Перайсці да зместу

Пра майго прыяцеля

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пра майго прыяцеля
Апавяданне
Аўтар: Міхась Зарэцкі
Крыніца: https://knihi.com/Michas_Zarecki/Pra_majho_pryjaciela.html

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Я не буду расказваць пра майго прыяцеля наогул, а раскажу толькі пра маю апошнюю сустрэчу з ім, якая, трэба сказаць, ускалыхнула ўсе мае пачуцці й прымусіла мяне на ладны час аддацца самым сур’ёзным і глыбокім думкам-разважанням.

У пякельна-гарачы ліпнёвы дзень я мерыў млявымі крокамі вузенькую, залітую сонцам, пылам і агідным пахам вулку невялічкага горада. Нутро маё абцягвалася слізка-цягучай цінай нудоты, а галаву поўніў нейкі тлумны туман. Хацелася пайсці куды-небудзь, ды не было куды, бо горад чужы, незнаёмы. Так і хадзіў без усякае мэты, нікаў па шэрых распараных вулках.

На ганках аднае ўстановы сядзела колькі хлапцоў, відаць - камсамольцаў. Нягледзячы на нясцерпную спякоту, яны гутарылі надта жвава і многа смяяліся. Я б мо не звярнуў на іх свае ацежалелае ад сонечнага ваду ўвагі, каб не злавіў сярод мешаніны іхнай гаворкі і смеху прозвішча свайго прыяцеля. А пачуўшы гэтае блізкае, так знаёмае мне слова, я ўжо не мог ісці далей. Я стаў і звярнуўся да хлапцоў:

- Выбачайце! Якога Харкавіцкага вы памінаеце? Яго не Міколам часам завуць?

Хлопцы ўраз сціхлі і пракалолі мяне цікавымі ўсмешкамі. Адзін азваўся:

- Якраз гэты самы.

- Ён хіба тут жыве?

- О, вядома, што тут!

Некаторыя пырснулі.

- А вы не ведаеце яго адраса?

Мне сказалі.

- А ці не ведаеце, калі можна яго ў хаце заспець?

Хлопцы грыманулі дружным хорам:

- О, калі хочаце... У любы час... У любы момант...

Я нырнуў у пыл і шпарка папёр у той бок, дзе, як паказалі, жыў Харкавіцкі. Нешта падмывала з нутра такім радасным-радасным, зацінала нават дыханне і выціскала з вока неслухмяную ўпартую слязіну. А ўвушшу няўпынна дрынчэла.

- Мікола... Мікола... Коля... Колька...

І стаяў уваччу Харкавіцкі, быццам жывы.

Я неўзабаве адшукаў паказаную мне кватэру. Увайшоў не пазваніўшы, бо званка не аказалася. З сянец у пакой дзверы былі расчынены. Я спыніўся і азірнуў.

Я адразу ўбачыў Міколу. Ён зусім мала змяніўся. Толькі па твары разлілося нешта рахманае, ціхае, пакорнае. Гэты новы выраз, на мой погляд, зусім не прыставаў да Міколы, якога я знаў з самага маленства як заўзятага аторву й буяна.

З момант я глядзеў на Міколу, астаючыся сам незаўважаным. І я разгледзеў, што ён сядзіць на зэдліку і што нага яго падвешана на пачопку, а пачопка прычэплена да таго апарату, у якім звычайна гадуюць малых чалавекаў. Я не ўгледзеў і не пачуў гэтага малога чалавека, але ён быў тут напэўна, бо яго сяліба раўнамерна і плаўна баўталася разам з Міколавай нагой. Немаведама чаму, мне раптам шкода стала Міколу. І, мабыць, пад уплывам майго жаласлівага погляду ён узняў галаву і зірнуў на мяне.

У вачах у яго загарэлася такое жаркае, такое бурлівае полымя радасці, што я не ўтрываў і кінуўся да яго з поўным душэўнага імпэту гвалтам:

- Мікола!

Але ўраз я спыніўся. Я ўбачыў, як востры, агнёвы спалох скрывіў яго твар у страшную грымасу. Сам ён перагнуўся ў тры, а можа, й болей пагібелі і засіпеў, махаючы на мяне вялізным нажом:

- Ссссссс...

