Перайсці да зместу

Пра Бядулеву аповесьць «Салавей» (Бабарэка)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пра Бядулеву аповесьць „Салавей“
Артыкул
Аўтар: Адам Бабарэка
1929
Крыніца: „Узвышша“, 1929, № 2

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Перад прыгожым пісьменствам сацыяльная рэвалюцыя паставіла вельмі востра пытаньне, з кім яно, і патрабавала яснага і выразнага адказу. За рэвалюцыю ці проці яе — так стала яно перад шмат якімі і беларускімі пісьменьнікамі, што прышлі ў кастрычнікавую эпоху з „Нашае Нівы“. Пры гэтым яно патрабавала адказу не дэклярацыйнай заявай, а фактамі мастацкае творчасьці. Бо й сапраўды, што магло быць лепшым, больш пэўным і верагодным адказам, як не мастацкі твор. І калі гэтакі мастацкі твор ды служыць рэвалюцыі, зьяўляючыся ў яе руках сродкам змаганьня з варожымі ёй густамі, ідэямі ды ідэаламі, калі гэты твор ёсьць мастацкі орган яе, гэта значыць: адказ даны станоўча. Напісаць гэтакі твор і азначае даць адказ на пастаўленае рэвалюцыяй пытаньне. Таму вось пралетарскі чытач прымае кожны твор беларускага пісьменства перадусім як адказ на рэвалюцыйнае патрабаваньне і потым вызначае яго характар. Ва ўмовах такога дачыненьня да мастацкага слова з боку пралетарскага чытацтва і зьявіўся ў сьвет і дзейнічае (чытаецца) Бядулеў твор „Салавей“.

________________________

У непасрэдным дачыненьні да яго ён робіць уражаньне вельмі цікавай казкі пра даўно мінулыя дні і прыгоды, што адбываліся якраз вось на тым месцы, дзе цяпер пануе новы лад, і дзе цяпер гаспадарыць былы нявольнік. Расказана гэта казка ня проста з „любви к искусству“, а сілаю ўнутраной патрэбы выказаць сваё разуменьне наконт месца мастацкага таленту ў грамадзкім жыцьці і тае ролі і яго значаньня, якія вызначаюцца яму гэтым месцам. Разуменьне гэта — такое ўражаньне робіць — як–бы ня ёсьць годнасьцю толькі аўтара твору. Не, гэта разуменьне ёсьць мудрасьць глыбокіх вякоў; яно ў іх глыбі ўтварылася на грунце жыцьцёвай практыкі мастацтва. Цяпер яно — годнасьць старых дзядоў — „вартаўнікоў“ новай „гаспадаркі“. І вось паколькі яно асьвечана мудрасьцю вякоў, яно як–бы непарушнае. Аўтар твору — гэта толькі носьбіт яго як „спадчына вякоў, сын даўных пакаленьняў“. Гэтым ён як–бы самаапраўдваецца за свае ўчынкі і дзеі. Такое непасрэднае ўражаньне ад твору „Салавей“.

