Прапаў чэлавек (1913)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прапаў чэлавек
Вершаванае апавяданьне
Аўтар: Якуб Колас
1913 год
Іншыя публікацыі гэтага твора: Прапаў чалавек.

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Якуб Колас


ПРАПАЎ ЧЭЛАВЕК


Ц. 6 к.

Якуб Колас.




ПРАПАЎ ЧЭЛАВЕК


ПАСЛУШНАЯ ЖОНКА.—ГРУШЫ САПЕЖАНКІ.


ПЕЦЯРБУРГ.
1913.


Друкарня А. Э. Коллінс (быўш. Ю. Н. Эрліх), М. Дваранск., 19.

Прапаў чэлавек.

I.

Каля карчмы шум і гоман,
Зык мужчынскіх галасоў;
І здавалось, быццам Нёман
Змоўк, каб сьцяміць колькі слоў,
І каціўся гэтак плаўна,
Поўны, зьвілісты, як зьмей,
Агібаў узгоркі спраўна,
Потым зноў бег спакайней.
Помню я карчму старую,
Дзе бывала вечарком
Або ў ранічку сьвятую,
Ўсім сабраўшыся сялом,
Як рой пчол гулі мужчыны,
Гаманілі аб зямлі,
Разьбіралі ўсе навіны,
Ўсе інтэрэсы вялі.
І ніколі не маўчала
Гэто морэ—грамада;
Тут і радасьць мейсцэ знало,
Тут ўздыхала і беда.
Ды і то, сказаць, ніколі
Дня спакою не было:
Ці які прыпадак ў полі
Калыхаў ўвесь дзень сяло,
Або ў лесі с кім здарэньне
На шчот трэсак там ці дроў,—
Ўсё будзіло разуменьне
Нашых сталых мужыкоў.
Пад іх гоман ціха біўся
Нёман ў беразі, як сталь,
Ў блізкой кузьні горн іскрыўся,
Грукаў молатам каваль.
Толькі ў гэты раз трывожна
Нейк шумела грамада—
Зразу сьцяміць было можна,
Што тут вынікла беда.
— Ой, не, хлопцы! на бок жарты!—
Рагавы Сымон пачаў:
— Хоць вазьмі гадай на карты:
Трэцьці дзень, як ён прапаў!
Каб, крый Божэ, утапіўся,
Дык не праўда,—ўжо-б ён ўсплыў;
Хіба ў корч ён мо забіўся,
Або плыт як прыдушыў.
Нёман повен, навет ў бродзі
Локцяў пяць, лічы, вады…—
— Га! цікавасьць з ім, ды годзі!—
Гаварыў хто з грамады.
— А мо хто забіў, глядзіце!
Час цяпер такі настаў:
Ані праўды німа ў сьвеці!—

Так Матэва разважаў:</poem>

- А меж плытнікоў немала
Ўсякіх знайдзецца людзей.
За дзервяку ці за сала,
Бойка вынікла. - Аей!
Размахнуўся ды і сьвіснуў
Пад рабрыну маладзец;
А той навет і ня піснуў, -
Бухнуў ў воду - і канец!
Меж людзьмі, брат, як ніколі
Разьвялось цяпер брыды,
І лаві ты ветра ў полі, -
Гладка, вуж, замёў сьляды! -
Тут выходзіць Юрка важна,
Сівы ўвесь, як галубок,
І гаворыць, так працяжна:
- Э, Матэва! не, браток!
Будзе праўда ўся раскрыта,
Як яе ні заметай;
Хоць вадой яна заліта,
Хоць ў вагні яна ніхай, -
Ўсё-ж на верх ўсплыве. Казало
Небо колісь-то зямлі,
Каб адгэтуль не пускало
Не раскрытаго людзьмі,
Бо такой душэ на небі
Там прытулішча німа -
Як травінка ў добрай глебі,
Праўда вынікне сама... -
- Годзі вам малоць, мужчыны!
Трэба што-нібудзь рабіць.
Як ня збрыдне тры гадзіны
Языкамі вам мяньціць? -

Соцкі ў гутарку ўмешаўся
І вачыма ўсіх абвёў:
- На язык ты, Юрка, здаўся,
А німа разумных слоў...
Эй, вы, хлопцы; хто за мною?
Пойдзем хоць агледзім норт[1]
Мо дзе вынесла вадою,
А мо ў плыт ён дзе зацёрт. -
І за соцкім паваліла
Дужых хлопцаў чарада
А над Нёмнам гаманіла
Яшчэ доўга грамада.

