Прывілей вялікага князя Літоўскага Аляксандра 1492 года
06.08.1492 г.
У імя святой Тройцы і непадзельнага адзінства, амінь.
На вечную памяць аб справе.
Усе, што робіцца ў часе, знікае ў памяці людзей разам з часам і да ведама будучых не дойдзе, калі не будзе запісана.
Таму мы, Аляксандр, з божай ласкі вялікі князь Літоўскі, Жамойцкі, а таксама земляў Русі гаспадар і спадкаемец, прыняўшы пад увагу сталую вернасць найпачціўшых, пачэсных, яснейшых, святлейшых, вяльможных, высакародных, шляхетных і асцярожных (circum spectorum) духоўных пралатаў (praelatorum spiritalium) і свецкіх князёў (saecularium principum), паноў (baronum), баяраў (boiarorum) і мяшчан (ciuium) земляў Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і інш., якую яны маюць на справе да нас, да нашай светласці як да ісціннага і законнага наступніка (нашчадка, спадкаемцы) і натуральнага (прыроджанага) гаспадара і заўсёды імкнуцца ў прышласць пэўна трымаць яе, пасля таго, як тэта добра падмацована іх дзейнасцю, мы палічылі вартым, каб узнагародзіць іх узаемна за гэта дарамі і вольнасцямі і іншымі нашымі міласцямі.
Па-першае, названым вышэй пралатам (praelatis), князям (principibus), баронам (baronibus), нобілям (nobilibus) і мяшчанам (ciuibus) названых земляў вялікага княства Літвы, Русі і Жамойці мы далі, дазволілі і беззваротна даравалі і гэтай граматай даём, дазваляем, даруем і саступаем на вечнасць, цалкам і поўнасцю, тыя правы (iura), вольнасці (libertates) і палёгкі (immunitates) (імунітэты), якія маюць пралаты, князі, бароны, нобілі і мяшчане каралеўства Польскага. Але, каб з гэтай агульнасці не магла вынік(н)уць якая-колечы двусэнсіца, або сумненне ў будучыню, то самыя вольнасці і кожную з іх мы ўхвалілі падаць тутака ў наступным.
§ 1.
[правіць]Па-першае, усе даніны (donationes) (падараванні), прывілеі і палёгкі (імунітэты) царквоў катэдральных, саборных і манастырскіх у землях нашых Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага, якія пабудаваны і будуць пабудаваны, фундаваны і будуць фундаваны, мы захоўваем непапсутымі і непарушнымі і падтрымоўваем і абараняем са ўсей нашай уладай. А калі якія-колечы катэдральныя, саборныя, манастырскія і парафіяльныя цэрквы з працягам часу з прычыны смерці або паводле рэзігнацыі будуць вакантнымі і пазбавяцца пастыра, між тым права патраната над імі належыць да нас або наступнікаў (нашчадкаў; successores) нашых цалкам, то мы абавяз(в)аемся не іншага або не іншых прэзентаваць да іх, як тубыльца нашага Вялікага Княства Літоўскага, які будзе знойдзен(ы) падыходзячым, а калі не, то персону іншай нацыі, карысную і годную (honestam), якая будзе стаяць на чале і прыносіць карысць. Мы абавязваемся прэзентаваць столькі разоў, колькі будзе патрэбна і выгадна.
§ 2.
[правіць]Мы таксама далі і тое, што не жадаем абмяжоўваць названых пралатаў, князёў, баронаў, нобіляў і мяшчан вызначаных земляў Вялікага Княства Літвы, Русі, Жамойці або спаганяць якое-колечы пакаранне, як: пазбаўленне добраў, грашовыя штрафы, астрог, або кара смерцю, паводле даноса, ніводнага чалавека, або паводле абвінавачвання публічнага ці тайнага або хаця-б і па сур’ёзным падазрэнні саміх гэтых князёў, баронаў, нобіляў і мяшчан, пакуль спачатку на адкрытым судзе з захаваннем каталіцкага праўнага парадку, будзе ўстаноўлен(ы) персанальна ісцец і вінаваты. Пасля суда і гэтага абвінавачвання, згодна звычая і правоў як у каралеўстве Польскім, яны павінны будуць панесці абмежаванне, паводле судовай ухвалы, у залежнасці ад велічыні і якасці сваіх учынкаў (debent castigah et sententiah, secundum suorum excessuum qualitatem et quantitatem).
