Перайсці да зместу

Прамова на 293-м пасяджэнні сойма 19 ліпеня 1926 года пры абмеркаванні праекта змены канстытуцыі

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Прамова на 293-м пасяджэнні сойма 19 ліпеня 1926 года пры абмеркаванні праекта змены Канстытуцыі
Прамова
Аўтар: Браніслаў Тарашкевіч
1926 год

Спампаваць тэкст у фармаце EPUB Спампаваць тэкст у фармаце RTF Спампаваць тэкст у фармаце PDF Прапануем да спампаваньня!




Панове! Рэвалюцыйны ўраган шалеў на Усходзе, вырываючы з коранем апошнія ўстоі царскага парадку ў старой Расіі, крышачы ланцугі няволі, наложаныя на селяніна і работніка, на прыгнечаныя народы. З другога боку, на Захадзе палітычны барометр паказвае, што збліжаецца грамадзянская бура. Вось у такім гістарычным моманце з бяздоння паваеннага хаосу ўсплыла незалежная Польшча. Па кароткім эпізодзе «Людовага Жонду» з панам Марачэўскім на чале, пасля таго, як гэты нібыта сацыялістычны ўрад без усякае барацьбы аддаў самахоць уладу ў рукі буржуазіі — паны шляхта, абшарнікі і фабрыканты сталіся поўнымі гаспадарамі ладу і няладу Рэчы Паспалітае. Аднак жа ўзяліся да гэтае ўлады вельмі асцярожна і хітра, разумеючы дужа добра, што так адразу нельга паказваць сваіх кіпцюроў, разумеючы, што за ўсякую цану мусяць утрымацца на ўзбураных хвалях, пад пагрозаю страты не толькі сваіх маёнткаў, сваіх фабрык, але і самога жыцця.

У такім палажэнні пачалі паны шукаць нейкае дошкі ратунку. Гэткай дошкаю ратунку, здольнаю праз даўжэйшы час вынесці панаванне буржуазіі, з’явілася парламентарная дэмакратыя. Дык і абяцалі працоўнаму народу ды нацыянальным меншасцям шырокія палітычныя правы, а нават вырашальны ўплыў на ўсю грамадскую гаспадарку. Супакойцеся! Не трэба страху рэвалюцыі — гладкім шляхам эвалюцыі, шляхам галасавання, кіданнем нумаркоў на выбарах у Сойм, пасольскім прысяданнем ды ўставаннем у Сойме — здабудзеце дабрабыт у справядлівым грамадскім строі! Бачце, мы даем вам самае шырокае, самае дэмакратычнае выбранае права! Так казалі тады буржуазна-дэмакратычныя правадыры і ніхто тады не спрачаўся з роўным, простым, тайным, агульным, прапарцыянальным галасаваннем. Быў такі час, што далі б усялякае галасаванне, абы толькі супакоіць узбураны народ. Словам, прагаласавалі і выбралі першы Устаноўчы Сойм...

Сабраўся Сойм і пачаў пісаць Канстытуцыю, павёў гутаркі аб зямельнай рэформе, аб правах для работнікаў: зямлю абяцалі, 8-гадзінны дзень працы прынялі... Калі Пілсудскі вёў вайну проці работніцка-сялянскае ўлады Саветаў, тады патрэбны былі для народа абяцанкі, для сялян, для работнікаў, для беларусаў, для ўкраінцаў.

Але вось вайна скончана, улада буржуазіі ўмацавалася, і абяцанкі сталіся непатрэбнымі. Гутаркі аб зямлі так і засталіся гутаркамі, нягледзячы на цэлы рад законаў аб рэформе «рольнай», ад работнікаў адбіраюцца іхныя правы — памалу касуецца 8-гадзінны дзень працы,— урэшце, змяняецца і сама Канстытуцыя. Праўду кажучы, не так цяжка ўжо й змяніць яе, бо запраўды аж дагэтуль не была яна ажыццёўлена: была яна нейкім гліняным балваном, якога спрытныя рукі размалявалі яскравымі, вясёлкавымі колерамі. На фалдах ейнай вопраткі выпісана роўнасць, брацтва, свабода і справядлівасць, але ў руках... старыя царскія даваенныя законы, з нягоднымі прыпіскамі і папраўкамі крэсавых адміністратараў — у адной руцэ, а паліцэйскай палкай — у другой.

