Прамова лектара менскіх 9-цёх месячных курсаў (Лёсік)
Прамова лектара менскіх 9-цёх месячных курсаў Прамова Аўтар: Язэп Лёсік 29 сакавіка 1922 года Крыніца: Адраджэньне, №1 |
Прамова лектара курсаў Я. Лёсіка.
Маладыя лектары і настаўнікі!
Ад імя Рады Курсаў віншую вас з заканчэньнем навукі і ад усей душы вітаю вас з пераходам са стану звычайных грамадзян Беларусі ў пачэсны стан настаўнікаў і лектароў.
Што-ж сказаць вам на разьвітаньне? Якімі словамі папрашчацца з вамі?
Многа абяцалася, але ня мала зроблена. Ня гледзячы на самыя цяжкія умовы жыцьця, ня гледзячы на тое, што навука наша прыпынена без пары, заўчасу, - ня гледзячы на гэта, справа даведзена да канца, за гэты кароткі час самае важнае, самае патрэбнае зроблена і зроблена добра. Калі вы перанясецеся думкамі назад і параўнуеце сябе з тым, якія вы былі раней і цяпер, то адразу пачуеце сябе людзьмі новымі, духоўна перароджанымі. Вы ўжо ня тыя, што былі, бо пакаштавалі пладоў з таго дрэва, што называецца беларускай справай, беларускім адраджэньнем. Вы былі уведзены ва сьвятое сьвятых беларускае справы, і адчыніліся вам вочы вашы, і пазналі вы таямніцы ўваскрасеньня Айчыны нашай, Маці-Беларусі.
Няма такой школы, каб давала гатовую веду. Школа гэта ня крама, дзе можна дастаць гатовы прадукт. Школа —гэта сьвяцільня, што асьвячае сьцежкі да крыніц веды. Школа толькі запаляе сьвечкі чалавечага імкненьня да веды. Яна толькі дапамагае чалавеку скарэй і вярней знайсьці дарогу да тае крыніцы, што цячэ вадою жывучаю і гаючаю. Вашы сьвечкі запалены, і вы становіцеся апосталамі беларускае справы. Цяпер, як ясныя зоркі, разыдзецеся вы па Беларусі, каб панесьці з сабою вялікую радасьць аб уваскрасеньні Беларусі. Вы скажаце народу беларус- каму, што айчына яго ўваскросла, што ўжо разьбіта дамавіна яго і далёка адкінуты камень ад гроба яго. Вы скажаце яму, што Беларусь жыла, жыве і жыць будзе і што недалёка ўжо Абяцаная Зямля яе. А калі знойдзецца Хама няверны, што ўсумніцца ў праўдзе слоў вашых, дык скажэце яму, што вы самі бачылі яе, сваю Маці-Беларусь, і ўкладалі пальцы свае ў раны яе. А калі і гэта не паможа, то адыдзецеся ад яго прэч, а пасьпяшайце туды, дзе ждуць вас, дзе слова ваша ня будзе голасам, гукаючым у пушчы. Але бойцеся, каб не пагасла сьвечка ваша, бо ня раз бура захопіць вас у дарозе, і не адну навальніцу давядзецца перажыць вам у часе свае падарожы. Пільнуйце і бойцеся, каб не пагасла сьвечка замілаваньня вашага да свае многапакутнае Маці-Беларусі. Пільна сачэце за сабою і не забывайце падліваць алею ў сьвяцільні вашы, каб было з чым сустрэць яе, сваю Белую Русь, калі яна прыйдзе судзіць нас ва ўсёй славе сваёй.
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.