Пра нашы літаратурныя справы (1928)/З літаратурнага блёк-ноту/Беларусізацыя навыварат
← На беларускім экране | Беларусізацыя навыварат Крытыка Аўтар: Алесь Дудар 1928 год |
Іншыя публікацыі гэтага твора: Беларусізацыя навыварат. |
БЕЛАРУСІЗАЦЫЯ НАВЫВАРАТ
У справе паглыбленьня і пашырэньня культурнай рэволюцыі на вёсцы непараўнана вялікую ролю адыгрывае добра пастаўленая сялянская газэта. У нас, на Беларусі, гэткіх газэт налічваецца 8; з гэтых газэт найбольш прыстасаванаю для патрэбаў сялянства зьяўляецца „Беларуская Вёска“. Усе гэтыя газэты, апрача аднэй, ужо даўно пераведзены на беларускую мову, што павінна было-б аблягчыць газэце шлях у вёску. На наш погляд, справа беларусізацыі сялянскай газэты, як і справа ўдасканаленьня мовы ў сялянскай газэце, патрабавала і патрабуе самых уважлівых адносін, пазбаўленых ад усякай офіцыяльшчыны. І гэта зусім зразумела: чым больш зразумелая і жывая будзе мова газэты (мы не гаворым ужо пра тэхніку газэты) — тым глыбей яна здолее прабіцца ў вёску, тым большыя будуць вынікі ўсіх тых кампаній, якія праводзяцца ў газэце і г. д.
На вялікі жаль, ня ўсе і ня ўсюды сэнс беларусізацыі. У нашых дзелавых паперах, у нашых шыльдах, у друку і г. д. часамі пападаюцца такія дзікія словы і звароты, што проста дзіву даешся, як таленавіта перадаюць нашы дзелаводы расійскія словы ў беларускай транскрыпцыі: бязумоўна, для вёскі такія словы будуць ня больш зразумелымі, чымся іх расійскія аўтэнтыкі.
Ня так даўно ў „Сав. Бел“. быў зьмешчаны артыкул пра культуру і мову бюрократызму. Там, ня вялікі жаль, ня было праведзена паасобных прыкладаў з нашай сучаснай практыкі, але, наогул, думка выказана правільная; сапраўды, наша канцэлярыя ў значнай меры яшчэ карыстаецца зваротамі старой дарэформенай канцэлярыі: нездарма-ж слова „цыркуляр“ да гэтага часу служыць сынонімам сухасьці, мёртваслоўя і г. д.
Пераносіць практыку надуманых канцэлярскіх слоў у газэту — на наш погляд — справа вельмі рызыкоўная. Але яшчэ больш адмоўным зьявішчам трэба лічыць тое, што вельмі часта і нашы газэтныя работнікі нядбайна адносяцца да таго, што яны пішуць, ня ўдумываюцца ў сэнс слоў і сказаў, і ў выніку выходзіць не сялянская газэта, а лішні пэрл канцелярскай творчасьці. Сюды-ж трэба аднесьці і значны процант расійскіх ці напалову расійскіх (і такія ёсьць!) слоў, і тэрмінаў, і зваротаў, якія сьмела можна было-б замяніць на жывыя беларускія. Прыкладаў доўга шукаць ня трэба.
Перад намі — „Чырвонае Палесьсе“ — орган Мазырскага АК КПБ і АВК.
Гэта штотыднёвая газэта ўжо ў загалоўку сваім піша так:
Падпісная плата каштуе… |
Ці думае рэдакцыя, што азначае гэткі сказ? На наш погляд, ён азначае няпісьменнасьць яе і няўменьне пісаць і будаваць сказы пабеларуску.
У № 1 „Ч. П.“ у заметцы „пашыраем падпіску на „Чырвонае Палесьсе“ чытаем:
„З селькораў адгукнуліся Каратынскі, які сабраў 25 падпішчыкаў, Гарбацэвіч — 13 падпішчыкаў, Белы — 9, Лапета — 7. Усе апошнія селькоры. Падпісную кампанію абмінулі, ня гледзячы, што былі разасланы падпісныя лісты“.
Аднясём кропку пасьля слова „селькоры“ на кошт корэктуры, бо іначай будзе зусім бязглузьдзіца, селянін толькі дагадаецца, пра што тут гаворыцца, бо ўсякія корэктурныя і друкарскія магчымасьці яму невядомы. Але сэнс усяго сказу, дзякуючы няправільна ўжытаму слову „апошнія“, зводзіцца да таго, што пералічаныя селькоры хоць і сабралі падпіску, але падпісную кампанію правалілі, „ня гледзячы, што былі разасланы лісты“.
У далейшых нумарох „Ч. П.“ заводзіць аддзел з даволі крымінальнаю назваю — „цэпам па галаве“, якім б‘е ўсякіх злачынцаў, да якіх яшчэ суд не дабраўся. Дык вось у гэтым аддзеле варта было-б адвесьці ганаровае месца для некаторых праўшчыкаў і корэктароў газэты „Ч. П.“ У тым-жа нумары зьмешчаны фэльетон „Накладая № 52907“, дзе нейкі В. Золкі робіць дарэмныя патугі выціснуць з сябе хоць кроплю гумару; гэты В. Золкі для большага, мабыць, гумару слова „багаж“ замяняе словам „цяжар“, а фэльетон заканчвае так: „Ці штурхаў там чорт на см. Гарочычы якогась агэнта, мы ня ведаем, а пры тое ён быў „на вяселі ня сумляваемся“[1]. „Не сумляваемся“ і мы, што аўтар мае вельмі малы „цяжар“, асабліва ў галіне некаторых граматычных правілаў, дый наогул беларускай мовы. Наогул, мова „Ч. П.“ не пакідае жадаць нічога лепшага!