Аб змене Канстытуцыі гаварылася даўно, аж неспадзеўкі адным ударам гарматных стрэлаў Пілсудскі збіў яе з ног і, здавалася, аканчальна разваліў. Але так толькі здавалася, бо вось ізноў яна пастаўлена на ногі, і Сойм прыступіў да яе рамонту. Запытацца, нашто гэты рамонт, нашто тое маляванне выбляклых фалдаў новымі фарбамі? Каму няведама, што запраўды ўся ўлада знаходзіцца ў руках дыктатара Пілсудскага, што Сойм паніжаны, што паслы паслушна галасуюць пад свістам дыктатарскага бізуна. Дык навошта гэты рамонт, навошта гэтыя гутаркі, навошта гэтая відзімасць?

Відзімасць па тое, каб зняць з сябе адказнасць перад масамі, відзімасць па тое, каб зманіць гэтыя масы новападмалёваным сцягам дэмакратызму: вось, бачыце, «рэвалюцыя» ўжо адбылася (хоць і «без рэвалюцыйных скуткаў»), ну а цяпер ізноў толькі нумаркі, галасаванне, выбары. Выбірайце,— бо выбары гэта найлепшая прышчэпка проці рэвалюцыі.

Памыляецца той, хто думае, што Пілсудскі не мае плану. Не, план гэты ёсць. Няведама, у якой меры ён належыць ангельскім дырыгентам, што стаяць за плячыма Пілсудскага, але ўсюды выразна відаць вельмі лоўкія хады. Відзімасць дэмакратызму, пустыя гутаркі аб маральным адраджэнні, аб справядлівасці для тых, хто сваю працу дае другім, а адначасна ўзяць за морду масы (кажучы моваю маральнага адраджэння) і трымаць на павадку дэмакратычных правадыроў гэтых мас. (Голас: «А чаму яго так не любяць маючыя сферы?») Не любяць — не, гэта яны толькі робяць від, што не любяць, гэта дужа лоўкая тактыка для падману народу і вялікая шкода, што вы гэтага не разумееце.

Вось жа якім чынам пры гэтым рамонце Канстытуцыі маняцца спрытныя людзі зацугляць народныя масы.

Першае — прэзідэнту даецца права развязваць народнае прадстаўніцтва (Сойм і Сенат) без ягонае ўласнае на гэта згоды. Такім парадкам, хоць згодна з 1-м артыкулам Канстытуцыі быццам уся ўлада належыць да народу, прэзідэнт мае права распусціць кожны Сойм, калі ён яму не спадабаецца. Выходзіць тут проста па Гогалю: афіцэрская ўдава сама сябе высекла... Сойм і Сенат выбіраюць прэзідэнта, а той іх разганяе... Прыкладаў такой Канстытуцыі хіба на свеце няма, бо ўсюды, дзе прэзідэнт мае права распускаць Сойм, там яго выбірае не парламент, а ўвесь народ у агульным галасаванні. Далей ўрад дамагаецца, каб прэзідэнту было дадзена права veto, каб ён мог адным словам «не позвалям» скасаваць кожную пастанову Сойма і Сената. Такім правам карысталіся толькі манархі: цары ды кайзары ў старыя добрыя для паноў часы.

Мала гэтага. Урад дамагаецца для прэзідэнта права выдаваць законы без Сойма і Сената. Такое права меў цар на падставе § 87 расейскіх асноўных законаў, калі існавала хірлявая, бяссільная Дума. Маючы такія законы — пры цяперашнім стане рэчаў — урад пп. Пілсудскага-Бартля быў бы абсалютным неабмежаваным урадам. Існаванне Сойма было б толькі малёванай заслонкай для прыкрыцця голае дыктатуры капіталу (чужаземнага...).

Але й гэтага панам з правіцы замала: як ні слабы Сойм, а ім хочацца зрабіць яго яшчэ больш рэакцыйным, да ўрадавага букету яны панатыкалі сваіх кветак. Захацелася ім, каб права выбіраць у Сойм мелі грамадзяне не ад 21 году, як цяпер, але ад 25 гадоў. Маладога пакалення нашыя паны з правіцы баяцца, яны больш надзеюцца на старыкоў. Правільна, паночкі, усё, што здаровае і маладое, ідзе проці вас!

Далей, захацелася вам абмежаваць пасольскую «недатыкальнасць». Паны з правіцы хочуць, каб сялянскія ды работніцкія, беларускія ды ўкраінскія прадстаўнікі былі выданы на ласку і няласку першага лепшага паліцыянта, каб яны сталіся найбольш «тыкальнымі» з усіх грамадзян Рэчы Паспалітай.