§ 3.
[правіць]За злачынства не будзе пакараны ніхто іншы, як толькі той, хто саграшыў і правінаваціўся, пасля таго як ён будзе высведчаны з захаваннем парадку каталіцкага права і абвінавачаны судовай ухвалай. Пры гэтым ні жана не нясе спагнання за злачынства свайго мужа, ні бацька за зладзейства сына і наадварот, і ніякія крэўны ці слуга, калі толькі ён не быў саўдзельнікам у злачынстве. Аднак, за выключэннем абвінавачванняў у злачынстве зневажэння вялікасці.
§ 4.
[правіць]Таксама згаджаемся на тое, каб вышэйвызначаныя князі, бароны, нобілі і баяры карысталіся неабмежаванай вольнасцю выхада з нашых земляў Вялікага Княства Літоўскага і інш., дзеля падшуквання лепшай фартуны і практыкавання ў вайсковых занятках, у якія-колечы чужаземныя краіны, толькі за выключэннем краж нашых ворагаў, аднак, з тым, каб з добраў гэтых самых выходзячых не занепадалі нашы стужбы (службы), але каб нам ці наступнікам (нашчадкам) нашым, як бы ў іх прысутнасці, што належыць было ўзнагароджана, выканана і адслужана.
§ 5.
[правіць]Вышэйвызначаныя князі, бароны, нобілі і мяшчане бацькаўскія добры або ім самім наданыя ці падараваныя праз святлейшага гаспадара блажэннай (добрай) памяці Аляксандра інакш Вітаўта і іншых і наданні, атрыманыя і зацверджаныя праз святлейшага гаспадара Жыгімонта і іншых няхай трымаюць і карыстаюцца і валодаюць імі паводле данін (падараванняў), калі дакл(а)дна давялі гэта судовым рашэннем, або адпаведным пасведчаннем сведкаў, або праз падмацаванне граматамі. Няхай трымаюць іх па аднолькавым праве, як звыклі ўладаць князі, бароны, нобілі і мяшчане каралеўства Польскага і маюць неабмежаваную вольнасць продажу іх, перамены, адчужэння, падаравання і распараджэння, паводле сваей добрай волі, з тым аднак, каб гэтыя абмены, продажы, адчужэнні або падараванні абвяшчалі перад намі ці перад нашымі ўрадоўцамі.
§ 6.
[правіць]Таксама пасля смерці бацькоў дзеці мужчынскага і жаночага роду не павінны пазбаўляцца добраў бацькаўскіх, спадчынных, але са сваімі законнымі наступнікамі (нашчадкамі) уладаць імі з поўным правам, як уладаюць князі, бароны, нобілі і мяшчане каралеўства Польскага сваімі добрамі і карыстаюцца імі паводле сваей добрай волі.
§ 7.
[правіць]Ухваляем, што калі якому-колечы з вызначаных князёў, баронаў, нобіляу і мяшчан здарыцца адыйсці з гэтага свету, то адгэтуль удава застаецца на добрах або пасэсіях свайго мужа, пакуль сядзіць удавой. А калі яна пажадала-б узяць шлюб у другі раз, то яна выдаецца замуж; на добрах-жа і пасэсіях бацькаўскіх застаўляюцца дзеці, калі яны будуць, а калі іх не будзе, то самыя бліжэйшыя кроўныя першага яе памерлага мужа, падобна таму як бяруць шлюб і ўдовы ў каралеўстве Польскім. Калі-ж першы муж вызначыў на пэўных добрах і сваіх пасэсіях некаторы прывенак гэтай сваей жонцы і яна здолела дастаткова падмацаваць гэта, то паводле парадку права, узяўшы гэта, няхай аддае, з богам, каму пажадае.
§ 8.
[правіць]Таксама сваіх дачок, сясцёр і ўнучак, дз(я)ўчын і ўдоў, маюць волю выдаваць замуж без усякага запытання на гэта ў нас або ў нашых наступнікаў (нашчадкаў), захоўваючы пры гэтым каталіцкі рэлігійны абрад.