Што–ж гэта за твор і якое яго месца ў сыстэме літаратурных паняцьцяў? Бядулеў „Салавей“ — гэта адзн з відаў эпічнай творчасьці — аповесьць. У сыстэме іншых відаў поэтычнай творчасьці ён займае прамежнае месца між апавяданьнем і раманам як сваім памерам, так і па іншых адзнаках. Уласна апавядальным элемэнтам у „Салаўі“ ёсьць яго аправа, яна набліжае твор да апавяданьня. Дзякуючы ёй „Салавей“ уяўляе сабою карціну ці, праўдзівей, композыцыю малюнкаў (монтаж, апраўленую ў прад апавяданьне). Сама–ж композыцыя сваёю цэнтральнаю тэмаю становіць адну зьяву такога памеру і абхвату, што набліжае твор да раману. Набліжаецца ён да раману яшчэ і лікам дзейных асоб і інтрыгамі. Па часе, да якога аднесена цэнтральная зьява і фон, на якім яна вырысавана, „Салавей“ — аповесьць гістарычная. Аднак гэта гістарычнасьць узглядная і ў некаторай ступені дэкарацыйная. Яна, як і іншыя элемэнты аповесьці, ёсьць нішто іншае, як поэтычны спосаб, адзін з поэтычных сродкаў. Довадам гэтаму служыць і тое, што ў „Салаўі“ бракуе стылізацыі пад той час, да якога аднесена дзея аповесьці. Па форме канцоўкі яна зьяўляецца аповесьцю казачнай, што мяжуе ўжо з прыгодніцкаю аповесьцю, але усё–ж з ёю не супадае цалкам. Па асобах аповесьць характарыстычна, яна дае іх, т. ск., у псыхо–фізіолёгічных іх катэгорыях, а гэта робіць некаторых з іх адгучнымі нашаму часу. Па характары героя аповесьць належыць да гераічнага эпасу. У асноведзі сваёй — аповесьць конструкцыйная.

_________________

Па сваёй структуры „Салавей“ як–бы апавяданьне ў апавяданьні, ін. кажучы, гэта аповесьць двухпавярховая. Першым сваім паверхам яна пабудована па вобразу бытавое зьявы (паездка ў саўгас і расказ старога дзеда), перанесенай на палатно. Другім паверхам яна пабудавана на ўзор літмонтажу, у якім адны моманты адыгрываюць ролю надпісаў, другія — наяўных малюнкаў, трэція — сувязі і да г. п. Словам, усе элемэнты ў гэтым паверсе служаць таму, каб даць уражаньне архітэктурнасьці твору, у якой усе лініі накірованы да аднаго цэнтральнага пункту. І з якога–б вы боку ні зайшлі ў гэты будынак, вы абавязкова прыйдзеце да гэтага пункту. Твор цэнтраімклівы. Такім чынам, вобразы гэтых двух паверхаў сваімі карэньнямі выходзяць з двух абсягаў: а) натуральна–бытавога і б) творча–конструкцыйнага. Кажучы пра будову гэтага твору, вынікае яшчэ адно пытаньне, з якіх старон складаецца аповесьць „Салавей“. Цэнтральную лінію складае Сымон Салавей, паабапал яго ідуць дзьве стораны — панская і сялянская. Т. ч., утвараецца як–бы трыкутнік. І з якое–б стараны ні ўвайсьці ў яго, прыйдзеш да мастацтва як жыцьцёвай праблемы ў аспэкце гэтых старон быцьця. Цікава зьвярнуць увагу на вонкавую будову. У яе аснове ляжыць тая–ж тройнасьць: аповесьць складаецца з 33 разьдзелаў. Гэтага, канечне, нельга лічыць выпадковым. Знадворнае ёсьць матар’ялізаванае аблічча ўнутранога.

_________________

Якую–ж плынь поэтычнай культуры прадстаўляе сабою аповесьць „Салавей“? Аналіз твору з гэтага пункту гледжаньня паказвае на наяўнасьць у ім некалькіх струменьняў поэтычнай культуры. У сваім сынтэзе яны становяць тое, што зазвычай называецца Бядулевым манерам у поэзіі. Гэты манер — адзін з элемэнтаў, што ўваходзяць у склад паняцьця сучаснай поэзіі. Калі–ж разглядаць яго асобна, як некаторае самастойнае адзінства, то нельга не заўважыць асобных момантаў, якімі ён характарызуецца. Гэта: а) літмонтажаваньне малюнкаў па творчым узоры; б) актывізм аўтара ў дачыненьні да паасобных момантаў свайго твору; в) казачная сказавасьць, якая ў даным творы чаргуецца; г) наяўным прадстаўленьнем, або моўнаю жывапісьсю. Усё гэта набліжае Бядулеў манер поэзіі да рамантычнага кірунку ў новым яго праяўленьні, а менавіта тым, што сваімі карэньнямі выходзіць з мясцовай нацыянальнай творчасьці ў першую чаргу і што ў нашых умовах як–бы модэрнізаваўся, ахварбаваўшыся ў конструкцыйныя імкненьні і тоны нашай сучаснасьці. Гэта кірунак, калі льга так сказаць, натуральнага рамантызму, словам, адна плынь таго кірунку, які ў свой час быў названы мною адраджанізмам. У постаці твору „Салавей“ ён прадстаўлены ў сваім пераломе да рэальнай конструкцыйнасьці. З гэтага боку „Салавей“ — гэта рамантычная поэма прозаю з конструкцыйнай імкнённасьцю.