Ой панове, панове! Ці ж вам мала таго, што цяпер дзеецца, калі несправядліва асуджаны і незаконна супроць 21-га параграфу Канстытуцыі арыштаваны беларускі пасол Баран чацверты год гніе ў гарадзенскім астрозе! Ці ж мала вам таго, што тысячы лепшых сялян і работнікаў гнояцца па турмах — вы хочаце йшчэ прыдушыць і згнаіць у астрогах іхных абаронцаў, іхных паслоў. Хоць нас невялічкая жменька, але мы вам нялюбы і страшныя тым, што праўды не скрываем, што бязлітасна перад усім народам, перад усім светам бічуем вас, панове, бічом гэтай самай праўды. Мы разумеем, што гэта вам не «маральны» біч Пілсудскага: той больш вас гладзіць, як лупцуе... Мы адно тут скажам: ніякаю «тыкальнасцю» нас не застрашыце! Вастрогі перапоўнены найлепшымі людзьмі, людзям чэсным і справядлівым — месца ў вастрогах!..

Так хочуць абмежаваць палітычныя правы сялян і работнікаў, палітычныя правы беларускага, украінскага і літоўскага народу. Паміж іншым — гэта ўжо па-за Соймам — некаторыя прадстаўнікі моднага сёння «маральнага адраджэння» дагаварыліся да таго, каб адабраць выбранае права ад усіх грамадзян, што не ведаюць польскае мовы... З жалем прыходзіцца назваць тут імя Серашэўскага, даволі вядомага польскага пісьменніка. Гэтае яго выступленне не прынясло лішняе чэсці ані ягонаму імені, ані «польскаму дэмакратызму» наогул.

Змяняючы Канстытуцыю, урад дабіваецца сільнае «ўлады». Каму яна патрэбна? Яна патрэбна абшарнікам і капіталістам, бо яны яе дамагаюцца, за яе галасуюць, нягледзячы на тое, што так нядаўна Пілсудскі нагнаў ім смяротнага перапуду. Ну, а цяпер змянілася. Капітал і абшарнікі — не проці Пілсудскага, бо Пілсудскі — не проці абшарнікаў, не проці капіталу.

Дыктатарская ўлада прэзідэнта і ўраду яшчэ ў большай меры патрэбна загранічнаму капіталу, які шукае ў Польшчы калоніі. Польская буржуазія сама сабе не можа даць рады, яна прайграла сваю вялікадзяржаўную гульню і цяпер змушана шукаць сабе ратунку ў амерыканскага капіталу на павадку ангельскае палітыкі.

Амерыканскаму капіталу, ангельскай палітыцы патрэбна дыктатура, трэба аднаго чалавека, бо з ім лягчэй гаварыць, як з цэлым Соймам. Такі чалавек тым больш варт, калі ён, маючы «дэмакратычную і рамантычную» прошласць, умее трымаць у сваіх руках масы, кіруючы імі праз паслушных сабе правадыроў. Такая сільная ўлада — гэта толькі цяжэйшае ярмо для сялян і работнікаў, цяжэйшае ярмо для прыгнечаных народаў. А дзеля гэтага мы будзем галасаваць проці такога «ўсілення ўлады», проці пагоршання Канстытуцыі. Мы галасуем проці ўрадавага праекту, проці «паправак», уведзеных правіцай у камісіі.

Адначасна мы мусім сказаць, што не робім з Канстытуцыі ніякае святасці. Мы ведаем, што такое для нас Канстытуцыя. Маніць і ашуквае масы той, хто ўсю іхнюю ўвагу збірае каля барацьбы за параграфы Канстытуцыі. Бо паглядзеце на тыя параграфы-стацці, што стаяць у Канстытуцыі нязменнымі: на паперы святыя, а ў жыцці ніхто іх не слухае.

