Перайсці да зместу

Прыгоды Мюнхаузена (1938)/2/Адзін супроць тысячы

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Меткі стрэл Адзін супроць тысячы
Апавяданьне
Аўтар: Рудольф Эрых Распэ, Карней Чукоўскі
1938 год
Арыгінальная назва: Die Abenteuer des Baron Münchhausen (1785)
Чалавек-ядро

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




АДЗІН СУПРОЦЬ ТЫСЯЧЫ

Я так і заявіў генералу:

— Не патрэбна мне ні ордэнаў, ні чыноў! Я дапамагаю вам па дружбе, па шчырасці. Проста таму, што я вельмі люблю англічан.

— Дзякую табе, прыяцель Мюнхаузен! — сказаў генерал, яшчэ раз паціскаючы мне рукі. — Дапамагай нам, калі ласка, і далей.

— З вялікай прыемнасцю, — адказаў я і пахлопаў старога па плячы. — Я рад служыць брытанскаму народу.

Неўзабаве мне пашанцавала зноў дапамагчы маім сябрам англічанам.

Я пераапрануўся іспанскім папом і, калі настала ноч, прабраўся ў ворагаў лагер.

Іспанцы спалі непрабудным сном, і ніхто не ўбачыў мяне. Я ціханька ўзяўся за работу: пайшоў туды, дзе стаялі іх страшныя гарматы, і быстра-быстра пачаў кідаць гэтыя гарматы у мора, — адну за адною — як найдалей ад берагу.

Гэта было не надта лёгка, таму што ўсіх гармат было больш за трыста.

Скончыўшы з гарматамі, я выцягнуў на сярэдзіну лагера ўсе драўляныя тачкі і вазы, якія толькі былі ў гэтым лагеры, зваліў іх у адну кучу і падпаліў.

Яны ўспыхнулі як порах. Пачаўся страшэнны пажар.

Іспанцы прачнуліся і ў роспачы пачалі бегаць па лагеру.

Ім здалося з перапалоху, што ўночы ў іх лагеры перабыло сем або восем англійскіх палкоў.

Яны не маглі сабе ўявіць, што гэты разгром мог зрабіць адзін чалавек!

Іспанскі галоўнакамандуючы ад жаху кінуўся наўцёкі і не спыняючыся бег два тыдні, пакуль не дабег да Мадрыда.

Усё яго войска кінулася за ім, не адважваючыся нават азірнуцца назад.

Такім чынам, дзякуючы маёй адважнасці англічане перамаглі ворага.

— Што рабілі-б мы без Мюнхаузена? — гаварылі яны і, паціскаючы мне рукі, называлі мяне збаўцам англійскай арміі.

Англічане былі так удзячны мне за дапамогу, што запрасілі мяне ў Лондан пагасцяваць.

Я з ахвотаю астаўся ў Англіі, не прадбачачы, якія прыгоды чакаюць мяне ў гэтай краіне.