II.

На парозі беднай хаты
Дзьве кабецінкі сядзяць.
Змучэн горэм твар Агаты,
Вочы сумна так глядзяць.
На руках дзіця малое,
Двое большых - па бакох.
- Не ныдзіся! што-ж такое?
Можэ верніцца дасьць Бог. -
Так Агату разважае
Цётка Наста і сама
Мала ў гэта веры мае.
- Ой, не, цёточка! німа,
Знаць, яго жывога ў сьвеці:
Скора тыдзень, як прапаў;
Кожны дзень хадзілі дзеці,
Дзе ён плыт пастаўбоваў[2].

7 

Як пайшоў ў суботу з дома —
Тут жэ блізенька сусім —
І німа, і невядома
Дзе ён, бедны, і што з ім.
Хоць бы ведаць, што з ім стала —
Не адхіліш ты бяды —
Жаласьць сэрцэ-б так не рвала,
Менш бы думалось тагды. —
— Эт, галубка, воля Божа,
А было-б усё-ж лягчэй;
А тож ты на цень пахожа,
Ня сьпіш, любая, начэй.

Ад сваей, галубка, сьмерці
Не схаваешся нідзе:
Ўсім нам прыдзе час памерці —
Ў смутку, ў радасці, ў бядзе —
— Так-то так, ды не людзкая
Сьмерць прыклюнулась яму! —
— Ой, мая ты залатая!
Як назначыць Бог каму… —
Тут Агата раз ў двадцаты
Пачынала свой расказ,
Як Яхім выходзіў з хаты,
Як ён выглядзеў ў той раз:
— Стаў ён хмурны, задуменны,
Як бы грэх ў сабе насіў;
Твар зрабіўся, як каменны,
Сам ён нейк азыз, застыў.
А да працы быў ахвочы,
Рук ніколі не складаў;
Зранку біўся аж да ночы,
Ў працу душу ўсю ўкладаў.

А паглядзіць - недохватка,
Беднасьць лютая ва ўсім;
Хлеў ня крыты, пуста хатка,
І паправіць німа чым.
А ўсё гэта не давала
Навет беднаму і тхнуць.
- Кінь, Яхім! - скажу бывала:
Дасьць Бог дзеці падрастуць,
Сяк-так будзем жыць, - кажу я, -
Што так ныдзіцца дарма?
А ён бытцам і ня чуе,
Смуціць ўсё яго дума.
Ў рэшты стаў ён зыбывацца,
Ідзе, спыніцца, стаіць,
Аж нейк стала я баяцца,
Як начне ён гаманіць.
Ўстаў ён рана, яшчэ цёмна,
Плыт пашоў ён прыбіраць;
Шмат народу каля Нёмна,
Быццам мост плыты стаяць,
А ім ходу ніякога:
Плыт на плыту без канца,
Ўся загружэна дарога
Аж туды, да Бервенца[3].
От і вечэр, я чэкаю;
Крупнік ў печы адубеў.
Дзе ён? што з ім? не згадаю,
Як бы каменем ён сеў.
А не йначэй - ў задуменьні,
Аступіўся ён, упаў.
А тут Нёман пад бярвеньня
Закруціў яго, загнаў. -

Цётка охнула глыбока,
Азірнулася кругом,
І сьлязу абцёрла з вока
Шорсткім, грубым хвартухом.

