Перайсці да зместу

Пра папоў, пра дзякоў, пра сялян-мужыкоў (1925)/Багамольле

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Падзел працы Багамольле
Верш
Аўтар: Анатоль Дзяркач
1925 год
Дзе праўда
Іншыя публікацыі гэтага твора: Багамольле (Дзяркач).

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




БАГАМОЛЬЛЕ

Праўду кажа пагалоска,
Што ў папоўскай павуціне
Наша хатачка і вёска
Бяз жыцьця і сьвету гіне.

Ой, каб ведалі, браткі, вы,
Як да нельгасьці абрыдла
Мне пісаць ужо пра грывы
І пра ўсякія кадзідлы.

Але што-ж рабіць поэце,
Калі ўзяў ён за ахвяру
Дзеркачом служыць у сьвеце
І у кут зьмятаці мару?

Прызнаюся вам — ніколі
Не хадзіў я сам да прошчы,
Бо з маленства чуў даволі,
Як папы рабілі мошчы.

Не на жарты і бяз злосьці,
Гавару — як трэба, стала,
Што яны на гэта косьці
Бралі-кралі, дзе папала.

На кладох ці ля стадолы —
Усё роўна — будзе добра!
Хоць якой сабе жывёлы —
Абы чэрап, ногі, робра!

У мяшку — заместа скуры —
Ўсю трухлявіну манахі
Скруцяць, зьверцяць у фігуры…
І — гатоў: цягні пад пахі!

Людзям выставяць салому
У панчохах для прывабы,
І — глядзіш: сьвятому тому
У пяту ўжо плюшчаць бабы!

Дый мужчыны не ад тога —
Як і бабы, ў адну кроплю:
Цягнуць ў цэркву для сьвятога
Кужаль, зрэб‘е і каноплю.

Ў ліхтары наставяць сьвечак
І загрукаюць ў падлогу,
Як маркач сярод авечак
З маркачом у перамогу.

А на хвэст — дальбог умора
(З Новагрудчыны узята) —
Цэркаў проста, як абора:
Оўцы, куры, парасяты.

Лезуць ў самую бажніцу,
Лычам поруцца ў дзяругу,
Рвуць зубамі за спадніцу,
Хоць бяры у рукі пугу!

Поп на гэта не зважае
І, здаволены да сьмерці,
Цераз шчолку паглядае:
„Будзе чым кішку наперці!“

Дзяк таксама ня увалак:
Ў думках пхне у торбу-ляпу
То Сьвіняціны кавалак,
То авеччую ахлапу.

Добра гэтак і маліцца:
Горла ёсьць за што падраць,
Бо за гэта „да сьвяціцца“
Ён поўгода будзе жраць…

Але глянем, што ў падзяку
Бог пашле — і то часамі —
Селяніну-небараку:
Толькі бульбу „з мундзярамі!“

Дык скажэце-ж — на хваробу
Слухаць мне паповы казкі,
Каб яны маю вантробу
Аб‘ядалі з „божай ласкі?“

Годзі ім сядзець на карку!
Я свайму дзіцяці лепей
Дам якую-небудзь скварку,
Чым трымаць на поснай рэпе!