Я аслупянеў. Ён, відаць, заўважыў гэта, кінуў сіпець і падбадрыў мяне ласкавай усмешкай, прапусціўшы скрозь зубы прыдушаным шэптам:

- Ціху, дзяцёнка разбудзіш.

Тады я заўважыў яшчэ, што нож у яго толькі ў адной правай руцэ, а ў левай - бульбіна. А між ног невялічкі цабэрак з вадой. І зноў невядома чаго мне стала шкода прыяцеля. Я, нават не прывітаўшыся з ім, сеў поплеч на зэдліку і пахіліў галаву.

Часінку мы абодва маўчалі. Потым пачалі шаптацца.

Я першы шапнуў:

- Расказвай.

Ён глыбока ўздыхнуў і сказаў:

- Ты, пэўна, бачыш, што я ўжо жанаты.

Я таксама ўздыхнуў і адказаў:

- Бачу. І даўно ты замуж... тое... жаніўся?

- Больш года ўжо.

Мне неяк стала не па сабе. Я хацеў аб нечым яго папытаць, ды чамусьці не важыўся: нялоўка было. І ён, мусіць, адчуў мой настрой. Ён перабег раскіданым поглядам у бок ад мяне, шыбчэй пачаў лупіць бульбіну і загаварыў неяк вінавата, саромліва:

- Я служыў раней. Толькі з паўгода, як безработны. А жонка служыць... У фінаддзеле працуе. Я пакуль што па хатняй частцы; вось поркаюся з рознай бульбай, капустай, дзяцёнка даглядаю...

Ён змоўк. Тады я папытаў з вялікай цікавасцю:

- Ну й як?

- А, нічагутка. Добра жывецца. Жонка цяпер ладныя грошы бярэ - сем чырвонцаў у месяц, хапае на ўсё. Вось толькі харчы ўсё даражэюць. Ты знаеш, пачом цяпер мяса? - па 30 капеек. Дый то не мяса, а немаведама што: адны косці ды плёўкі. Укінеш у суп - ні мяса табе, ні навару. А мужыкі як дзяруць! Учора на рынку я парасёнка нагледзеў - маленькі такі, хунтаў 7-8. Хацеў купіць, бо мая, ведаеш, дужа любіць, калі гэта з начынкай, з перчыкам, з цыбулькай. Дык што ж бы ты думаў? Не падступіся...

Я слухаў яго апавяданні, і мне неяк страшна рабілася. Я проста не пазнаваў свайго прыяцеля, таго жвавага, энергічнага, разумнага хлапца, якога я ведаў тры гады таму назад. Галаву маю балюча свідравалі назоллівыя думкі - яшчэ няясныя, неафармаваныя, але такія ж глыбокія, такія сур’ёзныя, што мне ажно цяжка ад іх станавілася. Да такіх думак не прызвычаіўся я.

Урэшце ўжо мне неўсуцерп стала слухаць Міколу. Я памкнуўся змяніць тэму гаворкі і перапыніў яго, тыркануўшы пальцам у калыску.

- Ну, а гэта?

У гэты момант нешта запішчэла і засіпела ў печы, і Мікола рынуў туды, пакінуўшы ля мяне нож, недалупленую бульбіну і цабэрак. Вярнуўшыся, ён зноў загаварыў:

- Пра сына пытаешся? О, ён маладзец, такі крэпенькі, здаровенькі хлопчык. Надовечы нешта з жывоцікам у яго кепска зрабілася. Я ўстурбаваўся ўжо, зараз панёс яго ў больніцу. Ну там агледзелі, кажуць - глупства, на зубкі. У яго ўжо во-во зубкі прарэжуцца...

Ізноў мне цяжка было яго слухаць. Ізноў мяне апанавалі тыя глыбокія, сур’ёзныя думкі. І йзноў яны былі няясныя, неафармаваныя, бо я не прывык да гэткіх думак. Цяпер я ўжо зусім забыўся, што гэта за думкі былі, але добра помню, што яны датыкаліся жанчыны, яе прыроды, арганізма, яе месца ў сацыяльным ладзе нашага жыцця і г. д. Адным словам - сур’ёзныя думкі.