Возьмем канстытуцыйны ўстаў у рукі і некалькі першых лепшых параграфаў гэтай Канстытуцыі — вось § 83 Канстытуцыі гаворыць аб судах: «Да прыгавораў за цяжкія праступкі, за якія пагражае цяжкая кара і за палітычныя праступкі будуць пакліканы суды прысяжных». А што ж фактычна маем на бларускіх і ўкраінскіх «крэсах»? Бачылі мы суды прысяжных у царскія часы, але цяпер бачым толькі надзвычайныя суды, і менавіта ў справах палітычных праступкаў,— а калі не надзвычайныя суды, то бачым суды пры зачыненых дзвярах. (Голас на ўкраінскіх лаўках: «Гэта выконванне дэмакратычнай канстытуцыі».) Нікога не ўпушчаюць у судовую салю, прэса і грамадства не мае тут голасу, а ўрадоўцы, назначаныя пракуроры, якія самі варты таго, каб сядзець на лаве абвінавачаных,— варты таго, каб ім на рукі былі наложаны кайданы, як у Вільні п. Гурчын і іншыя, абвінавачваюць найлепшых людзей, якія змагаюцца за волю да свайго народу,— за волю для сялян і работнікаў. Гэтак выглядае ў жыцці § 83.

Возьмем далей яшчэ адзін § з трэцяга аддзелу, які гаворыць аб грамадзянскіх правох. Сказана там, напрыклад: «Усе грамадзяне роўныя перад законам». Гэта § 96. «Публічныя ўрады ў роўнай меры для ўсіх даступны на варунках, прадпісаных законам». А як гэтую роўнасць перад законам трактуе адміністрацыя? У гэтым годзе асабліва многа было канфліктаў паміж дварамі і сялянамі на грунце сервітутаў. Уласнік, якога лес ці сенажаць абцяжаны сервітутам і якія служаць пасвішчам для вёсак,— гэтакі ўласнік прадае, скажам, свой маёнтак і той, хто купіў, не дазваляе сялянам пасвіць быдла. Сяляне не хочуць адступаць ад свайго права, і тады гэты ўласнік, калі ўважае, што слушнасць на яго баку,— замест таго, каб падаць на сялян у суд, едзе да староства, і пан староста прысылае карную экспедыцыю, якая робіць расправу з сялянамі. Вось гэта роўнасць перад законам.

Далей, панове, калі возьмеце ўрады, то ва ўрадах гэтай роўнасці зусім няма. Калі прыйдзе селянін, то яму кажуць чакаць увесь дзень ад рана да вечара, кажуць яму прыйсці на другі дзень і часамі гэтак кажуць яму некалькі дзён,— а там зноў будзе дзень прыняцця якогасьці кацыка. Калі прыйдзе пан абшарнік — ветліва яму кланяюцца і перад ім адчынены ўсе дзверы. Гэтакая роўнасць у трактаванні грамадзян.

Гаворыцца, што ўрады даступны. А фактычна няма аб тым і мовы, каб беларусы, украінцы, літвіны ці жыды былі якімісь урадоўцамі. (Голас: «Але ж жыды ёсць».) Мы знаем «окульнікі» Дырэкцыяў Чыгунак, паложаных на нашых землях, якія паказваюць адміністрацыі, каб выкідала нават найніжэйшага функцыянера на чыгунках з дзяржаўнай службы. Гэта роўнае трактаванне, вольны доступ да ўрадаў, гэта — справядлівасць, гэта — Канстытуцыя!

У § 97 гаворыцца, што няма абмежаванняў асабістай вольнасці, а калі абмежавана яна, то толькі судом. Гэта ёсць толькі насмешка з народу. Кожны паліцыянт найніжэйшага гатунку, кожны адміністрацыйна-«крэсовы» лобуз з’яўляецца не толькі панам жыцця, але панам жыцця і смерці. Салдатчына так разгулялася на «ўсходніх крэсах», як не бачылі гэтага ні пры якім урадзе, ні пад якім заборам. Гэтага, што робіцца цяпер, калі цэлыя дзесяткі салдат з’яўляюцца на вяселле, хочуць выкінуць за дзверы ўсіх вясельнікаў, самі скачуць і п’юць,— гэтага не бачылі мы ў царскія часы, ані за часоў нямецкай акупацыі. Асабістая вольнасць нібы забяспечана Канстытуцыяй. Не маюць права затрымоўваць грамадзян у арышце болей чым 48 гадзін, а тым часам без акту абвінавачання сядзяць цэлымі гадамі. Ёсць выпадкі, калі па тры гады сядзяць людзі. Нядаўна, якраз, злажылі мы інтэрпеляцыю, што малалетнія хлапцы па 17 і 18 гадоў сядзяць без акту абвінавачання болей году. Гэта называецца асабістай вольнасцю. Сёння вялікія людзі гавораць аб амерыканскіх узорах. Польская паліцыя не толькі ўзяла ўзор, але перасягнула метады амерыканскай паліцыі, а іменна — пры біцці ўжываюцца найбольш выдуманыя метады біцця. Найболей распаўсюджаным,— памінаючы ўжо біццё гумовымі кіямі ў пяты,— з’яўляецца ўліванне дзесяткаў літраў вады праз нос у нутро, а асабліва лёгкія чалавека. (Казацкі: «Падайце факты».) Факты не раз падаваў.

