Перайсці да зместу

Пратэст Слуцкай Беларускай Рады да Ўраду Саветаў

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Пратэст Слуцкай Беларускай Рады да Ўраду Саветаў
Дакумэнт
Аўтар: Рада Случчыны
21—27 лістапада 1920 году
Крыніца: Пратэст Слуцкай Беларускай Рады да Ўраду Саветаў (між 21 і 27 лістапада 1920 г.)

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




У часе сусьветнай вайны, якая збурыла адны магутныя дзяржавы і вызваліла іншыя, абудзілася Беларусь да дзяржаўнага жыцьця. Пасьля 350 гадоў няволі ўзноў на ўвесь сьвет чуцен голас Беларускага Народу аб тым, што ён жыве і жыць будзе. Вялікае Нацыанальнае Сабраньне — Усебеларускі Конгрэс 5—17 сьнежня 1917 году, дбаючы аб лёсе Беларусі, устанавіў на яе землях рэспубліканскі лад і абвесьціў незалежнасьць і непадзельнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

Стоячы на гэтым грунце, зьезд селянскіх прэдстаўнікоў Случчыны ў ліку 107 асобаў выбраў Беларускую Раду Случчыны, якой даручыў часова ўсю цывільную ўладу ў павеце.

Беларуская Рада Случчыны, паведамленая аб намерах савецкіх войскаў, якія пасьля выйсьця польскіх адзелаў хочуць заняць Слуцк і павет, зьневажаючы гэтым волю народу, энергічна пратэстуе проці агрэсыўных намераў Савецкага Ўраду з Кнорыным на чале, лічучы, што гэтая акцыя Саветаў спречна таксама з пастановамі міравой конфэрэнцыі.

Адначасна Беларуская Рада Случчыны сваю ўладу перадасьць толькі Ўраду, створанаму Ўсебеларускім Конгрэ[с]ам 1917 году.

У месяцы лістопадзе 1920 г.

Падпісалі:

Старшыня Беларускай Рады Случчыны Пракулевіч

Члены Рады: Жаўрыд, Русак, Сасноўскі, Радзюк.