§ 9.
[правіць]Усе разам і кожны паасобку з кметаў і падданых князёў, баронаў, нобіляў самых земляў Вялікага Княства Літоўскага павінны быць вольны, поўнасцю вызвалены і выключаны ад усякіх данін, грашовага падатку або спагнання названага сярэбшчына, а таксама чацвертнёвых зборау, якія называюцца дзякла, ад усякага цяжара падаткаў, якія называюцца падводы, ад дастаўкі на замкі камення, дрэва на пабудову або дроў на выпал цэглы, ці цэмента, ад касьбы сена і ад іншых яшчэ менш законных работ. Аднак, работы па пабудове уноў выгодных замкаў і паправе старадаўніх выключаюцца.
Роўным парадкам выключаюцца кметы і падданыя тых князёў, баронаў, нобіляў, баяр, якім яны наданы намі або падараваны. Старасвецкія і здаўна звычныя грашовыя складчыны, стацыі, пабудовы новых мастоў, рамантаванне лядашчых (трухлявых, старых) і рапарацыю шляхоў мы захоўваем як выключэнне і ўхваляем, каб гэта існавала назаўсёды.
§ 10.
[правіць]Што датычыць нас і нашых урадоўцаў, то мы не будзем прымаць людзей названых князёў, баронаў, нобіляў і мяшчан земляў нашых Літоўскіх, Рускіх, Жамойцкіх і інш., як трыбутарыі, орыгінарыі і кметаў, набытых пакупкай, якога б роду і стану яны ні былі, і забараняем, каб іх прыймалі нашы ўрадоўцы. Таксама і пралаты, князі, бароны і нобілі, баяры і мяшчане Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і інш. не павінны прымаць людзей нашых і нашых наступнікаў (нашчадкаў), якога б яны ні былі становішча, роду і стану і няхай і ўперад не прымаюць іх ні самі, ні праз якога-колечы свайго ўрадоўца ніякім спосабам.
§ 11.
[правіць]На слуг названых князёў, баронаў, нобіляў і баяр мы не дамо дворскіх служачых, інакш дзецкіх, калі раней не будзе заклікана ўправа з боку гаспадара, слуга якога зрабіў учынак. А калі ў пэўны тэрмін ён адмовіцца ўчыніць гэта, то тады будзе накіраваны наш прыдворны служачы, або асоба з нашых урадоўцаў і вінаваты, які варты спагнання, павінен будзе выплаціць яго свайму гаспадару і нікому іншаму.
Апрача таго, жадаючы спецыяльна адплаціць названым пралатам, князям, баронам, нобілям, баярам і мяшчанам за наша абранне, каб яны былі ўсцешаны новымі міласцямі, дазволамі і вольнасцямі і прывабіць да ўзнаўлення ўстойлівасці ў іх вернасці, мы гэтай граматай, па адзінай міласці нашай і дабраце, саступаем ім наступнае, што запісана ў гэтых артыкулах.
§ 12.
[правіць]Перш і пераважна мы абяцаем і паручаемся, што даміній або зямель Вялікага Княства Літоўскага мы не паменшым, але іх павялічым у сваіх межах. Як нашы продкі і, у прыватнасці, князь Аляксандр, інакш Вітаўт і Жыгімонт,— трымалі і ўладалі, таксама і мы іх у цэласці будзем трымаць, уладаць і захоўваць і, з Божай дапамогай, паклапоцімся ўсімі нашымі сіламі іх пашырыць і павялічыць у адпаведны час.
§ 13.
[правіць]У справах публічнага дабра гэтага вялікага княства нашага мы абавязваемся пасылаць веснікаў ці пасланцоў пры неадкладнай у гэтым неабходнасці, паводле рады нашых паноў, да замежных крат, як Масковія, Заволжская Арда, Перакопская Арда, Валахія, каралеўства Польскае, княства Мазавецкае, Прусія, Лівонія, Пскоў, Вялікі Ноўгарад, Цвер і Разань, згодна са звычаем, які захоўваўся нашымі папярэднікамі, а таксама і да іншых некаторых правінцый, куды запатрабуе неабходнасць і выгада дамініяў нашага княства Літоўскага. Таксама з якімі землямі і дамініямі мы са здаўна маем запісы, канфедэрацыі, саюзы і клятвенныя аб(ав)язацельствы светлага міра, мы іх не жадаем разрываць, але, з Божай дапамогай, будзем даводзіць іх да лепшага становішча і павелічэння.