Маршалак: Пане пасол, гэта не да рэчы.

П. Тарашкевіч: Пане Маршалку, я перакананы, што гавару дарэчы, бо гавару аб Канстытуцыі.

Маршалак: Пане пасол Тарашкевіч. Сёння мы гаворым аб Канстытуцыі. Найдалейшая талеранцыя не пазваляе мне дапусціць да такога адыходу ад тэмы.

П. Тарашкевіч: Цяжка, калі аб праўдзе не можна гаварыць; але праўда сама за сябе гаворыць. Пад націскам з боку п. Маршалка пакіну гэтыя рэчы,— урэшце, вельмі знаныя. Жадаючы вельмі шырокіх паўнамоцтваў для сябе, цікавай ёсць рэчай, што ўрад выключае пэўныя моманты з гэтых паўнамоцтваў, а менавіта «моўныя ўставы». Моўных уставаў урад не хоча рушыць.

Гэта, я думаю, ахвяра, урэшце, вельмі лёгкая для ўраду,— ахвяра на карысць правых груповак, перад якой урад хоча адкупіцца. Урад пп. Бартля і Пілсудскага папросту ўмывае рукі, і трэба з гэтага заключаць, што калі грамадскі воблік гэтага ўраду ёсць зусім выразны, то таксама зусім выразны ёсць воблік гэтага ўраду для нацыянальных меншасцяў, а перадусім для беларусаў і ўкраінцаў, незалежна ад таго, што людзі, якія засядаюць у гэтым урадзе, дэкламавалі і вельмі пекна дэкламуюць аб нацыянальных меншасцях, аб сваіх нібы вельмі далёкасяжных ліберальных замерах. Мы пацвердзім, што курс цяперашняга ўраду ёсць хутчэй больш страшны для ўкраінцаў і беларусаў, чым курс папярэдніх урадаў. І апіраемся тут на тых канцэпцыях, з якіх новы ўрад Пілсудскага пачынае ўпраўляць у Польшчы. Урад г. зв. маёвай рэвалюцыі ёсць у грунце рэчы адною з спружынаў англа-амерыканскага капіталу, таго капіталу, які хоча з Польшчы зрабіць земляробны край, край вывазу збожжа, прадуктаў земляробства і ўвозу з заграніцы — тавараў амерыканскай, ангельскай і нямецкай прамысловасці.

Урад, які вядзе палітыку аграрызацыі Польшчы, ніколі не можа пагадзіцца з тэрытарыяльнымі меншасцямі, а менавіта з беларусамі і ўкраінцамі, бо ясна, што прамысловасць можа праглынуць, можа даць значна большай колькасці рабочых рук заробак, чым земляробны край. А тым часам прырост люднасці ў Польшчы ёсць вельмі вялікі і адзіным выхадам для гэтай люднасці, паводле думкі ўраду пп. Бартля і Пілсудскага і ўсяго абозу «напраўцаў» Рэспублікі — гэта «ўсходнія крэсы». І гэта зусім не выпадкова, што Пілсудскі і ўвесь яго абоз з’яўляецца патронам польскага асадніцтва на «крэсах». Гэта арганічна лучыцца адно з адным.

Праўдзівай перамогай для працоўнага люду будзе не тая ці іншая «направа», не той ці іншы рамонт Канстытуцыі, але праўдзівай перамогай будзе забранне ўлады, стварэнне сялянска-работніцкага ўраду,— стварэнне ўраду на падставе працоўнай дэмакратыі; не на падставах, абапёртых на гутарках парламентарна-дэмакратычных, але на падставе дэмакратыі працы. Аж да тае пары, пакуль уся ўлада не пяройдзе ў рукі сялян і работнікаў, ніякая пісаная Канстытуцыя не забяспечыць інтарэсаў сялян і работнікаў. Беларускі селянін казаў перад тым: перажылі мы царскія часы, перажывём і Канстытуцыю. Цяпер гэта збылося: перажылі мы цара, перажылі малёваную Канстытуцыю,— перажывём і рамантаваную Канстытуцыю. (Воплескі на лявіцы.)