Мікола тым часам сціх і аб нечым глыбока задумаўся. Мне ў трэці раз стала да болю шкода яго. Мне захацелася пранікнуць у самае нутро яго, выведаць яго самыя патаемныя перажыванні. Я сабраў усю сваю прыяцельскую пяшчоту, паклаў сваю руку на яго плячо і сказаў вельмі чулым і вельмі ласкавым голасам, які, як мне здалося, нават дрыжэў ад навалы шчырага пачуцця.

- Слухай, прыяцель Мікола. Скажы ты мне шчыра й адкрыта, так, як мы даўней з табой гаварылі, як табе падабаецца тваё сучаснае жыццё?

Але ў гэты момант разам запішчэла і ў печы, і ў калысцы. Мікола замітусіўся па хаце, потым кінуўся к печы, крыкнуўшы мне па дарозе:

- Калышы!

Я зачапіў сваю нагу за пачопку і пачаў баўтаць. Я баўтаў, дзяцёнак пішчэў, а Мікола ўлез да палавіны ў печку і нешта арудаваў там. Праз момант ён дастаў з печы сваю галаву, абярнуў яе да мяне і закрычаў як ашпараны:

- Вазьмі, братка, на рукі. Вазьмі хутчэй.

Я ніколі не меў ніякіх спраў з малымі людзьмі, і таму мне вельмі нязручна было трымаць на руках гэты маленькі мякенькі камочак. Але я ўсё-ткі трымаў, а камочак усё-ткі пішчэў. Мікола ж тарчэў з печы сваёй ніжэйшай палавінай. Цяпер мне ў чацвёрты раз стала вельмі-вельмі шкода Міколу. На маё шчасце, у гэты момант адчыніліся дзверы і ў пакоі з’явілася Міколава жонка.

Я да жанчын невялікі прыхільнік. Але трэба прызнацца, што жонка Міколава мне ўпадабалася. Я люблю, калі жанчына здаровая, свежая, сакавітая. А Міколава жонка хоць і невялікая ростам, але так і пыхала гэтым здароўем і свежасцю! І вочы ў яе былі ясныя, бадзёрыя, смелыя, што мне даўпадобы таксама. Як увайшла, яна перш-наперш пяшчотна так, ласкава цмокнула ў запэцканы сажаю Міколаў лоб, сказаўшы:

- Добры дзень, мая гаспадынька!

Потым падышла да мяне, ахінула мяне сваім ветлым ласкавым поглядам і, што мяне асабліва ўзрадавала, узяла з маіх рук пісклівы камочак.

Мы хутка з ёй разгаварыліся. Гаварылі больш пра палітыку, пра міжнароднае становішча нашай рэспублікі і г. д. Наогул, пра самыя глыбокія і сур’ёзныя рэчы. А Мікола тым часам канчаў свае гаспадарскія справы. Мне ў пяты раз стала шкода Міколу, і мяне зноў апанавалі назоллівым роем цяжкія думкі, ізноў я думаў аб жанчыне, аб яе гаротнай долі.

У часе абеду жонка сказала Міколе:

- Ну, Коля, хутка ўжо я дам табе волю. Сына гэтымі днямі ў яслі аддам, а палуднаваць будзем хадзіць у сталоўку. І трэба будзе як-небудзь знайсці табе працу.

Мікола не адказаў. Але вочы яго зайскрыліся радасцю. Я гэта добра заўважыў, і гэта дало мне адказ на тое запытанне, на якое Мікола не ўправіўся мне адказаць.

Калі я выйшаў ад свайго прыяцеля і зноў нырнуў у поўныя пылу і душнага сонца завулкі, мне было цяжка. Нешта падмывала з нутра такім сумным, маркотным, зацінала дыханне і выціскала з вока неслухмяную ўпартую слязіну.

А ўвушшу няўпынна звінела:

- Бедны Мікола... Бедны Коля...

1925?