Перайсці да зместу

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Няўдалы хабар

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Дзе праўда Няўдалы хабар
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Поп-абжора
Іншыя публікацыі гэтага твора: Няўдалы хабар.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




НЯЎДАЛЫ ХАБАР

З газэт

Паляваў аб‘езчык у лесе —
Стрэльнуў лісу ў самы рот.
Аблупіў з яго ён скуру,
Мяса выкінуў пад плот.
Ў той-жа дзень — на тое ліха —
Хітры, жвавы, як уюн,
К палясоўшчыку па дрэва
Прэцца неякі шляхтун.
І каб мець пасьпех адразу,
Каб ня гнаць дарэмна воз,
Ён аб‘езчыку у сене
Зад бараніны прывëз.
Але тут на перашкодзе
Ён спаткаў другіх сялян,
Што чакалі гэтак сама
Добы дзьве ужо — дальпан!
Шляхціц стаў. Каня пры плоце
Прывязаў і ў хату сам:
„Даражэнькія паночкі,
Я прывёз гасьцінчык вам“.
У гэты час — галодны зраня —
Нечы конік, як на грэх,
Вудзіў сена шляхтунова
І зубамі выцяг мех.
„Гляньце, хлопцы! Ці ня хабар
Хутаранец прывалок?“
Разьвязалі: бачаць праўда.
„Пачакай-жа, галубок!
Дай сюды, Гаўрыла, падлу,
Што ляжыць пад плотам — вунь!
І бараніну дастаўшы,
Ў торбу шляхціцаву ўсунь“.
Як сказалі, так зрабілі,
І мяшок ізноў наніз…
Вышла проста, як па масле:
Ў сене — торба, ў торбе — ліс.
Цераз хвілі дзьве урэшце
Аб‘явіў аб‘езчык-дук:
„Я сягоньня, хоць зарэжце,
Не пайду мазоліць рук,
Адкляймую заўтра зраня,
А цяпер — аглоблі ў зад!
Пачасаліся сяляне
І паехалі да хат.
Толькі шляхціц не паехаў:
З возу ён схапіў мяшок
І аб‘езчыку ў пакоі
Свой гасьцінчык увалок…
Разьвязалі — божжа сіла!
На ўсю хату галава
Лупачамі засьвяціла,
Як упоўначы сава!
Вось гасьцінец! Вось хвалёны!
Бяз дыху, бяз сіл і ног,
Шляхціц з хаты, як шалёны,
Пакаціўся за парог…

∗   ∗

З тэй пары — гавораць людзі —
Што аб‘езчык-небарак
Да бараніны навекі
Страціў свой даўнейшы смак!