Перайсці да зместу

Пра папа Кірылу і яго парабка Гаўрылу

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пра папа Кірылу і яго парабка Гаўрылу
Беларускія народныя казкі
Аўтар: народ
Крыніца: http://mama-v-dekrete.jimdo.com/детям/сказки/пра-папа-кірылу-i-яго-парабка-гаўрылу-1/

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Папу Кірылу надта не шанцавала на парабкаў. Колькі ён іх ні наймаў, ніводзін больш месяца не выслужыў. Хто тут вінаваты? Поп скардзіцца, што парабкі вінаваты. А парабкі — што поп: рабіць прымушае, а карміць не жадае.

Так яно ці не так, але вось аднаго разу паехаў поп Кірыла чарговага парабка шукаць. Адʼехаўся вёрст пяць ад дому, бачыць — ідзе хлапец насустрач. З палкаю ў руцэ, з торбаю за плячыма.

Спыніў поп каня.

— Куды ідзеш, дзяцюк?

— У белы свет.

— Чаго?

— Можа, хто на работу нойме.

Прыгледзеўся поп да падарожнага. «Чым не парабак? — думае. — Ростам, праўда, малаваты, затое плячысты, каржакаваты».

— То найміся да мяне, — кажа поп.

— Чаму не. Давай наймуся.

— А якую плату хочаш?

— Ды ніякай, — адказвае хлапец. — Калі я выслужу ў цябе год, дам раз грымака табе і раз матушцы. А калі не — вы дасце мне па разу грымака і прагоніце з двара. Вось і ўся будзе плата.

Ну, папу такі работнік вельмі спадабаўся. «Што ж, — падумаў ён сам сабе, — дамо яму з матушкай грымакоў і прагонім праз які месяц. А пакуль лепшага парабка няма — няхай пабудзе гэты».

— Добра, — кажа поп. — Згодзен. А як зваць цябе?

— Гаўрыла.

— Ну, дык сядай, Гаўрыла, на воз.

Сеў хлапец на воз, і паехаў поп назад задаволены. Праехалі з паўдарогі — конь прыстаў. Мокры ўвесь, аж пена шуміць. Бакі так хадуном і ходзяць, здыхацца не можа.

— Што гэта з канём? — дзівіцца поп. — Улегцы едзем, а ён горш замыліўся, як у возе.

— Відаць, бацюшка, ты аўса яму шкадуеш, — пасміхаецца Гаўрыла.

Поп падумаў — праўда, шкадуе. А таго не ведаў, што гэта яго новы парабак такі цяжкі.

Прыехалі сяк-так дадому. Поп дае парабку сякеру ў рукі:

— Ідзі, Гаўрыла, дровы секчы.

— Навошта мне сякера, — аднекваецца парабак. — І без яе абыдуся.

Поп думае: «Дурны нейкі парабак на гэты раз трапіўся! Як гэта можна дровы без сякеры секчы?»

А Гаўрыла падышоў да сцірты дроў, узяў самае большае палена, размахнуўся ды — гак! — аб зямлю. Палена так і рассыпалася на дробныя кавалкі. Гакнуў другім — і другое раскалолася на шчэпкі.

Глядзіць поп з акна, радуецца: добрага работніка наняў!

Назаўтра пасылае поп Гаўрылу ў поле. Упрог Гаўрыла каня ў саху і пачаў араць. Конь аж бягом бегае, а зусім не томіцца, бо араты сам саху папіхае.

Прынёс поп абед у поўдзень.

— Досыць араць, — кажа парабку. — Хадзі паабедай.

Выпраг Гаўрыла каня ды хлоп яго далонню па крыжы. Конь як стаяў, так і брыкнуўся з усіх чатырох капытоў.

Поп вочы вытрашчыў:

— Чаго гэта конь паваліўся?

— А гэта ён качацца захацеў, — адказвае парабак.

Паабедаў Гаўрыла і кажа папу:

— Няхай конь аддыхае, мы самі араць будзем.

Узяўся поп за ручкі сахі, Гаўрыла за дышла і пачалі араць. Поп крыссе падняў, ледзьве за парабкам паспявае: такога ён яму дыхту даў!

Аралі, аралі, аж пакуль сонца не зайшло.

Прыехалі дахаты і палеглі спаць. Вось поп і хваліцца пападдзі:

— Ну і парабак у нас! Такога пашукаць — не знойдзеш. Есць што папала, а сіла, як у вала. Сёння як стукнуў каню кулаком па крыжы, дык буланы мой і капыты адкінуў.

Паслухала матушка і кажа:

— Дурны ты, бацюшка. Знайшоў чаму радавацца! Калі парабак кулаком каня зваліў, дык што ж будзе з намі…

— Але ж, — хапіўся поп за спіну. — Я і забыўся на дагавор. Што ж нам рабіць, матушка?

