Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Другое падарожжа на месяц
← Сярод белых мядзведзяў | Другое падарожжа на месяц Апавяданьне Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі 1938 год Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785) |
Сырны востраў → |
ДРУГОЕ ПАДАРОЖЖА НА МЕСЯЦ
Вярнуўшыся ў Англію, я даў сабе слова ніколі больш не рабіць ніякіх падарожжаў, але не прайшло і тыдня, як мне спатрэбілася зноў адправіцца ў дарогу.
Справа ў тым, што адзін мой сваяк, чалавек немалады і багаты, набраў сабе чамусьці ў галаву, нібы на свеце існуе краіна, у якой жывуць веліканы.
Ён прасіў мяне канешне адшукаць для яго гэтую краіну і абяцаў даць узнагароду, пакінуўшы вялікую спадчыну. Надта-ж ён хацеў паглядзець веліканаў.
Я згадзіўся, падрыхтаваў карабель, і мы адправіліся ў Паўднёвы акіян.
Па дарозе мы не сустрэлі нічога дзіўнага, акрамя некалькіх лятаючых жанчын, якія пырхалі ў паветры, як матылькі. Надвор‘е было цудоўнае.
Але на восемнаццаты дзень пачалася страшэнная бура.
Вецер быў такі вялікі, што падняў наш карабель над вадою і панёс яго як пушынку ў паветры! Усе вышэй і вышэй і вышэй. Шэсць тыдняў насіліся мы над самымі высокімі хмарамі. Нарэшце ўбачылі круглы бліскучы востраў.
Гэта, канешне, быў месяц.
Мы знайшлі зручную гавань і вышлі на месячны бераг. Унізе, далёка, далёка, мы ўбачылі другую планету з гарадамі, лясамі, гарамі, морамі і рэчкамі. Мы здагадаліся, што гэта — пакінутая намі зямля.
На месяцы нас акружылі нейкія велізарныя страшыдлы, якія сядзелі верхам на трохгаловых арлах. Гэтыя птушкі замяняюць жыхарам месяца коней.
Якраз тады месячны цар вёў вайну з імператарам сонца. Ён адразу-ж прапанаваў мне стаць на чале яго арміі і павесці яе ў бой, але я, вядома, наадрэз адмовіўся.
На месяцы ўсё значна большае, чым у нас на зямлі.
Мухі там велічынёю з авечак, кожнае яблыка не меншае за гарбуз.
Заместа зброі жыхары месяца ўжываюць рэдзьку. Яна заменьвае ім пікі, а калі няма рэдзькі, яны б‘юцца галубінымі яйцамі. Заместа шчытоў яны ўжываюць грыбы-мухаморы.
Бачыў я там некалькіх жыхароў аднае далёкай звязды. Яны прыязджалі на месяц гандляваць. Іх твары былі падобныя на сабачыя морды, а іх вочы
знаходзіліся або на кончыку носа, або ўнізе пад ноздрамі. У іх не было ні павек, ні расніц, і, кладучыся спаць, яны закрывалі вочы языком.
Траціць час на ежу жыхарам месяца ніколі не прыходзіцца. У левым баку жывата ёсць асобныя дзверцы: яны адчыняюць іх і кладуць туды ежу. Потым закрываюць дзверцы да другога абеду, які ў іх бывае раз у месяц. Яны абедаюць усяго дванаццаць разоў у год!
Гэта вельмі зручна, але наўрад ці згадзіліся-б зямныя абжоры і ласуны абедаць так рэдка.
Жыхары месяца растуць проста на дрэвах. Гэтыя дрэвы вельмі прыгожыя, у іх яркапунцовае галлё. На галінках растуць велізарныя арэхі з незвычайна моцнай шкарлупою.
Калі арэхі выспеюць, іх асцярожна здымаюць з дрэваў і кладуць на хаванне ў склеп.
Як толькі цару месяца спатрэбяцца новыя людзі, ён загадвае кінуць гэтыя арэхі ў вар.
Праз гадзіну арэхі лопаюцца, і з іх выскнакваюць зусім гатовыя месячныя людзі. Гэтым людзям не прыходзіцца вучыцца. Яны адразу родзяцца дарослымі і ўжо ведаюць сваё рамяство. З аднаго арэха выскаквае трубачыст, з другога — шарманшчык, з трэцяга — марожаншчык, з чацвертага — салдат, з пятага — повар, з шостага — кравец.
І кожны зараз-жа бярэцца за сваю справу.
Трубачыст узбіраецца на страху, шарманшчынк пачынае граць, марожаншчык крычыць: „гарачае марожанае“ (таму, што на месяцы лёд гарачэйшы за агонь), повар бяжыць на кухню, а салдат страляе ў ворага.Састарыўшыся, месячныя людзі не паміраюць, а расплываюцца ў паветры, як дым або пар.
На кожнай руцэ ў іх адзін-адзінюсенькі палец, але працуюць яны ім так спрытна, як мы пяцьма.
Галаву сваю яны носяць падпахай і, адпраўляючыся ў падарожжа, пакідаюць яе дома, каб яна не сапсавалася ў дарозе.
Яны могуць раіцца са сваёю галавою, нават калі знаходзяцца далёка ад яе! Гэта вельмі зручна.
Калі цар пажадае даведацца, што думае аб ім яго народ, ён астаецца дома і ляжыць на канапе, а яго галава непрыкметна прабіраецца ў чужыя хаты і падслухоўвае ўсе размовы.
Вінаград на месяцы нічым не адрозніваецца ад нашага граду.
У мяне няма ніякага сумнення, што град, яні часамі падае на зямлю, ёсць гэты самы месячны вінаград, сарваны бураю на месячных палях.
Калі вы хочаце паспрабаваць месячнага віна, збярыце некалькі бобак граду і дайце ім добра растаць.
Месячным жыхарам жывот служыць заместа чамадана. Яны могуць зачыняць і адчыняць яго, калі ім уздумаецца, і класці туды ўсё, што захочуць. У іх няма ні страўніка, ні печані, ні сэрца, так што ўнутры яны зусім пустыя.
Вочы свае яны могуць вымаць і ўстаўляць. Трымаючы вока, яны бачаць ім так добра, як быццам яно ў іх у галаве. Калі вока сапсуецца або згубіцца, яны ідуць на базар і купляюць сабе новае. Таму на месяцы вельмі шмат людзей, якія гандлююць вачыма. Там раз-по-раз чытаеш на шыльдах: „Танна прадаюцца вочы. Вялікі выбар аранжавых, чырвоных, ліловых і сініх“.
Кожны год у месячных жыхароў новая мода на колер вачэй.
Той год, калі я быў на месяцы, лічыліся моднымі зялёныя і жоўтыя вочы.
Але чаго вы смеяцёся? Няўжо вы думаеце, што я кажу вам няпраўду? Не, кожнае маё слова ёсць чыстая праўда, а калі вы не верыце мне, адпраўляйцеся самі на месяц. Там вы ўбачыце, што я нічога не выдумліваю і расказваю вам адну толькі праўду.