________________

У абсягу псыхолёгічным аповесьць „Салавей“ прадстаўляе сабою талент высокага тэмпэрамэнту, талент захапленьня вобразамі, створанымі выабражэньнем. Гэта талент, у якім пачатак стыхійнай актыўнасьці пераважае над творчым. Гэта талент расказчыка пра свае ўласныя творы, об’ектывізаваныя і адлучаныя ад сябе ды пры нятыя за натуральную рэальнасьць. Яшчэ ёсьць адна асаблівасьць у гэтым таленце: ён больш выказвае сябе як шукальнік абсолюту або яго служыцель, ніж творыць новыя формы мастацкага ажыцьцяўленьня. У аповесьці „Салавей“ асабліва яскрава выяўляецца гэта старана таленту яго аўтара, а менавіта шуканьне абсолютнай каштоўнасьці. Такімі талентамі зазвычай кіруюць ідэі, але не наадварот. Калі такога роду талент перастае захоплівацца пэўнай ідэяй як абсолютнай, ён фактычна перастае быць і талентам–творцаю, ён перастае тварыць. Гэта, канечне, ня значыць, што ён пакідае пісаць (хоць часта бывае і гэтак). Не, ён можа і пісаць, але гэта ня будзе ўжо творчасьцю ад паўнаты захапленьня, ад паўнаты пачуцьцяў. Таленты, што прадстаўлены аповесьцю „Салавей“, больш песьняры, якія твораць чуцьцём, інтуіцыяй, ніж поэты–майстры, што могуць дасягаць пэўных мэт поэзіі сваім умельствам і майстэрствам.

Які–ж сьветагляд прадстаўляе сабою аповесьць „Салавей“? Адказ на гэта пытаньне дае аналіз будовы твору. Іначай кажучы, выяўленьне стасунку між элемэнтамі, што складаюць твор, будзе адначасна выяўленьнем і ідэалягічнай сыстэмы, носьбітам якое ёсьць даны твор. Зьвярнеце ўвагу на форму стасункаў у аповесьці „Салавей“. Сымон Салавей — цэнтар, а паабапал: сялянства, панства, між якімі ідзе адвечная варожасьць і змаганьне. Сымон выходзіць з сялянства і да сялянства прыходзіць, перайшоўшы праз панства. Адгэтуль: доля мастацтва (вобраз Сымона ўцелаўляе сабою мастацкі талент) быць зброяй у змаганьні з пануючаю клясаю, а не забаўкаю для апошняе. Пры гэтым яно не павінна зьмяняць свае ўласнае прыроды, не павінна пераставаць быць нацыянальным у грамадзе, у якой ідзе клясавае змаганьне. Прырода–ж мастацтва ў тым, што яно ёсьць асобы дар, што яно тайна, якая выяўляецца ў пераўвасабленьнях чалавека ў розныя ролі. Словам, мастацтва як талент — тайна, дадзеная ад прыроды. Вось прыблізна той сьветагляд, носьбітам якога ёсьць „Салавей“. Як бачыце, ён становіць сабою пераход ад ідэалістычнага да матар’ялістычнага разуменьня жыцьця і творчасьці і як пераходны, ён носіць на сабе адбітак ідэалістычнага разуменьня ў высьвятленьні прыроды мастацтва.

