Перайсці да зместу

Прамова 29 сакавіка 1922 (Піятуховіч)

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамова
Прамова
Аўтар: Міхаіл Піятуховіч
29 сакавіка 1922 года
Крыніца: Адраджэньне, №1

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Прамова М. М. Пятуховіча.

Дарагія таварышы, — лектары і настаўнікі!

Вітаю вас з заканчэньнем курсаў, шчыра жадаю вам посьпеху у прадстаячай працы.

Вам ня прыходзіцца выбіраць кірунак і шлях гэтай працы; свой выбар вы ўжо зрабілі, паступіўшы на лектарскія курсы беларусазнаўства: ужо самым паступленьнем у гэтую ўстанову вы самаазначылі сябе, як працаўнікі на ніве беларускага нацыянальнага адраджэньня, і вось зараз разьляцецёся па розных глухіх куткох нашай шматпакутнай Бацькаўшчыны і панясеце туды сьвятло гэтага адраджэньня, і можа больш калючых церняў, чым пахучых прыгожых кветак, спаткаеце вы на шляху сваёй працы; ня раз можа пачуеце вы поўныя змусты галасы сірэнаў, якія будуць пашоптываць вам, што вы выбралі неправідловия шлях, што ня варта адраджаць тое, што ўжо памерла, будуць можа казаць вам, што лепш ісьці бойкім, расьцярэбленым шляхам вялікaй сучаснай, але небеларускай, культуры, чым шукаць вузкай сьцежкі да культуры, маючай грунт толькі ў мінулым.

У чым-жа вы можаце знайсьці падтрыманьне і апору сярод гэтых воражых галасоў і настрояў?

Вялікі расійскі пісьменьнік Тургенеў у вадным сваім вядомым вершы ў прозе кажа, што яму ў дні цяжкіх сумненьняў і задумленьняў аб лёсе яго Бацькаўшчыны апорай і падтрыманьнем была для яго родная яго мова. Магчыма сказаць, што і для нас, беларусаў, апорай і падтрыманьнем у думках аб лёсе нашай Бацькаўшчыны можа служыць наша родная беларуская мова.

Ня гледзячы на ўвесь уціск, на ўсе зьдзекі ворагаў, ня гледзячы на ўсе імкненьні навязаць нам чужое, народ наш праз вякі сваёй шмат-пакутнай гісторыі, як нейкі сьвяшчэнны скарб, пранёс сваю родную мову незачэпленай і цэлай. Дарэмна кажуць нашы ворагі, што памерла беларуская культура: пакуль істнуе беларуская мова, пакуль істнуюць багатыя творы на гэтай мове—жыве і будзе жыць і беларуская культура.

Гісторыя дае нам шмат прыкладаў адраджэньня народаў, якія, здавалася, ужо беспаваротна згубілі свой нацыянальны твар. Быў, напрыклад, час, калі Чэхія ўжо затоплівалася хвалямі нямецкага мора, калі на вуліцах Прагі амаль што ня чулася чэшская мова; быў час, калі паўднёва славянскія старонкі, Сэрбія і Баўгарыя, гэтак сама стагналі пад ігам чужакоў і губілі свае нацыянальныя каштоўнасьці. Але паглядзеце, як расквітнелі зараз гэтыя старонкі, якім багатым нацыянальным жыцьцём зараз жывуць яны; гэтыя старонкі маюць нацыянальную школу, багатую літаратуру, маюць навуку у роднай мове... Што-ж выклікала гэты росквіт нацыянальнай культуры? Воля да жыцьця.

Наш беларускі народ так - сама мае гэтую волю. Уся гісторыя яго сьведчыць аб гэтым. Ня гледзячы на ўсе спробы суседніх народаў, Беларусь не паддалася асыміляцыі, яна захавала свой нацыянальны твар і галоўную адзнаку гэтага твару — сваю родную мову. А пакуль жыве мова, жыве і народ. Гэта агульны гістарычны закон. Народ, які губіць сваю мову, заўсёды робіцца гноем для чужой культуры. Успомніце лёс славянскіх пляменьняў, жыўшых калісь на ўзьбярэжжы Балтыцкага мора: яны згубілі сваю мову і растварыліся ў нямецкім моры. Успомніце лёс фінскіх пляменьняў, загінуўшых у хвалях расійскага мора...

Беларуская нацыянальнасьць у працягу некалькіх сталецьцяў уяўляла сабой выспу, якую ззахаду імкнуліся затапіць польскія хвалі, а з усходу, пазьней, хвалі расійскія. Але не паддаўся беларускі народ, вытрымау гэты націск і моцна стаіць, захаваўшы свае нацыянальныя і этнаграфічныя асобнасьці; ён мае свой асобны псыхічны склад, свае асобныя гістарычныя традыцыі. У гэтым відаць жывучасьць і вытворчасьць народнага беларускага арганізму. Гэты арганізм не памёр, толькі часова затрымалася яго нармальнае разьвіцьце, яго рост.

Ваша мэта і назначэньне — адбудзіць гэта нармальнае разьвіцьцё. Як сьпячая казачная царэўна, чакае вас наша родная Беларусь, і вы, пэўна, маеце жывую ваду, каб абудзіць гэтую царэўну. Такой жывой вадой у вас зьяўляецца веда, асабліва веда роднай мовы.

Народ наш даўно ўжо прагнецца да сьвятла навукі, але, на вялікі жаль, яму часта замест хлеба давалі камень. давалі страву, ад якой не ўзмацняўся, а занядужваў народны арганізм.

Нясеце-ж для гэтага арганізму здаровую, карысную для яго страву, страву веды ўсяго роднага, блізкага сэрцу і душы.

Вы, перадавыя байцы на аванпостах беларускага нацыянальнага адраджэньня!

Але перадавыя байцы часта надта захапляюцца ў працэсе змаганьня, і гэта надмернае захапленьне часта замест карысьці прыносіць для справы шкоду. Я хацеў бы перасьцерагчы вас ад гэтай крайнасьці. Ёсьць здаровы нацыяналізм і ёсьць шавінізм, які прыводзіць к духоунай абмежнасьці а, значыць, і к духоўнай сьмерці.

Мая шчырая рада вам ісьці ў сваёй працы толькі на шляху здаровага нацыяналізму. Няхай вашым дэвізам будуць залатыя словы вялікага нацыянальнага песьняра Украіны-Т. Шаўчэнкі: «Свайму навучайцесь і чужога ня чурайцесь».

Апроч таго, я хацеў-бы вам напомніць яшчэ аб тым, што і здаровы нацыяналізм тады толькі можа даць добрыя вынікі, калі ён мае моцную сацыяльную базу. Не дарэмна ў сучасных беларускіх пісьменьнікаў нацыянальныя матывы цесна пераплятаюцца з матывамі сацыяльнымі. І запраўды, калі наш селянін будзе жыць у цісках нуды, дык ня можа быць і гутаркі аб нацыянальнай школе, аб нацыянальным адраджэньні. Такім чынам, адраджэньне нацыянальнае побач з адраджэньнем сацыяльным—вось што павінна быць ідэалам вашай працы. І калі вы будзеце імкнуцца да гэтага ідэалу, дык тады ажыцьцёвяцца словы беларускага песьняра Янкі Лучыны:

«Сонца навукі скрозь хмары цёмныя
Прагляне ясна над нашай ніваю.
І будуць жыці дзеткі патомныя
Добраю доляй, доляй шчасьліваю».


Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.

Абразок папярэджаньня
Гэты твор не абавязкова ў грамадскім набытку ў ЗША, калі ён быў апублікаваны там цягам 1927—1964 гадоў.