§ 14.
[правіць]Усе нарады і суды, якія мы з нашымі панамі і раднымі вырашылі, ухвалілі і заключылі, ні з кім іншым абавязваемся не змяняць, выпраўляць або перапарадкоўваць.
§ 15.
[правіць]Таксама, калі-б якія колечы пастановы і справы былі перададзены для абгаворвання ў раду з нашымі панамі і самым панам не спадабаліся, то за гэта мы не павінны на іх гневацца, але будзем мы выконваць тое, што яны радзілі нам дзеля нашай агульнай карысці.
§ 16.
[правіць]Саноўніцтвы (дыгнітарствы), дзяржанні і ўсе іншыя ўрады ці добры спадчынныя мы абавязваемся не раздаваць нікому з чужакоў ці ін(ш)аземцаў, але толькі прырод(жа)ным жыхарам. Ад правізіі-ж, датацыі і колляцыі духоўных і свецкіх годнасцей, дзяржаў і ўсякіх ўрадаў мы абавязваемся нічога не вымагаць, нават і самі паны ваяводы і старасты павінны ад урадоўцаў і дзяржаўцаў нічога не браць, або вымагаць, хіба што кім-небудзь нам або ім будзе свабодна падаравана ў адзнаку пашаны.
§ 17.
[правіць]Усе урады і дзяржавы, без нарады з нашымі раднымі нікому намі не будуць раздавацца. Калі-ж хто з урадоўцаў будзе перад намі абвінавачаны як разбурыцель і марнатраўца нашых добраў, то перад намі павінен быць пастаўлены другі бок і, пасля заслухоўвання справы, вінаваты павінен быць пакараны па заслугах. Але без віны мы не маем права пазбаўляць яго пасады.
§ 18.
[правіць]Ваяводы, старасты, дзяржаўцы, урадоўцы і ўсе намеснікі ў нашым вялікім княстве застаюцца з поўнай пашанай і правамі на сваіх дзяржавах, як пры нашых продках вялікіх князях Вітаўту і Жыгімонту, і пры нашым бацьку, і няхай іх трымаюць і захоўваюць, няхай судзяць і ўпраўляюць, спаганяюць падаткі і свае даходы, як з даўна, і няхай іх службоўцы выконваюць свае абавязкі або прыезды з мэтай разбору спраў, згодна звычая правінцыі.
§ 19.
[правіць]Калі дзяржаўца, або намеснік (уладар) памрэ ў Віленскім ці Трокскім паветах (item mortem obeunte tenutario aut villico quocunque in Vilnensi aut Trocensi districtibus…), то ваяводы Віленскі і Трокскі ў сваіх паветах павінны імкнуцца, каб атрымаць і ўзяць дзяржавы, згодна вымаганню даходаў або па саступках, якія для нас будуць падыходзячымі. Падобным-жа спосабам павінна быць і ва ўсіх іншых паветах.
§ 20.
[правіць]Саноўніцтвы, дзяржавы і ўрады вайсковыя і цывільныя ў больш далёкіх месцах, калі яны будуць вакантнымі, мы з панамі радамі нашымі гэтыя ўрады або дзяржавы ў пэўны тэрмін аддамо, згодна заслуг таму, хто з’явіцца перад намі больш дапамагаючым. І паны наша рада павінны так рабіць.
§ 21.
[правіць]Удовы, якія застаюцца пасля смерці сваіх мужоў на спадчынных добрах, абавязаны будуць земскай службай і вайсковымі выправамі ў адпаведнасці са сродкамі ўладанняў.
§ 22.
[правіць]Наданні і канцэсіі нашага бацькі, якія ён надаў або прадбачыў і зацвердзіў сваімі граматамі, мы будзем трымаць на вечнасць. Каму той-жа наш бацька даў да вырашэння і волі сваёй, — тое і мы захоўваем да вырашэння і волі сваёй і паноў рады нашай. А нашы наданні мы будзем рабіць і даваць да вырашэння нашага і калі каму колечы пажадаем зацвердзіць на вечнасць, то гэта — у нашай волі.
