Перайсці да зместу

Прамовы бунтаўшчыка/IV. Аб нацыянальным пытанні

З пляцоўкі Вікікрыніцы
III. Аб сацыялізме Прамовы бунтаўшчыка
артыкул
Аўтар: Тамаш Грыб
1919

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Таварышы!

Калі вам кажуць, што слова нацыя ёсць панская выдумка, калі вам кажуць, што нацыянальная ідэя ёсць ідэя буржуазна-капіталістычнай клясы, што нацыя і буржуазія выраслі на адным і тым самым грунце эксплуатацыі, уціску, гвалту і здзеку – даволі, далей вы іх не слухайце, бо яны няпраўду вам кажуць.

Калі вам кажуць, што нацыянальная ідэя ёсць нешта штучна выдуманае журналістамі і вучонымі прафесарамі, калі вам кажуць, што нацыянальная ідэя ёсць выдумка палітыкаў і дыпламатаў – не верце ім, бо яны памыляюцца, яны самі добра не ведаюць, аб чым яны гавораць.

Таварышы, ідэя нацыяналізму не ёсць нейкая штучная выдумка паноў і вучоных людзей, не ёсць выдумка палітыкаў, як яна не з’яўляецца і творам буржуазна-капіталістычнага ладу. Ідэя нацыяналізму ёсць аснова грамадскага жыцця, шырокіх слаёў народных мас, гэта ёсць фундамент праўдзівага дэмакратызму і сацыялістычнага ладу. Ідэя нацыяналізму мае пад сабой цвёрды грунт праўды, якая знаходзіцца ў самай аснове прыроды чалавека, дзеля чаго належаць да якой-небудзь нацыянальнасці, гэта можна сказаць усё роўна, што належаць да тае ці іншае расы, роду, племені.

Праўда, мы павінны адразу адзначыць, што ніводным словам так не прыкрывалі ўсялякія свае машэнствы розныя палітычныя шарлатаны, як словам нацыя, што шмат якія палітычныя партыі як у нас на Беларусі, так і ў шмат іншых краёх эксплуатавалі і цяпер эксплуатуюць ідэю нацыянальнасці, прыкрываючы ёй зусім што-небудзь іншае, але гэта не аслабляе таго довада, што нацыянальная ідэя мае вялізны ўплыў на народы сучаснай культуры, што ўплыў гэты зусім нельга вытлумачыць якімі-небудзь хітрымі махінацыямі эканомікі ці іншых фактараў людскага жыцця. Як бы хто нават і не хацеў гэтага, але ідэя нацыі як фактар людскага жыцця існуе, і мы павінны з ім лічыцца. Мы раз і назаўсёды павінны адказацца ад таго пагляду, што мы згаджаемся толькі з тым, што нам падабаецца, а ўсё тое, што не падабаецца, мы адкідаем кудысь у бок як нешта зусім непатрэбнае, шкадлівае. У ацэнцы законаў развіцця грамадзянства, у ацэнцы фактараў прагрэсу людскай грамады мы не павінны лічыцца з нашымі асабістымі жаданнямі ці суб’ектыўнымі, ні на чым не абаснаванымі паглядамі, а толькі з жалезнай логікай гістарычнага руху.

Што ж нам кажа гісторыя па гэтаму пытанню?

Але, таварышы, гісторыя нам кажа, што з развіццём сацыялістычнага руху ў Еўропе пачаў узрастаць і развівацца рух нацыянальны. Пачынаючы з другой паловы васямнаццатага сталецця, у той час, як у клерыкальна-буржуазнай Еўропе то сям, то там пачалі падымацца бунты працоўных мас проці панавання чужаедаў паноў, у гэты самы час, калі работніцка-сялянскія масы пачалі дамагацца аб сваім палітычным і эканамічным высвабаджэнні, - у гэны час пачынае прабуджацца і нацыянальная свядомасць у гэтых працоўных мас. Усё дзевятнаццатае сталецце ўжо праходзіць пад штандарам рэвалюцыйна-сацыялістычнага руху і нацыянальнага адраджэння і нават тых народаў, якія ўжо былі выкасаваны з ліку жывых. Даволі толькі ўказаць на ірландцаў, чэхаў, баўгар, сербаў, украінцаў, літвіноў, грузін, венграў і шмат іншых, як адразу стане ясным, што гэта ёсць так. Далей за прыкладам хадзіць не трэба, з гісторыі жыцця гэтых «малых» народаў мы бачым, што радам з рэвалюцыйна-сацыялістычным рухам ідзе рух нацыянальны; радам з палітычнай свядомасцю шырокіх слаёў працоўных мас расце і шырыцца свядомасць нацыянальная. – Так гавора нам гісторыя.