_____________

Апошнім пытаньнем у абсягу аўтарства твору ёсьць пытаньне наконт тых форм сацыяльнага быцьця, якія вызначылі сабою даны твор як пэўную форму сьвядомасьці, матар’ялізаваную ў мастацкім слове. У дачыненьні да Бядулевага твору пытаньне стаіць так: прадуктам якой сацыяльнасьці ёсьць аповесьць „Салавей“? Увагі, што зроблены па лініях, вызначаных вышэй, падрыхтоўваюць вырашэньне пытаньня сацыялёгіі твору. Ужо тыя факты, што ў аповесьці „Салавей“ ёсьць струмень народнай творчасьці, струмень, т. ск., „нэорамантызму“, далей такія моманты, як шуканьне абсолюту, падпарадкаваньне свае творчасьці зноў–жа абсолютнай ідэі, нарэшце, наяўнасьць дуалізму і ў ідэолёгічнай сыстэме, прадстаўленай творам, — усё гэта гаворыць пра тое, што сацыяльным аўтарам аповесьці „Салавей“ ёсьць такая сацыяльная група, якая вымушана ходам грамадзкае гісторыі рабіць пераход ад аднае клясы да другое. У Беларусі такою групаю ёсьць у першую чаргу тая інтэлігенцыя, якая выйшла з вёскі і пэўны час свой лёс зьвязвала з лёсам народу (разумеючы пад ім галоўным чынам сялянства). А потым розумам пасягнула ідэі пралетарыяту і перайшла к яму на службу. Гэта тая група, што карэньнямі сваімі ўваходзіць глыбока ў вёску дарэвалюцыйнага часу, а сваёю верхавінаю ўрастае ў гарадзкія ўзвышшы пасьлякастрычнікавае пары. Вось гэта група і ёсьць сацыяльны аўтар аповесьці „Салавей“.

________________

Па сваёй чытацкай орыентацыі аповесьць „Салавей“ зьвернута тварам як– бы да самога аўтара. Гэтым тлумачыцца ўражаньне, быццам аўтар гэтым творам самаапраўдваецца ў сваіх дзеях і ўчынках. Гэтае–ж робіць твор цікавым для чытачоў розных груповак. Тыя, каму ўласьціва шуканьне апраўданьня сваім учынкам, каму ўласьціва выводзіць свае дзеі з адзінага закону, якому, на іх думку, падпарадкавана ўсё жыцьцё іх, знаходзяць у гэтым творы шмат роднага і блізкага сваёй натуры. Яны адчуваюць аўтара гэтага твору блізкім для сябе. Другія знаходзяць у ім, так сказаць, чалавечы докумэнт для азнаямленьня з псыхолёгіяй пераходных уздымаў і парываньняў. Яны пазнаюць у гэтым творы вобраз пераходніка кастрычнікаўскага часу. Трэція бачаць мастацкія малюнкі і портрэты цэлай галерэі тыпаў, у якіх адлюстравалася шмат чаго з вобліку дзейных асоб сучаснага быцьця. Нядарма гэтая аповесьць амаль адначасна выходзіць у перакладах на расійскай, украінскай, яўрэйскай і польскай мовах. Словам, аповесьць „Салавей“ знаходзіць сабе шырокі круг чытацтва і паказвае яму, як разьвязваецца пытаньне наконт мастацтва тымі, што ў нашу эпоху прыйшлі з „Нашае Нівы“ і цалкам аддалі сябе на службу пралетарскай рэвалюцыі.

______________

Крытыка таксама знойдзе пажытныя для сябе матар’ялы ў аповесьці „Салавей“. Яна ўгледзіць, у які бок разьвіваецца творчасьць З. Бядулі, да якіх шырокіх мастацкіх абагульненьняў яна прыходзіць пасьля тых перажываньняў і пераломаў, якія ёй давялося перажыць за час „сказаў бур і віхораў“ ды „бураломаў“.



Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.