§ 23.
[правіць]Падаткі з мытніц, корчмаў і іншыя ад штрафаў і адкуль колечы прыходзячыя да нас, павінны прымацца і складвацца ў нашым скарбе. Гэтыя падаткі павінны выдаткоўвацца паводле ўхвалы паноў-рад нашых на агульную земскую карысць. Калі-ж не пагражае ніякая неабходнасць, то названыя падаткі намі, без волі саміх паноў, не павінны выносіцца з скарбу і назад аддавацца, або канфіскоўвацца з правінцыі.
§ 24.
[правіць]Судоў свецкіх мы абавязваемся не весці або перадаваць ў суды духоўныя і наадварот, судоў духоўных, або спраў, падлягаючых да суда духоўнага абавязваемся ні весці, ні пазываць і ўсё трымаць па-старадаўняму, як было пры жыцці нашага бацькі.
§ 25.
[правіць]Плябеяў, абавязваемся не адымаць у нобіляў, але ўсю набілію захоўваць у яе годнасці (шляхетнасці).
§ 26.
[правіць]Па паветах мы абавязваемся пасылаць па двое паборцаў (зборшчыкаў падаткаў) і па двое паноў кожны год для спагнання падаткаў і рэштак, па-народнаму «недабіркаў», і самі паны, што бачаць карысць ад іх, павінны даваць прыстанішча ім і нават іх слугам, як было са старажытнасці ў нашых папярэднікаў.
§ 27.
[правіць]Хто пры жыцці нашага бацькі шукаў дапамогі ў сваіх правах і справядлівасці, тым жадаем і абавязваемся без адтэрмінавання (правалокі) учыніць усякую справядлівасць з панамі нашай радай.
§ 28.
[правіць]Мы, а аднолькава і паны-рада нашы, абавяз(в)аемся нічога не браць ад суда і не стаяць пры адным баку з прычыны фавора, але кожнага аднолькава судзіць, даслед(а)ваць або прыводзіць у выкананне выракі.
§ 29.
[правіць]Калі перад нашу светласць дойдуць важныя справы аб спадчынных добрах ці пакрыўджанні імя або годнасці (гонару), то мы абавязваемся ўсім учыніць справядлівасць. І каб займацца цяжкімі справамі гэтага рода, мы згадзіліся і вызначылі штогод чатыры тэрміны. Калі ў першы, другі або трэці тэрмін справы гэтага роду не будуць канчаткова вырашаны, то ў наступіўшы апошні тэрмін, без адтэрмінавання, мы ўчынім канчатковую пастанову з панамі радай нашай.
§ 30.
[правіць]Ад крэўных і блізкіх мы не будзем адбіраць спадчынных добраў, і іх ніхто не павінен адымаць на шкоду гэтых крэўных і блізкіх, як толькі той, хто будзе самым блізкім. Ён атрымае і будзе ўладаць спадчыннымі добрамі і захованымі грашыма.
§ 31.
[правіць]Калі якая дзяўчына або ўдава пажадае выйсці замуж у іншыя краіны, за межы Вялікага Княства Літоўскага, то, атрымаўшы выправу і пасаг (унясенне), яна пакідае тутэйшыя спадчынныя добры і дае абавязацельства да іх не ўмешвацца.
§ 32.
[правіць]Урэшце, усе граматы, прывілеі, міласці і палёгкі (імунітэты) цэрквам катэдральным, саборным, манастырскім і парафіяльным, пралатам, князям, баронам, нобілям, баярам і мяшчанам на землях нашых Вялікага Княства Літоўскага, Рускага, Жамойцкага і інш., выданыя пад якімі-колечы ўмовамі, статутамі, пунктамі, артыкуламі або выракамі і некалі ўстаноўленыя ад найяснейшых і святлейшых гаспадароў Вітаўта, Жыгімонта, нашага дзеда караля Уладыслава (Уладзіслава) і нашага роданачальніка ласкавага (любезнейшага) караля Казіміра, вялікіх князёў Літоўскіх, папярэднікаў нашых, узнаўляем сілай гэтага нашага прывілея, канфірмуем, узмацняем, адабраем, надзяляем міласцямі і зацвярджаем, ухваляючы, што яны маюць сілу вечнай моцы.