— Во што мы зробім, — раіць матушка. — У наш авёс панадзіліся мядзведзі цягацца. Дык ты пабудзі парабка і скажы: «Ідзі, Гаўрыла, кароў з аўса выгані. А калі зловіш каторую, то гані дадому. Ну, мядзведзь яго там і задзярэ…»

Поп так і зрабіў. Пабудзіў парабка і паслаў у поле кароў з аўса выганяць.

Узяў Гаўрыла бізун і вяроўку ды пайшоў. Бачыць — у аўсе мядзведзі пасуцца.

Тут ён як крыкне на ўсё поле:

— Туйга! Туйга!

Мядзведзі напужаліся ды — каторы куды. Адзін з перапуду проста на Гаўрылу валіць. Гаўрыла цоп яго за вушы, зашмаргнуў вяроўку на шыю, уляпіў разоў колькі бізуна ды пацягнуў на папоў двор. Мядзведзь упіраецца, лапамі зямлю дзярэ, цэлы роў выкапаў.

Прывалок яго сяк-так Гаўрыла на двор.

— Бацюшка, дзе карову паставіць? — гукае.

Поп спрасонку не разабраўся і кажа:

— У хлеў загані.

Сказаў і зноў захроп на ўсю хату.

А Гаўрыла пацягнуў мядзведзя ў хлеў. Тут мядзведзь яшчэ горш разбушаваўся. Увесь двор здратаваў, усе шулы павырываў. Ледзь загнаў яго Гаўрыла ў хлеў.

Пайшла раніцай матушка кароў даіць, бачыць — адны драбы ад іх валяюцца, а побач мядзведзь тупае. Пападдзя ад страху ледзь жывая ў хату прыбегла.

— Пашлі ты свайго парабка поначы ў млын! — крычыць на папа. — Няхай яго там чэрці задушаць…

Паклікаў поп адвячоркам парабка і кажа:

— Заўтра трэба хлеб рашчыняць, а мукі ў нас ні жмені. Едзь, Гаўрыла, у млын.

Няма чаго рабіць. Кажуць жа: наняўся, як прадаўся. Запрог Гаўрыла каня, накідаў на воз мяшкоў з жытам і паехаў у млын.

А ў тым млыне вадзіліся чэрці, і ніхто з людзей уночы там не малоў.

Вось прыехаў Гаўрыла ў самую поўнач, падышоў да дзвярэй:

— Адчыняй, мельнік!

Чэрці маўчаць, думаюць, каго паслаць дзверы адчыняць.

Тут Гаўрыла трах нагою ў дзверы — тыя і выскачылі. Убачылі гэта чэрці ды ўроссып — каторы ў кусты, каторы ў балота…

— Гэй, мельнікі! Куды ж вы? — крычыць Гаўрыла.

Схапіў аднаго за каршэнь:

— Стой! Мялі!

Чорт сюды-туды — не выкруціцца, моцна трымае яго Гаўрыла.

Пачаў ён малоць замест мельніка. Наваліў Гаўрыла повен воз мяхоў, а мука ўсё яшчэ з латка сыплецца.

— Ну, хопіць, — кажа Гаўрыла да мельніка, — а то конь не павязе.

Запрог ён каня, і праўда: не цягне конь такога воза. Што ж рабіць? Схапіў Гаўрыла чорта за рогі, прыпрог у прыпрэжку і — гайда! Дома пусціў чорта ў хлеў, а сам лёг спаць.

Назаўтра глядзіць поп — у хляве чорт скача. Спужаўся ён, замахаў крыжам ды бягом да пападдзі:

— Што рабіць, матушка? Нашага Гаўрылу і чэрці не ўзялі…

Матушка развяла рукамі.

— Што ж, — кажа, — застаецца апошняе зрабіць. Напішы яму паперу ды пашлі да цара, каб тваю пенсію за тры гады сыскаў… Пакуль ён будзе ў дарозе, мы спакуем сваё дабро ды выедзем на другое месца. Вернецца Гаўрыла назад, а нас і няма…

Поп так і зрабіў. Паклікаў Гаўрылу і кажа:

— На табе паперу. Бяры каня і павозку ды едзь да цара сыскваць маю пенсію за тры гады.

Узяў Гаўрыла старыя драбіны, на якіх сена вазілі, запрог мядзведзя, чорта ў прыпрэжку і пакаціў да цара. Едзе, толькі гром грыміць ды пыл курыць.

Прыязджае ў сталіцу і проста на царскі двор валіць. Вартавыя напалохаліся, далажылі цару: «Так і так, ваша вялікасць, нейкі невядомы хлапец з невядомага царства на мядзведзі і чорце да цябе прыехаў».