III

Ўздохі, гоман і зьдзіўленьне
Калабродзяць ўсё сяло.
- От прыява! от здарэньне! -
Толькі й гутаркі было.
Больш за ўсіх жанкі трэшчалі,
І адна перад другой
Тарапліва выкладалі
На прыяву погляд свой.
- Не іначэй, як забілі
І засунулі пад плыт:
Хлёрка Больскі гаварылі,
На яго даўно сярдзіт.
Гэты довад разьбіваўся:
- Каб забілі, Магда, знай,
Хоць які-б, а сьлед астаўся,
Як канцы ты ні хавай!
Не камар то і ня йголка:
Ўсё-ж бы бачыў хто, ці чуў...
Што плявузгаць, так саколка?
Сход жаночы тут загуў.
- Ой, сястрыцы! мне здаецца,
Што ён проста кінуў дом,
А цяпер мо дзе сьмяецца,
Як мы стогнем тут па ём! -

Ды Тацяну ўняў Сымонка,
Яе дзядзька, і падцяў:
- Каб была ты яго жонка,
Ён даўно-б ўжо маху даў. -
- Мне язык твой ў косьці ўеўся!
Ото дзядзька! Як малы!
Ну, дык дзе-ж бы ён падзеўся? -
- На той сьвет пагнаў валы! -
А тым часам пра Яхіма
Казкі йдуць ўжо па сялу, -
Быццам ў дзеда ён Ахрыма
Сядзеў з люлькай на калу,
Апусьціўшы на плот ногі,
На сяло трос кулаком.
- Ой, ня быць дабра, нябогі:
Гэта пахне пожаром. -
А ў другім канцы насілісь
Чуткі іншые сусім:
Гаварылі і бажылісь,
Што а поўначы Яхім
Ўзлез на даху на званіцу
І званіў ў хаўтурны звон;
Пазваніўшы, шоў ў капліцу
І літаньня правіў ён.
А другім Яхім прысьніўся,
І пра сон той ўсякі знаў,
З хаты ў хату ён насіўся,
Болей страху дадаваў.
Гэты сон прысьніўся Ганні,
Чыё слово мело вес.
- От, здаецца, на зьмерканьні
Мы з Пятрусем едзем ў лес.

Толькі-ж мы сяло мінаем,
Бачым — ён! Ківае нам.
«Гэто ты, Яхім?» пытаем.
«Я» адказвае, «я сам».
І такі, нябож, ён смутны,
Бледны, змучэны, худы;
Голас ціхі і пакутны:
«Выньце вы мяне з вады
І душэ пакой вы дайце!»
Так і кажэ ён бедак:
«Ды палюдзку пахавайце,
Ў водзе смокчэ мяне рак,
Жвір мне вочы засыпае,
Чараты на мне растуць;
Корч дубовы не пускае,
Лёгшы каменем на грудзь». —
З велькім страхам, заміраньнем
Бабы слухалі той сон;
Не было канца ўздыханьням:
— Ой, пакутнічэк жэ ён! —
Маладзіцы раскрычалісь,
Хлопцаў лаяць началі:
— Не! каб добра пастаралісь,
Ўжо-б даўно яго знайшлі.
А то, падлы, абібокі,
Толькі й звыклі латраваць;
На адно яны ўсе докі:
Ўсякі дзень барышаваць!
Толькі вышлі з-за парога,
Ў карчму зараз і пашлі! —
Адным словам, на нічога
Ўсіх мужчын яны зьвялі!

А той, бедны, мокне ў ямі,
Ціснуць жвір яго, пяскі... -
І жанкі ўзяліся самі
Цело вызваліць з ракі.
- Жаночкі! - Антоля кажэ:
- А вы ведаеце што?
А я знаю, хто пакажэ
Гэто мейсцэ! - А ну, хто?
- Трэба міску ўзяць, сястрыцы,
Ў місцы сьвечку запаліць,
Што свенцаюць на Грамніцы,
І ў ваду яе пусьціць.
Але толькі трэба зраньня
Гэта, любачкі, зрабіць,
І дзе міска с свечкай стане,
Там ён, бедны, і ляжыць. -

IV.

Яшчэ добра змрок ня зьгінуў,
Чуць гарэў усход нябес
І агністы блеск раскінуў
На курганы і на лес,
А жанкі ўжо чарадою
Ўдоўж па Нёману ідуць
І с свянцонаю вадою
Міску з свечкаю нясуць.
Моцна сэрцэ ў жанок б'ецца,
Нейкі страх на іх напаў,
І страх гэты ўсім, здаецца,
Языкі ім завязаў.

