Прамова Канстанціна Пілінкевіча (1921)
Прамова да Вінцэнта Вітаса Хрэстаматыя Аўтар: Канстанцін Пілінкевіч Сакавік 1921 году Крыніца: Генеалогический форум ВГД |
Архіў: ДзАБВ, Ф. 2059. Воп. 2. Д. 276. А. 6. Прамова прагучала на сустрэчы прэм’ер-міністра Польшчы Вінцэнта Вітаса ў Пружанах у сакавіку 1921 году. Выступіць ад праваслаўнага насельніцтва мястэчка аўтару прапанаваў староста Паўлоўскі. Як адзначаў прамоўца ў сваім лісьце ад 12 студзеня 1924 году да Палескай праваслаўнай кансісторыі, яму было забаронена прамаўляць па-расейску, а польскай ён ня ведаў, таму пастанавіў казаць па-беларуску. |
Шаноўны пане Прэзыдэнце! Праваслаўныя грамадзяне тутэйшага краю шлюць сваё шчырае прывітаньне Свабоднай Польшчы і Вам, пане Прэзыдэнце, як прадстаўніку яе ўлады. Нашэ прывітаньне тым сярдэчне, што ў Свабоднай Польшчы мы пользуемся свабодай свайго праваслаўнага вызнаньня. Нашы думкі ідуць далей: да мажлівасьці сазыва царкоўнага сабору, каторы распачаў бы справу аб устройстве праваслаўнай цэркві ўсёй Польшчы. Але справа гэта можа быць адложана да часу. Цяпер на чараду другія справы, другія нашы жаданьня. Усясьветная вайна найцяжэй адазвалася на нашым і без таго бедным краі. Праяжджаючы, Пан Прэзыдэнт бачыў нашы спаленыя вёскі, зьнішчаныя нівы. Гатовы апусьціцца рукі, як станеш думаць што рабіць, з чаго пачаць, каб адбудавалісь нашы вёскі. Знаем, што трэба працаваць, працаваць і яшчэ раз працаваць, але і праца ня вызваліць нас з гэтай вялікай бяды. Сілы і сродкаў у нас мала. У гэтым кірунку мы зьвяртаем цэлую нашу надзею на шырокую і шчырую дапамогу Жонду Польшчы. Гэта першая і галоўная наша справа, справа об хлебе штодзённам. Другая наша думка і жаданьне аб тым, каб ня гледзячы бы на нас праваслаўных коса, каб не лічылі бы нас за обыватэляў нізшага гатунку, каб тут ня сіла панавала над правам, а права над сілай. Няхай права сурова і строга карае нас за віны і злачынствы, але няхай ня будзе таго, каб патварцы маглі бязкарна рабіць свае ліхое дзело. А, Пане Прэзыдэнце, тут было гэта ня раз. Хочэмо верыць, что Польшча, вызваліўшаяся з-пад чужой няволі, ушануе і для нас так званае права меншасьці нацыянальнай. Ось нашыя думкі, ось нашыя жаданьня. Дай нам Божа, каб праўда, каб шчасьце, каб лепшая доля, каб роўнасьць і брацтва засьвяцілісь з гэтага часу і для нас праваслаўных мешканьцаў тутэйшага краю. Мы верым, што так будзе! А вас, пане Прэзыдэнце, просімо верыць, што і мы будзьмо добрымі сынамі Польшы.
Niech żye Polska, niech żye pan Prezydent Witos!
Гэты твор знаходзіцца ў грамадскім набытку ў краінах, дзе тэрмін аховы аўтарскага права на твор складае 70 гадоў або менш.