Цар спужаўся, за трон схаваўся.

— Запытайцеся, — кажа, — чаго ён ад мяне хоча?

Вярнуліся вартавыя, запыталіся. Гаўрыла дастаў з-за пазухі паперу і падае вартавым. Тыя зноў да цара — з папераю. А цар жа ніякай пенсіі папам не плаціў. Пенсію папы ад архірэяў бралі. Але каб не мець справы з чортам, адлічыў цар тысячу рублёў і кажа вартавым:

— Аддайце іх паповаму пасланцу, няхай ён толькі хутчэй назад едзе.

Узяў Гаўрыла тысячу рублёў, павярнуў каня ды назад.

Прыязджае дадому, глядзіць — на двары два вазы стаяць, а на іх усе папоўскія пажыткі. «Эге, — думае сабе Гаўрыла, — відаць, гаспадары некуды перабіраюцца. Каму ж я тут служыць буду?»

Схаваў ён у пуні мядзведзя і чорта, а сам распароў на адным возе мех, высыпаў сухары, залез у яго і ляжыць.

Тым часам вярнуліся гаспадары. Поп сеў на адзін воз, пападдзя на другі, і паехалі.

А трэба сказаць, што была тая пападдзя пудоў з дзесяць вагою. Як села яна на мяшок, у якім Гаўрыла ляжаў, дык парабак і закрахтаў. Прыслухалася пападдзя — нешта трашчыць пад ёю.

— Бацюшка! — гукае яна папа. — На маім возе вось трашчыць. Баюся, каб не зламалася.

Падышоў поп да воза, паглядзеў — вось цэлая і колы цэлыя.

— Гэта ты, матушка, на сухары села, яны і трашчаць.

— Ды не, бацюшка, сухары цвёрдыя, а я на мяккім мяшку сяджу.

— Сухары, кажу табе! — заспрачаўся поп. — Я ж іх сам на гэты воз клаў.

Злезла матушка з воза, расхінула мяшок, а там — іх парабак Гаўрыла! У папа з пападдзёю аж вочы на лоб палезлі.

— Дык гэта ты, Гаўрыла, тут? — пытаецца поп.

— А дзе ж мне быць? — смяецца Гаўрыла. — Дзе гаспадар, там павінен быць і яго парабак.

Папу рабіць няма чаго. Сеў ён з матушкаю на пярэдні воз, і паехалі. А парабак едзе за імі следам на другім возе.

Едзе гэтак поп ды ўсё спіну чухае:

— Што нам рабіць, матушка? Як ад Гаўрылы збавіцца?

— Нічога, — адказвае пападдзя, — збавімся. Ты толькі мяне слухай.

Настаў вечар. А тут якраз мясціна добрая трапілася — возера з высокім берагам, кусты.

— Давай, — кажа матушка папу, — пераначуем тут. Я і ты ляжам побач, а Гаўрылу паложым з краю, бліжэй да вады. Як толькі ён засне, мы возьмем ды спіхнём яго ў возера.

— Добра, — зарадаваўся поп, — так мы і зробім!

Парабак усё гэта чуў, бо поп быў глухаваты і матушка яму моцна такі на вуха гаварыла.

Спыніліся падарожнікі на беразе возера. Павячэралі і леглі спаць. Поп з пападдзёю змарыліся за дарогу і адразу паснулі, як забітыя. А парабак пайшоў у кусты, наклаў там агню, сядзіць ды грэецца.

Прачнулася ўночы матушка і, не разабраўшыся спрасонку, спіхнула бацюшку ў возера. Поп пляснуўся, як мяшок, і пайшоў на дно…

Раніцай Гаўрыла згатаваў снеданне ды будзіць матушку:

— Пара, матушка, снедаць.

Працерла пападдзя вочы, аж перад ёю парабак Гаўрыла — жывы і здаровы!

— Ты што… з таго свету вярнуўся? — дзівіцца пападдзя.

— Эге ж, матушка, вярнуўся, — адказвае парабак.

— Ну, як там?

— Вельмі добра.

— А дзе ж бацюшка? — аглянулася пападдзя.

— Ды ён там, дзе і я быў, — кажа парабак.

— На тым свеце?

— Ага. Яму там так спадабалася, што казаў: другую пападдзю знойдзе і сюды больш не вернецца.

— Як гэта другую?! — залямантавала матушка. — А я з кім буду? Не, стары чорт, я табе ўсе кудлы павырываю за такую гаворку! Бач ты яго, другую пападдзю захацеў…

І, як стаяла, бухнулася пападдзя ў возера папа Кірылу на тым свеце шукаць.

А Гаўрыла запрог коней ды паехаў сабе сваёю дарогаю.