Перайсці да зместу

Праўда аб «Мужыцкай праўдзе»

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Праўда аб «Мужыцкай праўдзе»
Артыкул
Аўтар: Антон Луцкевіч
1933
Крыніца: Гадавiк Беларускага Навуковага Таварыства. Кнiжка I. Вiльня, 1933

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У працах некаторых польскіх дасьледчыкаў аб польскім паўстаньні 1863 году часта можна спаткацца з заявай, што ведамы павадыр паўстаньня Костусь Каліноўскі выдаваў падчас паўстаньня беларускую газэту «Мужыцкая Праўда». Заява гэтая да нядаўных часоў паўтаралася і беларускімі адраджэнцамі, якія, стараючыся выкарыстаць для сваей акцыі ўсё, што гаварыла аб ранейшых праявах беларускага руху, вельмі даверчыва аднесьліся да гэтае запраўды ж рэвэляцыйнае весткі. Дый існавалі пэўныя аб’ектыўныя прычыны, якія вестку гэту рабілі падобнай да праўды для кожнага, хто ня меў у руках і ня бачыў друкаў Каліноўскага: справа ў тым, што гэныя друкі мелі адзін агульны назоў «Мужыцкая Праўда» і былі нумараваныя, дык стуль, пэўна, і паўстаў пагляд на іх як на газэту.

Цяпер, калі большасьць нумароў «Мужыцкае Праўды» ўжо апублікавана ў друку (гл. «Полымя» № 1, 1926 г., Менск), мы можам увачавідкі пераканацца, што газэтай «Мужыцкая Праўда» не была. Гэта гэта быў папросту цыкль адозваў пад адным агульным загалоўкам, зьмешчаным зьверху дробным друкам, з чарговымі нумарамі (як, дапрыкладу, у прыказах або цыркулярах улады). Кожны нумар зьмяшчаў у сабе толькі адну адозву і — нічога болей. Выходзілі яны непэрыядычна і наагул з газэтай ня мелі нічога супольнага: ніякіх вестак, ніякіх інфармацыяў лістоўкі гэтыя не давалі, зьмест жа адозваў меў на мэце падняць беларускае сялянства проці Масквы і здабыць ягоную прыхільнасьць для «польскага ронду» (гэтак Каліноўскі зьбеларушчыў ня вельмі ўдатна польскае слова «rz№d»).

Характэрна, што сам жа Каліноўскі ў «Муж. Праўдзе» называе гэтыя лістоўкі сваімі пісьмамі, ня маючы ніякае прэтэнсіі да назову «газэты».

Разумеем, што для некаторых беларускіх дзеячоў, далёкіх ад навуковае працы і навуковага падыходу да вывучэньня нашае мінуўшчыны, вельмі прывабнай магла быць думка пашыраць у масах перакананьне, што беларусы ўжо 70 гадоў назад мелі сваю прэсу, якая, як ведама, для кожнага народу зьяўляецца ў пэўнай меры паказчыкам яго культурна-нацыянальнае дасьпеласьці. На жаль, пагляд на «Мужыцкую Праўду» як на газэту далёкі ад аб’ектыўнае праўды, аб чым кожын дасьледчык можа асабіста вельмі лёгка пераканацца: у Вільні ў Бібліятэцы ім. Урублеўскіх перахоўвуецца адзін экзэмпляр «Мужыцкае Праўды», і кіраўнікі Бібліятэкі ахвотна дазваляюць зацікаўленым асобам агледзіць яго.