Праходжу я…
Выгляд
Праходжу я... Аўтар: Уладзімір Рагуцкі |
Мінаючы звонкія сосны,
Бурлівыя рэкі, палі,
Праходжу я вечарам росным,
Дарогамі роднай зямлі.
І чую, як нівы гамоняць,
Шумяць сінявокія льны,
Па сёлах спяваюць гармоні
Прыгожыя песні вясны.
І мне не стрымаць хвалявання,
Не выказаць радасць сваю —
Я песням іду на спатканне
І песням руку падаю...
З вясёлым агнём маладосці
Над краем яны расцвілі.
І месяц і зоры зайздросцяць
Над стэпам і борам, калі,
Мінаючы звонкія сосны,
Бурлівыя рэкі, палі,
Праходжу я вечарам росным
Дарогамі роднай зямлі.