А калі мы акінем вокам недалёкую гісторыю сучаснай імперыялістычнай вайны, калі мы прыгледзімся да жыцця ўсіх гэтых «малых» і калі мы пабачым, якую яны мелі вялікую ролю ў гэтай крывавай сусветнай бойні «вялікіх» народаў – мы зразумеем, што нацыянальная ідэя не ёсць пусты гук, а што гэта ёсць вельмі глыбокае і цітанічнае па свайму вялізарнаму размаху гістарычнае яўленне.

Не дарма імперыялісты ўсіх краёў стараліся прыкрыць свае грабіцельскія мэты ў гэтай вайне ідэяй высвабаджэння «малых» народаў з-пад уціску «вялікіх», але яны, кожны ўказываючы адзін на аднаго аб прыцясненні «малых» народаў, – самі трымалі пад цяжкім ярмом няволі мільёны. Не дарма таксама ўсе гэтыя імперыялісты робяць спробу, каб арганізаваць так званую «лігу народаў» ці, інакш кажучы, «свабодны саюз» усіх народаў, але ўсе іх спробы лопнуць як мыльныя пузыры, бо праўдзівы саюз народаў можа быць арганізаваны толькі мазольнымі рукамі самых працоўных мас, а не тымі, чые рукі запятнаны ў бязвіннай братняй крыві. Усё роўна, як бы яны ні стараліся, ім не ўдасца прыкрыць свае праўдзівыя нялюдскія мэты нацыянальнай ідэяй, вось дзеля чаго ўсе іх спробы ашуканства эксплуатуючы нацыянальную ідэю з пэўнасцю можна сказаць акончана поўным крахам.

Сусветная імперыялістычная вайна спыняецца і пераходзе ў сусветную сацыялістычную рэвалюцыю. Працоўныя масы ўсіх народаў, каторыя праз пяць гадоў сядзелі ў сырых акопах і сотнямі тысяч гібелі ў страшэнным знішчэнні адзін аднаго, цяпер яны звярнулі сваё аружжа проці праўдзівых сваіх ворагаў памешчыкаў, фабрыкантаў і іншых чужаедаў, і мы бачым, як з кожным днём расце і павялічваецца рэвалюцыйны рух ва ўсіх частках старага і новага свету. Мы таксама бачым, як з ростам рэвалюцыйна-сацыялістычнага руху расце і павялічваецца рух нацыянальны. Каб падцвердзіць гэтыя словы, досыць толькі ўказаць на Вялікую Расейскую Рэвалюцыю, каторая адным з першых сваіх дамаганняў выставіла лозунг аб поўнай свабодзе нацыянальнага самаазначэння, а таксама і на рэвалюцыю ў паўдзённай часці Еўропы ў быўшай Аўстра-Венгерскай дзяржаве, дез побач з барацьбой за сацыялізм ідзе змаганне за нацыянальнае адраджэнне.

Зусім зразумела, таварышы, што ў мамент, калі пачынаецца сацыялістычная рэвалюцыя, што ў гэты мамаент нацыянальная ідэя, ідэя адраджэння нацыянальнасцяў, прыймае такі глыбокі характар і вялізны шырокі размах. Мы добра ведаем, што ў часе рэвалюцыі прабуджаюцца ад летаргічнага сну няволі працоўныя клясы ўсіх нацыянальнасцяў, што рэвалюцыя прабуджае іх да творскай працы і што ў часе магутнага парыву рэвалюцыі кожны чалавек, кожная чалавечая асоба, падняўшыся на вышэйшую ступень творчасці, стараецца выявіць усе свае здольнасці, выказаць боль сваёй душы і даць адказ на ўсе пытанні вельмі складанага грамадскага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця. Адным словам, у часе рэвалюцыйнага руху кожная чалавечая асоба тым ці іншым спосабам сілаю так складаных варункаў самага жыцця стараецца выявіць сваё індывідуальнае «я». Жывая чалавечая асоба не можа не даваць адказу на ўсе гэтыя пытанні жыцця.

(Далей будзе).

Антон Небарака