От і гак і плёс адкрыты;
Зразу з гаку чорны вір;
Коціць Нёман тут сярдзіты
І па дну ганяе жвір.
Круціць, верціць, як шалёны,
Ажно бульбаткі ўстаюць,
Точыць бераг ён зялёны,
Ачэсае сабе пуць.
На гаку жанкі пасталі,
Тут, з высокіх берагоў,
Цені хат ў вадзе дрыжалі,
Гуз ківаўся Дземяноў[4],
Як ў люстэрцы, адбіваўся
С таго берага ветрак,
Ў сьветлых хвалях калыхаўся
Леса верх, як бы рэзак,
Ў гору кінуты зубамі,
І алешнік малады,
Бераг Нёмана з кустамі,
І зялёные груды.
- Што-ж, сястрыцы? пусьцім з Богам, -
Ганна ціха гаманіць;
-Бог нам будзе запамога.
Бачце, сьвечка як гарыць. -
- Божэ мілы! - ўсе ўздыхнулі.
- Ну, што-ж, Ганначка, пускай! -
Міску зьлёгенька папхнулі
- Плавай, місачка, шукай! -
Перш нейк цяжка, неахвотна
Міска стала адплываць,
Як бы ёй было маркотна
Родны бераг пакідаць;

14 

Потым плаўна за вадою
Робіць круг… адзін, другі,
От раўняецца з вадою,
Агібае куст дугою,
Пішэ борзьдзенька кругі.
Носіць Нёман, як сам знае
Гэты шчуплы чарапок.
— Ах, галубкі!.. Як жывая! —
Пісьне хто-нібудзь з жанок:
— Так і гэдак ўсё шыбуе,
То назад, то ў бок ідзе! —
— Гэта — Божа моц кіруе
І на троп яе вядзе. —
А тым часам міска далей
Йдзе, рыхтуецца на плёс.
Хлесянуў тут Нёман хваляй,
Ў чорны вір яе панёс.
І над цёмнай глыбінёю,
Дзе ён пеніўся, бурліў,
Як бы дужаю рукою
Завярцеў і закруціў,
Закруціў і не пускае
ні назад і ні ўпярод,
Кружыць міску і ганяе
Страшны той вадаварот.
А жанкі ўсе крок за крокам
Ціха берагам ідуць;
Страх вялікі не нарокам
Цісьне каменем ім грудзь.
Ды ў той момэнт, як найболей,
Наймацней ён іх акрыў,
Прыключыўся сьмех з Аўдолей,
Як сам чорт яе падбіў.

І сама яна не рада,
Што прышла з жанкамі ў норт,
— Плюнь, Аўдоля, ты на гада,
Бо то зводзіць цябе чорт! —
Тут дзяўчыну як прарвала!
Ажно дрыгаюць бакі.
— Тфу, бадай ты не даждала! —
Узлаваліся жанкі.
— Ой, галубкі, не сярдуйце! —
Ды зноў сьмехам залілась.
— От вы з ёю і талкуйце:
А бадай жэ ты спраглась!
І с чаго той сьмех, скажы ты?
Толькі-б зубы выскаляць.
Сьмейся, дзетка, ды глядзі ты,
Будзеш чорта пацешаць. —
Памаленьку міска з віру
Сяк-так выбілась на плёс,
І яе ў чарот, аіры
нёман борздзенька панёс,
Далікатна, асьцярожна,
Дзе павольней, дзе баржджэй,
То адкіке ў зад трывожна,
То ўпярод рване дужэй
І так с сажэнь прамандруе,
Потым зноў нясе стралой.
Нёман цешыцца, жартуе,
Як бы з забаўкай якой,
Ды у букту мчыць з разгона,
Міска верціцца ваўчком;
А жанкі ідуць зьдзіўлёна,
Кінуць слоўка шэпатком:

Ото Божа моц! а любкі!
Ах, як хорашэнька йдзе!
Ўсё-ж куды-нібудзь, галубкі,
Нас яна ды прывядзе! -
Тут - адкуль ён толькі ўзяўся,
Як бы чорт яго прыгнаў, -
Комель жэрдкі увязаўся,
Быццам злыганы прыстаў.
Каля міскі завярцеўся,
Шпарка йдзе ў яе сьляды,
Ды так, падла, раздурэўся,
Як той хлопец малады.
Міска ў букту - ён за ёю,
Міска скокне - і ён скок!
Не дае ані пакою,
Так і цісьне крок у крок.
Ды ня доўга плыў з увагай -
Раздурэўся надта ён:
Цяжкім комлем, як бы шлягай,
Плясь у міску, як у звон!
- Ах! - ўсе разам закрычалі
І падскокнулі жанкі.
Разступілісь ў момэнт хвалі
І глынулі чэрапкі.
Комель жэрдкі адзінока
Стаў пры беразі ў траве,
Толькі сьвечка, лёгшы бокам,
Далей с подскакам плыве.
- Мая свечка! А сястрыцы!
Ой лавіце! прападзе! -
І, падняўшы край спадніцы,
Тэкля рынулась к вадзе,

Проста ў Нёман, ў вір шалёны.
- Стой! ня лезь! куды ідзеш?!
От, кабета! Як трапёна -
Ты-ж, як мыш, тут прападзеш! -
Ледзьве Тэклю утрымалі,
Адцягнулі на грудок.
І ўсё змоўкла, толькі хвалі
З плачам білісь ў беражок.


Ціха Нёман калыхаўся
У высокіх берагох;
Дуб магучы адбіваўся
Ў яго дробных грэбянёх;
Цёмны лес сьцяной зялёнай
Цесна бераг абступаў
І на Нёман, ў яго лона,
Цікаваўс, заглядаў
І далёка кідаў цені
У вячорнай цішыне,
І шэптаў ён ў задуменьні,
Быццам гымн складаў вясьне.
Сонцэ шчыра разьлівало
Блеск прыветны і цяпло;
Поле жыцьцём трэпетало,
Ўсё сьпевало і цьвяло.
А над саменькай вадою,
Дзе размашыстай дугою
нёман лукі агібаў,
Труп Яхіма зданьню злою
Пад дзяружкаю старою
Чужаніцэю ляжаў,

Чужэніцэй - гэтым сьпевам
Маладой красы-вясны,
Жыцьця радасным напевам,
Хмаркам неба-глыбіны.
Збоку Нёман гойдаў воду,
Залацілась ў ім жэрства...
Толькі труп той ганіў згоду,
Смуціў образ хараства.
Трошкі далей, пад хваінай,
Дзе лес к Нёмну падступаў,
Сівы дзед сядзеў з дубінай,
Труп Яхіма вартаваў.
Перад ім дымок ўздымаўся
Тонкай сінею струёй,
Скрозь галінкі прабіваўся
І над лесам разсьцілаўся
Чуць заметнай пеленой.
А на гладкім пні хваёвым
Поруч з дзедам сеў лясьнік.
Малозначным рэдкім словом
Гаварыў з ім вартаўнік.
-Дзесяць дзён быў пад вадою! -
Дзед панура гаварыў:
- Жонку кінуў сіратою
І дзяцей пасіраціў. -
- Так, дзядуня, не пытае
Сьмерць паганая у нас, -
Косіць ўсіх, не разьбірае,
Не гаворыць пра свой час.
Паменяўшыся словак парай,
Зноў маўчком яны сядзяць
Над іх думкай чорнай марай
Вісьне смертная пячаць

І ім душу напоўняе
Цёмнай тайною сваей.
Як незначна прападае
Жыцьце беднае людзей!
Ў глыбі леса нудным звонам
Ў гэты міг званок запеў,
І панёс к шатрам зялёным
Яго ветрыка павеў
І той плач званка маркотны
Ў сэрцэ дзеду зараніў.
- Ўсё адно табе, гаротны! -
Сумна ён загаманіў.
- Едуць ўласьці на ускрыцьце -
Ціха высказаў лясьнік.
Дзед падняўся. - Эх, ты, жыцьце! -
Ўздыхнуў сівы і панік.

Мінск, астрог.

1911 г. 1-12 марца. Грушы сапежанкі.

---

- Слухай, Косцусь, што скажу я:
Папасі авечкі,
Мо як дзядзьку абману я,
Скрадуся з-за грэчкі,
Ў сад залезу, сапежанак
Пазуху нарву я;
Сакаўных такіх, братанак!
А нуж, пашанцуе.
Эх, на грушу як ўзьбяруся,
Ось мы забалюем!
Ашукаем і Пятруся
І груш пакаштуем. -
І Алесь зірнуў у вочы,
Хітра засьмеяўся.
Костусь быў да груш ахвочы:
- Ну, йдзі, ды не баўся! -
Хлопцы стадка пільнавалі
Блізка каля дому,
І спакою не давалі
Дзядзьку іх старому.