„Я губіўся ў загадах, адказ-жа зусім просты…
„Портрэты і плякаты некаторыя абарваны, а астатнія маюць сумны выгляд…
„52 пні будоўчага лесу.
„Неабходнасьць самай шырокай, самай няўстанай[2].
„Таковы тыя заветы, выпаўняя якія, можна знайці сапраўдныя соцыялістычныя шляхі к абнаўлёнай вёсцы.
„Чэрчыль вытварае агляд танкаў“.
Супрацоўнікі „Ч. П.“ столькі навытваралі шэдэўраў сваёй няпісьменнасьці ды нячуласьці, што няма магчымасьці пералічыць іх. Хаця-б і ў прыведзеных прыкладах апошнія тры зьяўляюцца літаральнымі перакладамі расійскіх сказаў. Лень было падумаць ды перакласьці расійскі сказ жывым беларускім сказам, які быў-бы зразумелым матэрыял, як для селяніна! Такі адказьнейшы перадавы артыкул у ленінскім нумары, — і той не абыходзіцца бяз дзікіх ляпсусаў.
„Ня было дня… калі-б яна ня ісходзіла з заветаў“…
Так як усе гэтыя посьпехі вельмі вялікі…
„Перабудаваць дробныя гаспадаркі ў буйныя каляктыў“…
Адгэтуль ня так далёка ўжо і да сур‘ёзных ляпсусаў. Супрацоўнікі, перакладаючы расійскія сказы і лëзунгі на малавядомую ім беларускую мову, падаюць ім некалькі інакшы сэнс.
Шэраг асоб, якія далучаюцца к выключным на 15 зьезьдзе УсеКП…
Скарачэньні часоў ваеннага комунізму, гэта невычарпаная крыніца для многіх гумарыстаў нашага часу знаходзіць сябе ўжытак і часам даволі орыгінальны. Лень супрацоўніку правесьці лішні раз пяром, і зьяўляюцца гэткія дыяменты мовы:
Вэтурач |
Ня кожны і прачытае!..
Мы ня будзем спыняцца на корэктурных і opфографічных памылках, іх ня пералічыш. Не пералічыш таксама і слоў, якія не маюць нічога супольнага з жывою беларускаю моваю і зьяўляюцца продуктам канцэлярска-бюрократычнага падыходу да справы і нізкай пісьменнасьці супрацоўнікаў. Сюды трэба аднесьці і нясталасьць у тэрмінолёгію: напрыклад, у адней і тэй-жа заметцы ўжываецца і „заём“ і „пазыка“, у другой заметцы „скаціна“ і „жывёла“; „общество“ перакладаецца „грамадзянства“. Нельга пералічыць і неуласьцівыя беларускай мове звароты.
Адводзіць газэта месца і літаратурнай творчасьці. Што гэта за творчасьць, можна ўявіць сабе з невялічкай заметкі „Ў літаратурным кошыку“. Аўтар заметкі піша:
„За апошнія месяцы атрымана 225 вершаў і 16 апавяданьняў… Увесь гэты матэрыял важыць каля 5 фунтаў“.
Трэба думаць, што ў гэтыя 5 фунтаў не залічаны тыя вершы, якія ў гэтым-жа нумары надрукованы, бо наўрад ці можна іх лічыць па якасьці лепшымі за тыя, што засталіся ў кошыку. Вось прыклад:
Краіна, родная краіна! |
Гэта цэлы верш, рэшта — такія самыя, убогія па форме і па зьместу лірычныя рыфмаваныя непаразуменьні. Апавяданьне, зьмешчанае ў нумары, нічым ня лепш за вершы.
Нельга спасылацца на корэктурныя памылкі — у нас заўсёды корэктар прымае на сваю галаву няпісьменнасьць супрацоўнікаў. Супрацоўнік сялянскай газэты, выходзячай на беларускай мове, павінен ведаць і ўжываць жывую беларускую мову, а не абмяжоўвацца пераніцоўваньнем канцэлярскіх зваротаў. Часта даводзіцца чуць скаргі на беларускую літаратуру — цяжка зразумець і г. д. У гэтым вінна не беларуская мова, у гэтым вінны тыя, хто сьвядома ці несьвядома яе калечыць і замяняе яе нейкім дзікім жаргонам. Нам трэба асабліва завастрыць увагу на пытаньнях удасканаленьня, ачышчэньня і ажыўленьня мовы, якая ў нашых абставінах зьяўляецца першарадным фактарам у справе культурнай рэволюцыі. Час ужо гнаць з нашага лексыкону ўсякія „небадраны“ „зямляздрыгі“ ды ўсю іх радню. Культура дзелавой мовы, культура мовы газэтнай — гэта, побач з культурай мовы мастацкай літаратуры, адно з важнейшых заданьняў сёнешняга дня.