§ 33.
[правіць]Па ўсіх справах і спрэчках адносна спадчынных добраў ці адносна годнасці (гонару) ці іншых больш цяжкіх, як вышэй адзначана, калі мы не пакладзем канца паміж публічных спраў першай чаргі, то вырашым у вызначаны чацверты тэрмін штогод. А калі хто колечы у чацверты фінальны тэрмін не атрымае ўхвалы, то разгляд яго справы пераносіцца далей на той суд, які павінен быць паводле тэрміну. Выключэнне: калі якая са старонаў з прычыны нашай службы або акупацыі і захопу тэрыторыі ці непрадбачанай цяжкасці не атрымае ўхвалы, то ў гэтым выпадку, каб нікому не было крыўды, усе такія справы адносяцца на выгодны тэрмін. Усе гэтыя справы мы абавязваемся упарадкаваць і скончыць з панамі радай нашай.
На вернасць і пасведчанне ўсяго гэтага мы загадалі падмацаваць гэту грамату нашай прывешанай пячаткай.
Дано ў Вільні ў панядзелак у самы дзень Ператварэння Гасподня, года 1492.
Пры гэтым былі прысутнымі сведкі ніжэйвызначаныя князі, пралаты, бароны нашага Вялікага Княства Літоўскага і менавіта.
Паважаны ў Хрысту а(й)цец пан Альберт біскуп Віленскі,
Вяльможны і высакародны Мікалай Радзівілавіч, ваявода Віленскі наш канцлер,
Пётр (Янавіч Мантыгердавіч «Белы». Polski słownik biograficzny, t. XXI, 675—676) ваявода Трокскі, маршалак земскі,
Ян (Юр’евіч) Забярэзінскі, кашталян Трокскі, намеснік Полацкі (дзяржаўца на Полацку) (Urzednicy dawnej Rzeczypospolitej XII—XVIII wieku. Spisy. Pod redakcja Antoniego Gqsiorowskiego. Tom XI. Urzednicy centralni i dygnitarze WKL XIV—XVIII wieku. Spisy. Opracowali Henryk Lulewicz i Andrzej Rachuba. Kornik, 1994 (далей — Urzednicy…), s.252),
Станіслаў Янавіч (Кежгайла), староста зямлі Жамойцкай (Polski słownik biograficzny. XII, 446—447; Urzednicy…, s.214),
Князь Аляксандр з Гальшан, намеснік (дзяржаўца) Горадзенскі і іншыя вельмі многія дыгнітарыі, урадоўцы і дваране (прыдворныя) нашы, уласная рада гаспадара вялікага князя.
Літоўская Метрыка, XXV.
Дакумент складзены на лацінскай мове і надрукаваны ў выданні: Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. Изд.2-е. М., 1915. С.328—334.
Цытуецца з некаторымі выпраўленнямі ў адпаведнасці з тэкстам перекладу дакумента на беларускую мову, змешчаным у выданні:
Гісторыя Беларусі ў дакументах і матэрыялах (IX—XVIII ст.) / Склад.: В.К. Шчарбакоў, К.І. Кернажыцкі, Д.І. Даўгяла. Т.1. Менск: Выдавецтва АН БССР, 1936. С.220—225. Ліст вялікага князя Аляксандра.
У тэксце дадзенага дакумента выдзяляліся беларускія словы, якія былі напісаны лацінкай у лацінскамоўным прывілеі.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі (а таксама ў ЗША), бо, паводле беларускага заканадаўства, афіцыйныя дакументы (законы, судовыя рашэнні, іншыя тэксты заканадаўчага, адміністрацыйнага і судовага характару), а таксама іх афіцыйныя пераклады, дзяржаўныя знакі (сцяг, герб, гімн, ордэны, грашовыя і іншыя знакі), не з’яўляюцца аб’ектамі аўтарскіх правоў (арт. 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 мая 2011 года № 262-З «Пра аўтарскае права і сумежныя правы»).
Падрабязней гл. у дакументацыі.