Вышлі з хаты ўсе на поле,
Быў у лесі бацька,
Толькі цэпам біў паволі
Ў гумне Пятрусь дзядзька.
Акалоціць сноп і стане,
Як бацян, на ганку
І скрозь шчылін хітра гляне
Ён на сапежанку.
Ды і хлопцы розум маюць,
Радзяць, як старые,
З вочэк дзядзьку не спускаюць,
Жэўжыкі малые.
Улучыў Алесь часіну,
Торбу ўзяў з сабою,
Прытуліўся, сагнуў сьпіну,
І папоўз мяжою.
Падпаўзе і адпачыне,
Вушы настарожыць,
На гумно ён вока кіне,
Рукі к лбу прыложыць.
Костусь проста замірае,
Просіць шчыра Бога,
Нехай Бог дапамагае
Ашукаць старога!
А Алесь паўзе. Часамі
Скокне, разагнецца.
Костусь есьць яго вачамі,
Сам, як ліст, трасецца.
А Алесь і не шманае:
Толькі цэп пачуе,
Як кот сьпіну выгібае,
Грэчкаю тралюе.

Бліжэй, бліжэй падпоўзае,
Вот ў саду хлапчына,
Вот з вачэй ён прападае
У густых галінах.
«Каб яшчэ мінут дзесятак»,
Костусь Бога просіць.
Зірк — Алесь са ўсіх лапатак,
Ў хвойнік з грушы коціць!
Глянуў Костусь — дзядзька ззаду
С цэпам прэ што духу.
— Галаву скручу я, гаду,
Я цябе, псяюху. —
Гоніць дзядзька хлопца, лае
Шорсткімі славамі.
Алесь пазухі трымае,
Драбязіць нагамі, —
Чэшэ борзда — што малому?
Дзядзька стаў хістацца.
Ды і дзе з малым старому
Ў беганцы зраўняцца?
Шмыгануў Алесь у хвойнік,
Даўшы два-тры круга.
— Я-ж табе, нябось, разбойнік!
Я табе, зладзюга!
Будзеш помніць, пападзіся,
Як табе, сабака!
Еш, хоць імі падавіся!
Ах, ты гад, вужака! —
І начаў сваё літаньне
С цэпам сярод поля:
— Каб вам шчасьця ані званьня;
Каб вам горка доля!

Як за вамі не дасьпелі
Ні гарох, ні грушы!
А каб вы папруцянелі,
Каінавы душы. -
Хлопцы сталі срэдзь палянкі;
Костусь ўзяўся ў бокі.
- Але-ж смачны сапежанкі! -
І пусьціўся ў скокі.
Алесь грушы вытрасае
Праз прарэх кашулі
І на дзядзьку ён гукае:
- Дзядзька бегчы быў памкнуўся,
Ды балелі косьці.
Плюнуў дзядзька і вярнуўся,
Поўны страшнай злосьці.

Зноскі[правіць]

  1. Крутые загібы Нёмана называюцца нортамі.
  2. Пастаўбаваць плыт — затрымаць яго на даволі доўгі час.
  3. Бервенец - мейсцовае названьне лесу.
  4. Дземяноў гуз - мейсцовае названьне кургана

Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў Беларусі ды ў ЗША, бо ён быў апублікаваны да 7 лістапада 1917 года (паводле новага стылю) на тэрыторыі Расійскай імперыі.


За выняткам тэрыторый Вялікага Княства Фінляндскага і Царства Польскага, і не быў апублікаваны на тэрыторыі іншых дзяржаваў цягам 30 дзён пасля дня першае публікацыі. Юрыдычна Беларусь (ССРБ), як і Расея (РСФСР), не з’яўляецца спадкаемцам Расійскай імперыі. Таксама агульная міжнародная абарона аўтарскіх правоў на гэты твор не здзяйсняецца, бо Расійская імперыя не падпісвала міжнародных пагадненняў у галіне аўтарскага права.