца, што вы сымулянт! — крыкнуў на Швэйка другі доктар.

— Зусім не сымулянт, панове! — бараніўся Швэйк. —

Я самы сапраўдны ідыёт. Можаце даведацца і ў канцылярыі дзевяцьдзесят першага палка ў Чэскіх Будэйовіцах або ў Управе для запасных у Карліне.

Старэйшы доктар безнадзейна махануў рукой і, паказваючы на Швэйка, сказаў санітарам:

— Аддайце назад яму ягоную вопратку і перадайце яго ў трэцяе аддзяленьне, у калідор. Пасьля адзін з вас хай вернецца і занясе ўсе паперы аб ім у канцылярыю. Ды скажыце там, каб не марудзілі, каб ён у вас доўга на карку не сядзеў.

Дактары яшчэ раз кінулі два сярдзітыя позіркі на Швэйка, які, далікатна адвітаўшыся, пачціва пасунуўся задам да дзьвярэй. Калі, адзін санітар зазначыў, што Швэйк клеіць дурня, ён адказаў:

— Дзеля таго, што я не апрануты, зусім голы, я ня хачу паказваць паном нічога такога, што-б надало ім думку, быццам я ня маю ніякае далікатнасьці.

Ад таго моманту, як санітары атрымалі загад вярнуць Швэйку ягоную вопратку, яны не выяўлялі да яго ніякай руплівасьці, загадалі яму апрануцца і адзін санітар завёў яго ў трэцяе аддзяленьне. Там трымалі яго колькі дзён, пакуль канцылярыя нарыхтавала паперы да выпіскі яго з вар‘яцкага дому, і Швэйк прымеў зрабіць тут свае назіраньні! Ашуканыя дактары далі аб ім гэткае заключэньне:

„Прыдуркаваты сымулянт“.

Дзеля таго, што Швэйка выпісалі з больніцы перад самым абедам, справа дайшла да невялічкага скандалу. Швэйк голасна протэставаў, заяўлячы, што калі чалавека выкідаюць з вар‘яцкага дому, дык няможна гнаць яго без абеда.

Скандал суняў выкліканы брамнікам паліцыянт, які пераправіў Швэйка ў паліцэйскі камісарыят на Сальмовай вуліцы.



  1. Патрон Чэхіі.
  2. Горы ў паўночна-ўсходняй Чэхіі.
  3. Чэскі нацыянальны гімн.
  4. Аўстрыйскі гімн.